Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

На якой мове размаўлялі Рагнеда і Гедымін?

2015.04.26 0

Любая цывілізацыя мае свае асноўныя прыкметы. Да іх можна аднесці наяўнасць дзяржавы, гарадоў, манументальнай архітэктуры і пісьмовасць, бо кіруючая эліта павінна накапліваць і перадаваць дакладную інфармацыю ва ўсіх сферах свайго жыцця.

Наяўнасць пісьмовасці адразу прыводзіць да стварэння літаратурнай мовы, якую ведае і можа ёй карыстацца эліта грамадства, як духоўная, так і свецкая, і мовы “Народнай”, якая распадаецца на шматлікія мясцовыя дыялекты.
На тэрыторыі Беларусі першая дзяржава – Полацкае княства ўзнікла ў ІХ ст. на базе адной з асноўных крывіцкіх племянных групаў – палачанаў.

У гэты перыяд у Еўропе на VIII – XIII ст. прыпадае малы кліматычны оптымум-пацяпленне, што прывяло да стварэння “эпохі вікінгаў”, якая паспрыяла ўзнікненню і фарміраваннню шмат якіх еўрапейскіх дзяржаў і актыўнаму распаўсюджванню ў Усходняй і Паўночнай Еўропе – хрысціянства.

У гэты час узнікае полацкае славянскае гарадзішча на месцы пасялення балтаў (спачатку днепра-дзвінская, а потым банцэраўская археалагічныя культуры). Славянскае племя крывічоў заняло Полаччыну ў VIII – ІX стст. У гэты перыяд у крывічоў, як і ў некаторых іншых славянскіх плямёнаў назіраецца працэс пераходу ад ваеннай дэмакратыі да раннефеадальнай дзяржавы і пачынаюць складацца мясцовыя племянныя, а потым і дзяржаўныя эліты.

Ёсць меркаванне, што імя старэйшыны роду Крыў, пасля аб’яднання родаў пад яго кіраўніцтвам перайшло на вялікае племя. Але кіруючае племя і род – заўжды заставаліся ў цэнтры. Гэты род – і ёсць першапачатковая старабеларуская эліта, якая выбрала для свайго сталага жыцця горад на Дзвіне – Полацк. Іншыя роды, а пазней і плямёны крывічоў пайшлі далей і стварылі такія этнічныя групы як ізборскія, смаленскія, а пазней і волжскія крывічы. Але доўгі час аж да ХІІІ ст.

Полацк быў для іх гістарычным і духоўным цэнтрам. У гэты час існавала і крывіцкая народная мова, на якой размаўлялі ўсе людзі Полацкай, Смаленскай і Цвярской дзяржаваў, а таксама жыхары Пскова, які надоўга патрапіў у склад Ноўгарадскай дзяржавы, але ў ХІV ст. набыў незалежнасць.

Крывічы паступова асіміліравалі дняпроўскіх балтаў і стварылі новую этнічную супольнасць, якая дзякуючы крывіцкай мове стала славянскай.

У 862 годзе крывічы разам з іншымі плямёнамі запрашаюць да сябе варагаў, а потым разам з кіеўскім князем, варагам Алегам у 882 і 907 гадах робяць ваенныя выправы на Канстанцінопаль, дзе пазнаёміліся з высокай візантыйскай культурай.

У Х стагоддзі Полацкая дзяржава выступае адным з галоўных канкурэнтаў з Ноўгарадам і Кіевам за кантроль над шляхам з “варагаў у грэкі” і мы ведаем кіраўніка полацкай правячай эліты варага Рагвалода і яго дачку Рагнеду. Такім чынам стварылася мясцовая варажска-крывіцкая эліта, якая потым і заснавала асобную полацкую дынастыю. На якой мове размаўлялі Рагвалод і яго дачка Рагнеда? Мы не ведаем, хто была жонка Рагвалода, але не выключана, што мясцовая жанчына, бо варагі вельмі рэдка бралі з сабою ў ваенныя ці гандлёвыя паходы жанчын.

Вядома, што Рагвалод ведаў сваю родную мову і потым засвоіў крывіцкую. Магчыма, што і Рагнеда магла ведаць мову бацькі. Такім чынам, вытокі нашай старабеларускай эліты сягаюць у Х стагоддзе, прычым спачатку яна была двухмоўная, але неўзабаве крывіцкая мова стала адзінай.

Часовая страта незалежнасці пасля захопу Полацка кіеўскім князем Уладзімірам не спыніла полацкую дзяржаўнасць, бо пасля замаху на сваё жыццё Уладзімір выслаў Рагнеду з малым сынам Ізяславам на Полаччыну ў горад Ізяслаў, названы ў гонар малога князя, ад якога пайшла развівацца дынастыя полацкіх князёў.

У 988 годзе Уладзімір прымае хрысціянства візантыйскага ўзору. Полацкая эліта гэты крок падтрымала адразу, бо Рагнеда прыняла манашаскі пастрыг пад імем Анастасія і заснавала ў Заслаўі першы жаночы манастыр, дзе памерла ў 1000 г.

