Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Справаздачны даклад старшыні ТБМ Алега Трусава аб дзейнасці арганізацыі за 2014 год

2015.01.08 2

 Выява з сайта hisoftware.com.

Справаздачны даклад старшыні ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” Алега Трусава аб дзейнасці арганізацыі за 2014 год

Мінулы год прайшоў для нас у штодзённай стваральнай працы на карысць нашай Бацькаўшчыны.

Жыццё не стаіць на месцы, і за гэты час адышлі ў лепшы свет былы старшыня ТБМ Генадзь Бураўкін, былы старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ТБМ прафесар Аляксей Саламонаў і шмат іншых сяброў і прыхільнікаў роднага слова. Сярод іх – народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін і прафесар Гарадзенскага ўніверсітэта Іван Лепешаў.

Зараз наша арганізацыя налічвае больш за 7000 чалавек. З іх у базе дадзеных сакратарыята па стану на 1 студзеня 2015г. знаходзіцца 5 тысяч 970 чалавек.

Гэты год быў для нас годам цяжкай, але стваральнай працы як у Мінску, так і ў рэгіёнах нашай краіны. Найбольш актыўна працавалі рэгіянальныя актывісты Магілёва, Віцебска, Гродна, Ліды, Полацка, Наваполацка, Баранавічаў, Гомеля, Пружанаў, Паставаў, Валожына, Асіповічаў, Фрунзенскага і Ленінскага раёнаў горада Мінска, мястэчка Падсвілле Глыбоцкага р-на, Шаркаўшчыны, Івянца і іншых. У нашы шэрагі актыўна ўступала моладзь, асабліва ў Мінску. Пра нашу дзейнасць рэгулярна пісалі “Наша слова”, “Новы час”, "Наша ніва", "Народная воля", "Звязда", ЛіМ, "Краязнаўчая газета"  і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Дзейнасць ТБМ таксама асвятляюць тэлеканал Белсат, радыё “Свабода”, радыё “Рацыя”, Еўрарадыё, партал tut.by і іншыя.

Аднак актыўнасць некаторых нашых арганізацый жадае быць лепшай. Нас хвалюе сітуацыя з дзейнасцю нашых сяброў у Брэсце, Бабруйску, Пухавічах, Ваўкавыску, Навагрудку і Мазыры. У снежні 2014 года мы мусілі зняць з уліку Пінскую гарадскую арганізацыю ТБМ, якая цалкам спыніла сваю дзейнасць. Варта адзначыць, што ёсць магчымасць актывізаваць нашу работу ў Барысаве і Кобрыне, бо там ёсць актыўныя сябры ТБМ.

Дзякуючы намаганням маладых супрацоўнікаў БТ, на працягу студзеня-жніўня рэгулярна (два разы на тыдзень) выходзіла ў эфір перадача, прысвечаная гісторыі беларускіх слоў і выразаў.  Беларуская мова паступова  вяртаецца ў выпускі навінаў, асабліва на мясцовым БТ, з'яўляюцца новыя праграмы з удзелам моладзі на беларускай мове. Быў створаны новы дзяржаўны канал "БТ-3", дзе беларуская мова актыўна прысутнічае. У мінулым годзе споўнілася 90 гадоў (1924) з пачатку выхаду ў свет штомесячнага часопіса для дзяцей і падлеткаў "Бярозка". Некалькі год таму ўлады практычна ліквідавалі яго і ператварылі ў маленькі дадатак да часопіса "Маладосць". Але дзякуючы намаганням грамадскасці і сяброў ТБМ у гэтым годзе ён аднавіў сваю дзейнасць як самастойнае выданне.

Сябры ТБМ у розных рэгіёнах Беларусі і за яе межамі прымалі актыўны ўдзел у Агульнанацыянальнай дыктоўцы, прысвечанай юбілею Васіля Быкава. У акцыі бралі ўдзел прадстаўнікі амбасадаў розных замежных краін, журналісты, навукоўцы, выкладчыкі ВНУ, студэнты і вучні. У апошнія гады набыла сталую аўдыторыю газета "Новы час", яна становіцца ўсё больш запатрабаванай, што сведчыць пра яе рост. За гэта выказваем шчырую ўдзячнасць галоўнаму рэдактару Аляксею Каралю і ўсёй рэдактарскай камандзе.

У мінулым годзе выйшлі 10 і 11 нумары часопіса “Верасень” (галоўны рэдактар Эдуард Акулін). Нумары "Верасня" актыўна распаўсюджваюцца не толькі ў Мінску, але і ў іншых рэгіёнах нашай краіны, нават за яе межамі.

