Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Беларуская мова ў Лідскім філіяле “Белаграпрамбанка”

2015.04.28 0

Лідская гарадская арганізацыя ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” мае рахунак у Лідскім філіяле “Белаграпрамбанка”.

Ад самага пачатку намі былі зроблены асноўныя патрэбныя дакументы, і ў першую чаргу бланк плацёжнага даручэння, на беларускай мове. Адпаведна пячатка была таксама беларускамоўная.

Беларускамоўныя “плацёжкі” і іншыя дакументы не сустрэлі ў банку ніякага супраціву. Іх проста не заўважылі або зрабілі выгляд, што не заўважылі. Свае дакументы банк выконваў па-расейску, мы свае - па-беларуску і мірна суіснавалі ў такім білінгвізме. Трэба, аднак, сказаць, што калі здаралася зрабіць памылку ў “плацёжцы” або “аб’яўцы”, то адпаведны аператар уносіў праўкі ў дакумет на беларускай мове, але ніколі не вялася размова на гэтую тэму.

Пэўныя змены адбыліся ў 2014 годзе.

У пэўны момант асноўны аператар, у якога мы абслугоўваліся, аказаўся на бальнічным, і нас перадалі суседняму аператару. Жанчына ўзяла “плацёжку” паглядзела на яе і прамовіла:
- О, у вас “плацёжка” на беларускай мове, а ў мяне няма беларускага шрыфту.

Наступнай фразай у нейкім іншым месцы магла быць такая:
- Перепишите на нормальном языке.

Тут наступнай фразай было:
- Трэба сказаць, каб паставілі.

Невядома, хто што там і каму казаў. Кіраўніцтва адрэагавала на працягу двух тыдняў, аператары ўсе беларускамоўныя “плацёжкі” пачалі праводзіць па-беларуску, відаць, беларускія шрыфты на рабочыя месцы паставілі. Праўда, уласныя дакументы банк працягвае рабіць па-расейску.

Наступны крок у бок беларусізацыі быў зроблены на мінулым тыдні.

Ужо некалькі гадоў у касавым зале стаіць інфарм-кіёск, які выдае квіткі на чаргу да касавага акенца. Падыходзіш да яго, націскаеш патрэбны транспарант: ці то “Жыллёва-камунальныя плацяжы”, ці то “Валютна-абменныя аперацыі”, ці што іншае, атрымоўваеш квіток з нумарам і чакаеш, пакуль дыктар не пакліча да патрэбнага акна. Раней усе транспаранты былі расейскамоўныя - і на тым канец. Але цяпер усё змянілася. Зыходная панэль утрымоўвае толькі два транспаранты: “Русский язык” і “Беларуская мова”. Цяпер кожны наведвальнік пачынае зварот да аўтамата з выбару мовы. І калі націснеш “Беларуская мова”, то высвецяцца ўсе транспаранты па-беларуску, і пасля гэтага ўжо выбіраеш патрэбную аперацыю. І хоць квіток працягваюць друкаваць толькі па-расейску, і дыктар да акна кліча па-расейску, але крок наперад відавочны.

Пры гэтым ніхто ад ТБМ у Лідскі філіял “Белаграпрамбанка” з гэтай нагоды не звяртаўся. Але ці зроблена гэта з уласнай ініцыятывы Лідскага філіяла, ці прайшла цэнтралізаваная каманда, усяроўна трэба сказаць: “Вялікі дзякуй!” Няхай самі супрацоўнікі банка вырашаюць, каму той “Дзякуй” належыць, а мы можам яшчэ толькі запрасіць беларускамоўных кліентаў:

- Ідзіце ў “Белаграпрамбанк”, тут да беларускай мовы адносяцца з павагай.

Станіслаў Суднік

 


← вярнуцца ў навіны