Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Беларуская мова — Беларуская мова ў храмеНавіны

Пасхальнае пасланне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі

2012-04-14 0

Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы! ХРЫСТОС УВАСКРЭС! САПРАЎДЫ ЎВАСКРЭС! Царква Хрыстова цяпер радуецца! Народ Божы святкуе!

Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы! ХРЫСТОС УВАСКРЭС! САПРАЎДЫ ЎВАСКРЭС! Царква Хрыстова цяпер радуецца! Народ Божы святкуе! Неба і зямля асвятляюцца святлом Хрыстовага Уваскрасення!

Зусім нядаўна мы малітоўна перажывалі дні смутку. Той, Каго з радасцю сустракаў увесь Іерусалім — “Надзея усіх канцоў зямлі” (Пс. 64: 6), Сын Чалавечы, — быў зганьбаваны і распяты.

І вось міраносіцы “са страхам і радасцю вялікаю” (Мф. 28: 8) апавяшчаюць нас, як некалі апосталащ, пра цуд: гроб — пусты! Ангел Гасподні дабравесціць ім: “ведаю, што вы Іісуса распятага шукаеце; Яго няма тут — Ён уваскрэс” (Мф. 28: 2-6)!

У гэтыя светлыя дні Царква радасна апявае паўстанне з памерлых Сына Божага — Сына Чалавечага: “Сапраўды святая і дастойная ўсякай урачыстасці гэтая ноч, спасіцельная і светлазарная, светланоснага дня ўваскрасення прадвесніца, у якую вечнае Святло з гроба ў плоці для ўсіх заззяла” (Пасхальны канон, 7-я песня).

Святло жыцця прыцягвае да сябе ўсё жывое. Завеса, што падзяляе свет ангелаў і людзей, свет жывых і памерлых, цяпер сарваная. Уваскрэслы Гасподзь аб’ядноўвае ўсіх!

Як жа нам умясціць гэтую найвялікшую падзею? Для нас звыкла на пасхальны вокліч “Хрыстос уваскрэс” адказваць “Сапраўды ўваскрэс”! Гэтыя воклічы становяцца праўдзівым выражэннем нашай урачыстасці.

Але не так проста было відавочцам Распяцця паверыць у цуд Уваскрасення.

Хрыстос уваскрэс! — А міраносіцы ідуць аплакваць Распятага.

Хрыстос уваскрэс! — А апосталы не паверылі (Лк. 24: 11) словам дабравесніц.
Хрыстос уваскрэс! — А Лука і Клеопа недаўмяваюць перад абліччам свайго Бажэственнага Спадарожніка: “Ты адзіны з падарожных у Іерусаліме не ведаеш пра тое, што адбылося ў ім у гэтыя дні?” (Лк. 24: 18).

Чытаючы пра гэта, можна падумаць, што на месцы вучняў, якія сумняваліся, мы былі б больш чуйнымі. Але жыццё пераконвае нас у адваротным: часта мы не здольныя на ўвагу нават адзін да аднаго! Часам мы не толькі не бачым, але і не хочам убачыць у бліжнім вобраз і падабенства Божае.

Але любімы вучань Госпада, апостал Іаан Багаслоў, ясна сцвярджае: «Калі хто кажа: "я люблю Бога", а брата свайго ненавідзіць, то ён ілгун; бо хто не любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога не бачыць?» ( 1 Ін. 4: 20).

Менавіта да сцвярджэння любові накіраваны заклік Хрыста: “Калі любіце Мяне, то запаведзі Мае выканайце” (Ін. 14: 15). Гасподзь кліча нас з адвагаю любові пераадолець уласную гардыню і ў пакоры сэрца падняцца вышэй за ўласныя страсці. Толькі так мы далучымся да таго запаветнага адзінства, якое Гасподзь здабыў на Крыжы і зацвердзіў Сваім Уваскрасеннем. Толькі так наша “Сапраўды ўваскрэс!” з фармальнага вітання становіцца пацвярджэннем сапраўднасці падзеі, якая адбылася, — перамогі над смерцю, перамогі над грахом.

Дарагія браты і сёстры! Быць хрысціянінам значыць несці пасхальную сілу любові нашым блізкім. Там, дзе нам бачыцца безнадзейнасць гора, злоба і пекла, — там Гасподзь усталёўвае Свой Крыж, каб разарваўшы путы граху, заззяць святлом радасці, сэнсу і любові. Мы, хрысціяне, — спадкаемцы Пасхі Хрыстовай! І Пасха — гэта не падзея аднаго дня. Яна не завяршаецца нават Узнясеннем і Пяцідзесятніцай. Яна заўсёды там, дзе мы сілаю Божаю перамагаем грэх!

Будзем жа ісці за Хрыстом уваскрэслым, каб радасць наша была дасканалай (Ін. 17: 13), каб “ні смерць, ні жыццё … ні цяперашняе, ні будучае” (Рым. 8: 38, 39) не адлучалі нас ад Госпада Іісуса Хрыста!

Любоў жа да Госпада няхай будзе для ўсіх нас сілаю, якая ўмацоўвае ў любові да бліжняга і да нашай Бацькаўшчыны. Не трэба думаць, што Гасподзь бліжэй да чалавека ў нейкіх асаблівых месцах, там, дзе нас няма. Будзем тут, на зямлі продкаў, маліцца аб дараванні нам Божай благадаці!

Вітаю пасхальнай радасцю суайчыннікаў, якія Промыслам Божым знаходзяцца ўдалечыні ад Радзімы. Няхай вашы сэрцы напаўняюцца святлом Хрыстовага Уваскрасення, каб людзі, якія вакол вас «бачылі вашы добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які на нябёсах» (Мф. 5: 16).

Як некалі прарок Ісаія звяртаўся да жыхароў Іерусаліма, так і мы ў гэты славуты дзень Гасподні ўсклікаем: узрадуйся, народ Божы! “Бо прыйшло святло тваё, і слава Гасподняя ўзышла над табою” (Іс. 60: 1).

Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!

+ Філарэт,
Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
Пасха Хрыстова, 2012 г.
горад Мінск

 


← вярнуцца