Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Конкурс выканаўцаў беларускіх народных танцаў "Мяцеліца" становіцца традыцыяй!

2015.02.09 0

У нядзелю, 8 лютага 2015 г., у мінскім Палацы дзяцей і моладзі прайшоў конкурс выканаўцаў беларускіх народных танцаў “Мяцеліца-2015, які праводзіцца ўжо другі раз.

Танец, як вядома, гэта рух, але таксама і выпрабаванне, даследаванне сябе ды партнёра. А калі танец народны, то гэта яшчэ і генетычная памяць дзядоў, якая стагоддзямі захоўвала веды пра характар і асаблівасці былых пакаленняў. А продкі нашыя, як паказаў Другі рэспубліканскі конкурс беларускіх танцаў “Мяцеліца-2015”, былі энергічнымі і таленавітымі танцорамі, бо пакінулі ў спадчыну такую складаную, разнастайную і рухавую харэаграфію кадрыляў і вальсаў. Адкуль я гэта ведаю? Бо мне пашчасціла наведаць унікальнае для Беларусі мерапрыемства – шматгадзінны танцавальны марафон-спаборніцтва, на які з’ехаліся выканаўцы народных танцаў амаль з усіх абласцей нашай краіны.

Такія конкурсы не ўзнікаюць самі сабою, іх ладзяць руплівыя людзі. Заснавальнікаў – гурт Guda на чале са сп. Вікторыяй Міхно – у 2013 г. падтрымала культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”. А сёлета да сп. Вікторыі далучыўся Беларускі фонд культуры і Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, у якім якраз і праходзіў конкурс гэтага года. Аўтар ідэі стварэння конкурса – мастацкі кіраўнік “Мяцеліцы” сп. Мікола Козенка, этнахарэограф, навуковец, былы супрацоўнік ІНБЕЛКУЛЬТА (раней – Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры), выкладчык БДУКіМ, навуковы і мастацкі кіраўнік амаль 20-гадовага Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, адзін са стваральнікаў грунтоўнага выдання “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”. Апошнія некалькі год сп. Мікола кіруе навучаннем традыцыйнаму танцу ў Школе традыцыйнага мастацтва гурта Guda у Менску. Таму ўсім менчукам, якія хочуць паспаборнічаць у танцавальным конкурсе “Мяцеліца-2016”, раю далучацца да народнай танцавальнай культуры ўжо сёння.

Добра, што цяпер гэта зрабіць даволі проста, бо ёсць альтэрнатыва. Напрыклад, майстар-класы з танцмайстрам сп. Сяргеем Выскваркам (які ўвайшоў у склад журы) ці танцавальныя вечарыны з музыкамі з капэлы “На таку”, якія, дарэчы, апантана гралі на конкурсе і цешылі публіку разам з вясковымі музыкамі. Нястомнасць гэтых прафесіяналаў дзівіла ды натхняла і гледачоў, і танцораў, якіх, паводле заснавальніцы конкурса сп. Міхно, у конкурсе ўдзельнічала больш за 40 пар, падзеленых на тры ўзроставыя групы (юнацкая – ад 15 год, дарослая – ад 21 года і старэйшая – ад 51 года).

Але толькі тром парам у кожнай узроставай групе былі прысуджаны месцы пераможцаў. А вырашаў, хто заслугоўвае звацца найлепшым, зорны склад журы: сп. Алесь Лось (этнограф, мастак, музыка і даследчык музычна-інструментальнай спадчыны беларусаў), сп. Таццяна Кухаронак (старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства у НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук), сп. Сяргей Выскварка (этнограф, спецыяліст па традыцыйным танцавальным этыкеце і манеры, кіраўнік фальклорнага калектыва “Верабейкі” з  г. Любань), сп. Ірына Канавальчык (старшы выкладчык кафедры харэаграфіі БДУКіМ, магістр мастацтвазнаўства), сп. Антаніна Абрамовіч (кіраўнік Заслужанага калектыва РБ фальклорнага гурта “Берагіня” Мётчанскага адукацыйна-выхаваўчага комплекса Барысаўскага раёна), сп. Людміла Бярней (вядучы метадыст Брэсцкага абласнога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі), сп. Вячаслаў Калацэй (загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ, кандыдат культуралогіі, старшыня экспертнай Рады). Усе яны пільна сачылі за парамі і стараліся аб’ектыўна выстаўляць ацэнкі.

А тое было не так лёгка, бо, як адзначыў адзін з чальцоў журы сп. Выскварка, узровень танцораў быў розны, “але важна тое, што гэта жыве!” І гэта праўда, бо імпэт удзельнікаў быў бачны нават падчас перапынкаў, калі музыкі гралі не для канкурсантаў, а для ўсіх ахвотных патанчыць кадрылю ці полечку. Многія, хто ўдзельнічаў у конкурсе, з асалодаю карысталіся магчымасцю актыўна “адпачыць” і, не шкадуючы ног, танчылі разам з гледачамі.

А паглядзець было на каго, бо сёлета на конкурс з’ехаліся з усёй Беларусі не толькі танцавальныя калектывы, але і асобныя пары (геаграфія канкурсантаў, у параўнанні з мінулай “Мяцеліцай”, была пашырана: Слуцкі раён, Столінскі, Асіповіцкі, Петрыкаўскі, Лоеўскі, Буда-Кашалёўскі, гарады Гомель, Мінск).

І было вялікаю асалодаю назіраць за тым, як танцоры з розных рэгіёнаў Беларусі паказваюць клас і свае мясцовыя варыянты выканання “Мікіты”, “Лявоніхі”, “Грачанікаў”, “Мальвіны”, “Лысага”, “Суботы”, “Матлёта” ці “Барыні”, “Вераб’я”, “Жабкі”, “Каханачкі”. Назіраць за многімі выканаўцамі было суцэльнай асалодай і вусны самі складваліся ў шырокую ўсмешку, а ўнутры ўсё радавалася разам з іншымі гледачамі, для якіх, хочацца ў гэта верыць, гэты дзень таксама стаў сапраўдным святам.

Спецыяльна для ТБМ фатаграфавала і

назірала за конкурсам Юлія Бажок


← вярнуцца ў навіны