Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Віцебская абласная арганізацыя ТБМ

навіны

Вынікі агляду рэгіянальнага друку Віцебшчыны

2015.03.01 0

Віцебская абласная арганізацыя ТБМ падвяла вынікі агляду-конкурсу мясцовага перыядычнага друку па ўжыванні беларускай мовы З беларускім словам”.

Згодна з планам дзейнасці, Віцебская абласная арганізацыя ТБМ правяла чарговы агляд-конкурс мясцовага перыядычнага друку па ўжыванні беларускай мовы “З беларускім словам”. Вынікі зацверджаны на пасяджэнні рады. 
 
Нагадаем, што мэтай агляду-конкурсу было заахвочванне рэдакцый да паўнавартаснага выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы на старонках газет, папулярызацыя беларускай культуры і гісторыі Беларусі; інфармаванне органаў улады, грамадскасці аб стане ўжывання беларускай мовы ў сродках масавай інфармацыі вобласці. Згаданы агляд-конкурс праводзіцца абласной арганізацыяй ТБМ на Віцебшчыне рэгулярна і традыцыйна па трох катэгорыях: 
  • абласныя, гарадскія газеты;
  • раённыя газеты;
  • недзяржаўныя выданні.
Пры падвядзенні вынікаў агляду-конкурсу ўлічвалася выкарыстанне беларускай мовы ў ходзе падрыхтоўкі матэрыялаў супрацоўнікамі рэдакцый, наяўнасць беларускамоўных публікацый творчага характару і літаратурных старонак, культура мовы, выступленні афіцыйных асоб на старонках газет па-беларуску, ужыванне беларускай мовы ў выступах у друку святароў, а таксама беларуская мова ў тэкстах віншаванняў, рэкламы і аб’яў.
 
У склад журы агляду-конкурсу ўваходзілі выкладчыкі ВНУ, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, прафесійныя журналісты – сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў, пісьменнікі, грамадскія дзеячы, кіраўнікі абласной арганізацыі ТБМ.
Была прароблена вялікая праца па вывучэнні і аналізе мовы друкаваных выданняў Віцебшчыны за перыяд з 1-га ліпеня па 31-га снежня 2014 г. Тут нялішнім будзе прыгадаць, што абласная арганізацыя ўжо праводзіла аналагічныя агляды-конкурсы ў 2009 і 2010 гг. Таму несумненную цікавасць уяўляла пытанне: што змянілася ў плане выкарыстання беларускай мовы ў рэгіянальных медыях за апошнія пяць гадоў? Ці паболела беларускага слова на старонках мясцовых выданняў і наколькі якасна наша мова выкарыстоўваецца ў друку.
 
Скрупулёзна прааналізаваўшы ўсе перыядычныя выданні Віцебшчыны, журы канстататуе, што ў цэлым найлепшыя газеты паводле вынікаў мінулых конкурсаў пацвердзілі свой высокі ўзровень выкарыстання беларускай мовы і цяпер. Так, сярод раённых выданняў першае месца прысуджана адразу чатыром газетам: “Браслаўскай звяздзе” (галоўны рэдактар – Казімір Пятушка), шумілінскай раёнцы “Герой працы” (галоўны рэдактар – Сяргей Ермалаеў), ушацкаму “Патрыёту” (галоўны рэдактар – Вольга Караленка) і “Міёрскім навінам” (галоўны рэдактар – Наталія Станкевіч). Не менш за 90% інфармацыі ў названых выданнях даецца па-беларуску. Журналісты тут дэманструюць прафесійнае валоданне беларускім словам, шукаюць нестандартныя шляхі ўздзеяння на чытача. Заўважаецца ў выданнях-пераможцах імкненне актуалізаваць, скажам так, прагматычны складнік публіцыстычнага тэксту, што часта выяўляецца непасрэдна ўжо ў загалоўках. Напрыклад, “На вуліцы свята – добрага настрою багата” (“Міёрскія навіны”, 15 ліпеня); “Яблыку ўпасці – і не прапасці” (“Патрыёт”, 17 верасня); “Запаведзь агента – павага да кліента” (“Патрыёт”, 6 снежня); “Скарынавым скарыўся музычны Алімп” (“Герой працы”, 22 жніўня) і інш. 
 
