Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Лідскі адказ на 20-годдзе травенскага рэферэндуму 1995 года

2015.05.19 0

Калі па ўсіх сродках масавай інфармацыі стаяў усебеларускі плач з нагоды 20-годдзя травенскага рэферэндуму 1995 года, на Лідскай абутковай фабрыцы 14 траўня 2015 года створана новая суполка грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.

Ініцыятыва стварэння суполкі належала старшыні Лідскай арганізацыі ТБМ Лявону Анацку.

У кнізе заўваг і прапаноў ААТ "Лідская абутковая фабрыка" некалькі месяцаў таму назад Лявон Анацка зрабіў два запісы. Гэта былі прапановы пашырыць ужыванне беларускай мовы. Пісьмовыя адказы кіраўнікоў Л. Анацку не задаволілі, і 25 сакавіка ён звярнуўся з заяваю да пракурора Лідскага раёна. Адказ друкуем.

 

Анацка Л.Я.
г. Ліда, вул. Хім-гарадок, 3-7

Пракуратурай Лідскага раёна разгледжаны Ваш зварот аб парушэнні заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб ААТ "Лідская абутковая фабрыка".
Пры правядзенні праверкі факты, выкладзенныя ў Вашым звароце, знайшлі сваё пацвярджэнне. Устаноўлена, што 21.02.2011 і 26.02.2015 Вамі былі напісаны прапановы ў кнігу заўваг і прапаноў ААТ "Лідская абутковая фабрыка" на беларускай мове.

У парушенне патрабаванняў заканадаўства аб зваротах грамадзян адказы на Вашы прапановы былі дадзены на рускай мове.

Па выніках праведзенай пракуратурай раёна праверкі дырэктар ААТ "Лідская абутковая фабрыка" афіцыйна папярэджаны аб недапушчальнасці парушэнняў заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб.

У выпадку нязгоды з прынятым рашэннем Вы маеце права абскардзіць яго ў пракуратуру Гродзенскай вобласці.

Пракурор Лідскага раёна
старшы саветнік юстыцыі С.Ю. Дмухоўскі.

 

Акрамя таго Лявон Анацка запрасіў на ўстаноўчы сход суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны дырэктара ААТ "ЛАФ". Сход быў запланаваны на 14.05.2015 г. Адказ друкуем.

 

Анацка Леаніду Яугеньевічу

На Вашу заяву аб размяшчэнні на дошцы аб’яў інфармацыі аб правядзенні ўстаноўчага сходу і правядзенне самаго сходу ў фабрычнай бібліятэцы вымушаны адказаць. Па-першае, бібліятэка ў абедзенны перапынак закрыта, па-другое, мы не здаём у наём памяшканні фабрыкі для правядзення мерапрыемстваў староннім установам.

З павагай,
дырэктар У.У. Чыжык.

 

На ўсе свае запыты Лявон Анацка атрымліваў пісьмовыя адказы ў апошні вызначаны заканадаўствам тэрмін заказнымі лістамі на хатні адрас, хоць працуе на фабрыцы рабочым па камплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў з 03.12.14 года.

Да гэтага часу Анацка не дачакаўся кантракту і іншых загадаў па-беларуску. Хаця трэба аддаць належнае кіраўніцтву фабрыкі. Зыходзячы з таго, што ён не разумее расейскай мовы, то, каб не несці адказнасць у выпадку чаго, “Інструкцыю № 11 па ахове працы для рабочага па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў” на 11 старонках выдалі на беларускай мове, няхай з некаторымі граматычнымі памылкамі, але па-беларуску.

 

ІНСТРУКЦЫЯ № 11
па ахове працы для рабочага па
комплексным абслугоўванні і
рамонце будынкаў і збудаванняў.

1. Агульныя патрабаванні па ахове працы
1.1. Да самастойнай працы ў якасці рабочага па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў дапускаюцца асобы, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, якія прайшлі ва ўстаноўленым парадку папярэдні (пры паступленні на працу) і перыядычныя (падчас працоўнай дзейнасці) медыцынскія агляды, навучанне бяспечным метадам і прыёмам выканання работ, уводны інструктаж па ахове працы і інструктаж па ахове працы на працоўным месцы, праверку ведаў патрабаванняў аховы працы, пры неабходнасці стажыроўку на працоўным месцы. Паўторныя інструктажы па ахове працы павінны праводзіцца не радзей за адзін раз у шэсць месяцаў... і г.д.

І вось надышло 14 траўня (20-я ўгодкі рэферэндуму). Перад пачаткам рабочага дня сабраліся 12 чалавек рабочых (слесары, токары і інш.) аднаго з цэхаў фабрыкі. Сабраныя аднадушна прагаласавалі за стварэнне суполкі ТБМ і абралі старшынём Генадзя Краўцова. Дарэчы 5-6 чалавек ужо значны час хадзілі па фабрыцы са значкамі ТБМ.

Пасля сходу Лявона Анацку прыняў дырэктар фабрыкі У.У. Чыжык. Гаворка адбылася пра будучую дзейнасць ТБМ на фабрыцы, пра пытанні пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў рэкламаванні прадукцыі фабрыкі.

Дырэктар прапанаваў ТБМ-аўцам супрацоўніцтва і першае, што папрасіў - яркі беларускамоўны слоган для Лідскай абутковай фабрыкі.

Дарэчы, гэта не першая суполка ТБМ на лідскіх прадпрыемствах. Шмат гадоў існуе суполка з пяці чалавек на прадпрыемстве “БелТэксОптык”. Была сулолка ў Лідскіх электрасетках, але спыніла сваё існаванне з-за выхаду яе сяброў на пенсію.

Такім чынам на ўсебеларускі плач па загубленай на рэферэндуме мове Ліда адказала павелічэннем колькасці сяброў Таварыства беларускай мовы. І гэта не апошняе слова.

Яраслаў Грынкевіч


← вярнуцца ў навіны