Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Полацкая гарадская арганiзацыя ТБМ

навіны

Справаздача аб рабоце Полацкай гарадской арганізацыі ТБМ за 2009 год

2014.03.14 0

Асноўным накірункам, як і ў папярэднія гады, заставалася культурна-асветніцкая дзейнасць. Сапраўднай падзеяй стала творчая сустрэча з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным. Паўнюткая зала стоячы і доўгімі апладысментамі сустракала шаноўнага госця. Рыгор Іванавіч уразіў сваёй дасціпнасцю, знаходлівасцю, вострым розумам, уменнем наладзіць сувязь з прысутнымі і , канешне, сваёй паэзіяй самай высокай пробы. У мінулым годзе адбылася яшчэ адна доўгачаканая падзея – сустрэча з Генадзем Бураўкіным. Генадзь Мікалаевіч вучыўся ў сярэдняй школе №1 нашага горада, у мясцовай газеце быў надрукаваны яго першы верш, у вёсцы Калектыўная пад Полацкам жывуць яго старэнькая маці і сястра. Госця віталі песняй на яго словы “Прыязджайце да нас на Полаччыну”. Генадзь Мікалаевіч прачытаў вельмі ўдала зробленую падборку сваіх вершаў, адказаў на шматлікія пытанні. Адбыліся дзве сустрэчы з яшчэ адным нашым знакамітым земляком – Уладзімірам Арловым. Уладзімір Аляксеевіч успамінаў дзяцінства, пошукі знакамітых полацкіх лабірынтаў, прагназаваў будучае роднага горада, прэзентаваў свае аудэёкнігі. У гасцях у полацкіх прыхільнікаў роднага слова былі таксама літаратар Міхась Скобла (двойчы) і бард Алесь Камоцкі. Сустрэчы адбыліся дзякуючы падтрымцы кампаніі “Будзьма!”.

У ліпені адбылася сустрэча, якая ўразіла многіх. Да нас завітаў старшыня Таварыства Беларускай культуры ў Іркуцку Алег Рудакоў. Алег родам з Полаччыны, але ўжо даўно жыве ў Расіі, плённа і цікава працуе на карысць Бацькаўшчыны. Ён здолеў аб’яднаць беларусаў і нашчадкаў беларускіх перасяленцаў сталыпінскіх часоў, якія жывуць у Прыбайкаллі. Таварыства налічвае 11 аддзяленняў па ўсёй Іркуцкай вобласці, створана 17 творчых калектываў, маладзёвы клуб “Крывічы”, выдаецца газета “Маланка”, праводзіцца абласны конкурс-фэст “Гучы, гоман беларускі!”. Аб усім гэтым і яшчэ шмат аб чым расказаў госць на чыстай беларускай мове. У выкананні ансамбля “Полацкія россыпы” гучалі мілагучныя беларускія песні, а кожны прысутны атрымаў адмысловы каляндарык, выдадзены беларусамі Прыбайкалля. А ў кнізе ганаровых гасцей Алег Рудакоў напісаў: “Браточкі мае і сястрычкі – Беларусы полацкія! Беражыце наш край, нашу мову, нашу традыцыю, нашу гісторыю… Каб было куды нам, валацугам, прытуліцца!!!”.

Адбываліся сустрэчы і з мясцовымі творцамі. У вялікай зале цэнтра рамёстваў экспанавалася персанальная выстава графічных работ Уладзіміра Ладзіка – чалавека творчага, неардынарнага. У ў той жа зале прайшла прэзентацыя яго першай беларускамоўнай кнігі “Калі знікае стомленае лета…”. А своеасаблівай аўтарскай прадмовай да кнігі сталі словы: “О ласкавая прыгажосць мовы беларускай – гэтай шчырай дзетачкі палёў і лясоў! Ты існавала заўсёды, але маё сэрца не чула цябе, пакуль ты, нечаканая, не ўвайшла ў яго на схіле гадоў. Ты як каханне, якое спазнілася і стала вячэрняй радасцю і болем маёй душы”. Так напісаў чалавек, генетычна толькі напалову беларус, які доўгі час жыў далёка ад Беларусі і які ў 60 годоў загаварыў і пачаў пісаць вершы па-беларуску.

“Мастак, паэт…” – так называлася творчая вечарына старэйшага сябра літаратурнага аб’яднання “Наддзвінне”, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Змітрака Куніцкага і прэзентацыя яго кнігі “На рубяжы тысячагоддзяў”. 80-гадовы юбіляр пачуў шмат добрых слоў у свой адрас, гучалі вершы і песні на яго словы.

Галіна Загурская – актывістка ТБМ, рэдактар літаб’яднання “Наддзвінне”, паэтэса і самадзейны мастак. Да яе асабістага юбілею была прымеркавана выстава жывапісных работ і прэзентацыя кнігі “Да зямлі прытуліцца”. Сябры і прыхільнікі творчасці шчыра віталі Галіну Пятроўну, жадалі ёй поспехаў і натхнення.

Пяты год запар дзякуючы дабрачыннай падтрымцы паліграфічнага прадпрыемства “Спадчына Скарыны” (дырэктар Уладзімір Петрашкевіч) быў выпушчаны кішэнны каляндарык з выявай будынка грэка-каталіцкай царквы ў Полацку, дзе арганізавана першасная суполка ТБМ.


← вярнуцца ў навіны