Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Прапановы да падрыхтоўкі праекта нацыянальнага даклада аб выкананні Канвенцыі аб ахове і заахвочванні разнастайнасці формаў культурнага самавыяўлення

2015.03.31 1

Прапановы да падрыхтоўкі праекта нацыянальнага даклада аб выкананні Канвенцыі аб ахове і заахвочванні разнастайнасці формаў культурнага самавыяўлення

Прааналізаваўшы форму даклада, дасланую ў нашу арганізацыю, звяртаем ўвагу на ст. 16 "Ахова культурнай спадчыны" і паведамляем наступнае:

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны" артыкул 14. (09.01. 2006г.) мова і яе дыялекты адносяцца да аб'ектаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, якія ахоўваюцца дзяржавай.

Аднак, маніторынг стану дзяржаўнай беларускай мовы ў нашай краіне, праведзены на працягу апошняга года, сведчыць аб тым, што існаванне дзяржаўнай беларускай мовы, як асноўнага элемента беларускай культуры знаходзіцца пад пагрозай у розных сферах яе функцыянавання. Асаблівую заклапочанасць выклікае сістэма адукацыі на ўсіх узроўнях.

У адпаведнасці з дадзенымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта колькасць навучэнцаў дзённых сярэдніх навучальных устаноў на пачатак 2013/2014 г.складала толькі 15,5 %. З іх у сталіцы нашай краіны - г. Мінску - толькі 2,1 %, што недапушчальна.

Колькасць беларускамоўных школ у нашай краіне штогод змяншаецца, а новых ніхто не адкрывае. Асабліва цяжкая сітуацыя склалася ў сістэме ВНУ нашай краіны. У некаторых ВНУ маецца толькі адзін прадмет, які выкладаецца па-беларуску. Гэта "Беларуская мова. Прафесійная лексіка". Пры гэтым колькасць гадзін была зменшана з 96 да 34 гадзін, а форма кантролю ведаў пераведзена з іспыта на залік.

Згодна з афіцыйнымі звесткамі, агучанымі Міністрам інфармацыі сп. Л.Ананіч падчас адкрыцця Міжнароднай кніжнай выставы ў 2015 г., колькасць кніжнай прадукцыі на беларускай мове складае 10% ад агульнай колькасці.

У галіне заканадаўства беларуская мова мова трох Статутаў ВКЛ практычна ігнаруецца. Большасць розных законаў і пастаноў прымаецца толькі на рускай мове, не існуе і іх афіцыйных перакладаў. Напрыклад, у 2014 г. Саветам Міністраў прынята 1297 пастаноў, з іх на беларускай мове - толькі 170, што складае 13 %. У 2014 г. з усіх законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў, на дзяржаўнай беларускай мове былі прыняты толькі 2.

Праўленне Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь у 2014 г. прыняло толькі 9 пастаноў на беларускай мове.

Заснавальнікам газет "Минский курьер" і "Вечерний Минск", якія выходзяць шматтысячнымі накладамі, з іх частка раздаецца бясплатна, з'яўляецца Мінгарвыканкам. Мовай выдання была абрана толькі руская мова, што пярэчыць дзеючай Канстытуцыі і рэферэндуму 2005 г.

У краіне адсутнічаюць беларускамоўныя тэлеканалы, і нават не створана паўнавартасная беларускамоўная версія сайта Белтэлерадыёкампаніі.


Старшыня ТБМ Алег Трусаў

Каментары

Госць 2015-03-31 19:11:40

Дык дзе ж тыя прапановы?


← вярнуцца ў навіны