Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Адкрыты ліст прэм’ер-міністру А.У. Кабякову

2015.06.12 1

Паважаны Андрэй Уладзіміравіч!

У пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2006 г. № 714 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання" (апошняя рэдакцыя ад 17.04. 2014 № 363) запісана, што абітурыент мае права выбару для праходжання тэсціравання адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь. Абыякавае стаўленне Міністэрства адукацыі да пашырэння ў грамадстве беларускай мовы прывяло да таго, што з кожным годам колькасць абітурыентаў, якія здаюць беларускую мову на ЦТ, увесь час змяншаецца. Цяпер гэтая лічба ў тры разы меншая, чым на іспытах па рускай мове. У 2014 годзе рускую мову абралі 78 тыс. абітурыентаў, а беларускую - толькі 26 тыс.

Сёлета тэсты па беларускай мове збіраюцца здаваць усяго 24 тыс. чалавек. (Рускую мову абрала 74 тыс. чалавек.) За пяць апошніх год колькасць абітурыентаў, якія абралі тэсціраванне па беларускай мове, зменшылася амаль утрая - з 67 да 24 тысяч. Толькі 3% абітурыентаў у мінулым годзе здавалі матэматыку па-беларуску. Гэта звязана з тым, што Міністэрства адукацыі мэтанакіравана знішчае навучанне на дзяржаўнай беларускай мове, асабліва ў вясковай мясцовасці пад выглядам ліквідацыі малакамплектных школ, а дзяцей, якія вучыліся па-беларуску, накіроўваюць у рускамоўныя школы, як мы бачым на прыкладзе г.Баранавічы.

У гэтым годзе колькасць абітурыентаў, якія збіраюцца пісаць тэсты па-беларуску па розных прадметах, вагаецца ад 1,3 % (па грамадазнаўству) да 11 % (па гісторыі Беларусі).

У сувязі з гэтым, мы прапануем унесці змены ў вышэйзгаданую Пастанову Савета Міністраў і ўвесці з наступнага года абавязковую здачу абітурыентамі экзамена на ЦТ на дзяржаўнай беларускай мове. Гэта будзе цалкам адпавядаць выказванню Кіраўніка беларускай дзяржавы, якое прагучала на ІV Усебеларускім народным сходзе: “Беларуская мова з’яўляецца важнейшым нацыянальным культурным здабыткам”.

З павагай,
старшыня ТБМ А.Трусаў

Каментары

Госць 2015-06-12 00:00:00

Добры дзень. Усё гэта, у прынцыпе, слушна. Але не зусім зразумела, што канкрэтна прапаноўваецца. Што значыць "абавязковая здача экзамена на ЦТ на беларускай мове" Маецца на ўвазе, што абітурыент павінен абавязкова здаць адзін са сваіх тэстаў (дапусцім, матэматыку) на беларускай мове? Ці маецца на ўвазе, што абітурыент павінен прайсці абавязковае тэставанне па беларускай мове? Прапаную ўдакладніць тэкст. Таксама ўлічым, што абавязалаўка не будзе добра ўспрынята абітурыентамі і іх бацькамі. Пачынаць тут, безумоўна, трэба з беларусізацыі самога працэсу навучання. Дзякуй за ўвагу.


← вярнуцца ў навіны