Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Меркаванне Алега Трусава да дыскусіі пра ПЭН-цэнтр

2015.03.12 7

У інтэрнэце і ў іншых СМІ працягваецца спрэчка, распачатая Віталем Цыганковым, наконт сітуацыі, што склалася ў беларускім ПЭН-цэнтры ў сувязі з абвяшчэннем новага праекта "Кніга года". Было абвешчана, што на конкурс можна падаваць кнігі, выдадзеныя пісьменнікамі на працягу апошніх пяці год. Спрэчкі выклікаў наступны сказ "кніга павінна быць напісана беларусам ці ў Беларусі на любой мове, якой карыстаюцца беларусы".

Пасля сходу сяброў ПЭН-цэнтра з'явілася публікацыя ад імя ПЭН-цэнтра, у якой было напісана, што беларускі ПЭН-цэнтр звяртае ўвагу на пэўную дыскрымінацыю да рускамоўных аўтараў у Беларусі, якія не маюць сваіх прэмій і новы праект павінен яе ліквідаваць.

Віталь Цыганкоў першым звярнуў на гэта ўвагу на сваім блогу і правёў апытанне на гэтую тэму некаторых сяброў ПЭН-цэнтра. Прыхільнікаў беларушчыны абурыла такая пазіцыя кіраўніцтва ПЭН-цэнтра, і яго кіраўнік Андрэй Хадановіч папрасіў прабачэння за гэтыя спрэчныя выказванні.

Тым не менш, у выніку дыскусіі на тэму, ці ёсць у Беларусі "дыскрымінацыя рускамоўных аўтараў" спачатку пакінуў ПЭН-цэнтр вядомы журналіст і літаратар Сяргей Дубавец, а потым паэт і эсэіст Алесь Аркуш, пісьменнік і журналіст Вінцэсь Мудроў, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

У сувязі з гэтым ізноў паўстае пытанне: ці ёсць пісьменнікі, якія стала жывуць у Беларусі, з'яўляюцца яе грамадзянамі, але прынцыпова пішуць свае творы толькі па-руску – беларускімі? Некаторыя вельмі хочуць так лічыць і таму падымаюць лямант наконт іх так званай "дыскрымінацыі".

Аднак прывяду некалькі канкрэтных прыкладаў з гэтай нагоды. Спачатку вазьму маю малую радзіму Мсціслаўшчыну. З тэрыторыі былога Мсціслаўскага павета паходзяць тры славутыя пісьменнікі: Максім Гарэцкі, Айзек Азімаў і Аляксандр Твардоўскі. Мая радзіма для іх агульная, а вось адносіны да беларускай літаратуры – розныя. Айзек Азімаў – славуты амерыканскі, а не беларускі ці яўрэйскі пісьменнік, бо пісаў па-англійску. Твардоўскі, нягледзячы на сваё беларускае шляхецкае паходжанне і цудоўнае веданне беларускай мовы класік толькі рускай літаратуры, бо пісаў па-руску.

Усе пісьменнікі, якія жылі ў Беларусі, але пісалі толькі па-польску, класікі толькі польскай літаратуры, найперш Адам Міцкевіч і Элаіза Ажэшка. А вось Уладзіслава Сыракомлю нават у школьных падручніках называюць польска-беларускім паэтам, бо ён пісаў на дзвюх мовах, а не на адной.

Самуіл Плаўнік (Змітрок Бядуля) – класік беларускай літаратуры, бо пісаў па-беларуску, а не на ідыш ці на іўрыце. Таму і славутую Святлану Алексіевіч, прэтэндэнтку на Нобелеўскую прэмію, можна назваць беларускай пісьменніцай толькі ўмоўна. Дакладней, гэта савецкая ці постсавецкая пісьменніца, такая ж як Чынгіз Айтматаў, бо ён пісаў па-руску і стаў славутым савецкім рускамоўным пісьменнікам.

Ці ёсць класікі рускай літаратуры, якія б жылі ў Расіі, але не пісалі па-руску? Украінца Гогаля не назавеш украінскім пісьменнікам, нягледзячы на ўкраінскія тыпажы ў яго творах.

Аляксандр Пушкін пачынаў пісаць свае вершы па-французску, Янка Купала – па-польску, а Якуб Колас – па-руску. Але потым яны зрабілі свой канчатковы выбар і сталі носьбітамі тых нацыянальных літаратур, на мову якіх яны перайшлі.

Таму я звяртаюся да сваіх рускамоўных сяброў ПЭН-цэнтра. Хочаце, каб беларуская мова не знікла, хочаце, каб Беларусь не стала чарговай ахвярай "русского мира", пераходзьце на беларускую мову, як гэта ў свой час зрабілі Андрэй Хадановіч і Віктар Марціновіч.

