Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Як Ліда ўспрымала “рэферэндумную” сімволіку

2015.05.18 0

Традыцыі ўжывання нацыянальнай сімволікі на Лідчыне даўнія. Няхай сабе дакладна не вядома, пад “Пагоняй” ці пад “Калумнамі” стаяла Лідская харугва на Грунвальдскім полі, але тое, што Лідскі павет меў харугву чырвонага колеру з “Пагоняй” гэта факт. Як факт і тое, што ў Расейскай імперыі Лідскі павет (уезд) меў герб: тарча, падзеленая гарызантальна, у верхнім чырвоным полі - “Пагоня”, у ніжнім зялёным - залатыя сноп і серп. За савецкім часам спрабавалі з гэтага снапа і сярпа зрабіць герб Лідскага раёна, безумоўна, без “Пагоні”.

У канцы 1970-х гадоў “Пагоня” з’явілася на ветраніку (флюгеры) адноўленай вежы Лідскага замка і была адзінай у Беларусі. Летувісы з гэтай нагоды нам вельмі зайздросцілі, таму што ў іх “Пагоня” была забаронена.

Таму, калі “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг сталі дзяржаўнымі, Лідчына ўспрыняла гэта з вялікай радасцю. Спалучэнне бела-чырвоных польскіх і бел-чырвона-белых беларускіх колераў успрымалася тут з задавальненнем, усім было ясна, куды рухаецца Беларусь. Беларусь следам за Польшчай рухалася ў Еўропу.

Сказаць, што Лідчына не прыняла новую сімволіку, гэта будзе вельмі агульна. Пройдземся па пластах грамадства.

Зразумела, дэмакратычная грамадскасць не ўспрыняла новыя сімвалы ніяк. Пачалося змаганне. На ўсіх грамадскіх мерапрыемствах карысталіся выключна бел-чырвона-белымі сцягамі. Калі ветэраны Арміі Краёвай на нашых мерапрыемствах станавіліся пад бел-чырвона-белы сцяг, не ўсе гэта разумелі, а гэта проста значыла, што ад БНФ да Арміі Краёвай бел-чырвона-белы сцяг на Лідчыне прызнаваўся сваім.

Два разы на Лідскім гарвыканкамам падымалі бел-чырвона-белы сцяг. Рабілі гэта днём. Зайходзілі ў паўсонны паабедзенны час ў будынак гарвыканкама, падымаліся на дах, здымалі чырвона-зялёны сцяг і мацавалі бел-чырвона-белы. Першы раз бел-чырвона-белы сцяг правісеў ад абеду да 23.00. Другі раз - не больш гадзіны. Пасля другога разу на люках, якія вядуць на дах, з’явіліся замкі. Дарэчы, зняты з фасаду гарвыканкама герб “Пагоня” вельмі доўга ляжаў на даху, а мо і цяпер ляжыць.

Сцягі падымаліся на высозных комінах ЦЭЦ і райбальніцы, вывешваліся на вуліцах.

Наступствам ці перадумовай увядзення новай сімволікі быў знос яшчэ аднаго помніка Леніну ў Лідзе. Бо як у старых Расіі, Польшчы ці Ўкраіне, які б закалот не здарыўся, вінаватымі ва ўсім былі яўрэі, і яўрэйскі пагром быў неад’емным спадарожнікам любога катаклізму, так і ў старой Лідзе, што б ні здарылася, былі вінаватыя бальшавікі і камуністы. Да 1995 года ў Лідзе заставаліся чатыры помнікі Леніну, два з іх у вайсковых частках. На вялікі помнік перад Домам афіцэраў адвагі не хапіла, таму прыгаварылі помнік каля вакзала. Помнік разбілі Струнеўскі і Федасевіч, атрымалі 2 і 2,5 гады ўмоўна. За сам помнік плаціць не давялося, не знайшлі арганізацыі, у якой на балансе ён быў.

Асноўнай дзяржаўнай арганізацыяй, якая рэзка выступала супраць новай сімволікі, была, як ні дзіўна, лідская міліцыя. Можа год, а можа два лідскія міліцыянты вазілі ў машынах бел-чырвона-белыя вымпелы з пагоняй, не мянялі цэшак на галаўных уборах. Калі іх прымусілі перамаляваць бел-чырвона-белую шыльду з надпісам “Міліцыя”, то яны замалявалі белыя палосы зялёнай фарбай, атрымаўся зялёна-чырвона-зялёны сцяг Сурынама. З такой шыльдай лідская міліцыя жыла некалькі гадоў. Таму няма вялікага дзіва, што ў Лідзе ніколі міліцыя не забірала ў мітынгоўцаў бел-чырвона-белыя сцягі, як бы не бачыла.

Рашуча выступалі супраць новай сімволікі простыя людзі. У СШ № 11, калі прышлі выносіць з фае шчыт з “Пагоняй”, прыбіральшчыца са швабрай у руках стала перад шчытом і грозна прамовіла:

- Не дам! Зараз вас адсюль павыносяць!

І не дала. Шчыт то вынеслі, але не ў той дзень, а ўпільнавалі момант, калі гэтай прыбіральшчыцы ў школе не было.

У СШ № 15 адмовіўся замалёўваць бел-чырвона-белы сцяг на сцяне дырэктар школы Аляксандр Сокал. Там у фае на фоне бел-чырвона-белага сцяга быў намаляваны Кастусь Каліноўскі. Сокал сказаў:

- Знайдзіце мне хоць адзін дакумент, што Каліноўскі ваяваў пад чырвона-зялёным сцягам, і тады замалюем.

З цягам часу звольнілі Сокала і ўсё замалявалі, але на славутве пытанне лідскага шляхціца: “А ці застануся я ў гісторыі?” - можна смела сказаць: “Сокал у гісторыі застаўся”.

Наступнай сацыяльнай групай, якая змагалася за бел-чырвона-белы сцяг былі лідскія байкеры. Калі ім стварылі невыносныя ўмовы ў Беларусі, то кіраўнік клуба Абрамчык сваю лебядзіную песні праспяваў у Маскве. Ён праехаў з бел-чырвона-белым сцягам па Маскоўскай кальцавой поўны круг.

Шмат клопату зазналі ўлады і з лідскімі футбольнымі фанатамі. Яшчэ ў дарэферэндумны час футбольны клуб “Ліда” дальнабачна зацвердзіў колеры клуба: белы і чырвоны. Таму з’яўленне бел-чырвона-белых сцягоў на трыбунах і шэсцях было натуральным. Што толькі ўлады ні рабілі, прымушалі шыць чырвона-бела-чырвоныя і бел-чырвона-бел-чырвоныя сцягі, але заўсёды паміж імі ўзнікаў і бел-чырвона-белы сцяг.

І ўвесь гэты час ніхто не пасягнуў на “Пагоню” над вежай Лідскага замка.

З вялікай палёгкай і лідскія ўлады, і лідская грамадскасць уздыхнулі, калі Савет Міністраў абвясціў “Пагоню” нематэрыяльнай каштоўнасцю. Цяпер у Лідзе “Пагоняй” можна карыстацца без абмежаванняў.

Дасць Бог, будуць знятыя ўсе абмежаванні і з бел-чырвона-белага сцяга.

Станіслаў Суднік


← вярнуцца ў навіны