Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Полацкая гарадская арганiзацыя ТБМ

навіны

Справаздча аб дзейнасці Полацкай гарадской арганізацыі ТБМ у 2011 годзе

2014.05.14 0

Асноўны накірунак дзейнасці - правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў. Напэўна, самай запамінальнай падзеяй года стаў прыезд з Сібіры старшыні Іркуцкага Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алега Рудакова і фальклорнага гурта “Крывічы” пад кіраўніцтвам Волі Галанавай. Сустрэча адбылася ў Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур, дзе мае прапіску і гарадская арганізацыя ТБМ. Пазнаёміцца з беларусамі, якія жывуць за шэсць з паловай тысяч кіламетраў ад нашай краіны, прыйшлі дарослыя, моладзь і нават дзеці. Намеснік старшыні гарвыканкама Галіна Барадуля вітала гасцей і ўручыла кожнаму імянны сертыфікат аб наведванні геаграфічнага цэнтра Еўропы, які знаходзіцца ў Полацку. Алег Рудакоў расказаў пра дзейнасць беларусаў Прыбайкалля, прадэманстраваў відэасюжэты, якія здымалі мясцовыя тэлеканалы. Палачане са здзіўленнем глядзелі, як у расійскай глыбінцы святкуюць Купалле, Гуканне вясны… А потым спявалі “Крывічы”. Гэта трэба было чуць: вымаўленне кожнага гуку, кожная нота, унікальнае шматгалоссе былі такімі, як у нашых продкаў. Творчае прывітанне гасцям перадаў ансамбль “Полацкія россыпы”. Гучалі гармонікі, бубен, трашчотка… Сустрэча мела працяг – на адкрытай пляцоўцы каля памятнага знака літары “Ў”. Людзі са здзіўленем спыняліся і слухалі цудоўныя спевы, танчылі, паэты чыталі вершы. Феакціст Фядотаў з гумарам напісаў:

Прызнаюся, не вельмі здзівіўся,
Што прыехаў Алег Рудакоў.
Толькі верыце, дужа натхніўся
Спеўным пошчыкам нашых сяброў.
Вось яны – прыбайкальскія цуды,
Немагчыма вачэй адарваць.
Ён прывёз іх для нашае згубы,
У палон ТБМ наш узяць.

Для Алега Рудакова Полаччына – радзіма, прыезд – чарговы, а вось пяць удзельніц ансамбля – гэта трэцяе пакаленне беларускіх перасяленцаў, народжаных у Сібіры. Іх прыклад здзіўляе, прымушае задумацца, паглядзець на сябе, зрабіць высновы. Дзякуй сябрам за іх падарунак!

У тым, што беларуская мова гучыць у няблізкай па адлегласці ад Полацка Палтаве, мы пераканаліся на сустрэчы з Інай Снарскай. Іна Станіславаўна нарадзілася ў Полацку, але даўно жыве ва Украіне, вывучыла украінскую мову, працуе на мясцовым тэлеканале. А яшчэ піша вершы, у тым ліку і на роднай мове. Ёй выдадзена 6 паэтычных зборнікаў. Усе яны былі прэзентаваны на сустрэчы.

У лістападзе гасцямі полацкіх прыхільнікаў беларускага слова сталі сталічныя творцы – пісьменнік, перакладчык, грамадскі дзеяч Сяргей Панізьнік, спявачка Таццяна Беланогая і журналіст, даследчык Глеб Лабадзенка. За два дні было праведзена 4 сустрэчы: у Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур, у педкаледжы, у гімназіях №№1 і 2. Гучалі песні і вершы, былі разважанні і аповед пра выданне кнігі Уладзіміра Караткевіча “Ладдзя роспачы”, пра Нясвіж і дынастыю Радзівілаў, а для маленькіх слухачоў – прэзентацыя новай кнігі Сяргея Панізьніка “Літары ў расе”.
Найлепшыя ўражанні засталіся і ва ўдзельнікаў творчых сустрэч з нашым земляком, а зараз вядомым навукоўцам, пісьменнікам, загадчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры лінгвістычнага ўніверсітэта Пятром Васючэнкам. Пётр Васільевіч успамінаў дзяцінства, якое прайшло ў Полацку, прачытаў лекцыю пра сучасны стан беларускай літаратуры, пазнаёміў са сваёй творчасцю. Сустрэчы прайшлі ў Цэнтры рамёстваў і ў СШ №16.

У мінулым годзе выйшаў з друку чарговы, 5-ты па ліку нумар часопіса “Arche Пачатак”, поўнасцю прысвечаны Полацку. Прэзентацыя адбылася з удзелам Сяргея Тарасава, Пятра Васючэнкі, Валерыя Булгакава, Дзмітрыя Вінаходава (Санкт-Пецярбург), Наталлі Сергіенка, Андрэя Бухавецкага. Вёў імпрэзу укладальнік нумара, літаратар Алесь Аркуш.
Пра жаночае аблічча нацыянальнага пантэону Беларусі, пра згадкі, якія тоіць зямля старажытнага Полацка, ішла размова на сустрэчы з археолагам Сяргеем Тарасавым.

У сакавіку адбылася прэзентацыя кнігі Мікалая Півавара “Краязнаўцы Віцебшчыны”. Выданне ўключае звесткі пра людзей, якія жылі ці жывуць у Полацку. Ішла зацікаўленая размова нераўнадушных людзей, выказана думка пра выданне кнігі “Полацкія краязнаўцы”.

Як і заўсёды, папулярызавалася творчасць мясцовых аўтараў. Праведзена творчая юбілейная вечарына актывіста нашай арганізацыі Феакціста Фядотава пад назвай “Сустрэча з паэтам”. Таленты сяброў таварыства былі прадэманстраваны на літаратурна-музычнай вечарыне “З мовай у сэрцы”.

У жніўні была арганізавана экскурсійная паездка ў Міёры, Ідолту, Мілашова, а таксама творчая сустрэча з вядомым краязнаўцам Вітольдам Ермалёнкам і знаёмства са створанымі па яго ініцыятыве і пад яго кіраўніцтвам музеямі – краязнаўчым і музеем кнігі. Сябры ТБМ таксама наведалі радзіму Васіля Быкава – вёску Бычкі Ушацкага раёна.
Чарговы раз, шосты год запар, пры дабрачыннай дапамозе паліграфічнага прадпрыемства “Спадчына Скарыны” выдадзены каляндарык з выявай помніка першадрукару ў нашым горадзе.

Дзейнасць арганізацыі была адлюстравана ў публікацыях у абласной газеце “Народнае слова”, газетах “Наша слова”, “Інформ-плюс”, “Полацкі веснік”, у перадачах мясцовага тэлеканала.

Праведзены справаздачна-выбарны сход. Старшыня пакінуты яшчэ на адзін тэрмін. Склад Рады абноўлены, у лік актывістаў абрана моладзь. Распрацоўваецца праграма дзейнасці на бліжэйшыя 2 гады.


← вярнуцца ў навіны