Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Полацкая гарадская арганiзацыя ТБМ

навіны

Справаздача аб рабоце Полацкай гарадской арганізацыі ТБМ у 2008 годзе

2014.02.14 0

На працягу года актыўна вялася культурна-асветніцкая дзейнасць. Праведзена творчая юбілейная вечарына Ірыны Жарнасек і прэзентацыя яе паэтычнага зборніка “Шукаю Цябе”. Гучалі ўрыўкі з празаічных твораў, прысвечаных тэме духоўнасці і маральна-этычным праблемам жыцця. Ірына Францаўна была прадстаўлена і як дзіцячая пісьменніца, і як журналіст. У яе адрас прагучала шмат добрых слоў ад чытачоў, сяброў па пяру. Спецыяльна да сустрэчы быў выпушчаны буклет, прысвечаны юбіляру.

Сябры таварыства былі запрошаны на юбілейную вечарыну нашага земляка Навума Гальпяровіча, якая адбылася ў Полацку.

Тры сустрэчы ў розных аўдыторыях былі наладжаны падчас прыезда ў наш горад галоўнага рэдактара часопіса “Дзеяслоў”, пісьменніка Барыса Пятровіча, барда Зміцера Бартосіка і загадчыка аддзела выдавецтва “Красіка-Прынт” Людмілы Несцяровіч. Госці сустрэліся са студэнтамі мясцовага універсітэта, навучэнцамі прафесіянальна-тэхнічнага каледжа; настаўнікамі і бібліятэкарамі навучальных устаноў, а таксама з сябрамі ТБМ. Быў арганізаваны продаж метадычнай і мастацкай беларускай літаратуры. Гэтыя сустрэчы былі арганізаваны ў рамках кампаніі “Будзьма!”. Актывісты ТБМ атрымалі сувеніры, а суполка ў цэлым – 75 экзэмпляраў літаратуры ад Беларускага таварыства “Кніга”. Такім чынам была адзначана наша праца па папулярызацыі беларускага слова. Падарунак уручыла Людміла Несцяровіч.

Тры сустрэчы правёў падчас прыезду ў родны горад наш зямляк, навуковец, празаік, драматург, літаратурны крытык, загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Беларускага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Пятро Васючэнка. Пётр Васільевіч прачытаў цікавую лекцыю па гісторыі літаратуры, адказаў на шматлікія пытанні, прэзентаваў сваю новую кнігу “Піраміда Ліннея”, арыгінальную па форме і зместу.

“Нас яднае зямля Беларусі” – такую назву мела сустрэча з Давідам Сімановічам, якая была наладжана сумесна гарадской арганізацыяй ТБМ і гарадскім яўрэскім цэнтрам. Віцебскі госць чытаў свае вершы на беларускай, рускай мовах і на іўрыце. Гучалі беларускія песні ў выкананні ансамбля “Полацкія россыпы”.

Гарадская арганізацыя ТБМ не першы год супрацоўнічае са сталічным выдавецтвам “Красіка-Прынт”. З дапамогай загадчыка аддзела выдавецтва Людмілы Несцяровіч праведзены Дзень інфармацыі для настаўнікаў гісторыі і бібліятэкараў навучальных устаноў горада, арганізавана выстава-продаж “100 навінак метадычнай літаратуры”. У якасці ганаровага госця была запрошана Вольга Іпатава. Вольга Міхайлаўна асобна сустрэлася і з сябрамі ТБМ. Адна з самых вядомых аўтараў у галіне гістарычнай прозы падзялілася планамі і задумамі, а таксама прачытала свае юнацкія вершы і больш познія – са зборніка “Задарожжа”.

Для вучняў і настаўнікаў самай новай гарадской школы №18 імя Еўфрасінні Полацкай была наладжана сустрэча с пісьменнікам, земляком Уладзімірам Арловым.

У сябра літаратурнага аб’яднання “Наддзвінне” Валерыя Старынскага выйшла чацвёртая па ліку паэтычная кніжка пад назвай “Плач жураўліны”, прысвечаная юбілею Наваполацка. Прэзентацыя зборніка адбылася менавіта ў таварыстве. Гучалі вершы пра каханне, грамадзянская лірыка, жартоўныя творы, песні на словы Валерыя Аляксандравіча.

У чэрвені адбыўся справаздачна-выбарчы сход. Ён праходзіў у форме літаратурна-музычнай вечарыны, дзе свае таленты дэманстравалі людзі, якія аддана служаць беларускаму слову. Гучалі вершы літаратараў з “Наддзвіння”, песні ў выкананні вядомых у горадзе салістаў. Арыгінальным і яркім было выступленне ансамбля “Полацкія россыпы”. Сход вёў старшыня абласной Рады ТБМ Іосіф Навумчык.

Падведзены вынікі конкурсу “Чытаем па-беларуску”, які доўжыўся амаль год і быў арганізаваны сумесна гарадской суполкай ТБМ і гарадскімі бібліятэкамі. Усе пераможцы і фіналісты атрымалі ад арганізатараў – беларускую літаратуру, ад спонсараў – кветкі і арыгінальныя каляндары.

Летам сябры таварыства здзейснілі вандроўку па Верхнядзвіншчыне: наведалі вёску Валынцы – радзіму Яна Чэрскага і музей яго імя; вёску Шайцерава – радзіму Тараса Хадкевіча, сфатаграфаваліся каля дома, дзе ён нарадзіўся; вёску Свяціца, дзе пахаваны народны артыст Беларусі Яўген Шыпіла; вёску Новы Строй, дзе пахаваны пісьменнік Міхась Барэйша; паглядзелі славутасці Верхнядзвінска і Асвеі.

Па ініцыятыве суполкі пры спонсарскай падтрымцы паліграфічнага прадпрыемства “Спадчына Скарыны” па традыцыі ў чацвёрты раз быў выпушчаны кішэнны каляндарык з выявай касцёла святога Андрэя Баболі ў Полацку.

Сябры таварыства выказваюць шчырую падзяку ўсім, з кім давялося супрацоўнічаць у мінулым годзе ў справе пашырэння ўжытку беларускай мовы ў нашым горадзе.


← вярнуцца ў навіны