Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Інтэграцыйны намётавы летнік-семінар "Круглае возера-2019". Да канца рэгістрацыі 2 дні! (абноўлена)

Беларускае моладзевае грамадскае аб'яднанне "Розныя-Роўныя" запрашае маладых людзей 18-35 гадоў (у тым ліку і тых, у каго ёсць розныя фізічныя абмежаванні) правесці 10 самых актыўных, вясёлых, займальных і пазнавальных дзён у летнім інтэграцыйным намётавым лагеры-семінары "Круглае возера-2019" (3-13 жніўня 2019 года, на беразе возера). Мэтай лагера з'яўляецца актывізацыя і інтэграцыя моладзі. Арганізатары забяспечваюць трансфер з Мінску, харчаванне і пражыванне ў палатках. Неабходна азнаёміцца ​​з правіламі ўдзелу і запоўніць анлайн анкету-заяўку не пазней за 19 ліпеня 2019 года.

2019.07.17 0

Запрашаем на літаратурную сустрэчу з пісьменніцай Ганнай Севярынец

З нагоды 30-годдзя Таварыства беларускай мовы ладзіць шэраг мерапрыемстваў у сваім менскім офісе па вул. Румянцава, 13.

24 ліпеня ў 18 гадзін тут адбудзецца літаратурная сустрэча з вядомай пісьменніцай, педагогам Ганнай Севярынец.
Падчас сустрэчы таксама пройдзе прэзентацыя дзвюх яе кніг: "Вакол Пятра Глебкі" і "Бельгія". Ахвотныя змогуць набыць асобнік з аўтарскім подпісам і распытаць пісьменніцу пра творчы працэс. 
 
Чакаем у сераду, 24 ліпеня, у 18:00 у офісе ТБМ (вул. Румянцава, 13). Уваход вольны.

 

2019.07.17 0

Валанцёрскі летнік "Лютэранская спадчына" (абноўлена)

Валанцёрскі некрапалістычны летнік адбудзецца з 27 ліпеня па 5 жніўня ў мястэчках Ізабеліна і Падароск (Ваўкавыскі раён, Гарадзенская вобласць).

Калі вы стаміліся ад гарадской мітусні і прагнеце пабываць у ціхім і прыгожым мястэчку, дакрануцца да спадчыны і паразважаць над вечным "быць або не быць", ды яшчэ і зрабіць карысную справу – запісвайцеся на гэты летнік. З 27 ліпеня па 5 жніўня 2019 г. “Студэнцкая Рада” запрашае на летнік, які адбудзецца ў цудоўных беларускіх мястэчках Ізабеліна і Падароск. Падчас летніка ўдзельнікі прывядуць у парадак старыя лютэранскія могілкі ХVIIІ ст., якія знаходзяцца ў Ізабеліне, навучацца расчытваць надпісы на камянях, рабіць іх інвентарызацыю, а таксама прасякнуцца вячэрняй культурнай праграмай і атмасферай мястэчкаў праз экскурсіі па Падароску і лекцыі ад запрошаных культурніцкіх дзеячоў і гісторыкаў.

Пражыванне ў аграсядзібе, якая знаходзіцца ў Падароску, і харчаванне, а таксама даезд да месца правядзення летніка забяспечваюцца арганізатарамі. На працягу ўсяго летніка плануецца некалькі арганізаваных даездаў. Увесь патрэбны рыштунак і матэрыялы для працы прадастаўляюцца арганізатарамі ўжо на месцы.

Каб стаць удзельнікам летніка, трэба проста запоўніць анкету па спасылцы https://bit.ly/30k2fli  (https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSfQr6rm0xKCdEHk3tYkrFUyZtODdCOJDZvK8eul-T2IbM_NQg/viewform). Пасля запаўнення заяўкі праз некаторы час удзельнікам будзе разаслана падрабязная праграма летніка і лагістычныя дэталі.

Па усіх дадатковых пытаннях тэлефануйце +37529 3829002 (Алесь) альбо пішыце на паштовую скрыню students.rada@gmail.com.