Аднак у Полацку, у адрозненне ад Кіева і Турава, гвалтоўнага прыняцця новай веры не было і простае насельніцтва доўгі час верыла ў старых багоў, а іх жрацы-валхвы нават выступалі супраць хрысціянства ў Полацку. Полацкія князі не хрысцілі прымусова сваіх саюзнікаў ліваў, латгалаў, летапісную літву і іншых.

Галоўная перавага хрысціянства для мясцовай эліты – гэта авалоданне пісьмом і вялікай антычнай і візантыйскай культурна-гістарычнай спадчынай.

Да сярэдзіны ХІІ ст., калі Кіеўская Русь канчаткова распалася на асобныя самастойныя княствы на Беларусі склаліся тры моўныя варыянты, якія і леглі ў ХІІІ ст. у аснову сённяшняй беларускай мовы.

1) мова мясцовых плямёнаў: крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, якія і склалі аснову новага беларускага этнаса.

2) стараславянская, альбо царкоўнаславянская мова, а дакладней салунскі дыялект старамакедонскай мовы, на якую ў ІХ ст. Кірыл і Мяфодзій пераклалі з грэчаскай мовы Біблію. Да нас гэтая мова прыйшла ў канцы Х ст. у старабалгарскім варыянце разам з кірылічным алфавітам.

Аднак мясцовыя людзі яе не разумелі і таму мясцовыя адукаваныя людзі паступова беларусізавалі яе.

3) пісьмовая свецкая старабеларуская мова, на якой вялі справаводства, пісалі мастацкія творы і выкладалі ў школах. Гэта мова Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і славянскіх святароў Рыгора і Фамы.

З’явілася мясцовае летапісанне, Полацкі і Смаленскі летапісы. Умелі чытаць і пісаць і простыя людзі, асабліва гараджане. Пра гэта сведчыць берасцяныя граматы, знойдзеныя ў Смаленску, Віцебску і Мсціславе.

У ХІІ ст. беларуская эліта наладзіла цесныя сувязі з Візантыяй. Смаленскі князь Раман стварыў гарадскія вучэльні, дзе выкладалі настаўнікі, запрошаныя з Візантыі і краін Заходняй Еўропы.

Такая ж сітуацыя склалася і ў Кіеве, дзе актыўна фармавалася свая стараўкраінская мова, вельмі блізкая, як і зараз, да беларускай.

Да сярэдзіны ХІІ ст. з летапісаў знікаюць назвы старабеларускіх плямёнаў; так крывічы згадваюцца апошні раз у 1128 г., а полацкія князі называюць крывіцкімі ў 1140 і 1162 гг.

Спецыфічнай прыкметай старабеларускай эліты была роля жанчын, якія былі адукаванымі і ўплывалі на палітычную сітуацыю, пачынаючы ад Рагнеды. У гэтым яны абралі прыклад з Візантыі, дзе ў ХІІ ст. існавала шмат адукаваных жанчын і тым ліку жонкі і сёстры імператараў.

У ХІІІ ст. палітычная і эканамічная сітуацыя ў Усходняй Еўропе вельмі змянілася. На мяжы ХІІ і ХІІІ ст.ст. у Прыбалтыцы з’явіліся крыжакі. У вусці Дзвіны яны заснавалі г. Рыгу, адабралі ў Полацка яго калоніі Герцыке і Кукенойс і закрылі прамы гандлёвы шлях у Балтыйскае мора. Але неўзабаве падпісалі гандлёвыя пагадненні з Полацкам, Віцебскам і Смаленскам. Менавіта ў гэтых граматах мы ўжо бачым некаторыя адметныя рысы, уласцівыя жывой “народнай” беларускай мове. У гэтых гарадах немцы стварылі свае гандлёвыя цэнтры і збудавалі першыя на беларускай зямлі каталіцкія касцёлы ў Полацку і Смаленску. Пачаўся і ўплыў аднаго з паўночна-нямецкага дыялекта (верхнянямецкай мовы) на беларускую мову, асабліва ў галіне гандля, мастацтва і будаўніцтва. У гэты час у Панямонні узніклі новыя моцныя беларускія гарады і сярод іх на першае месца выйшаў Навагрудак. Беларускі краязнавец Мікола Ермаловіч паведамляе, што ўжо ў 1119 годзе Наваградак быў незалежны ад Кіева, а ў 1228 годзе войскі навагародцаў разам з тураўцамі і пінянамі ваявалі супраць Данілы Галіцкага. Вядома і імя новагародскага князя Ізяслаў, а ў 50-60 гадах ХІІІ ст. існавала і дзяржава – Новагародская зямля. У ХІІ ст. тут была збудавана віцебскімі і полацкімі майстрамі каменная Барысаглебская царква. Мясцовая эліта была вельмі багатай і жыла лепей чым у Кіеве.

