Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Народны праект выдання выбранай беларускай паэзіі для дзяцей

2015.01.08 0

Кожны народ выхоўвае дзяцей на сваёй паэзіі. Любоў да роднай мовы абуджаецца ў дзіцячым сэрцы дзякуючы першым пачутым і завучаным вершам. Гэта разумее кожная нацыя, акрамя беларусаў… Нашы маленькія грамадзяне выхоўваюцца на рускай паэзіі кшталту «В лесу родилась ёлочка…», «Мишка косолапый по лесу бредёт..» і да т. п.

Вось таму й высьпела ідэя сабраць найлепшыя беларускія вершы для дзяцей, выдаць іх кнігамі і распаўсюдзіць усімі магчымымі спосабамі, а найперш праз сістэму дашкольнага выхавання ды інтэрнэт.

Упершыню заклік да выдання гэткага вершазбору быў надрукаваны мною ў газеце «Наша слова» ў 2003 годзе. А ўжо ў 2005 годзе ў выдавецтве «Тэхналогія» пабачыў свет густоўна аздоблены каляровымі малюнкамі першы том кнігі пад назвай «Побач з намі на Зямлі». Яго тэматыка – вершаванкі-запамінанкі пра жывёльны свет. Хуткасці выдання паспрыяла шчаслівае супадзенне чыннікаў: знайшліся і фінансаванне, і укладальнік кнігі – паэт Алег Мінкін, які на той час ужо меў адпаведных паэтычных твораў на цэлыя тры тамы, бо на працягу пятнаццаці гадоў збіраў найлепшыя вершы для дзяцей. Але далей за выданне першай кнігі справа не пайшла.

А хто ж, калі не мы, выпусціць другі том вершаў – пра раслінны свет і трэці том – пра свет чалавека?

У адказ на маё новае запрашэнне Алег Мінкін зноў ахвотна ўзяўся за працу над зместам двух будучых тамоў, бо трэба дадаць самае лепшае з напісанага за мінулае дзесяцігоддзе.

Шаноўныя грамадзяне, фонды, дзяржаўныя і недзяржаўныя арганізацыі! Калі ласка, далучайцеся да гэтага народнага праекту! Дасылайце вершы, выказвайце прапановы па фінансаванні выдання будучых кніг, па іх афармленні й распаўсюджванні на адрас электроннай пошты Алега Мінкіна: xnicka@gmail.com

Алесь Бакач,
кіраўнік грамадскай арганізацыі
«Творчае згуртаванне «Святліца», г.Баранавічы.


← вярнуцца ў навіны