2019.07.17 0

“Вяселле фэст” у сядзібе “Стулы”

У наступным месяцы, 10 жніўня, у сядзібе “Стулы” (в. Стойлы, Пружанскі раён) адбудзецца “Вяселле фэст” – фестываль, накіраваны на аднаўленне і папулярызацыю вясельных традыцый. Наведвальнікі мерапрыемства змогуць пазнаёміцца са старажытнымі вясельнымі абрадамі ў маляўнічым месцы каля Белавежскай пушчы.

Усіх гасцей фестывалю чакае атмасфера сапраўднага вясковага вяселля – з гульнямі, спевамі, танцамі, стравамі і напоямі. На імпрэзе будуць сапраўдныя жаніх і нявеста – Сяржук Доўгушаў і Віялета Нікіцік, а таксама сваты – Сяргей Выскварка і Юлія Літвінава – прафесійныя знаўцы вясельных абрадаў. Разам з імі вы трапіце на сапраўднае застолле, паўдзельнічаеце ў вясельных гульнях, даведаецеся, як робяць вясельны каравай і шмат чаго яшчэ!

На фестывалі зайграюць і заспяваюць фальклорныя калектывы “Рада”, “На таку”, “Мярэжа”, “Колісьнія”, “Бабіна лета”, “Церабяначка”, сёстры Лук’яновіч, “Любанскія музыкі”, Еўдакія Зіновіч і Фёдар Булыга, “Хатовічы”, “Чабатухі”.

Квіток на фестываль каштуе 50 рублёў. Калі вы купляеце квіток, вы можаце выбраць, з чыйго боку вы будзеце прысутнічаць (і ўдзельнічаць у абрадах) – з боку жаніха ці нявесты. У кошт квітка ўваходзяць стравы, напоі і забаўляльная праграма. На тэрыторыі фестываля можна пераночыць у намётах ці на сядзібе (за асобную плату). Колькасць квіткоў абмежаваная (50 гасцей).

На фестывалі вітаюцца народныя строі і ўпрыгожванні. Пачатак імпрэзы – 15.00. Замовіць квіткі можна, запоўніўшы форму ці па тэлефонах: +37529 5677218, +37529 6357999.

2019.07.17 0

Адрадзіць востраў Кляштар (Манастыр) – цікавую славутасць Браслаўшчыны – можна разам

Праект “Археалагічныя раскопкі на востраве Кляштар у Браслаўскім раёне” будзе рэалізоўвацца з 1 па 15 жніўня Цэнтрам "Востраў Кляштар". Даследаваннем гісторыі манастыра, які стаяў на востраве 500 гадоў таму, займаўся браслаўчанін Кастусь Шыдлоўскі, дзякуючы матэрыялам якога з'явіўся праект.

Плануецца правядзенне археалагічных раскопак на востраве Кляштар (Манастыр). Кіраваць раскопкамі будзе вядомы гісторык і археолаг Мікола Плавінскі.

Праект шукае валанцёраў, дайвераў з геа-радарам, спецыялістаў па рэкламе, smm, фатографаў, відэарэжысёраў. Для падтрымкі праекта на краўдфандзінгавых пляцоўках ідзе збор сродкаў. На платформе molamola.by сабрана ўжо 470 рублёў (плануецца 4200). Арганізатары будуць удзячныя любой дапамозе.

2019.07.17 0

На ulej.by збіраюць сродкі на беларускамоўныя відэа-інструкцыі для выхавацеляў садкоў

Праект "Вялікая місія выхавацеляў Беларусі" на ulej.by шукае сродкі для стварэння адукацыйных матэрыялаў новага фармата, каб бацькі маглі пашыраць беларускае навучанне ў сваіх садках, дасылаючы відэа-інструкцыі выхавацелям.

Сабраць плануецца 3350 рублёў, пакуль сабрана толькі 4% ад неабходнай сумы, а да канца збору сродкаў застаецца 9 дзён. Падтрымаць можна на сумы ад 1 да 1050 рублёў, прычым за розныя падзякі і падарункі: ад налепак, карцін, згадкі імя ў відэа да магчымасці ўдзелу ў здымках ці майстар-класа традыцыйных гульняў.

Для азнаямлення стваральнікі праекта прапануюць паглядзець дэма-версіі адукацыйных матэрыялаў у фармаце відэа-інструкцый: Гульня "Сонейка", Гульня "Шуляк", Гульня "Яваровы людзі".

