Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Лёс беларускай мовы пасля Люблінскай уніі

2015.04.27 0

Працяг. Першую частку артыкулу глядзіце тут.

Аднак пасля Люблінскай уніі, калі ВКЛ страціла Беласточчыну і Украіну сітуацыя стала пагаршацца. У гэты час Польшча зрабіла польскую мову дзяржаўнай. Паступова і польскі касцёл перайшоў з латыні на польскую мову. Сярод беларускіх магнатаў і шляхты польская мова праз каталіцкі касцёл стала мовай зносінаў і ў прыватным жыцці. Вялікі ўдар нашай мове нанесены вайной з Масковіяй у 1654 – 1667 гадоў, калі быў знішчаны беларускі горад, а яго жыхары альбо загінулі, альбо былі вывезены ў Расію, як палонныя.

Пэўную ролю ў захаванні роднай мовы адыграла ўніяцкая царква, але і яна паступова паланізавалася. У 1697 годзе адзінай дзяржаўнай мовай у ВКЛ стала польская, а Рэч Паспалітую суседзі, асабліва Расія стала называць Польшчай. У XVIII ст. беларуская эліта называла сябе літвінамі, але гаварыла і пісала па-польску. Носьбітамі беларускай мовы заставаліся сяляне і мяшчане (асабліва праваслаўныя і ўніяты). Але горад наш пасля трагедыі XVII перастаў быць беларускім, бо больш паловы гараджанаў складалі яўрэі, а культурная эліта паступова апалячылася.

Цікава, што пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай, у Расійскай імперыі на беларускіх землях праводзілася да 1830 – 1831 г. татальная паланізацыя, асабліва ў сістэме адукацыі, пачынаючы з Віленскага Універсітэта. Пасля падаўлення паўстання паланізацыю спынілі і пачалі з’яўляцца першыя літаратурныя творы на беларускай мове, прычым напісаныя “лацінкай”.

Новы этап у развіцці сучаснай беларускай мовы адыгралі дзве падзеі XІХ ст., 1861 – год адмены прыгона і новае паўстанне 1863 – 1864, якое прынесла на Беларусь татальную русіфікацыю. Былыя “ліцьвіны”, нашчадкі старабеларускай эліты ВКЛ падзяліліся на “крэсовых палякаў”, беларусаў і літоўцаў.

Трэба сказаць, што частка беларускай шляхты, асабліва дробнай, акрамя польскай ведала і мову сваіх сялянаў – беларускую. Пра гэта сведчаць вынікі перапісу 1897 года. Напрыклад, нават у Віленскай губерні трэцяя частка ўсіх дваранаў, прызнала сваёй роднай мовай беларускую .

Вялікую ролю ў з’яўленні беларускай нацыянальнай свядомасці адыграла першая Руская рэвалюцыя і Першая Сусветная Вайна.

25 сакавіка 1918 года новая беларуская эліта, у асноўным беларускамоўная, у Менску абвясціла БНР. Беларуская мова стала дзяржаўнай спачатку ў БНР, а потым і ў БССР. Пасля падзелу Беларусі ў 1921 годзе паміж Расіяй і Польшчай склалася дзве эліты, якія гаварылі па-беларуску. Заходнебеларуская – з цэнтрам ў Вільні, якая стварыла Таварыства беларускай школы, і савецкая – у БССР, што стварыла інбелкульт і пачала беларусізацыю ў другой палове 20-х гадоў мінулага стагоддзя.

Аднак ужо ў 30-я гады ХХ стст. пачаліся сталінскія рэпрэсіі ў БССР і пераслед беларускіх патрыётаў у Польшчы.
Другая сусветная вайна спачатку правяла да прымусовага аб’яднання Беларусі ў верасні 1939 г., потым да страты Віленшчыны і Беласточчыны, да шматлікіх ахвяраў сярод беларускіх эліт і да халакосту, калі значна змяняўся нацыянальны склад насельніцтва ў беларускіх гарадах і мястэчках.

Пасля вайны адбылося масавае перасяленне спаланізаванага, каталіцкага насельніцтва Беларусі ў ПНР, а беларускія гарады, і асабліва сталіцу Мінск, пачалі засяляць вяскоўцамі з розных рэгіёнаў Беларусі. На кіруючыя пасады прысылалі рускамоўных прадстаўнікоў з іншых рэспублік СССР, якія не мелі сваёй нацыянальнай адметнасці і лічылі сябе савецкімі людзьмі.

Значную частку вясковай беларускай моладзі вывезлі на пастаяннае жыццё ў Калінінградскую вобласць, Данбас, Карэлію, Казахстан, на шматлікія камсамольскія будоўлі. Беларусь ператварылася ў вялікую вайсковую базу з атамнай зброяй, сюды прыехалі тысячы вайскоўцаў з сем’ямі, якія варожа ставіліся да ўсяго беларускага.

У 1959 годзе пачалася новая хваля русіфікацыі, быў зменены закон аб адукацыі ў БССР, бацькі маглі вызваляць сваіх дзяцей, асабліва, калі яны аднекуль прыехалі ў Беларусь, ад вывучэння беларускай мовы і літаратуры. Усе беларускамоўныя школы да 1961 года ў вялікіх і малых беларускіх гарадах былі зачыненыя, а ў ВНУ ўжо з 30-х гадоў ХХ ст. усе прадметы выкладаліся толькі па-руску. Аднак ужо ў 70-х пачалі з’яўляцца прыкметы і асобы будучага нацыянальнага адраджэння, асабліва ў Мінску. Гэта былі беларускія пісьменнікі, журналісты, філолагі, гісторыкі і краязнаўцы, а таксама мастакі.

