Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Як дайсці да выкладання большасці прадметаў па-беларуску

2015.01.26 0

 Выява з сайта brook.hackney.sch.uk.

Міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў падтрымаў выкладанне ў школах гісторыі і геаграфіі па-беларуску і выказаўся за паступовае пашырэнне выкладаньня роднай мовы ў вышэйшых навчальных установах Беларусі.

Кансультацыі з настаўнікамі пра магчымасьць выкладання ў сярэдніх школах па-беларуску гісторыі і геаграфіі маюць пачацца ў канцы студзеня. Пра гэта паведаміў міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў, адказваючы на пытанне карэспандэнта Свабоды, чаму дагэтуль не рэалізаваныя прапановы Аляксандра Лукашэнкі наконт пашырэння беларускай мовы ў сістэме адукацыі.

- Мы ў прынцыпе вырашылі, што, магчыма, на будучым тыдні ў Менску збяруцца прадстаўнікі школ, каб абмеркаваць пытанне аб выкладанні па-беларуску гісторыі і геаграфіі. Гэта наша, Міністэрства адукацыі, цвёрдая пазіцыя. Таксама ў абмеркаванні возьмуць удзел прадстаўнікі раённых кіраванняў адукацыі. То бок, безумоўна, ёсць пэўны пералік дысцыплін, якія неабходна выкладаць па-беларуску, бо гэта няправільна - гаварыць пра гісторыю Беларусі не па-беларуску. Мы гэта ўвядзём.

У 2014 годзе кіраўнік краіны некалькі разоў казаў пра моўны дысбаланс у Беларусі і выказваў заклапочанасць станам беларускай мовы. Гэтак, падчас сустрэчы з настаўнікамі і на сустрэчы з пісьменнікамі А. Лукашэнка прапанаваў увесці ў навучальную праграму дадатковую гадзіну па беларускай мове і літаратуры.

Барацьба за пашырэнне беларускамоўнага выкладання школьных дысцыплін, у тым ліку гісторыі і геаграфіі, вядзецца ўжо каля 10 гадоў. Яшчэ ў 2007 годзе ТБМ прапаноўвала Мінадукацыі зноў перайсці на выкладаньне па-беларуску гэтых дысцыплін, але тады чыноўнікі адказалі, што "гэта немэтазгодна".

Таксама рупліўцы беларускай мовы шмат гадоў прапаноўваюць вярнуць родную мову ў выкладанне ў вышэйшых навучальных установах. А тут ці можна чакаць рэальных зьменаў? Новы міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў на гэтую тэму выказваецца больш асцярожна. Паводле назіранняў спадара Жураўкова, інтарэс да навучання па-беларуску сярод студэнтаў павялічваецца, яго ўжо выяўляюць студэнты не толькі традыцыйна беларускамоўных факультэтаў, прыкладам, філалагічных, але і тэхнічных. Пераход да шырэйшага навучання па-беларуску, на думку міністра, - справа часу:

- На мой погляд, мы прыйдзем да таго, што большасць дысцыплін будзе выкладацца па-беларуску. Гэта нармальна, і гэта трэба заахвочваць. Я нядаўна прыйшоў з БДУ, дык паведамлю, што там таксама гэтае пытанне пастаянна разглядаецца. Магчыма, яго не афішуюць, але гэта так. Прыкладам, на вялікай радзе ўнівэрсітэта абмяркоўвалі перавод шмат якіх дысцыплін на беларускую мову. Прыкладам, гісторыі БДУ, якая выкладаецца не толькі на гістфаку. У выніку рэкамендавалі гэтак рабіць.

Паводле Радыё Свабода

Але як быць з тымі прадметамі, у якой паслядоўнасці пераходзіць, бо Міністэрства адукацыі цвёрда стаіць супраць поўнага пераводу ўсёй адукацыі на беларускую мову.

Лагічна просіцца на парадак дня перавод на беларускую мову ўсіх гістарычных дысцыплін і ўсёй геаграфіі, бо перавод на выкладанне па-беларуску толькі гісторыі Беларусі і толькі геаграфіі Беларусі, на якія адводзіцца не так шмат гадзін, не зробіць так патрэбнага пералому на карысць беларускай мовы.