Традыцыйна па-беларуску ў “Браслаўскай звяздзе” падаюцца абвесткі пра куплю-продаж, спачуванні, найчасцей менавіта на роднай мове публікуюцца і звароты кіраўнікоў раёна і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Мечыслава Морхата. Выдатна валодаюць беларускім словам журналісты Т. Пятушка, А. Пятушка, А. Азевіч, В. Каладынскі, З. Палулех, Г. Сялява і, безумоўна, непасрэдна галоўны рэдактар К. Пятушка (загадзя прашу прабачэння ў супрацоўнікаў усіх выданняў, што пішуць па-беларуску, чые прозвішчы не будуць тут названыя праз абмежаваны аб’ём матэрыялу). 
 
У шумілінскай раённай газеце “Герой працы” звяртае на сябе ўвагу традыцыйная рубрыка “Шуміліншчына спартыўная”, якая выходзіць па-беларуску. Найчасцей на роднай мове публікуюцца абвесткі, віншаванні, а таксама невялікія мастацкія творы на літаратурнай старонцы “Крыніцы”. Адзначым прафесійную працу журналістаў М. Мароза, А. Пятровай, Л. Зайцавай, Н. Чарнічэнкі і, натуральна, галоўнага рэдактара С. Ермалаева.
 
Ва ўшацкім “Патрыёце” не па-беларуску падаюцца хіба што звароты кіраўніцтва раёна ды прагноз надвор’я ў раёне. Хацелася б адзначыць працу журналістаў Д. Раманоўскага, В. Северынай, Н. Багдановіч і непасрэдна галоўнага рэдактара В. Караленкі.
 
У “Міёрскіх навінах”, апроч іншага, па-беларуску звычайна друкуюцца звароты і віншаванні дэпутата Нацыянальнага сходу РБ В.П. Папко. Творчым падыходам і высокім узроўнем культуры мовы вызначаецца праца карэспандэнтаў В. Вішнеўскай, Л. Матэленка, А. Баркоўскай, А. Басікірскай і галоўнага рэдактара Н. Станкевіч.
 
Другое месца ў нашым аглядзе-конкурсе журы прысудзіла раённаму выданню Докшыччыны – газеце “Родныя вытокі” (галоўны рэдактар – Аляксандр Варанковіч). У тэкстах на розную тэматыку можна ўбачыць і ўдалае выкарыстанне адметных беларускіх словаформ, як, напрыклад, прыметніка моладзевы: “Моладзевы форум у Маскве” (24 снежня). Заўсёды прафесійна падрыхтаваныя матэрыялы выходзяць з-пад пяра Н. Бяляўскай, Я. Малевіч, Н. Навіцкай, Т. Альшэўскай ды іншых супрацоўнікаў.
 
Трэцяя пазіцыя сярод раённых выданняў адразу ў двух калектываў: шаркаўшчынскай газеты “Кліч Радзімы” (галоўны рэдактар – Аляксандр Барыла) і “Пастаўскага краю” (галоўны рэдактар – Фаіна Касаткіна). Хацелася б адзначыць працу журналістаў шаркаўшчынскай раёнкі С. Райчонка, К. Сосны, А. Бурца і пастаўскіх карэспандэнтаў А. Анішкевіч, А. Шапавалавай, П. Курыловіча, І. Сняжковай. 
 
Безумоўна, адзначаны намі высокі ўзровень выкарыстання беларускай мовы ў названых выданнях, адпаведная культура друкаванага слова – гэта таксама і заслуга карэктараў.
 
