Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Лідская гарадская арганізацыя ТБМ

навіны

Міжнародны дзень роднай мовы на Лідчыне

2015.03.11 0

21 лютага ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Але для беларусаў - гэта сапраўдны Дзень беларускай мовы.

На Лідчыне мерапрыемствы з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы расцягнуліся на два тыдні. Пачынаючы з 16 лютага тыдні роднай мовы прайшлі ва ўсіх 34 школах Лідскага раёна. Па зместу яны уключалі:
- класныя гадзіны, прысвечаныя Дню роднай мовы;
- кніжныя выставы "Жыві, мая мова, жыві, мой народ", "Ты будзеш звінець, мая родная мова" і іншыя;
- тэматычныя вечарыны (літаратурна-музычныя кампазіцыі) для вучняў старэйшых класаў ("Мова - душа народа", "Наша спадчына", "Мой родны кут, як ты мне мілы", "Люблю мой край, старонку гэту" і іншыя);
- конкурсы на лепшага дэкламатара твораў, прысвечаных роднай мове;
- выставы дзіцячых малюнкаў да твораў беларускіх пісьменнікаў
- віктарыны ("Моўныя скарбы роднага краю", "Знаўца беларускага фальклору", "Чароўны свет беларускай казкі" і іншыя);
- завочныя экскурсіі "Вандроўка па родным краі";
- вусныя часопісы, прысвечаныя творчасці беларускіх пісьменнікаў;
- газеты (фотагазеты);
- радыёперадачы;
- прэзентацыі;
- інсцэніраванне твораў беларускіх аўтараў;
- фальклорныя святы і г.д.

Безумоўна, у розных школах былі свае асаблівасці, але агульная тэндэнцыя зразумелая. Лідскія школы пачыналі адзначаць Дзень роднай мовы ў 2010 годзе. З леташняга года ўсе школы адзначаюць Тыдзень роднай мовы.

Актыўны ўдзел у школьных мерапрыемствах прынялі лідскія арганізацыі ТБМ.

18 лютага адбывалася імпрэза ў Бярозаўскай гімназіі. У ёй узяў удзел намеснік стар-шыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, сябар рэспубліканскай Рады ТБМ, бард Сяржук Чарняк.

20 лютага імпрэза адбылася ў Ходараўскай школе Лідскага раёна, слаўнай тым, што ў свой час на раённы конкурс патрыятычнай песні прывезла песню “У гушчарах...”. У Ходараўцы прыехалі старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік і яго намеснік Сяржук Чарняк. У актавай зале прайшла літаратурна-мастацкая імпрэза, а старша-класнікі напісалі 8-ю Агульнанацыянальную дыктоўку. Прадмову да “Дудкі беларускай” Ф. Багушэвіча чытаў Станіслаў Суднік.
Пераможцамі сталі:
- Мінкоўскі Юрый;
- Кохан Ілья;
- Дудзіч Віталь.
Усе яны ўзнагароджаны падпіскай на газету ТБМ “Наша слова” на чатыры месяцы.

21 лютага літаратурная імпрэза да Міжнароднага дня роднай мовы адбылася ў Лідскай СШ № 14. Удзел у імпрэзе браў сябар Лідскай гарадской рады ТБМ, першы старшыня Лідскага ТБМ, паэт Міхась Мельнік.

Акрамя школаў:
21 лютага 8-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі ў Бярозаўскай гарадской бібліятэцы. На дыктоўку прыйшло 8 чалавек. Прадмову да “Дудкі беларускай” Ф. Багушэвіча чытаў старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік.
Пераможцамі, зрабіўшы аднолькавую колькасць памылак, сталі Сяргей Трафімчык, Юрась Дзяшук і Яўген Лукашэвіч.

22 лютага 8-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. На дыктоўку сабралася каля 20 чалавек. Чытаў прадмову да “Дудкі беларускай” Ф. Багушэвіча кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Суквецце”, сябар Лідскай рады ТБМ Алесь Хітрун. З мастацкім словам па творах Янкі Купалы і Францішка Багушэвіча выступіў актор народнага тэатра Алег Лазоўскі
Пераможцам у Лідзе зусім нечакана стала старшыня мясцовай арганізацыі партыі “Справядлівы свет” Яніна Гузоўская, другое месца заняла леташняя пераможца рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове Маргарыта Росенік, якая і сёлета паедзе на рэспубліканскую алімпіяду. На трэцім месцы з аднолькавай колькасцю памылак - Ксенія Бароўская, Святлана Рыхтар, Юлія Росенік. Крышку адстаў Валянцін Маскевіч.
Падпіскай на “Наша слова” на чатыры месяцы ўзнагароджаны вучні лідскіх школ, якія занялі прызавыя месцы на лідскай дыктоўцы. Гэта:
Росенік Маргарыта;
Бароўская Ксенія.

