Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Беларуская мова — Беларуская мова ў храмеНавіны

Кс. Уладзіслаў Чарняўскі: "Кожны народ павінен маліцца ў сваёй мове"

2012-04-09 0

Гутарка Алеся Бяляцкага з ксяндзом Міхасём Чарняўскім. Паводле salavejka.blogspot.com

Гутарка Алеся Бяляцкага з ксяндзом Міхасём Чарняўскім. Паводле salavejka.blogspot.com

Радзіўся я ў 1916 годзе 14 студзеня, у вайну. Але радзіўся ня дома, а каля Гальшан у Амбружыне, засьценак такі. Бо ў нашай вёсцы Біцяняты стаялі немцы. Я так думаю, што можа Бацяняты былі, а потым Біцяняты зрабіліся, бо побач, можа кілямэтры за два, былі Арляняты.

У бацькоў я нарадзіўся ўжо як адзінаццатае дзіця, з другой роднай маткі. З першае бо маткі было пяцёра дзяцей: Валюсь (у Амэрыцы, аб якім, ужо як помню, ня меў весткі), Алімпа, Аміля, Браніслава і Марыля. 3 другой бацькавай жонкі, роднай мамы, было нас сямёра: Ясь, Юзя, Стась, Фэлька, Віктар, я Уладзіслаў, і Эдзя (у Канадзе - невядома, ці жывы). Калі нас выгналі, мы жылі каля Гальшан, у сваякоў па маме, у Макеяў, і мама з Макеяў была. Мы там пражылі тры гады, я там нарадзіўся. Потым немцы выйшлі з нашай вёскі, і мы вярнуліся.

Прыпамінаю з Біцянят сваю хату на два канцы. жылі толькі ў адным, другі канец быў кладоўкай; камору з куфрам, дзе мама хавала сувоі палатна, грошы і другія багацьці, мёд у бутэльцы, што мы часам саломкай цягалі. каштавалі...

Час быў цяжкі, галодны. Сабіралі траву з шышач камі і ўмешвалі ў муку ці бульбу і пяклі ляпёшкі.

У гэты час цяжка хварэў на крываўку. Быў безнадзейны. Адныя косьці. Выносілі на двор, ба раніўся ад мух. Ужо ня ў памяці, расказвалі, што кс.Францішак Чарняўскі, каторы нас наведваў, жарта ваў тады з мяне; "А цяпер лаві мухі і закусвай", Прыпамінаю, што маці была палажыўшы нейкую ахвяру за абраз за маё здароўе. Быццам у крываўцы было забаронена есьці капусту, а казалі: хай есьць, бо ўсё роўна памрэ. Аднак з волі Божай я не памёр, але малакроўе адчуваў доўгі час.

- Вашы бацькі былі каталікамі?

- Так. Бацькі былі простыя, вясковыя. Старэйшыя сёстры служылі, а астатнія былі ў хаце. Як зьбярэцца сямейка - каля дванаццаці асобаў. Галоднымі можа не былі.

Зусім малым калі быў, помню, кніжку рабіў, газэты выразаў і рабіў кніжку. Ужо тады мяне зацікавіла кніжка.

Потым у чатыры гады, помню, як палякі былі. Сыр і масла шукалі. Як улезуць да маткі - усё ачысьцяць, да чаго дабяруцца. А як бальшавікі адступалі: "Бабушка, картошкі, картошкі!" - так сьціпла прасілі. 1 самалёты ўжо былі. Гэта - нячыстая сіла, казалі.

Быў у нас сад за хатай, некалькі яблыняў: антонаўка, салодкая антонаўка і інш. Ад вуліцы хлеў з каморай, дзе ссыпалі бульбу і гародніну. І канюшня ламанкай да хаты, дзе стаялі коні. З левага боку ад іх знаходзіўся сьвіран, куды ссыпалі збожжа і другія прадметы хатняга ўжытку, Побач сьвірна, бліжэй хаты - аўчарнік, дзе памяшчалі авец, і паветка. За садам, пад рэчку, стаяла гумно з прыгуменцам і пляц перад ім - гумнішча. За гумном аж да рэчкі - аселіца, мокрая сенажатка.

