Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Беларуская доля – “русский мир”, альбо Ці проста беларускамоўнаму ў сучаснай Беларусі?

2015.04.29 0

Дзеючым Законам Беларусі “Аб мовах ў Рэспубліцы Беларусь” прадугледжваецца, што дзяржава забяспечвае ўсебаковае разьвіццё і функцыянаваньне беларускай і рускай моў ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця . Ці адпавядае прыведзеная норма рэчаіснасьці? Ці стварае дзяржава на “нарматыўна-прававым” ўзроўні хаця б роўныя умовы для суіснавання абедзьвух дзяржаўных моваў? Менавіта гэтыя пытаньні падаліся цікавымі з кропкі гледжаньня зухаватай літары беларускага Закона.

Любы чалавек каб быць законапаслухмяным грамадзянінам, павінен ведаць агульныя нормы паводзінаў ў грамадзтве. Гэта аксіёма. Нормы паводзінаў звычайна адлюстраваны ў шматлікіх законах, падзаконных актах. Калі сфармуляваць наступнае пытаньне найбольш шырэй, то атрымаецца наступнае: ці можна вывучаць дзеючае заканадаўства Беларусі па-беларуску?

Прааналізуем асобныя нормы Закона Рэспубліцы Беларусь ад 10.01.2000 № 361-З “Пра нарматыўныя прававыя акты Рэспубліцы Беларусь”. Згодна з артыкулам 54 Закона, нарматыўны прававы акт прымаецца (выдаецца) упаўнаважаным на тое органам (службовай асобай) на беларускай і (альбо) расейскай мовах.

Тым жа часам, афіцыйнае публікаванне нарматыўных прававых актаў ажыццяўляецца на той дзяржаўнай мове, на якой яны прыняты (выдадзены) . Адпаведна, калі абсалютная бальшыня актаў заканадаўства прымаюцца, згодна з існуючай практыкай апошніх дзесяцігодзьдзяў, толькі на адной з дзьвух дзяржаўных, - расейскай мове, без адпаведнага беларускага варыянта, дык і афіцыйных публікацый па-беларуску быць ня можа. Змесьціва асноўнага дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурса глабальнай камп'ютэрнай сеткі інтэрнэт у галіне права і прававой інфарматызацыі Беларусі - http://www.pravo.by/, - зьяўляецца пацьцверджаньнем сказанага. На партале па стану на сакавік 2015 года сярод масыва дзеючага заканадаўства, магчыма адшукаць было нарматыўныя прававыя акты амаль што выключна на расейскай мове (за нязначным выняткам беларускамоўных). Што тычыцца магчымых перакладаў тэкстаў, дык афіцыйнае апублікаваньне нарматыўнага прававога акта на іншых мовах дапускаецца толькі пры наяўнасці яго афіцыйнага перакладу на адпаведную мову, зацверджанага адпаведным дзяржаўным органам (службовай асобай) у парадку, устаноўленым для прыняцця (выдання) гэтага акта . Іншымі словамі, магчымаму афіцыйнаму апублікаваньню на беларускай мове, напрыклад, Грамадзянскага альбо Крымінальнага кодэкса (якія дагэтуль афіцыйна выключна “расейскаўмоныя”), павінна паперэджаць працэдура прыняцьця/ ўхваленьня парлямэнтам і адпаведнага падпісаньня прэзідэнтам афіцыйнага перакладу на беларускую апублікаванага раней на расейскай мове тэкста.

Паколькі выпадкі рэалізацыі вышэйзгаданай нормы закона дагэтуль невядомы, а прымаць (выдаваць) акты заканадаўства ў беларускага норматворцы адначасова на абедзьвух дзяржаўных мовах на практыцы не склалася, маем тое, што галоўны беларускі прававы інтэрнэт-партал ня здольны прапанаваць наведвальнікам афіцыйных беларускамоўных тэкстаў законаў. Дзеля аб’ектыўнасьці трэба заўважыць, што на рэсурсе ў раздзеле “прававая інфармацыя” – “кодэксы Республіцы Беларусь” зьмешчан пералік беларускіх кадыфікаваных норматыўных прававых актаў, пры націсканьні кожнага з каторых наведвальнік перанакіроўваецца на іншы дзяржаўны рэсурс http://etalonline.by/, дзе ледзь заўважная піктаграма прапануе неафіцыйны машынны пераклад тэксту закона (праўда пры гэтым паведамляецца пра верагоднасьць выяўленьня памылак у тэксце пераклада). Магчымасьці выкарыстаньня іншага беларускага заканадаўства па-беларуску, у тым ліку Асноўнага закону, ні Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал, ні рэсурс http://etalonline.by/, не прадастаўляюць (па стану на красавік 2015 г.)

З вышэйакрэсьленай праблемы даступнасьці нарматыўных прававых актаў вынікае яшчэ адна істотная праблема абароны правоў і законных інтарэсаў беларускамоўных грамадзян.

