Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Скарбы мовы – у дзённіках і нататках

2015.03.28 0

Да 80-годдзя Рыгора Іванавіча Барадуліна выдавецтва “ Кнігазбор” вядзе працу над выданнем кнігі “Дзённікі і запісы”. Мы пагутарылі з рэдактарам зборніка Наталляй Давыдзенка.

- Наталля Аляксееўна, Вы былі ўкладальнікам шэрагу кніг Рыгора Барадуліна. Вы вялі падрыхтоўку кнігі “ Паслаў бы табе душу”, рэдагавалі перапіску паэта з матуляй, падбіралі неабходныя каментары і тлумачэнні, рыхтавалі “ Вушацкі словазбор”.

-Прыгадайце, калі ласка, якім Вы памятаеце Р.І.Барадуліна ў часы працы ў выдавецтве.

-Працавалі мы разам у выдавецтве “Мастацкая літаратура” з 70-тых гадоў. Потым, калі Рыгор Іванавіч стаў кіраўніком рэдакцыі, усе мае сяброўкі працавалі пад яго крылом, я пачувалася ўжо там як свой чалавек. Залатыя часы нашай “ Мастацкай” былі, калі рэдакцыяй кіраваў Мікалай Гаўрылавіч Ткачоў, а потым - незабыўны Міхаіл Фёдараравіч Дубянецкі. Калектыў выдавецтва быў дружны і вясёлы, мы адзначалі разам усе святы.

Калі выходзіла кніжка артыкулаў і ўспамінаў Рыгора Іванавіча “Аратай, які пасвіць аблокі”, я яе рэдагавала. Трэба сказаць, што Рыгор Іванавіч заўсёды са многімі раіўся. Можа не ўсе паэты такога ўзроўню так робяць, але Рыгор Іванавіч паступаў менавіта так. Для яго ў маладыя гады эталонам густу быў Анатоль Вялюгін і яго сябра Міхась Стральцоў. Ён абавязкова раіўся з імі. А потым, калі ён пісаў артыкул, ён абзвоньваў сваіх сяброў: Генадзя Бураўкіна, Валянціна Тараса, Васіля Сёмуху, а потым і маладзейшых – Алеся Камоцкага і іншых. Потым такая традыцыя перайшла і на мяне.” А як ты думаеш, які загаловак зрабіць? Пачытай прадмову, паглядзі артыкул”,- прасіў ён. Ён прыслухоўваўся, як людзі рэагуюць. У нас былі сяброўскія адносіны ў калектыве.

Калі Рыгор Іванавіч рабіў ужо па-за выдавецтвам кніжку “ Здубавецце”, я спрычынілася да яе ўкладання і чытання. Так было і з кнігай “ Калі рукаюцца душы”, сумеснай з Васілём Уладзіміравічам Быкавым. Кожны раз знаходзілася нешта, што трэба было яму абмяркоўваць.

- Вам стала блізкай яго паэзія, Вы пачалі ўважліва ставіцца да яго словаў?

- На самым пачатку маёй працы вышла яго кніжка “Абсяг”. Ён мне яе падараваў, і тое стала для мяне вялікай падзеяй. Ён раздорваў свае кніжкі пачкамі. Такім чынам, у мяне сабраліся ўсе кніжкі Рыгора Іванавіча , якія выходзілі з тых часоў.

Калі ён ужо не працаваў у “Мастацкай літаратуры”, там выходзіў яго чатырохтомнік вершаў, артыкулаў і ўспамінаў. Для чацвёртага тома ён прынёс мне ўпершыню карткі з “Вушацкім словазборам”. Ён з дзяцінства марыў скласці вушацкі слоўнік.Частка “Вушацкага словазбору” ўвайшла у чацвёрты том.

Ужо ў апошняе дзесяцігоддзе я падштурхоўвала яго скласці кніжку з вершамі да мамы. Аднойчы ён прынёс ліст і паштоўку ад мамы. Я ўзрадавалася і прапанавала: ” Давайце мы складзем такую кніжку з лістамі і вершамі!”- “ Дык маміных лістоў шмат.” – “ А вы іх збярыце, і мы зробім кніжку!”. Прайшоў не адзін год, і вось у 2006 годзе Рыгор Іванавіч сказаў: “ Я прывёз лісты”. Яны знаходзіліся у мамінай вушацкай хаце. Лісты мяне ўразілі да такой ступені, што калі я ўвесь матэрыял апрацавала і падрыхтавала, у мяне з’явіліся ўражанне, што я зрабіла самае галоўнае ў жыцці.