Можна таксама згадаць заклік рускамоўнага паэта з Мінска Дзмітрыя Строцава, сябра ПЭН-цэнтра, да прадстаўнікоў рускай культуры да свядомага "самаўмалення" дзеля адраджэння беларускасці. Ён прапануе таксама, як і аўтар артыкула, расейскамоўным аўтарам Беларусі перайсці з рускай мовы на беларускую і лічыць, што гэта па-хрысціянску.

Наша пазіцыя, пазіцыя сапраўды паліткарэктных беларускіх патрыётаў у тым, што мы на тэрыторыі Беларусі на іншых мовах размаўляем толькі з тымі замежнымі грамадзянамі, якія не ведаюць беларускай мовы. З усімі беларускімі грамадзянамі, а яны паводле дзейнай Канстытуцыі павінны валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі, размаўляем толькі на беларускай мове. Прычым не прымушаем нашых суразмоўцаў размаўляць з намі па-беларуску, бо мы добра разумеем рускую мову.

Дык у чым тады дыскрымінацыя рускамоўных?

Алег Трусаў, старшыня ТБМ,

сябра беларускага ПЭН-цэнтра,

спецыяльна для партала ТБМ

Каментары

Госць 2015-03-14 15:22:03

Згодны поўнасцю са сп. Алегам!

Госць 2015-03-14 20:49:37

Перапрашаю, у якiм артыкуле Канстытуцыi сказана, што грамадзяне Беларусi павiнны валодаць абедзвюма мoвамi?

Госць 2015-03-16 10:16:03

У вядомым бібліяграфічным слоўніку прафесар Мальдзіс і "Беларуская энцыклапедыя" запісалі ў "Беларускія пісьменнікі" і рускамоўных, і польскамоўных, і ідышамоўных літаратараў, абы тыя мелі дачыненне да Беларусі. Аднак старшыня ТБМ, відаць, у гэтых справах больш дасведчаны. І лепей за саміх пісьменнікаў ведае, на якой мове ім звяртацца да чытачоў.

Госць 2015-03-16 22:31:47

Навуковыя даследаванні нецікавыя шараговаму чытачу, а легенда беларускай гуманітарнай навукі сп. Адам Мальдзіс, на жаль, збольшага вядомы толькі гэтым самым акадэмічным гуманітарыям. Сп. Алег Трусаў таксама масава вядомы толькі пэўнаму колу (студэнты БДУКіМ, гісторыкі, сябры і прыхільнікі ТБМ, і інш.), але і выказваецца не ў навуковым стылі, але як грамадзянін. А грамадства сапраўды сыходзіць у сваіх меркаваннях ад самага відавочнага - мовы! Акром адмыслоўцаў ніхто праз час не будзе цікавіцца, адкуль паходзіў той ці гэты, калі мова ледзь ці не крычыць пра "культурную" прыналежнасць.

Госць 2015-03-17 00:00:00

1. Можа, я няправільны член "грамадства", але беларускасць у літаратуры для мяне - гэта перадусім скіраванасць на тутэйшыя рэаліі. Калі б нават В. Марціновіч не перайшоў на беларускую мову, ён застаўся б у нашай літаратуры дзякуючы раману "Паранойя". І С. Алексіевіч застанецца ў ёй без пазнакі "умоўна". Спецыяльна зайшоў на сайт Саюза беларускіх пісьменнікаў - Алексіевіч там на роўных правах з Аксак і Акуліным. Карацей, гэта нармальнае патрабаванне для аўтараў, якія прэтэндуюць на прэмію: "кніга павінна быць напісана беларусам ці ў Беларусі на любой мове, якой карыстаюцца беларусы". 2. Калі тут апублікавана прыватнае меркаванне грамадзяніна Трусава, то ці варта было яму падпісвацца "старшыня ТБМ" Можна падумаць (і я так падумаў спачатку), што ён выказваецца ад імя тысяч тэбээмаўцаў. 3. Ч. Айтматава кіргізы лічылі і лічаць сваім пісьменнікам, не зважаючы на тое, што ён па-руску пісаў.

Госць 2015-03-21 22:15:13

А Эрнэст Хемінгуэй жыў на Кубе! Але я не чуў, каб яго называлі кубінскім пісьменнікам..... ці кубінскім лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры ....

Госць 2015-03-22 20:29:00

Каб хто яшчэ патлумачыў, якое дачыненне мае прыклад Хэма да Алексіевіч ці Айтматава...


← вярнуцца ў навіны