Савецкая таталітарная сістэма нанесла ўдар па “беларускіх нацыяналістах” у 1973 годзе. Некаторых зволілі з працы, некаторым не дазвалялі працаваць па спецыяльнасці, але дзякуючы палітыцы кіраўніка Беларусі Пятра Машэрава нікога не зняволілі і справу, як кажуць, “паклалі пад сукно”. У пачатку 80-х гадоў да старэйшага пакалення, сімвалам якога былі пісьменнікі Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч, гісторыкі і археолагі Мікола Улашчык, Міхась Чарняўскі, Міхась Ткачоў, мастакі Яўген Кулік і Мікола Купава, краязнавец Мікола Ермаловіч, мастацтвазнавец Зянон Пазняк далучалася студэнцкая моладзь. Узніклі моладзевыя аб’яднанні “Майстроўня”, “Талака”, “Паходня” і іншыя.

Новыя зрухі ў свядомасці беларускай эліты пачаліся ў часы “перабудовы” у СССР, калі аслабла цэнзура і пачалося нацыянальнае адраджэнне ў прыбалтыйскіх рэспубліках.

У 1988 годзе ўзнік БНФ, а ў 1989 годзе – ТБМ. Лідары і большасць сяброў гэтых арганізацый не баяліся гаварыць і пісаць па-беларуску. Яны сталі ствараць у гарадах беларускамоўныя класы і школы. У Мінску ўзнік першы ў краіне беларускамоўны гуманітарны ліцэй.

У пачатку 1990 года быў прыняты “Закон аб мовах у БССР” і беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. Пасля выбараў у Вярхоўны Савет БССР ХІІ склікання ў савецкім беларускім парламенце загучала беларуская мова, прычым не фармальна як раней, а нязмушана, як мова палітычнай і культурнай эліты, якая імкнулася да незалежнасці сваёй краіны.

Пасля атрымання незалежнасці беларуская мова паступова пашыраецца ва ўсіх сферах грамадскага і культурнага жыцця Рэспублікі Беларусь. У 1994 – 1995 гг. 70 % усіх першакласнікаў у Беларусі ўжо вучыліся па-беларуску. Аднак у краіне знайшліся сілы, якія атрымалі вялікую падтрымку ў суседняй Расіі, якая ўжо тады праводзіла русіфікатарскую палітыку не толькі сярод шматлікіх народаў на сваёй тэрыторыі, але і ў суседніх краінах.

Так стварылася постсавецкая, рускамоўная, “кампрадорская” буржуазія з ліку былых камуністычных і камсамольскіх лідараў. Яны ў свой час пакінулі калгасную вёску, перасяліліся ў савецкія рускамоўныя гарады і вельмі хацелі стаць не толькі “тоже рускімі”, але “рускімі са знакам якасці”.

Як гэта нагадвала “крэсовых палякаў” на “крэсах Усходніх” у перыяд “санацыі”!

Захапіўшы ўладу ў 1994 годзе, яны знішчылі дзяржаўную гістарычную сімволіку, падралі на шматкі бел-чырвона-белы сцяг і правялі т.зв. рэферэндум у 1995 годзе. У 1998 годзе ўнеслі такія змены ў “Закон аб мовах”, што можна было зусім не карыстацца дзяржаўнай беларускай мовай. За гэта з Расіі ім ішла танная нафта і газ, а таксама бясконцыя крэдыты.

Аднак 20 год незалежнасці прывялі да значнай змены ў самасвядомасці насельніцтва Беларусі, асабліва сярод моладзі, якая не жыла ў СССР і ніколі не імкнулася жыць і працаваць у Расіі, у адрозненне ад сваіх бацькоў. Беларуская мова і культура страціла свой “вясковы”, “калгасны” характар, а стала элітным гарадскім “брэндам”, асаблівай прыкметай элітнасці на фоне “трасянкі” і правінцыйнай рускай мовы і яе ненарматыўнай лексікі.

Зараз мы маем у нашым грамадстве такую з’яву, як у XVII ст., калі беларуская эліта звярнула ўвагу на польскую мову і польскую культуру як заходнееўрапейскую традыцыю, традыцыю больш блізкую і зразумелую чым усходнюю маскоўскую, ці паўднёва-турэцкую.

Пасля падзеяў на Украіне, калі рускую мову зрабілі зноў імперскай прыкметай “збірання рускіх земляў” і калі дзейнічае лозунг “Дзе гучыць руская мова, там і ёсць Расія” наша эліта з мэтай свайго захавання павінна зразумець, што яе асноўная мова, мова ў сям’і і побыце гэта менавіта беларуская мова.

Толькі беларуская мова можа аб’яднаць усіх грамадзян Беларусі незалежна ад рэлігіі і сацыяльнага паходжання ў справе захавання сваёй незалежнасці і дабрабыту. Таму лёс нашых дзяцей і ўнукаў залежыць ад таго, на якой мове будзе размаўляць будучая беларуская эліта, пасля таго, як яна неўзабаве зменіць сённяшнюю, якая ўжо не ў стане адэкватна ўспрымаць геапалітычную сітуацыю, што склалася ў Еўропе ў мінулым годзе.

Алег Трусаў,
спецыяльна для партала ТБМ

 


← вярнуцца ў навіны