Журы са шкадаваннем адзначае змяншэнне колькасці беларускамоўных публікацый за апошні час у газетах “Веснік Глыбоччыны” і “Дняпроўская праўда”(Дубровенскі раён). Хоць у абодвух рэдакцыйных калектывах працуюць людзі, якія прафесійна валодаюць нашай мовай: Г. Сутула, А. Зінкевіч, А. Жыгуноў ды іншыя журналісты – у “Весніку Глыбоччыны”, А. Квір – у “Дняпроўскай праўдзе”. 
У “Голасе Сенненшчыны” па-беларуску аформлены рубрыкі “Ветразь”, “Крынічка”, “Далягляды” і некаторыя іншыя, але беларускамоўнае іх напаўненне магло б быць большым. Зрэшты, па-беларуску звычайна падаецца народны каляндар. Адзначым працу ў названым выданні журналіста Аляксандра Іўева, які традыцыйна піша на нашай роднай мове.
Што да іншых раённых выданняў, то працэнт выкарыстання ў іх беларускай мовы вельмі нізкі. Так, толькі 10 – 15 % матэрыялаў па-беларуску змяшчаецца на старонках бешанковіцкай “Зары”, але па-беларуску звычайна піша А. Крачкоўскі. Незайздросная сітуацыя з выкарыстаннем дзяржаўнай беларускай мовы і ў “Гарадоцкім весніку” “Голасе Расоншчыны”, “Жыцці Прыдзвіння” (Віцебскі раён), у лёзненскім “Сцягу перамогі”, у “Нашай Талачыншчыне”, “Лепельскім краі”, у чашніцкай раёнцы “Чырвоны прамень”, у “Аршанскай газеце”, у “Полацкім весніку”. Дарэчы, “Полацкі веснік” раней змяшчаў дастаткова шмат матэрыялаў па-беларуску. А сёння газета амаль зусім перайшла на рускую мову. Можна адзначыць хіба што даволі эфектыўную працу з маладымі аўтарамі з сярэдняй школы № 16, якія імкнуцца пісаць па-беларуску, ды публікацыі журналіста Ігара Палынскага.
У намінацыі “Абласныя і гарадскія газеты” журы вырашыла не аб’яўляць пераможцаў, бо ніводнае такое выданне амаль не выкарыстоўвае беларускую мову. Хіба што толькі ў асобных выпадках. Гэта датычыць абласной газеты “Витебские вести” (в.а. галоўнага рэдактара – Алена Сыс). Нават назва ў абласной газеты не беларуская (?). Гэта шмат пра што гаворыць! Таму дзіўна было б спадзявацца на сур’ёзную прысутнасць дзяржаўнай беларускай мовы на яе старонках. Час ад часу па-беларуску падаюцца хіба што невялікія матэрыялы Тамары Пашкевіч, Галіны Шпакоўскай, некаторых іншых карэспандэнтаў. Нават артыкул пра ўшанаванне найлепшых прадстаўнікоў культуры вобласці (21 кастрычніка) напісаны па-руску (??). 
 
Сказанае вышэй датычыць і гарадской газеты “Віцьбічы” (галоўны рэдактар – Ніна Тулінава). Тут нават матэрыялы да Дня настаўніка (4 кастрычніка), да Дня работнікаў культуры (11 кастрычніка) і пра візіт міністра культуры (25 кастрычніка) змешчаны на рускай мове. Што тады казаць пра публікацыі на іншую тэматыку?! Добра, што хоць інтэрв’ю з народным артыстам Беларусі Тадэвушам Кокштысам да яго 80-годдзя не сталі перакладаць на рускую мову (інтэрв’ю браў Віталь Сянькоў). Адзначым асобныя беларускамоўныя публікацыі Марыі Буткевіч, Віктара Бірукова, Андрэя Захарава.
 
Фактычна адсутнічае беларуская мова на старонках газеты “Новополоцк сегодня” (галоўны рэдактар – Галіна Фаміна). Заўважым, што дзяржаўная газета мае назву на рускай мове.
 
У трэцяй намінацыі – “Недзяржаўныя выданні” – пераможцамі сталі дзве газеты: “Вольнае Глыбокае” (галоўны рэдактар – Уладзімір Скрабатун) і “Каталіцкі веснік” (галоўны рэдактар – Віктар Місевіч). Нагадаем, што папулярнае глыбоцкае выданне ўжо трэці раз запар атрымлівае перамогу ў сваёй намінацыі. Тут не толькі ўласныя матэрыялы, аналітыка даюцца па-беларуску. Але пераважна і рэклама, прыватныя абвесткі, віншаванні. Можа, таму і карыстаецца газета вялікай папулярнасцю, бо набыць яе не заўсёды проста. А “Каталіцкі веснік” адносна нядаўна з’явіўся на нашым медыярынку. І тым больш прыемна, што газета выходзіць на добрай беларускай літаратурнай мове, мае нават адмысловую старонку, дзе разглядаюцца пытанні культуры мовы.
 
Колькі слоў пра тыповыя памылкі. Тут мы не будзем пазначаць, у якіх канкрэтна выданнях выяўлены тыя ці іншыя моўныя недахопы. Бо наша задача – не крытыкаваць, а дапамагчы пазбегнуць памылак у газетах у будучым, падказаць, нешта параіць. Таму пададзім у сістэматызаваным выглядзе найбольш распаўсюджаныя ў рэгіянальных выданнях Віцебшчыны недахопы.
 
