Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Віншаванне ўдзельнікам VI кангрэса беларусістаў

2015.05.28 0

Віншаванне ўдзельнікам VI кангрэса беларусістаў ад сяброў ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны".

Шаноўнае спадарства!

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны сардэчна віншуе вас з адкрыццём VI кангрэса беларусістаў. Наша арганізацыя, якая ў мінулым годзе адзначыла сваё 25-годдзе, на сённяшні дзень з'яўляецца заснавальнікам дзвюх беларускамоўных газет "Наша слова" і "Новы час" і двух часопісаў "Лідскі летапісец" і "Верасень". Таксама мы маем свой партал з беларускай і англійскай версіяй tbm-mova.by. У апошнія гады мы выдалі англа-беларускі і шведска-беларускі размоўнікі, працуем над стварэннем французска-беларускага, а таксама хочам зрабіць фінска-беларускі размоўнік.

Улічваючы асаблівыя адносіны Беларусі з Кітаем, было б добра зрабіць і кітайска-беларускі размоўнік. Мы рэгулярна праводзім міжнародныя канферэнцыі, у якіх актыўны ўдзел бяруць і сябры МАБа. Зараз рыхтуюцца да друку матэрыялы нашай канферэнцыі "Моўныя правы і іх абарона", што адбылася ў сакавіку гэтага года.

У мінулым годзе пад кіраўніцтвам ТБМ выйшлі пробныя тэсты па 6 узроўнях для ацэнкі ведаў беларускай мовы як замежнай. Нас вельмі цешыць той факт, што ў межах працы кангрэса адбудзецца абмеркаванне гэтай працы. Усе жадаючыя могуць атрымаць набор гэтых тэстаў сёння ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13 з 18.30 да 19.00.

Шаноўныя сябры!

Мы вельмі рады, што вас зацікавіла наша беларуская мова, карэнні якой сягаюць у другое тысячагоддзе да н. э. Невыпадкова яна захавала некаторыя прыкметы старажытнага санскрыта, найперш слова веды. І пакуль вы збіраеце веды пра Беларусь, яе культуру і мову, яна застаецца на мапе Еўропы і свету як незалежная дзяржава.

Беларуская мова зазнала ў розныя перыяды свайго існавання як перамогі, так і паразы. У 14-16 стст. назіраўся яе росквіт як дзяржаўнай мовы ВКЛ і мовы міжнацыянальных зносін усёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Аднак пасля стварэння Рэчы Паспалітай пачалася шматгадовая паланізацыя, якая прывяла да таго, што з 1697 года дзяржаўнай мовай у ВКЛ стала польская. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай у канцы 18 і асабліва ў пачатку 19 ст. з дапамогай рускіх уладаў паланізацыя пачала праяўляцца яшчэ больш. Бо ўся сістэма адукацыі на Беларусі, пачынаючы з Віленскага ўніверсітэта, вялася на польскай мове.

Пасля паўстання 1863-1864 гг. надышла пара татальнай русіфікацыі, што доўжылася да рэвалюцыі 1905 г. Тым не менш у гэтых надзвычай неспрыяльных умовах беларуская мова не загінула, але развівалася, неўзабаве стала мовай навучання і набыла статус сучаснай літаратурнай мовы. У мінулым 20 ст. назіралася дзве хвалі нацыянальнага адраджэння, калі беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. Гэта 20-я і 90-я гады мінулага стагоддзя.

Аднак 20 гадоў назад адбыўся сумнавядомы рэферэндум, на якім 52 % грамадзян Беларусі прагаласавалі за роўны статус беларускай і рускай моў, якія пасля гэтага былі абвешчаны дзяржаўнымі. І зараз праз 20 гадоў вы можаце спытаць у беларускіх уладаў, дзе тая гарантаваная роўнасць, за якую выказаўся талерантны беларускі народ. Колькі мы маем беларускамоўных школ у вялікіх беларускіх гарадах, і колькі беларускіх універсітэтаў працуюць на дзяржаўнай беларускай мове? Пры гэтым хачу паведаміць, што 80 % грамадзян Беларусі з'яўляюцца беларусамі паводле апошняга перапісу.
Аднак наша справа развіваецца вельмі актыўна. Зараз фармуецца мадэрновая гарадская беларуская нацыя, у якой беларуская мова становіцца прэстыжнай, найперш сярод моладзі. Пра гэта сведчаць шматлікія моўныя курсы, два варыянты Вікіпедыі (на наркамаўцы і тарашкевіцы), актыўная дзейнасць беларускіх пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў, а таксама гісторыкаў і краязнаўцаў. Пасля сумнавядомых падзей ва Украіне кансалідацыя беларускай нацыі на глебе нацыянальнай гісторыі, мовы і культуры паскорылася. І ў гэты працэсе вы, шаноўнае спадарства, бярэце непасрэдны ўдзел. За гэта вам шчыры дзякуй. Жадаем плёну ў вашай працы.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў


← вярнуцца ў навіны