Фармальна судаводзтва ў Рэспубліцы Беларусь вядзецца на адной з дзяржаўных моваў. Гэтае палажэньне зацьверджана ў адміністрацыйным, крымінальным, грамадзянскім і гаспадарчым працэсуальных законах . Але не зьяўляецца сакрэтам тое, што судаводзтва ў судах вядзецца фактычна па-расейску, і не ў апошнюю чаргу ў сувязі з адсутнасьцю афіцыйных беларускамоўных тэкстаў законаў. Вядомыя факты, калі судзьдзі адмаўляюць задаволіць хадайніцтва ўдзельніка судовага працэсу на неабходнасць вядзення яго па-беларуску (спасылаючыся на правілы вядзеньня судаводзтва на адной з дзяржаўных моваў), альбо калі ў парушэньне артыкула 14 Закона аб мовах (забясьпячэньне паўнавартаснага ўдзелу ў судовых дзеяньнях праз перакладчыка) адхіляюць хадайніцтва пра прадастаўленьне перакладчыка з мовы судовага працэсу (расейскай) на беларускую мову .

У грамадзянскім працэсе судовыя дакуманты здаюцца на рукі юрыдычна зацікаўленым у выніку справы асобам на мове судаводзтва (г. зн. па-расейску). Разам з тым, згаданая норма ў рэдакцыі, якая дзейнічала да 2012 года, выглядала крыху іншым чынам: “судовыя дакуманты здаюцца на рукі юрыдычна зацікаўленым у выніку справы асобам на іх выбар на мове судаводзтва, альбо мове, якой гэтыя асобы карысталіся ў працэсе”. Такім чынам, раней грамадзянін меў права патрабаваць хаця б выкананую па-беларуску судовую пастанову. Ад 2012 года такое права парлямэнтарыямі ў яго адабрана.

Эканамічны суд (яшчэ зусім нядаўна – гаспадарчы; ініцыятары так сьпяшаліся ад пачатку 2014 года перайменаваць, а сумесна й аптымізаваць працэсы выкананьня судовых пастановаў, што давесьці сьпешна распачатае да канца і прывесці ў адпаведнасьць са зьмененым заканадаўствам пэўную колькасьць падзаконых актаў, часу да гэтуль не хапіла , але гэта праблема ўжо іншага накірунку, якая тут не разглядаецца) абавязаны накіроўваць асобам, прымаючым удзел у справе, судовыя дакуманты на мове судаводзтва. Іншымі словамі, зыходзячы з існуючай практыкі, - выключна на расейскай мове.

Законам “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” прадугледжваецца абавязак службовых асоб адказваць на пісьмовы зварот грамадзяніна на мове такога звароту . За невыкананьне згаданага імператыва прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць. Тым не менш, не ўсялякім службоўцам згаданая норма выконваецца. Так, у 2013 годзе ў судзе Фрунзенскага раёна Менска разглядалася справа дырэктара аднаго з мясцовых ЖЭСаў за адмову пісьмова адказаць па-беларуску. У выніку службовец прыцягнуты да адмініністрацыйнай адказнасьці . Прынцыповасьць судзьдзі ў дзадзеным выпадку можна толькі ўхваліць.

Беларускім заканадаўствам гарантавана кожнаму чалавеку неад’емнае права на атрыманьне адукацыі на беларускай і (альбо) расейскай мовах . Іншы акт заканадаўства тлумачыць нам, што права грамадзян выбіраць адукацыю і выхаваньне на адной з дзяржаўных моваў Беларусі забясьпечваецца разьвіцьцём сеткі устаноў адукацыі (клясаў, групаў, патокаў) з беларускай і расейскай мовамі адукацыі і выхаваньня . Тым не менш, апошняя з прыведзеных норм неяк не стасуецца з сітуацыяй, якая склалася ў апошнія гады ў амаль што 400-тысячным Магілёве, дзе так званая “сетка” (ужываючы афіцыйнаю тэрміналогію) з беларускай мовай адукацыі дасягнула колькасьці ў памеры аднае клясы, ў каторай па-беларусу навучаецца толькі адна вучаніца . Як здаецца, яе бацькі не могуць не задумлівацца адносна рэалій атрыманьня дачушкай вышэйшай адукацыі па-беларуску на Беларусі, дзе за чвэрць стагодьдзя ад абвяшчэньня суверэнітэту не зьявілася пакуль ані воднай нацянальнай вышэйшай навучальнай установы.

Пры атрыманні прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, як абвяшчае закон, ад вывучэння беларускай мовы могучь быць вызвалены замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія часова знаходзяцца або часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь . Зьвяртаю увагу, што пра вызваленьне замежнікаў ад вывучэння беларускай і расейскай моваў, у нарматыўным акце гаворка ня йдзе. Ці можна ўявіць сабе існаваньне гэтакай нормы ў заканадаўстве, скажам, Польшчы альбо Вялікай Брытаніі? Тым не менш, выпускнік любой адукацыйнай установы Беларусі па яе заканчэнні атрымоўвае пакуль што адпаведнае пасьведчаньне, атэстат альбо дыплём, формы якіх выконваюцца адначасова на абедзьвух дзяржаўных мовах.

