Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Маніфест у абарону незалежнасці Беларусі

2014.12.26 0

Мы, удзельнікі Усебеларускага кангрэса, усведамляючы сваю адказнасць за лёс Беларусі, жадаючы захаваць нацыянальныя каштоўнасці і традыцыі беларускага народа, усведамляючы прыярытэт нацыянальных інтарэсаў перад прыватнымі палітычнымі амбіцыямі, кіруючыся імкненнем забяспечыць сувэрэнітэт і свабоду нашай Бацькаўшчыны і вярнуць дзяржаўныя структуры на шлях служэння беларускаму народу, дзейнічаючы ў межах нашых законных правоў, прымаем наступны Маніфест.

* * *
Мы нагадваем, што незалежнасць Беларусі ў якасці Беларускай Народнай Рэспублікі была аб'яўлена 25 сакавіка 1918 года ў этнаграфічных межах беларускага народа і ў тых жа межах пацверджана 1 студзеня 1919 года праз заснаванне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўны суверэнітэт Беларусі быў абвешчаны 27 ліпеня 1990 года ў Дэкларацыі Вярхоўнага Савета «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР". 25 жніўня 1991 года Дэкларацыі быў нададзены статус канстытуцыйнага закона. 19 верасня 1991 года краіна набыла сучасную назву і была прызнана ўсім светам як суб'ект міжнароднага права.

У адпаведнасці з Дэкларацыяй Беларусь - суверэнная дзяржава, якая паўстала на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад'емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу. У Дэкларацыі таксама падкрэсліваецца, што носьбітам суверэнітэту і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў краіне з'яўляецца беларускі народ, які складаюць грамадзяне усіх нацыянальнасцяў.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая 15 сакавіка 1994 г., пацвердзіла асноўныя палажэнні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Так, у артыкуле 1 Канстытуцыі замацоўваецца, што Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку.

Аднак папраўкі, прынятыя ў выніку рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў, прывялі да парушэння фундаментальных нормаў Дэкларацыі і Канстытуцыі Беларусі.

Сур'ёзная пагроза суверэнітэту дзяржавы ўзнікла ў сувязі з заключэннем дамоваў з Расійскай Федэрацыяй аб стварэнні так званай «саюзнай дзяржавы», што выклікала шырокі пратэст дэмакратычнай грамадскасці. 29 ліпеня 2000 года быў скліканы Усебеларускі з'езд, на якім прынялі Акт аб незалежнасці Беларусі. У гэтым Акце адзначалася, што «суверэнітэт краіны не можа быць абмежаваны або скасаваны праз рашэнні дзяржаўных асоб і органаў, а нават праз рэферэндум».
Новую пагрозу незалежнасці краіны нясе ў сабе Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе, ратыфікаваны беларускімі ўладамі 9 кастрычніка 2014 г. Шэраг палажэнняў гэтага Дагавора супярэчыць агульнапрызнаным нормам міжнароднага права, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэтая пагроза ўзмацняецца значнымі зменамі ў геапалітыцы, выкліканымі імкненнем кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі ўсталяваць новы сусветны парадак.

* * *

Беларусь - наш Дом, які мы атрымалі ў спадчыну ад продкаў і павінны захаваць для нашчадкаў. Наш народ і наша зямля – не “шчыт”, “фарпост” ці “буфер” для суседніх дзяржаваў. Размяшчэнне замежных вайсковых кантынгентаў і базаў на тэрыторыі Беларусі недапушчальнае. Усе замежныя войскі павінны пакінуць нашу тэрыторыю.

Беларусь – краіна, якая найбольш пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы. Яе наступствы згубна адбіваюцца на здароўі суайчыннікаў. Кіраўніцтва краіны павінна спыніць шматгадовую практыку замоўчвання і ігнаравання чарнобыльскай праблемы. У такіх варунках будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі недапушчальнае.

Зямля Беларусі і яе нетры не павінны бескантрольна аддавацца ва ўласнасць ці арэнду замежным грамадзянам або дзяржавам. Усе інвестыцыйныя праекты, звязаныя з новым будаўніцтвам, павінны прымацца са згоды і пад кантролем грамадства.

Нашу заклапочанасць выклікае дэмаграфічная сітуацыя ў краіне. Нацыя старэе і паступова вымірае. Нам неабходна зрабіць палітычныя і эканамічныя захады, якія б давалі магчымасць для самарэалізацыі моладзі на Радзіме, спрыялі стварэнню сям’і, заахвочвалі да нараджэння і гадавання дзяцей.

Мы занепакоены тым, што народ на працягу дваццаці гадоў фактычна пазбаўлены магчымасці абіраць сваіх прадстаўнікоў у органы мясцовай і вышэйшай улады.

Нас вельмі турбуе стан беларускай культуры і асабліва мовы, якая фактычна не падтрымліваецца сённяшняй уладай на належным узроўні.

* * *
Мы аб'яўляем ўсім краінам, міжнародным і рэгіянальным арганізацыям, што Рэспубліка Беларусь была і застаецца суверэннай, нейтральнай і без’ядзернай дзяржавай.

Мы заяўляем, што ўсе пагадненні і дагаворы, якія былі заключаны з парушэннем Канстытуцыі і якія ставяць пад пагрозу незалежнасць Беларусі, павінны быць перагледжаны і адменены.

Мы патрабуем ад уладаў неадкладна скасаваць Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе або ўнесці ў яго тэкст адпаведныя змены.

Мы заклікаем палітычныя партыі, грамадскія аб'яднанні і рухі, патрыятычна настроеных грамадзян падтрымаць гэты Маніфест і далучыцца да агульнанацыянальнай кампаніі ў абарону незалежнасці нашай краіны.

Маніфест прыняты на пасяджэнні Кангрэса і адкрыты для падпісання ўсімі суб'ектамі грамадзянскай супольнасці і асобнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.

21 снежня 2014 г., г. Мінск


← вярнуцца ў навіны