Так, зафіксавана дастаткова шмат памылак пры ўжыванні канчаткаў назоўнікаў другога скланення мужчынскага роду адзіночнага ліку ў родным і месным склонах. У родным склоне не заўсёды размяжоўваюцца флексіі а(я)у(ю). Трэба: даверу,менеджментупрагрэсутумануцукру і футболаспектаклягорада, з Віцебска. У месным склоне неабходна размяжоўваць асабовыя назоўнікі і неасабовыя. Асабовыя маюць канчатак у(ю), неасабовыя – е, і, ы. Павінна быць: пры дырэктару, пры бібліятэкарупры Андрэюпры Міхасюна дубена аўтамабіліу Гомеліу продажы.  Апошні прыклад выклікае ці не найбольшыя праблемы, бо ўжываецца назоўнік продаж бадай што часцей з канчаткам у, што зусім няправільна. 
 
Па-ранейшаму застаецца актуальнай праблема выкарыстання дзеепрыметнікаў. Намі зафіксаваная вялікая колькасць памылкова ўжытых формаў, якія дублююць рускамоўныя варыянты: пастарэўшыя людзі, пустуючае памяшканне, прынімаемае рашэнне, паступіўшыя выпускнікі і інш. Правільна павінна быць адпаведна: пастарэлыя людзі; пустое памяшканне; рашэнне, якое прымаеццавыпускнікі, што паступілі ў ВНУ ці сталі студэнтамі. І не варта баяцца таго, што канструкцыя будзе больш доўгай, можа, часам падасца грувасткай. Гэта не мае ніякага значэння, калі гаворка ідзе пра захаванне літаратурных нормаў.
 
Шэраг тыповых памылак выяўлены намі на сінтаксічным узроўні, калі тое ці іншае словазлучэнне будуецца няправільна, звычайна на расійскі манер. Нельга па-беларуску сказаць смяяцца над няўдачайздзекавацца над чалавекамжаніцца нааднакласніцыхварэць грыпам, пайсці за хлебам. Правільна будзе смяяцца з няўдачы, здзекавацца з чалавека, жаніцца заднакласніцай, хварэць на грып, пайсці па хлеб. Яшчэ адной тыповай памылкай з’яўляецца няправільнае выкарыстанне ступеняў параўнання прыметнікаў ці прыслоўяў: ён старэй жонкі на пяць гадоў; яна маладзей мяне; больш дваццаці метраў; зрабіў менш усіх; у дзесяці кіламетрах ад горада;у двух кроках ад дома; згодна ўказа; адпаведна заданню. У беларускай мове ў падобных выпадках не можа быць беспрыназоўнікавай ці бяззлучнікавай канструкцыі. Таму прыведзеныя спалучэнні варта падаць наступным чынам: ён старэйшы за жонку на пяць гадоў, яна маладзейшая за мяне, больш за дваццаць метраў, зрабіў менш за ўсіх, за дзесяць кіламетраў ад горада, за два крокі ад дома, згодна з указам, у адпаведнасці ззаданнем. Нярэдкія выпадкі і няправільнага выкарыстання канструкцый з назоўнікам догляд ці дзеясловам даглядаць. Па-беларуску мы кажам: догляд каго (чаго) або даглядаць каго (што), а не догляд (даглядацьза чым, за кім. Таму і зяўляюцца памылковымі шматлікія ўжыванні кшталту догляд за старыміадпачынак па доглядзе за дзіцёмдаглядаць за статкам. Павінна быць адпаведна: догляд старыхадпачынак па доглядзедзіцядаглядаць статак. Таксама неабходна імкнуцца пазбягаць выкарыстання канструкцыі прыназоўнік па + месны склон. Гэта значыць, непажадана ўжываць спалучэнні, напрыклад, расказаць аб сабепаведаміць аб здарэннігаварыць аб гэтым. Для нашай мовы ўласціва схема прыназоўнікпра + вінавальны склон. Таму павінна быць: расказаць пра сябе; паведаміць пра здарэнне; гаварыць пра гэта. Прыназоўнікаб з месным склонам ужываецца хіба што ў афіцыйна-справавым і навуковым стылях. Таму мы і кажам, напрыклад, “Законаб мовах”, “Кодэкс аб адукацыі
 