Яшчэ васьмікласнікам ён адчуваў, як маме цяжка. Ужо ў тым ўзросце ён разумеў, што ўсё не проста так. Любоў Куліны Андрэеўны да сына была глабальная, яна аддавала яму ўсю душу, і вельмі без яго сумавала, калі ён ад’ехаў на вучобу. Ён усё жыццё да апошняга лічыў, што ён ніколі не зможа цалкам аддзячыць маме. Адносіны маці і сына шмат чаму вучаць. Дзённікавыя запісы сведчаць: маме купіць таго, таго, першыя ганарары - ёй.

Потым я працавала далей над яго архівамі і настойвала, каб мы нешта маглі здаць у Дзяржаўны архіў. Калі я зазірнула ў сотні рабочых блакнотаў, мне захацелася скласці картатэку вершаў. Было столькі дадатковага матэрыяла! Калі мы зрабілі кніжку перапіскі з мамай, потым ўзнікла ідэя іншага зборніка. Ён любоўна казаў: “ Я хачу зрабіць яўрэйскую кніжку”. Ён шмат перакладаў яўрэйскіх паэтаў, ён імі сябраваў, падпісваў ім паштоўкі і эпіграмы, і ўсё гэта сабраў у кніжку. Яна мела назву “Толькі б яўрэі былі !“, выйшла невялічкім тыражом ў 2011 годзе, усе асобнікі разышліся , засталося некалькі асобнікаў. Думаю, некалі яе можна будзе перавыдаць. Туды ўвайшлі цудоўныя пераклады - слоў няма!

Я працягвала апрацоўваць блакноты. Ва ўсіх сваіх паездках на радзіму Рыгор Іванавіч запісваў фразы, звароты, каларытныя моманты. Мне стала шкада, што ўсё можа застацца ў запісах. Мы пачалі ўкладаць поўны “ Вушацкі словазбор”.Распрацоўвалі структуру, якая там існуе: і стравы, якія гатуюцца, і прымаўкі, і прыбабунькі, і зычэнні. Трэба было ўсё раскласці па раздзельчыках. Важна было, каб у чытача склалася ўяўленне, што ён чытае не асобныя зборы, а чуе беларускую гаворку ў жывым гучанні. У трэці раздзел было сабрана тое, што паэт запісваў за мамай, што - за стрыечнай сястрой Марыяй Рыгораўнай.

Пра ўсё , пра што думае вушацкі чалавек там адлюстравана: і стасункі з суседзямі, і назіранні за надвор’ем, і выхаванне дзяцей, і смешныя здарэнні, вясёла-грубаватыя і колкія, – усё жыццё, як яно ёсць. Дзякуючы Саюзу беларускіх пісьменнікаў кніжка вышла лёгка, і Рыгор Іванавіч яе пабачыў. Я прачытвала яму чысты рукапіс - ён праслухаў сваю кніжку. І гэта яму было вельмі важна! Ён быў задаволены кампаноўкай, ён трымаў ў руках тое, што марыў зрабіць!

-Ці з лёгкасцю Вы разбіралі почырк народнага паэта, часам закавырысты?

- Дарэчы, почырк у яго быў вельмі прыгожы, толькі апошнія гады, хваробы зраблілі яго нечытэльным. Шмат запісаў прыходзілася расшыфроўваць - паэт нешта пісаў, паклаўшы аркуш на каленкі. Васіль Уладзіміравіч яму сказаў: “Рыгор, які ты малайчына, ты ўсё запісваеш! А я толькі збіраюся.” Ён запісваў усё. У кожным блакноце матэрыялаў было шмат. Ён ездзіў шмат па рэспубліках былога Саюза, рабіў накіды, пісаў нататкі. У Вушачах , калі я разбірала разам з ім паперы, мне пашчасціла знайсці ягоны дзённічак, які ён вёў у васьмым класе ў 1951 годзе, на рускай мове. Там першыя вершы, якія ён пісаў сваім аднакласнікам. Калі ён толькі перайшоў на беларускую мову, у яго адбыліся свае знаходкі, ён адчуў сваё. Дзённічак аказаў на мяне асаблівае ўздзеянне і падказаў: так гэта ж трэба абавякова сабраць і выдаць!