Актывізавалася праца курсаў па вывучэнні беларускай мовы для розных групаў насельніцтва. Праходзілі заняткі па беларускай мове, гісторыі і літаратуры для вучняў 7 – 11 класаў пад кіраўніцтвам Лявона Баршчэўскага. Увесь 2014 г. працавалі беларуска-польскія моўныя курсы пад кіраўніцтвам спадарыні Л.Бурлевіч. У мінулым годзе дадаліся яшчэ адны беларуска-польскія курсы для розных груп насельніцтва (кіраўнік Леанарда Мухіна) і псіхалагічныя беларускамоўныя заняткі “Школа асобаснага росту” Людмілы Дзіцэвіч.

Летась актыўна працаваў клуб беларускага красамоўства “Прамова”, кіраўнік – Аляксандр Давідовіч.

Варта адзначыць вялікі поспех курсаў "Мова нанова", заснаваных актывістамі ТБМ Глебам Лабадзенка і Алесяй Літвіноўскай. Курсы атрымалі афіцыйную рэгістрацыю, іх наведалі больш за тысячу асобаў у розных гарадах краіны.

Летам 2013-2014гг., нягледзячы на вакацыі, штотыднёва праходзілі ў межах кампаніі "Будзьма!" заняткі летняй гістарычнай школы "Гісторыя на вакацыях". Гэта школа актыўна дзейнічае і зараз пад назвай "Гісторыя ў падзеях і малюнках” (каардынатар Алена Анісім).

Мы працягваем выпускаць “Наша слова” ў фармаце 8-мі палос (індэкс выдання 63865). Нягледзячы на тое, што з’яўляюцца новыя аўтары і ёсць цікавасць да публікацыі розных матэрыялаў, сітуацыя з падпіскай жадае быць лепшай. У мінулым годзе створаны адмысловы сайт газеты. Накладам 7000 выходзіць газета "Новы час", заснаваная Мінскай гарадской арганізацыяй ТБМ. Нядаўна выйшаў соты нумар штомесячнага дадатку да "НЧ" "Літаратурная Беларусь".

Сябры! Неабходна ўсім разам пашыраць кола падпісчыкаў. З гэтай нагоды хачу выказаць словы падзякі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая двойчы на год  выдзяляе сродкі на падпіску раённых і школьных бібліятэк і музеяў краіны на беларускамоўныя выданні.

Вось ужо шосты год кіраўнік Гродзенскай гарадской арганізацыі прафесар Аляксей Пяткевіч з дапамогай Станіслава Судніка выдае беларускамоўны настольны перакідны краязнаўчы каляндар, заснаваны на матэрыяле Гродзеншчыны.

У сённяшняй рэчаіснасці нам не абысціся без сталай мабільнай прысутнасці нашай арганізацыі ў інтэрнэт-прасторы. У 2012 годзе пачаў працаваць сучасны інтэрнэт-партал ТБМ. Дзякуючы яму, мы можам своечасова размяшчаць інфармацыю пра ТБМ: яе гісторыю, структуры, дзейнасць; рабіць маніторынг стану лінгвістычных правоў грамадзян і аператыўна рэагаваць на выпадкі іх парушэння; выходзіць на іншыя слаі грамадства, наўпрост незаангажаваныя ў дзейнасць нашай арганізацыі. За перыяд існавання партала на яго старонках пабывала звыш 25 тысяч чалавек з розных краін свету.

Цяжкая сітуацыя па-ранейшаму ў беларускамоўнай адукацыі. Тым не менш, у Менску адрадзіў сваю дзейнасць Беларускі  бацькоўскі камітэт і колькасць навучэнцаў у гімназіях, школах, асобных класах і ў садках засталася стабільнай.

Найлепш працуюць у гэтым накірунку сябры ТБМ з Гарадзеншчыны, дзе ў 2011 годзе з'явілася 20 новых беларускамоўных класаў у рускамоўных школах. У 2014 годзе таксама створаны беларускамоўныя класы ў Гродне і Лідзе. Гэта непасрэдная заслуга Аляксея Пяткевіча, Аляксандра Кроя і Станіслава Судніка. Варта адзначыць дзейнасць Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ (кіраўнік Станіслаў Суднік).

Самая складаная сітуацыя застаецца ў г. Магілёве, дзе па-беларуску вучыцца толькі адна дзяўчынка.

У мінулым годзе на гаротны стан беларускамоўнай сярэдняй адукацыі ўпершыню звярнула ўвагу беларуская ўлада. Яна агучыла тыя прапановы, за якія ТБМ змагалася апошнія пяць год. Гэта павелічэнне гадзін на навучанне беларускай мовы, выкладанне ва ўсіх рускамоўных школах па-беларуску гісторыі і геаграфіі Беларусі, абавязковая здача тэстаў на веданне беларускай мовы для абітурыентаў. Будзем спадзявацца, што Міністэрства адукацыі на чале з новым міністрам пачне выконваць гэтыя прапановы на практыцы.

