Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Полацкая гарадская арганiзацыя ТБМ

навіны

Справаздача аб дзейнасці Полацкай гарадской арганізацыі ТБМ у 2010 годзе

2014.04.14 0

Як і ў папярэднія гады, акцэнт быў зроблены на правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў. Дзень роднай мовы быў адзначаны прыездам з Мінска пісьменніка Міхася Скоблы і салісткі Белдзяржфілармоніі Таццяны Матафонавай. У гэты вечар асабліва меладычна і пяшчотна гучалі песні і рамансы з багатага рэпертуару спявачкі. А Міхась Скобла нагадаў, што 2010 год па ініцыятыве саюза беларускіх пісьменнікаў аб’яўлены годам Ларысы Геніюш. Сярод удзельнікаў вечарыны аказаўся палачанін, былы настаўнік Леў Бялевіч, які ў 1947 годзе за адданасць роднай мове разам з жонкай апынуўся ў ссылцы. Ён расказаў аб тым, як вершы Ларысы Геніюш дапамагалі зняволеным выжыць у вельмі складаных умовах. У той жа дзень яшчэ дзве сустрэчы былі праведзены для моладзі: з навучэнцамі прафесійна-тэхнічнага каледжа і студэнтамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Краязнаўчая вечарына “Плешча ў сэрца Дзвіна” прайшла з удзелам вядомага беларускага пісьменніка, даследчыка, перакладчыка, грамадскага дзеяча Сяргея Панізьніка. Размова ішла пра мясціны Віцебшчыны, якія маглі б стаць прывабнымі для турыстаў на старажытным шляху “з варагаў у грэкі”. Лявонпаль і Сар’я, Цінкаўцы і Росіца, гісторыя роду Лапацінскіх, велічная Заходняя Дзвіна… Шмат аб чым даведаліся прысутныя ад дасведчанага госця, паглядзелі матэрыялы з яго багатага асабістага архіва і фотаздымкі тых мясцін на вялікім экране. На вечарыну былі запрошаны прадстаўнікі турагенстваў, краязнаўцы, інтэлігенцыя. На наступны дзень адбылася творчая сустрэча Сяргея Панізьніка з моладдзю.

Як і штогод адбылася сустрэча з пісьменнікам, гісторыкам, ураджэнцам Полацка Уладзімірам Арловым і прэзентацыя яго новай кнігі “Ля дзікага поля”.

У марозны снежаньскі вечар да сяброў Полацкай суполкі прыехалі ў госці літаратары з Віцебска на чале з намеснікам старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Юрасём Бабічам. Паэтэса Марыя Баравік з Падсвілля прэзентавала свае два паэтычныя зборнікі. У кнізе ганаровых гасцей сп. Марыя напісала:

Можа скептык жмурыцца вачыма?
Я святой амбіцыі прашу –
Трэба мовай ратаваць Айчыну,
Як любоўю кожную душу.

Паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч расказаў пра сваё бачанне сучаснай беларускай літаратуры, прысутныя цікавіліся яго перакладамі з нямецкай мовы. Шмат гумару было ў выступе Міхася Мірановіча, які чытаў кароткія вершы з іранічным падтэкстам. Госці наведалі музей беларускага кнігадрукавання, дзе для іх экскурсію правяла сябра ТБМ Вера Ашуева.
У красавіку адбылася сустрэча са старшынёй Іркуцкага аддзялення Беларускай культуры (Расія) Алегам Рудаковым. Алег Васільевіч здзівіў і парадаваў сваім расказам аб тым, як этнічныя беларусы за 6 000 кіламетраў ад гістарычнай радзімы ў далёкай Сібіры захоўваюць мову і традыцыі, ладзяць святы, выдаюць газету. У гонар госця гучалі беларускія спевы ў выкананні ансамбля “Полацкія россыпы”.

Актыўна рэкламуецца і творчасць мясцовых аўтараў. Выход кожнай беларускамоўнай кнігі адзначаецца яе прэзентацыяй з запрашэннем прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, моладзі. Адзначаюцца таксама юбілеі мясцовых творцаў. У студзені праведзены творчыя вечарыны сябра пісьменнікаў Беларусі, ганаровага грамадзяніна Полацка Надзеі Салодкай, а таксама паэта, перакладчыка Віктара Леанені. У лютым сябры ТБМ віншавалі краязнаўцу Віктара Карасёва з нагоды выхаду яго новай кнігі. У сакавіку адбылася творчая вечарына сям’і Лёціных і прэзентацыя песенніка, аўтар якога – Зінаіда Лёціна. Убачыў свет зборнік вершаў з незвычайнай назвай “Из родника… або з крыніцы” старшыні літаб’яднання “Наддзвінне” Мікалая Балдоўскага. У зборнік увайшлі выбраныя творы паэта, які піша на рускай мове, і іх пераклады на беларускую паэтэсы Галіны Загурскай. І аўтар, і перакладчык – сябры ТБМ. Кніга ўяўляе сабой паэтычны дыялог дзвюх моў, двух паэтаў, іх узаемапаразуменне.

Кожны год для сяброў ТБМ ладзяцца вандроўкі і экскурсіі. У сакавіку ўсе ахвочыя наведалі Сафійскі сабор, экскурсію правяла намеснік старшыні гарадской арганізацыі ТБМ Ірына Шупенька. Прадстаўнікі арганізацыі 19 чэрвеня наведалі музей-сядзібу Васіля Быкава ў в.Бычкі Ушацкага раёна. А ў жніўні была арганізавана паездка на радзіму Яна Баршчэўскага ў в.Мурагі Расонскага раёна з наведваннем возера Нешчарда, а таксама ў в. Захарнічы Полацкага раёна, дзе жыў і пахаваны мастак Іван Хруцкі.

Па традыцыі пяты раз запар дзякуючы дабрачыннай дапамозе паліграфічнага прадпрыемства “Спадчына Скарыны” (дырэктар Уладзімір Петрашкевіч) выдадзены кішэнны каляндарык з выявай скульптуры Паўла Вайніцкага, якая сімвалізуе беларускую мову. Сама скульптура знаходзіцца ў музеі беларускага кнігадрукавання ў Полацку. Палова яе – прыгожая, а другая палова быццам абпаленая. Гэта напамін аб тым, што наша мова пад пагрозай знікнення. На адваротным баку каляндарыка зварот “Шануйце родную мову!”. Каляндарыкі раздаваліся на кожнай беларускамоўнай імпрэзе. На захаванне роднай мовы і пашырэнне яе ўжытку і накіравана дзейнасць сяброў ТБМ у Полацку.


← вярнуцца ў навіны