Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Артсядзіба запрашае на "Свята роднай мовы"! ТБМ таксама далучыцца да свята ў Imaguru!

2015.02.20 0

Ужо традыцыйна ў Беларусі апошнія дні лютага прысвечаныя роднай мове. Ва ўніверсітэтах і клубах праходзяць адмысловыя мерапрыемствы і акцыі, у сацыяльных сетках і СМІ з’яўляюцца шматлікія конкурсы і публікацыі — і ўсё прысвечана беларускай мове.

У гэтым годзе каманда «Арт Сядзібы» і культурніцкая пляцоўка «Беларуская Прастора»  вырашылі сабраць шматлікія беларускамоўныя творчыя ініцыятывы, моўныя курсы, бізнес-праекты, вытворцаў сувеніраў і паштовак, цікавых музыкаў і адметных творцаў разам на «Свяце Роднай Мовы».

Арганізатары захацелі паказаць, што беларуская мова не толькі жыве і развіваецца, але і натхняе шматлікіх людзей на цікавыя і яскравыя праекты, акрыляе на добрыя справы.

Свята пачнецца 22 лютага ў 14.00 і разгорнецца на двух паверхах бізнэс-клубу «Imaguru»  (Менск, вул. Фабрыцыўса, 4).

Кошт квіткоў: 30 тысяч. Дзецям да 12 гадоў уваход вольны.

Квіткі можна будзе набыць у касе бізнес-клубу «Imaguru» ў дзень мерапрыемства на ўваходзе ў будынак. Журналістам, відэа-аператарам і фатографам па папярэдняй акрэдытацыі ўваход вольны. Кантакты для акрэдытацыі: +375 29 782-88-81, artsiadziba@gmail.com

Расклад мерапрыемства на сайце «Арт Сядзібы»

Асобна адзначым ТБМ на свяце:

16.50 – 17.10 — прэзентацыя праектаў і выданняў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (2-і паверх, хол);

17.10 – 18.00 — VІІІ Усебеларуская дыктоўка з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ад Таварыства беларускай мовы (2-і паверх, канферэнц-зала "Nordic") .


← вярнуцца ў навіны