Летам і восенню 2014 г. мы годна адзначылі 25-ыя ўгодкі ТБМ і яго некаторых рэгіянальных арганізацый. Былі выдадзены розныя календары, паштоўкі, канверты і сувенірныя пакеты з сімволікай ТБМ, а таксама "Летапіс ТБМ" за апошнія пяць гадоў.  

Актыўна займаюцца краязнаўчай і турыстычнай працай нашы сябры з Гродна, Баранавічаў, Шаркаўшчыны, Магілёва і Ліды. Яны ладзяць беларускамоўныя экскурсіі, пленэры, канферэнцыі і семінары. У гэтым плане хочацца адзначыць сяброў Рады ТБМ Аду Райчонак і Віктара Сырыцу.

Сябры Магілёўскай арганізацыі (кіраўнік Алег Дзьячкоў) у мінулым годзе годна адзначылі Еўрапейскі год моваў і наладзілі гістарычныя экскурсіі для жыхароў Беларусі на розных мовах, але беларуская мова была асноўнай.

Улічваючы інфляцыю, Рада ТБМ прымала рашэнне з 1 студзеня 2014 г. павялічыць памер сяброўскіх складак. Трэба адзначыць, што большасць суполак ТБМ своечасова здалі складкі, а таксама сабралі немалыя ахвяраванні. Па стану на 24 снежня 2014 г. на нашым рахунку было 59 мільёнаў 589 тысяч 781 беларускі рубель. У сувязі з вялікай інфляцыяй нам варта падумаць аб падвышэнні памеру складак на 2015 год.

2 лістапад 2014 г. прайшоў чарговы з'езд ТБМ. Адбыліся новыя выбары кіраўніцтва, з'явіўся новы намеснік старшыні ТБМ Аляксандр Давідовіч, павялічылася колькасць сяброў Рады ТБМ. У радзе ТБМ стала болей прадстаўнікоў рэгіянальных структур. На звароты, прынятыя на з'ездзе ў Канстытуцыйны Суд і да ўладаў наконт адкрыцця Нацыянальнага беларускамоўнага ўніверсітэта ўжо прыйшлі адказы. Канстытуцыйны Суд яшчэ раз пацвердзіў той факт, што ў Беларусі адсутнічае роўнасць паміж дзвюма дзяржаўнымі мовамі, але разглядаць гэта пытанне адмовіўся. Ад стварэння беларускамоўнага ўніверсітэта адмовілася чарговы раз Міністэрства адукацыі. Зараз мы праводзім актыўны маніторынг ужывання беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця краіны і ўжо разаслалі некалькі соцень розных запытаў. З першымі адказамі на іх можна пазнаёміцца на нашым партале.

Варта таксама адзначыць выхад шасці кніг пробных тэстаў па вывучэнні беларускай мовы як замежнай, што дазваляе рабіць далейшыя крокі па стварэнні Міжнароднага сертыфіката беларускай мовы.

Шаноўнае спадарства!

Сябры ТБМ прынялі актыўны ўдзел у Усебеларускім кангрэсе за незалежнасць, які адбыўся 21 снежня 2014 г. На ім было прынята рашэнне зрабіць кангрэс пастаяннай дзейнай пляцоўкай для абмеркавання надзённых пытанняў жыцця краіны, у тым ліку праблемаў захавання і пашырэння беларускай мовы і культуры. Кангрэс выбраў Раду ў складзе 17 чалавек. Каардынатарам абралі спадарыню Алену Анісім. Зараз вельмі важна сабраць як мага болей подпісаў пад тэкстам Маніфеста. Неўзабаве будзе створаны адмысловы сайт.

Паважанае спадарства!

У новым годзе нас чакае шмат розных спраў. Мы запланавалі правядзенне 28 сакавіка Міжнароднай канферэнцыі "Моўныя правы і іх абарона". Запрашаем кожнага далучыцца да гэтай важнай канкрэтнай справы.

Віншуем вас з Новым годам і Калядамі!

Жадаем вам моцнага здароўя, духоўнай моцы і аптымізму.

Дзякуй вам усім за актыўную працу на карысць беларускай мовы і нашай Бацькаўшчыны.

Жыве наша мова і жыве Беларусь!

Дзякуй за ўвагу. 

Старшыня ТБМ                                                                                                                                            Алег Трусаў

 

Каментары

Госць 2015-01-05 12:06:43

"Мы працягваем выпускаць “Наша слова” (наклад 2000 год)..." ;)

Госць 2015-01-12 06:08:49

Дзякуй, прыбралi.


← вярнуцца ў навіны