Відэа-інструкцыямі змогуць карыстацца да 15 тысяч выхавацеляў і 380 тысяч дашкольнікаў.

Кантакты: Аляксандра Бойка-Падкапаева +375 44 775-82-17, +3752 29 711-30-74 (viber), Фэйсбук, Тэлеграм, garnylos@gmail.com

2019.07.16 0

Людзі — больш, чым стэрэатыпы. Сацыяльная гульня ад Жывой Бібліятэкі: Іншы погляд

Каманда Цэнтра развіцця эфектыўнай камунікацыі "Жывая Бібліятэка" праводзіць сацыяльную гульню “Іншы погляд27 ліпеня а 17ай у Галерэі Ў (Кастрычніцкая, 19).

Усе мы розныя. Але ці адчувалі вы сябе на месцы іншых? На гульні ў вас будзе магчымасць адчуць сябе ў ролі іншага чалавека, адчуць яго праблемы, думаць, як ён, і адчуваць такія ж эмоцыі. Гульня дапамагае адкрыць для сябе новыя рэчы, новых людзей і пераасэнсаваць сябе.

Рэгістрацыя на гульню абавязковая. Колькасць месцаў абмежаваная. Дэдлайн: 25 ліпеня 23:59. Зарэгістравацца можна тут: https://bitly.su/Op6OPZUD

Гульня праводзіцца ў межах выставы пра недыскрымінацыю, якую ладзіць Галерэя сучаснага мастацтва "Ў".

2019.07.16 0

Архітэктурная расфарбоўка. Баранавічы. На збор сродкаў застаецца 4 дні (абноўлена)

На ulej.by збіраюць сродкі на выданне расфарбоўкі пра Баранавічы. Прыдумала такую расфарбоўку Яўгенія Крымская. Альбом уключае ў сябе 12 эскізаў з міні-гісторыямі і маршрутамі шпацыраў па горадзе.

Да канца збору сродкаў застаецца ўсяго 4 дні, а сабраць плануецца 1500 рублёў (пакуль сабрана толькі 5% ад запланаванай сумы). Ахвяраваць можна розныя сумы ад 2 рублёў (за паштоўку) да 55 (з кансультацыяй аўтаркі, як ствараць такія расфарбоўкі). Саму расфарбоўку атрымаць можна будзе ахвяраваўшы 6 рублёў.

2019.07.16 0

XI міжнародны фестываль славы беларускай зброі "Наш Грунвальд" ужо ў суботу (абноўлена)

Міжнародны фестываль сярэднявечнай культуры і музыкі "Наш Грунвальд 2019" пройдзе ў адзінаццаты раз на тэрыторыі музейнага комплекса "Дудуткі". Пачатак: 20 ліпеня з 10:40.

На сённяшні дзень гэта найстарэйшы і найбуйнейшы фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Фестываль традыцыйна будзе прысвечаны ваеннай і свецкай культуры, традыцыям нашых продкаў, а адным з яго галоўных падзей стане рэканструкцыя самай маштабнай бітвы сярэднявечнай Еўропы, што адбылася 15 ліпеня 1410 г. паміж войскамі Тэўтонскага Ордэна і саюзнікаў: Вялікага Княства Літоўскага (сучасная Беларусь) і Каралеўства Польскага.

Больш інфармацыі на budzma.by і nashgrunwald.by/

2019.07.16 0

Падпісчыкам выдавецтва "Янушкевіч" — летнія зніжкі!

Выдавецтва "Янушкевіч" абвяшчае зніжкі на кнігі ад 10% да 30% для сваіх падпісчыкаў. Кнігарня сыходзіць у двухтыднёвы адпачынак і робіць зніжкі амаль на ўсе кнігі! Каб атрымаць зніжку, неабходна падпісацца на навіны (кнопка "падпісацца" ў самым нізе галоўнай старонкі іх сайта januskevic.by) і ўвесці промакод у спецыяльным полі пры афармленні замовы (код LETA2019, толькі для падпісчыкаў!). Зніжка будзе дзейнічаць, калі паспееце забраць да 29 ліпеня.

2019.07.16 0