Я прапанавала Рыгору Іванавічу. Ужо сёння існуе ў выдавецтве “ Кнігазбор” сігнальны асобнік кнігі, якая называецца “ Дзённікі і запісы”. Першы выпуск ахоплівае 1951-1969 гады.Туды ўвайшлі дзённікавыя запісы,заўвагі, куды пазваніць, куды рукапіс здаваць,асобныя вершы, якія не ўваходзілі ў зборнікі. У першым выпуску чытача чакае адкрыццё: будзе ўпершыню надрукавана яго паэма “ Зацвітаюць купавы”.

Яна была гатовая, напісная ў 1958-59 гадах, і Рыгор Барадулін ніколі ён яе не друкаваў. Тэкст быў запісаны хімічным алоўкам. Відаць, нехта са старэйшых не параіў яе друкаваць. Паэма была прысвечана лёсу яго бацькоў, ад іх сустрэчы, да таго моманту, як сын стаў студэнтам.

Зусім хутка ў кніжку1961 года ўвайшлі паэмы “Куліна” , “Бацька і “ Родная хата” на тым самым матэрыяле. Застаецца загадкай, чаму паэму параілі не друкаваць. Я ўвесь час спяшалася папытацца ў яго пра ўсе тэксты. Мы амаль паспелі з ім зняць пытанні па гэтай кніжке. Ён хваляваўся і пытаўся: “ Што, праўда, цікава?”Мне заўсёды цікава кожная яго фраза, яго рыфмы.

Я вельмі спадзяюся, што кніга паслужыць будучым літаратуразнаўцам і даследчыкам, тым хто будзе вывучаць жыццё і творчасць паэта. Маю надзею, што такія літаратуразнаўцы прыдуць, і кніга будзе не проста чытаннем, а даведнікам для іх.

Я старалася захаваць усе дробязі, нават беглыя і абарваныя запісы.

Я рыхтую наступны працяг “Дзённікаў і запісаў “ 1970-тых і 1980-тых гадоў. Першы выпуск “Дзённікаў” з’явіўся дзякуючы Саюзу беларускіх пісьменнікаў і “ Бацькаўшчыне”. Ведаю, Сяргей Шапран збірае кнігу ўспамінаў сучаснікаў пра Рыгора Барадуліна, рупіцца і Глеб Лабадзенка.

Больш удзячнага чалавека, чым Рыгор Іванавіч, я ніколі не сустракала. Ва ўсе часы ён ніколі не стамляўся дзякаваць кожнаму чалавеку, хто хоць штосьці для яго зрабіў, і рабіў гэта вельмі шчыра!

- Наталля Аляксееўна, Вы так імкнуліся зберагчы ўсе радкі паэта, можа, Вы родам з блізкіх яму краёў? Адкуль Вы самі, як далучыліся да літаратурнай творчасці?

- Я нарадзілася ў сям’і вайскоўцаў. Бацька мой - Рязанска- Уладзімірскі, а мама - з Паволжжа. Я нарадзілася ў порце Ваніна на Далёкім Усходзе. Мы жылі на Урале, у Казахстане.

Я паступіла на першы курс Саратаўскага універсітэта, вышла замуж за аднакласніка( а яго бацькі былі з Беларусі), і ў 1970-тым годзе перавялася ў БДУ. Я не хацела быць настаўніцай. У першы дзень, атрымаўшы дыплом, пайшла папытацца ў “Мастацкую …”. На здзіўленне, мяне ўзялі, было месца ў карэктарскай. Мне вельмі хацелася акунуцца ў іншую культуру, у іншую мову. Сваю рэдактарскую прафесію я вельмі люблю. Я спасцігала яе ў выдавецтве “ Мастацкая літаратура” праз кнігі, пра супрацоўнікаў і праз беларускія песні. Мне пашчасціла ў жыцці на людзей, мы з сяброўкамі сустракаемся з любоўю, радасцю: “Мы працавалі ў залатыя часы ў “Мастацкай літаратуры”! У часы перабудовы я працавала ў выдавецтве “ Полифакт” у Яўгена Будзінаса, потым – у Скарынаўскім цэнтры пад кіраўніцтвам шаноўнага Адама Мальдзіса, а потым перайшла ў “ Беларускі кнігазбор”, зараз - “ Кнігазбор”. Самыя добрыя адносіны ў мяне былі з аўтарамі.

Гутарыла Эла Оліна


← вярнуцца ў навіны