Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Каментар юрыста да адмовы Нац. цэнрам заканадаўства і прававых даследаванняў распрацоўваць законапраект ТБМ

2015.01.01 0

Па-сутнасці, аргументы НЦЗПД зводзяцца да наступнага:

-  рэалізацыя прапанаванай ТБМ канцэпцыі патрабуе павелічэння дзяржаўных расходаў;

-   за прадугледжаныя канцэпцыяй 6 месяцаў немагчыма ажыццявіць афіцыйны пераклад на беларускую мову ўсіх нарматыўных праўных актаў Рэспублікі Беларусь;

-   большасць прапаноў мае дыскусійны характар.

Дадзеныя аргументы не вытрымліваюць крытыкі, бо:

-    як правіла, законапраекты патрабуюць павелічэння дзяржаўных расходаў;

-   канцэпцыяй прадугледжаны пераклад на беларускую мову асноўных нарматыўных праўных актаў цягам 6 месяцаў (кодэксы, законы, іншыя нарматыўныя праўныя акты, што тычацца сферы адукацыі і СМІ); у любым выпадку парадак і тэрміны перакладу могуць быць абмеркаваныя і прынятыя з улікам рэальных магчымасцяў;

-  на тое ён і законапраект, каб выклікаць дыскусію ў грамадстве, абмяркоўвацца ў законатворчым органе і прымацца з улікам гэтых дыскусій і высноў.

НЦЗПД спасылаецца таксама на кропкавыя зрухі ў заканадаўстве (сярод якіх насамрэч істотным з’яўляецца палажэнне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў”, што прадугледжвае іх першапачатковае найменне на беларускай мове і далейшую транслітарацыю на іншыя мовы), якія сталі вынікам працяглай барацьбы і безлічы адпаведных зваротаў грамадзян і грамадскіх арганізацый, у тым ліку ТБМ. З часу прыняцця гэтых зменаў прайшло ўжо некалькі год.

Але, выказваючы меркаванне аб адсутнасці падстаў для дыскрымінацыйнага падыходу ў выкарыстанні беларускай мовы ва ўмовах адсутнасці заканадаўча замацаванага абавязку ўжывання адначасова дзвюх дзяржаўных моў, НЦЗПД супярэчыць сам сабе. Так, у адказе названа лічба нарматыўных праўных актаў, якія існуюць толькі на другой дзяржаўнай мове, - іх болей за 33 300. Ці ж гэта не самы яскравы прыклад дыскрымінацыйнага падыходу?

НЦЗПД звяртае ўвагу таксама на тое, што законапраект павінен мець суб’екта права заканадаўчай ініцыятывы, які яго ўносіць. На жаль, мы вымушаны канстатаваць, што дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, нягледзячы на прапановы ТБМ і выказаную імі падтрымку законапраекта, не ўзялі на сябе адказнасць выступіць суб’ектам права заканадаўчай ініцыятывы па ім. У такой сітуацыі даводзіцца разлічваць непасрэдна на грамадзян Рэспублікі Беларусь як суб’екта права заканадаўчай ініцыятывы.

  Таццяна Фадзеева


← вярнуцца ў навіны