Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Магілёўская абласная арганізацыя ТБМ

навіны

100 год Васілю Матэвушаву

2015.03.06 0

100 год Васілю Матэвушаву

Сёння спаўняецца 100 год з дня народзінаў магілёўскага паэта Васіля Матэвушава!

Адсвяткавалі перамогу
Твае сябры даўно – даўным,
А ты стаіш каля дарогі,
Стаіш пры поўным баявым.

Суровыя на твары рыскі –
Перад атакаю салдат.
Патронамі набіты дыскі,
Напагатове аўтамат.

А ў небе песні жаўруковы
І воблакі цяжкой градой,
І нівы постаццю жытнёвай
Схіляюцца перад табой.

Мурожныя надрэччы рупяць
Настоем кветак лугавых.
Не ўцерпіш – з мармуру саступіш,
Сарваўшы каску з галавы.

І пойдзеш па зялёных гонях,
Дзе баявы ляжаў рубеж.
На жылістай сваёй далоні
На пробу колас разатрэш.

А потым да знаёмай хаткі
У шэрым зойдзеш шынялі,
І меней на адну салдатку
Адразу стане на зямлі.

Ды штось туга не суціхае
У несуцешнай удавы:
Салдат паста не пакідае,
Салдат – нязменны вартавы.

Стаіць пад ліўнямі, пад сонцам,
Стаіць у сіверныя дні,
Стаіць як вечны абаронца
Зямной красы і цішыні.

1963 г.


Маці

Цябе няма…
І хоць ляцяць гады,
Забыць твой позірк немагчыма;
Перада мной жывой стаіш заўжды
З сухімі строгімі вачыма.
Травою дзікай курганок зарос.
Над ім зялёныя бярозы
На травы сыплюць кроплі буйных рос –
Твае няўроненыя слёзы.


1956 г.

Чаруюць сэрца колеры зямлі,
Ружовая зара, вясёлкі,
Даспелыя жытнёвыя палі,
Ля сцежак вогненныя смолкі.

Нідзе не знойдзеш лепшых дываноў
Па яркасці і расфарбоўцы,
Як разнаквецце заліўных лугоў
Каля Дняпра пад зыркім сонцам


← вярнуцца ў навіны