Безумоўна, што разам з гісторыяй Беларусі і геаграфіяй Беларусі павінна быць пераведзена на беларускую мову выкладанне біялогіі. Біялогія асабліва цесна звязана з геаграфіяй. У геаграфіі ў агульным плане выкладаецца жывёльны і раслінны свет. Назвы многіх геаграфічных аб’ектаў маюць расліннае і жывёльнае паходжанне. Гарады Бабруйск, Жабінка, Дзятлава, Воранава і інш. маюць у сваіх назвах назвы жывёл, і калі тут назвы па-беларуску і па-руску гучыць прыблізна аднолькава, то ўжо назва вёскі Вавёрка ці Ваверка зразумелая далёка не ўсім. У гэта цяжка паверыць, але дзеці ў дзіцячых садках не ведаюць ніякай вавёркі, ніякай зязюлі, ніякага шпака. Бусел, зубр - туды-сюды, а дзік, тхор, вожык, крумкач - не да разумення. Не да разумення бэз, агрэст, суніцы, буіны, ажыны. Трацяцца вялікія грошы на маляўнічыя пано серыі “Смак роднай мовы”, каб нагадаць беларусам, што такое кавун ці парэчкі, і нічога не робіцца, каб вучыць гэтаму дзетак у школах і садках.

Пасля гэтыя дзеці вырастаюць, становяцца начальнікамі чаго-небудзь, і з’яўляюцца ў Беларусі вуліцы, станцыі, мікрараёны Сярэневая, Рошча, Лябяджы, Камышовая, Радніковая і ім падобныя калекаватыя назвы, пад якімі проста мусяць жыць калекаватыя людзі - з рукамі, з нагамі, а калекаватыя, безязыкія, бязмоўныя, бо, каб мову ведалі, то такіх назваў не ляпілі б, а і закон жа ёсць, які ўсё гэта рэгулюе. Ды што неадукаванаму закон, калі ён адну толькі сярэнь і ведае.

Таму выкладанне батанікі, заалогіі, біялогіі мусіць быць па-беларуску.  Выкладаць асобна біялогію Беларусі пакуль яшчэ не дадумаліся, то, мабыць, уся біялогія мусіць выкладацца па-беларуску і без усялякіх адкладаў.

Не пойдзем далей, а пачакаем абяцанай нарады настаўнікаў у Міністэрстве адукацыі. Адзінае што трэба дадаць для неадкладнага вырашэння - гэта неабходнасць развязвання праблемы падручнікаў.

Перадавыя, патрыятычныя настаўнікі, якія ўлаўліваюць усё, што сказаў Кіраўнік дзяржавы ў падтрымку беларускай мовы і нават тое, што не сказаў, а толькі падумаў, самастойна пераходзяць на выкладанне гісторыі Беларусі і геаграфіі Беларусі па-беларуску. У многіх месцах ёсць жаданне выкладаць па-беларуску і біялогію. Але гэтыя настаўнікі сутыкаюцца з  адсутнасцю беларускамоўных падручнікаў па гэтых прадметах. Настаўнікі фактычна чытаюць лекцыі, а дзеці пішуць канспекты, што прыймальна для вышэйшай школы, а ў сярэдняй школе ў дзяцей мусяць быць падручнікі.

Спробы бацькоў і грамадскіх арганізацый забяспечыць вучняў падручнікамі цераз кнігарні за свой кошт поспехаў не мелі, у кнігарнях падручнікаў няма.

Мясцовыя аддзелы адукацыі абмежаваныя ў магчымасцях вырашаць гэтыя пытанні, паколькі не маюць ні аднаго дакумента, які б дазваляў ім замаўляць беларускамоўныя падручнікі для рускіх школаў.

На нашыя настойлівыя запыты Міністэрства адукацыі абяцае можа быць, неяк улічыць гэтыя праблемы ў новым Кодэксе аб адукацыі, які могуць прымаць і цераз 10 гадоў, і цераз 20. Таму, не чакаючы ніякіх кодэксаў, неабходна:

1. Неадкладна адлічбаваць і выставіць на сайце Міністэрства адукацыі беларускамоўныя версіі падручнікаў па гісторыі Беларусі, геаграфіі Беларусі і біялогіі для ўсіх класаў з тым, каб дзеці мелі б на першым этапе хаця б электронныя падручнікі.

2. Разумеючы важнасць папяровай кнігі, з новага вучэбнага года павысіць наклады ўсіх новадрукаваных падручнікаў і забяспечыць паступленне іх у беларускія і рускія школы паводле заявак, а таксама ў кнігарні ўсіх раёнаў Беларусі па прыймальных цэнах.

Усё, што тут напісана, мусіць рэалізоўвацца неадкладна. Мусіць, а ці будзе?

І тут варта ізноў падумаць, на колькі лягчэй было б, каб быў усё такі прыняты закон “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы”.

Станіслаў Суднік


← вярнуцца ў навіны