Пасля 1237 года значная частка усходнеславянскіх княстваў разам з Кіеўскім трапіла ў склад новай імперыі – Залатой Арды. Тады навагародская эліта запрасіла на княжаскі пасад з суседняй Літвы вядомага ваяра Міндоўга. Менавіта ён і стаў заснавальнікам новай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага.

Летапісная літва, гэта адно з нешматлікіх балтскіх плямёнаў, суседзяў беларусаў у ХІІ – ХІІІ стст. Мы ж не ведаем на якой мове гаварылі гэтыя людзі, ці была яна блізкай да мовы прусаў, яцвягаў ці жамойтаў, але ёсць меркаванні, што тут не абышлося і без фіна-угорскага ўплыву (бо зусім недалёка жылі лівы, даннікі і саюзнікі Полацка).

Аднак слядоў мовы гэтага племені ў беларускай мове не засталося, бо яно было даволі хутка асіміліравана беларускай. Ужо сын Міндоўга Войшалк стаў праваслаўным манахам, заснаваў манастыр і вядома гаварыў на старабеларускай мове і ўмеў на ёй чытаць і пісаць. Такім чынам новая частка беларускай эліты балтскага паходжання засвоіла нашу мову і яна стала адзінай дзяржаўнай мовай ў ВКЛ.

“У часы князя Гедыміна Летапісная Літва, ядро ВКЛ – гэта Верхняе і Сярэдняе Панямонне – вобласць з беларускімі гарадамі Наваградкам, Гародняй, Слонімам, Ваўкавыскам, Вільняй і мяшанай беларуска-летувіскай вясковай ваколіцай. На поўначы Літвы жыло шчыльнай масай балтскае, пераважна летувіскае насельніцтва, якое было язычніцкім і не мела гарадоў, на поўдні – беларускае з ужо трывалымі хрысціянскімі традыцыямі і развітымі гарадамі. Паміж двума этнічнымі масівамі не існавала выразнай мяжы, а мелася шырокая кантактная зона, у якой мясцовыя балты паступова беларусізаваліся”. З гэтам выказваннем вядомага беларускага гісторыка Алеся Краўцэвіча нельга не пагадзіцца. У язычніцкай частцы Літвы сваёй пісьмовай мовы не было.

Толькі з канца XIV ст. пісьмовая культура ўвайшла ва ўнутранае жыццё Літвы і склаўся комплекс крыніц, якія больш падрабязна адлюстроўваюць рэаліі краіны (Летувы) .

Пасля Крэўскай уніі, калі Ягайла стаў Польскім каралём і са сваім беларускім дваром пераехаў у Кракаў, старабеларуская мова значна паўплывала на польскую і дапамагла ёй пазбавіцца ад шматлікіх нямецкіх запазычанняў.

У сваю чаргу на Беларусь пашырыла свой уплыў каталіцкая царква, якая прынесла нам латынь, і мы маем шмат лацінізмаў, асабліва ў XVI – XVIII стст., калі існавала лацінамоўная сістэма адукацыі. У гэты час з’явілася так званая беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы, што прыкметна адрознівала мову беларускіх тэкстаў ад мовы рэлігійных помнікаў тагачаснай Маскоўскай дзяржавы. Аб гэтым сведчыць мова такіх твораў канфесійнай літаратуры XV ст., як “Жыціе Аляксея, чалавека божага”, “Пакуты Хрыста”, “Аповесць аб трох каралях-вешчунах”.

Асноўнымі цэнтрамі беларускай юрыдычна-дзелавой пісьменнасці з’яўляліся дзяржаўныя, прыватнаўласніцкія і магістрацкія канцэлярыі.

Найважнейшыя дзяржаўныя акты, прывілеі і іншыя дакументы зацвярджала вялікакняжацкая канцылярыя ў Вільні, якая мела свой уласны архіў (Метрыку). Большасць актаў і грамат Вялікага княства Літоўскага ў ХІV – ХVІ стст. былі напісаны кірыліцай, на старабеларускай мове.

Прамежкавае становішча паміж юрыдычна-дзелавой пісьменнасцю са старабеларускай моўнай асновай і канфесійнай пісьменнасцю з царкоўнаславянскай мовай займала мова свецкіх мастацка-літаратурных твораў. У пачатку XVI ст. Ф. Скарына ўвёў родную беларускую мову ў Біблію і гэтым самым паказаў яе раўнапраўе з класічнымі кананічнымі мовамі – лацінскай, грэчаскай, старажытнаяўрэйскай.

З усіх жанраў беларускай літаратуры перыяду яе станаўлення найбольш дынамічна развіваліся летапісы.
Беларуска-літоўскія летапісы, паводле свайго складу, зместу і формы, падзяляюцца на 4 асноўныя групы: “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г., “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”, “Хроніка Быхаўца”.

Упершыню грунтоўны аналіз гэтых і іншых летапісаў зрабіў знакаміты беларускі гісторык Мікалай Улашчык.

Алег Трусаў

спецыяльна для партала ТБМ

 


← вярнуцца ў навіны