Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Новыя фільмы Таварыства беларускай мовы

2015.02.16 0

ТБМ ужо прадставіла вашай увазе два фільмы з цыкла "Права на мову": "Моўныя курсы" і "Мова ў царкве". Цяпер пабачылі свет яшчэ два відэаролікі: "Змагары за мову" і "Да мовы праз музыку".

Серыя "Права на мову"

На якіх курсах найцікавей вучыць беларускую мову? Ці размаўляюць па-беларуску ў Царкве? Як бароняць свае моўныя правы ў судзе?

Дарагія сябры, на гэтыя і шматлікія іншыя пытанні дае адказ новы праект Таварыства беларускай мовы і Віленскай тэлевізійнай асацыяцыі. Гэта серыя відэанарысаў пра беларускую мову і моўныя правы ў розных сферах нашага жыцця. Для кагосьці беларуская мова – гэта толькі школьны прадмет. Але на сам рэч гэта жывая мова многіх людзей, якая ўжываецца ў розных сацыяльных інстытутах. На жаль, не заўжды можна рэалізаваць сваё права на карыстанне ёй. Але наша прыгожая, своеасаблівая і развітая мова вартая таго, каб ёй карысталіся паўсюдна. Лозунгам нашай серыі нарысаў можа быць "Усюды мова!".

Навошта мы зрабілі гэты праект і чым ён будзе цікавы Вам? Таварыства беларускай мовы праводзіць маніторынг моўнай сітуацыі ў розных сферах жыцця. У гэтых нарысах мы дзелімся з вамі часткай яго вынікаў. Мы хацелі зрабіць гэта не мовай лічбаў, а праз асабістыя чалавечыя гісторыі.

Магчыма, вы пазнаеце ў героях сюжэтаў сябе – а пра сябе глядзець заўжды прыемна. Магчыма, не пазнаеце, але хацелі б расказаць пра мову ў сферы, што блізкая вам – дасылайце свае каментары і прапановы. Мабыць, вы жадалі б знайсці сяброў і аднадумцаў – нашы сюжэты дапамогуць. А можа, вы перакананыя, што для чалавека і для краіны важны найперш эканамічны дабрабыт, а мова ўвогуле не мае значэння? Мы паважаем усякае перакананне, але паглядзіце гэтыя сюжэты і вы – можа, яны трошку расшыраць ваш светапогляд.

А галоўнае: мы спадзяемся, што, паглядзеўшы гэтыя сюжэты, вы што-небудзь зробіце. Напрыклад, скажаце камусьці сваё першае “Калі ласка!”. А можа, падтрымаеце кампаніі ТБМ. Напрыклад, калі мы будзем збіраць подпісы за прыняцце "Закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы", вы паставіце і свой. Зараз той самы час, калі мы з вамі сапраўды можам змяніць сітуацыю да лепшага.

Нават калі вы не размаўляеце па-беларуску штодня, гэта мова ўсё роўна належыць вам, яна ваш скарб і вы маеце на яе права – заўжды і ўсюды.

 


← вярнуцца ў навіны