Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

З новым “шчасцем”!

2015.01.09 0

Дзяніс Тушынскі

намеснік старшыні ТБМ

У мінулым годзе шмат казалі пра новую хвалю беларусізацыі, якая, быццам бы, вось-вось накаціць. Але першыя навагоднія навіны з моўнага фронту паказваюць, што на ім па-ранейшаму без зменаў. Дакладней, змены ёсць – ды не ў лепшы бок.

Узяць, напрыклад, нядаўнее інтэрв’ю з новапрызначаным міністрам адукацыі. Аказваецца, выключна беларускамоўны ўніверсітэт сёння рабіць не трэба, бо “ў нас жа ніхто не забараняе выкладаць на беларускай мове…” . Жалезная логіка! Развіваючы яе, запытаюся, навошта тады столькі рускамоўных універсітэтаў – на рускай жа мове ў нас ніхто выкладаць не забараняе…

Нядаўна ў межах нашага маніторынгу стану моўных правоў у міністэрства адукацыі пайшоў чатырохстаронкавы ліст з пытаннямі і прапановамі – чакаем адказу.

Але найбольш “парадавала” паведамленне прадпрымальніка, які не здолеў атрымаць дазвол на выпуск хлябцоў з этыкеткай толькі на беларускай мове. Аказваецца, цяпер у нас дзейнічае тэхнічны рэгламент Мытнага саюзу ТР ТС 022-2011, паводле пункта 4.1.2 якога “…маркіроўка запакаванай харчовай прадукцыі павінна быць нанесена на рускай мове і на дзяржаўнай(ых) мове(ах) дзяржавы-члена Мытнага саюзу пры наяўнасці адпаведных патрабаванняў у заканадаўстве(ах) дзяржавы(аў)-члена(ў)…”.

Ну, якія ў нас патрабаванні мы з вамі цудоўна ведаем. Наша “і/або” ў “Законе аб мовах” зводзіць сітуацыю да наступнага: руская мова зараз у маркіроўцы азначаных прадуктаў абавязковая, а беларуская – не. Вось такі “клопат аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў”, і “ўсякія прывілеі ці абмежаванні правоў асобы па моўных прыкметах недапушчальныя” (калі хто раптам не ведае – гэта цытаты з “Закона аб мовах”). І гэта ж не адзіны тэхнічны рэгламент гэтага саюзу…

А вось яшчэ адзін дакумент – праект Дамовы аб Мытным кодэксе Еўразійскага эканамічнага саюза (можна азнаёміцца на сайце Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь). “У выпадку ўзнікнення розначытанняў для мэт вытлумачэння дадзенай дамовы выкарыстоўваецца тэкст на рускай мове”. Ну хто б сумняваўся!

Ідзем далей: “мытныя дакументы, якія запаўняюцца на тэрыторыі адной дзяржавы-члена і якія належыць перадаць мытным органам іншай дзяржавы-члена пры здзяйсненні мытных аперацый, павінны быць запоўнены на рускай мове”.

Што з гэтым рабіць – вось у чым пытанне. ТБМ павінна распрацаваць тактыку дзеянняў, у прыватнасці, у дачыненні да тэхнічных рэгламентаў. Думаецца, найперш трэба вызначыць, чаго мы жадаем. Ці жадаем мы, напрыклад, каб у гэтых рэгламентах, скажам, было патрабаванне, каб усе маркіроўкі змяшчалі тэксты на ўсіх афіцыйных мовах краін-удзельніц?

А можа, скарыстацца сітуацыяй для ўзмацнення нашых патрабаванняў зменаў у моўным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь? Хіба цяперашняя сітуацыя не з’яўляецца нагодай для замены “іабо” на “і”, бо інакш руская мова дэ-юрэ ставіцца ў прывеліяванае становішча?

Адмовы беларускіх парламентарыяў выступаць суб’ектамі заканадаўчай ініцыятывы па пытанні ўдасканалення моўнага заканадаўства і адмова Нацыянальнага цэнтра прававых даследаванняў уносіць разгляд нашага законапраекта у план працы на гэты год ушчыльную падводзяць нас да неабходнасці арганізаваць кампанію па зборы подпісаў за ўдасканаленне моўнага заканадаўства, напрыклад, за прыняцце “Закона аб падтрымцы беларускай мовы”. Сітуацыя з новымі рэгламентамі можа паслужыць адным з пунктаў абгрунтавання неабходнасці такого закона.

Спадарства і асабліва сябры Рады ТБМ (якая адбудзецца 11 студзеня), мы будзем радыя вашым прапановам!


← вярнуцца ў навіны