З году ў год паўтараюцца, на жаль, аднолькавыя лексічныя памылкі, калі замест нарматыўнага беларускага слова выкарыстоўваюцца калькі з рускай мовы. Напрыклад, рэзультат, рабяты, свяшчэннік, веруючыя, харошы, дастойны, малышы, адпачываючыя, здоравва і г.д. Зразумела, што па-беларуску павінна быць вынік, дзеці (хлопцы, дзяўчаты – у залежнасці ад сітуацыі), святар, вернікі, добры, годны (варты), малыя, адпачывальнікі, цудоўна (выдатна). Памылковыя ўжыванні лексікі сведчаць не толькі пра непрафісіяналізм аўтараў, але і пра элементарную ляноту ці проста нежаданне паглядзець у слоўнік, выбраць патрэбную лексему. Да таго ж для абсалютнай большасці журналістаў працоўнай, штодзённай мовай з’яўляецца руская, а думаючы па-руску, далёка не заўсёды можна правільна пабудаваць сказ на беларускай мове. На такім фоне пакуль цалкам неверагодна ўявіць, што з мэтай актуалізацыі нацыянальнай адметнасці мовы газеты маглі б карыстацца сапраўды паказальнымі беларускімі назоўнікамі кшталту летнік, лецішча, мінак, уцякач, закладнік, сеціва, месціч і г.д., як гэта практыкуецца і ў дзяржаўнай газеце “Звязда”, і ў недзяржаўных “Нашай Ніве”, “Народнай волі” ды іншых медыях.
 
Прывядзём яшчэ колькі паказальных кантэкстаў. Так, напрыклад, многія журналісты не ведаюць, як перадаць па-беларуску сэнс рускай лексемы “изюминка” са значэннем “штосьці адметнае, незвычайнае”. Таму і чытаем у газетах сказы кшталтуИзюминкай” мерапрыемства стане канкур; На думку многіх, “изюминкай” свята стала гонка на тарантасах. Узятае ў двукоссе рускамоўнае напісанне нібыта выйсце з сітуацыі. Але ж не зусім. У нашай мове ўжываюцца з гэтым значэннем ажно два назоўнікі: разынка і цікавінка. Выбірай любы! Або, скажам, загаловак: Меткасць, спрыт і жаданне перамагаць. “Меткасць” – па-беларуску “трапнасць”, і тады ўся фраза глядзіцца абсалютна нармальна. Ці яшчэ: Сям’я без насілля. Па-беларуску павінна быць Сям’я без гвалту.
 
Такім чынам, можна канстатаваць, што многія раённыя выданні Віцебшчыны выкарыстоўваюць на сваіх старонках у асноўным беларускую мову. Гэта, у першую чаргу, датычыць паўночна-заходніх рэгіёнаў, дзе заўсёды адзначаўся больш высокі ўзровень валодання мовай насельніцтвам (Браслаў, Мёры, Шаркаўшчына, Докшыцы, Паставы), а таксама друкаваных органаў Шумілінскага і Ушацкага раёнаў. На жаль, застаецца мінімальнай прысутнасць нашай роднай мовы на старонках большасці раённых выданняў, гарадскіх і абласной газет. І з вялікім задавальненнем яшчэ раз канстатуем, што ў асноўным па-беларуску выходзяць папулярнае незалежнае выданне “Вольнае Глыбокае” і адносна новая з’ява ў нашай медыяпрасторы – газета “Каталіцкі веснік”.
 
На нашу думку, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама магло б зацікавіцца амаль катастрафічнай сітуацыяй, якая склалася ў многіх раённых і практычна ва ўсіх гарадскіх і абласной дзяржаўных газетах у плане выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы. Традыцыйна ўсе выданні пазіцыянуюць сябе як двухмоўныя, але на практыцы там дамінуе руская мова. І такое становішча непрымальнае.
 
Мы шчыра віншуем пераможцаў, жадаем і надалей трымацца беларускага слова. Са свайго боку абяцаем заўсёды аказваць безумоўную падтрымку кансультацыйнага характару.
 
Старшыня журы агляду-конкурсу,
намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі
ТБМ імя Ф. Скарыны, кандыдат філалагічных навук
Юрась Бабіч

← вярнуцца ў навіны