З 23 лютага да мерапрыемстваў у гонар Міжнароднага дня роднай мовы далучыліся навучэнцы Лідскага каледжа. У сувязі з гэтым днём у каледжы ўжо не першы год праводзіцца Усебеларуская дыктоўка.

Сёлета для напісаня дыктоўкі быў прапанаваны тэкст Францішка Багушэвіча "Прад-мова да зборніка "Дудка беларуская". Тэкст у навучэнцаў не выклікаў цяжкасці, таму і пісалі яго з вялікім задавальненнем.

У гэтым мерапрыемстве прымалі ўдзел групы І-ІV курсаў. Вынікі не могуць не радаваць. Пераможцамі Агульнанацыянальнай дыктоўкі сталі навучэнкі: Шпакоўская Ганна, Кнутовіч Лізавета, Малішэўская Ульяна, Савіцкая Таццяна, Сівак Юлія, Прылоцкая Марыя, Пасцярняк Кацярына, Кашко Вераніка, Вашчыла Гражына, Янцэвіч Анастасія, Пятрашка Алеся, Бешцень Ніна, Чарняўская Анжэла, Мікульчык Любоў, Муліца Гражына.

Таксама патрэбна выказаць падзяку выкладчыкам Лідскага каледжа Чарняк Тамары Анатольеўне, Мальцавай Ганне Валянцінаўне, якія правялі куратарскія гадзіны на тэму "Дзень роднай мовы", прысвечаныя гэтаму патрыятычнаму святу, за добрую арганізацыю і належнае правядзенне дадзенага мерапрыемства - выкладчыкам філалагічных дысцыплін Ліпскай Святлане Аляксееўне, Яныш Марыне Уладзіміраўне, Некраш Людміле Міхайлаўне, Калпінскай Наталлі Станіславаўне.

Кафедра філалагічных дысцыплін рада супрацоўніцтву з Таварыствам беларускай мовы горада Ліды і актыўна ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах, якія праводзяцца гэтай арганізацыцяй.

"Беражыце мову сваю, каб не ўмёрлі!" - пісаў Францішак Багушэвіч Менавіта гэтыя словы знакамітага пісьменніка памяталі, памятаюць і будуць памятаць навучэнцы Лідскага каледжа.

25 лютага чарговае мерапрыемства прайшло ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Тут адбылося ўрачыстае адкрыццё бюста Янкі Купалы, які зрабіў бярозаўскі скульптар Яўген Лукашэвіч. Трэба адзначыць актыўную ролю ў гэтым бярозаўскай арганізацыі ТБМ, бо бюст выкананы на дабрачыннай аснове і падараваны Лідскай бібліятэцы.

На імпрэзе прысутнічалі вучні трох 8-х класаў СШ № 1 г. Ліды. Актыўны ўдзел у імпрэзе бралі сябры Лідскай гарадской арганізацыі. Пра повязь Купалы з Лідай распавядаў старшыня арганізацыі Станіслаў Суднік, песні на словы Я. Купалы спяваў намеснік старшыні Сяржук Чарняк.

Але асноўны цяжар мастацкай часткі імпрэзы лёг на плечы навучэнцаў Лідскага музычнага каледжа, якія дру-жна падтрымалі свята сваім мастацкім выкананнем твораў на словы Янкі Купалы.

У канцы была спроба напісаць дыктоўку, але школьнікі спяшаліся на факультатывы. Тым не менш засталіся чатыры хлопцы: Малахоўскі Яўген, Жамойда Марк, Пазняк Данііл і Гургановіч з 8-га “В” класа, якія ўсё такі напісалі пад дыктоўку верш Янкі Купалы “Роднае слова”, далучыўшы, хоць і малымі сіламі, 1-ю школу да дыктоўкі.

Лепш напісалі Марк Жамойда і Данііл Пазняк.

А вечарам 25 лютага ўжо сам Лідскі музычны каледж уласнымі сіламі зладзіў вялікі канцэрт з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы. Увесь канцэрт прайшоў па-беларуску.

26 лютага старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік узяў удзел у раённым педсавеце, праведзеным аддзелам адукацыі з мэтай узнагароджання настаўнікаў, якія падрыхтавалі пераможцаў абласных прадметных алімпіяд. Дарэчы па гэтым паказчыку Лідскі раён у чарговы раз стаў лепшым у вобласці.

Станіслаў Суднік ад імя Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ узнагародзіў настаўніцу беларускай мовы Лідскай гімназіі № 1 Пільчук Таццяну Канстанцінаўну, якая ў рускамоўнай гімназіі падрыхтавала трох пераможцаў абласной алімпіяды па беларускай мове, а адна з гімназістак стала абсалютным пераможцам. Сёлета ТБМ удзельнічала ў такім мерапрыемстве ўпершыню.

У выніку за два тыдні ў мерапрыемствах з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы на Лідчыне ўзялі ўдзел 8-10 тысяч чалавек. Застаецца спадзявацца, што ў іншых раёнах не горш.

Яраслаў Грынкевіч.


← вярнуцца ў навіны