Разьдзелам “разьвіцьцё нацыянальнай культуры” Праграмы дзейнасьці беларускага урада на 2011-2015 гады сярод іншых, згадана задача: пашырэньне выкарыстоўваньня беларускай мовы ў сфэры культуры, арыентацыя арганізацый культуры на правядзеньне фэстываляў, сьвятаў, канцэртаў і іншых мерапрыемстаў на беларускай мове. Механізмамі рэалізацыі пастаўленых задач зьяўляюцца, ў тым ліку, забяспячэньне рэалізацыі плана мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэньню сфэры выкарыстаньня беларускай мовы ў жыцьці грамадства. Добрая норма. Пачапіць бы аркуш з гэтай вытрымкай ва ўсіх кабінэтах шматлікага беларускага чынавецтва. У дзяржаўнай праграме "Культура Беларусi" на 2011 - 2015 гады, зацьверджанай Пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь 26.12.2010 N 1905, закранула наступнае: “Дзякуючы падтрымцы дзяржавы ўдалося захаваць i развiць асноўныя дасягненнi ў сферы культуры. У краiне функцыянуе разгалiнаваная сетка арганiзацый культуры, якiя ў значнай ступенi забяспечваюць даступнасць паслуг культуры для грамадзян, што пражываюць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь. Сёння налiчваецца каля 9 тысяч арганiзацый культуры, у тым лiку амаль 4 тысячы бiблiятэк…” Сёньня, з некаторай ўпэўненасцю можна засьведчыць, што ня ўсё добра “у каралеўстве Дацкім” ў гэтым накірунку, ва ўсялякім выпадку па Чэрвеньскім раёне Менскай вобласьці. Па стану на 2000 год ў рэгіёне працавала 32 грамадзкія бібліятэкі (без уліку школьных), у 2005 – 31, у 2013 - таксама 31, на пачатак 2014 – ужо 28, а з 2015 гэтых устаноў на ўвесь раён засталося усяго толькі 15. Гэта ня можа ня засмуціць. Тым больш, што для рэалiзацыi мэты згаданай Дзяржаўнай праграмы, як згадана ў ёй самой, патрабуецца вырашэнне задач, сярод якіх, што б вы думалі, – забеспячэнне свабоднага i роўнага доступу да iнфармацыйных рэсурсаў i бiблiятэчных фондаў для розных груп насельнiцтва. Што тычыцца фінансавай і матар’яльнай падтрымкі дзяржаўных кнігавыдавецтваў ці нацыянальных архіўных установаў, - такой пазіцыі ў даволі аб’ёмістым дакуманце не знайшлося…

Такім чынам, невялічкі агляд некаторых дзеючых актаў беларускага заканадаўства дазваляе зрабіць выснову пра дэкляратыўны характар нормы аб роўнасьці беларускай і рускай моваў. “Разьвіцьцё” і “прыярытэт” беларускасьці на Беларусі застаюцца насамрэч гэтакімі толькі для невялікага адсотка беларусаў.

Напрыканцы хацелася б прывесьці цалкам словы прэамбулы Закона “Аб мовах”, якія пасля зацьверджаньня парлямэнтам ў другой палове 90-х чарговых зьменаў у нарматыўны дакумент, недзе “згубіліся”. Актуальнасьць іх ня страчана й сёння:

“Мова - не толькi сродак зносiн, а i душа народа, аснова i важнейшая частка яго культуры. Жыве мова - жыве народ. Кожная мова, яе лiтаратурная, жывая мясцовая i гiстарычная разнавiднасць - неацэнны скарб, якi належыць не аднаму народу, а ўсяму чалавецтву.

Доўг i абавязак усiх - шанаваць родную мову, садзейнiчаць яе развiццю i росквiту, паважлiва ставiцца да моў iншых народаў.

У Беларусi здаўна жывуць людзi розных нацыянальнасцей, гучаць розныя мовы. Аднак у апошнiя гады сфера ўжывання мовы карэннага насельнiцтва Беларусi, якое дало ёй iмя i гiстарычна складае асноўную частку жыхароў рэспублiкi, значна звузiлася, пад пагрозай апынулася само яе iснаванне. Паўстала неабходнасць аховы беларускай мовы на дзяржаўна-этнiчнай тэрыторыi. Такую сiстэму аховы дазваляе стварыць толькi наданне беларускай мове статуса дзяржаўнай мовы Рэспублiкi Беларусь.

Статус беларускай мовы як дзяржаўнай не закранае канстытуцыйных правоў грамадзян iншых нацыянальнасцей карыстацца рускай цi iншымi мовамi. Усе грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, незалежна ад нацыянальнасцi i роднай мовы, карыстаюцца роўнымi правамi i маюць роўныя абавязкi перад дзяржавай”.

Касьцюкевіч Змітрок 


← вярнуцца ў навіны