Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Музей гісторыі медыцыны Беларусі: ці ведаеце вы пра яго?

2015.04.15 0

У цяперашні час у Мінску існуе мноства цікавых і папулярных музеяў, рэгулярна адкрываюцца новыя экспазіцыі і выставы, але мала хто з мінчан і гасцей горада ведае пра існаванне вельмі цікавага і адзінага ў краіне Музея гісторыі медыцыны Беларусі!

Гісторыя Музея гісторыі медыцыны Беларусі бярэ пачатак у 1950-х гг., калі даследчык гісторык медыцыны праф. Рыгор Раманавіч Кручок, арганізаваў і ўзначаліў курс гісторыі медыцыны на кафедры сацыяльнай гігіены і арганізацыі аховы здароўя Мінскага медыцынскага інстытута.

Першыя музейныя прадметы праф. Г.Р. Кручок сабраў сам, пры гэтым ён прыцягнуў да гэтай дзейнасці супрацоўнікаў кафедры, якія сталі асновай музейнай групы, сфарміраванай у 1958г.

З першых дзён работы музея галоўнымі напрамкамі яго дзейнасці сталі: камплектаванне фондаў, іх апрацоўка і захоўванне, асветніцкая і навукова-даследчая праца, падрыхтоўка экспазіцыі і выстаў.

У 1990 г. на падставе Загаду Міністэрства аховы здароўя БССР на базе музейнай групы быў арганізаваны Рэспубліканскі музей гісторыі медыцыны Беларусі.

Да 1993 супрацоўнікамі музея разам з мастаком Драчовым П.Н. створана экспазіцыя «Развіццё медыцыны Беларусі са старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя».Пры працы над экспазіцыяй адчуваўся недахоп экспанатаў мінулых стагоддзяў. Для аднаўлення гістарычнай карціны развіцця медыцыны ў Беларусі супрацоўнікі музея звярталіся ў дзяржаўныя бібліятэкі і архівы. З дапамогай археолагаў і калекцыянераў была сабрана ўнікальная калекцыя аптэчнага посуду XVIII - пачатку XX ст., гігіенічных прыстасаванняў, медыцынскіх інструментаў.

З 2006 г. Музей гісторыі медыцыны Беларусі з'яўляецца структурным падраздзяленнем ДУ «Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка», кіраўніцтвам якой былі вырашаны многія пытанні па паляпшэнню ўмоў працы супрацоўнікаў музея і размяшчэння фондаў.

У 2013-2014 гг. у музеі быў праведзены капітальны рамонт і абнаўленне экспазіцыі, да афармлення якой былі прыцягнутыя супрацоўнікі дызайн студыі “Кліпарт”, якія сумесна з супрацоўнікамі музея стварылі экспазіцыю «Развіццё медыцыны на тэрыторыі Беларусі са старажытных часоў да нашых дзён».

Пры стварэнні новай экспазіцыі выкарыстоўваліся самыя сучасныя музейныя прыёмы і тэхналогіі, у тым ліку мультымедыйныя, што дазволіць наведвальнікам атрымаць больш поўную інфармацыю аб развіцці айчыннай медыцыны і аховы здароўя на ўсіх этапах яе развіцця.Асноўнай арганізуючай адзінкай экспазіцыі з'яўляецца купалападобная вітрына, у якой размешчана стаматалагічнае абсталяванне і медыцынскі інструментар канца XIX -XX стст.

У экспазіцыі музея наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з дыярамами мастака П.Н. Драчова, акварэлямі мастака В.Сташчанюка, карцінай невядомага нямецкага мастака XIX ст. «Алегорыя медыцыны», на якой паказаны асноўныя спосабы лячэння, існаваўшыя ў сярэднія вякі, фатаграфіі канца XIX - пачатку XX стст. У музеі можна ўбачыць рэчавыя экспанаты: археалагічныя знаходкі, аптэчны посуд XVI - XX стст., тэрапеўтычны, хірургічны, отарыналарынгалагічны інструментар першай паловы ХХ ст., фартух і хустку сястры міласэрнасці часу Першай сусветнай вайны, асабістыя рэчы, узнагароды медыцынскіх сясцёр, урачоў, прафесараў, вядомых дзеячаў медыцыны, медыцынскія інструменты, якімі карысталіся ў партызанскіх атрадах і на франтах ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Экспазіцыя музея універсальная, яна цікавая як урачам, так і людзям, далёкім ад медыцыны. Падчас экскурсіі наведвальнікі даведаюцца пра цікавыя і новыя факты не толькі па гісторыі медыцыны, але і па гісторыі Беларусі, яе культуры, традыцыі і звычаі народа.

Пазнаёміцца з экспазіцыяй музея можна на сайце ДУ "Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка» у раздзеле Музей гісторыі медыцыны Беларусі www.rsml.med.by.

Музей гісторыі медыцыны Беларусі знаходзіцца ў г. Мінску, вул. Фабрыцыуса, 28 (праезд да ст. метро «Інстытут культуры»).

Час працы: з панядзелка па чацверг з 10.00 да 17.00; пятніца з 10.00 да 16.00.

Выхадны дзень: субота, нядзеля. Магчыма правядзенне экскурсій у суботу па папярэдняй дамоўленасці.
Запіс на экскурсію ажыццяўляецца па тэлефоне 226-39-50.
Кошт ўваходных білетаў:
• Для навучэнцаў і студэнтаў - 3050 руб.
• Для дарослых - 6100 руб.
Кошт экскурсіі– 16450 руб.
Фатаграфаванне – 10800 руб.

Санітарны дзень– першая пятніца кожнага месяца.

Бясплатны ўваход на пастаянную экспазіцыю і выстаўкі з фондаў музея – апошняя серада кожнага месяца.


← вярнуцца ў навіны