У нас многа дзяцей было. Я калі сьвіньні пасьвіў, калі каровы над рэчкаю. 1 помню неяк пайшлі з братам першы раз стронгі лавіць. Такая халодная вада ў Беражанцы была! Ён вудачку закінуў, злавіў там нешта такое, а я ўзяў і адразу стронгу выцягнуў і стаў рыбаком. Ведаў на два кілямэтры, дзе якая рыба жыве. І многа лавілі, з сеткаю хадзілі, восеньню бучы рабіў, і стронгі вялікія трапляліся, з мора, гаркушкі таксама. Яшчэ як быў ледавік, гэтая рыба засталася. Дык вось, рыбак быў прырыбак.

Рэчка для мяне, хіба і для другіх, была нечым асаблівым. Называлася Беражанкай. Так як з вёскай, з людзьмі, так, а можа яшчэ шчырэй, бліжэй, быў я зжыўшыся з рэчкаю. Сабіраўся аб ёй і паэзыю пісаць і не сабраўся. Калі паехаў вучыцца ў Друю, адарваўся, думаў, што ня вытраваю, уцяку, вярнуся да яе, сьніў сны аб ёй, тужыў за ёй, як за нечым блізкім і дарагім. Чаму? Бо хоць невялікай, а прыгожай у той час была, Берагі яе вольхамі, чарэмхамі і другімі дрэвамі, кустамі - лазой, смародзінамі, парэчкамі - зарослыя былі. Месцамі глыбокая была, падходы, карэньні дрэў тырчалі ў вадзе, дзе рыба хавалася і разводзілася. Выгнаць яе з-пад такіх падходаў, карчоў і берагоў глыбокіх нялёгка давалася. Толькі восеньню ў нераст стронгі выходзілі адтуль. Вада была халодная: з крыніц-мачулаў і з балотаў выцякала. Пакупаешся, аж страсяне, толькі ў сьпякоту сагравалася і то ня лішне.

Успомніў мачулы. У іх мачылі каноплі, як дзе і рыба вялася, А вясной што там рабілася! Крэкту жаб і рэхату турчакоў у цёплы маёвы вечар, у цёплую ночку не наслухацца, не нацешыцца. А птушыныя песьні! А цёпла ў той час маленства бывала. Вясна, паводка, вада ў рэчцы бушуе, шуміць. Мы, дзеці, босыя па халоднай яшчэ зямлі, дзе і сьнег, - бегаем каля рэчкі, кідаем паленьні, каторыя прэ шалёная вада, пазаліваўшы аселіцы, груды. Колькі было нам радасьці! А потым жанчыны беляць палатно. Стукат пранікаў, гоман каля рэчкі, песьні, крыкі, расьсьцілаюць, рась цягваюць ручнікі, сувоі. А вада ўжо ціхая, бурліць, журчыць па каменьчыках. Сядзім на кладцы, спу сьціўшы ногі ў ваду, зачараваныя бурленьнем рэчкі і сьпевам птушак, салаўёў. Рыба плюскае, выскаквае з вады па мушкамі. Вечар ціхі, як зачараваны.

Хадзіў перш у школу ў Арляняты, а потым у Вішнёўку, кілямэтры а можа, за два ці болей.

- А зямлі Вашая сям'я колькі мела?

- Дзесяцін, можа, дзесяць ці дванаццаць. Адным словам, з голаду не ўміралі. Бліноў напякуць, прысмакаў там якіх, галоднымі не былі, працавалі. Хата наша была простая, вясковая, з сенцамі і бакоўкай. Старая. Ложкаў, здаецца, было тры: адзін у хаце і два ў бакоўцы, Сям'я ж вялікая, дык хто спаў у ложку па двух, а іншыя на печы, на палку, Абразы на куце. Простыя лавы каля сьценаў. Падлога. О, як чысьцілі падлогу, і лавы, і хату на Вялікдзень! На Сёмуху затыкалі галінкі пад столь... Пры стале на два канцы такая ж сямейка! У асноўным стравы: буракі, капуста і крупнік. Сярэдняе: бульба, каша, мачанка і бліны, скваркі; рэдка мяса. Нядзеляй найчасьцей бліны. А вялікай трэба было гурбы на трынаццаць жыватоў! ЕлІ часам гарачыя, змазаныя лоем. Работы без канца на полі і дома. Я-дзеля кволасьці менш рабіў. Было старэйшых.

У Вішнёўцы скончыў чатыры клясы. Прыехаў доктар з Крэва правяраць, і я аказаўся першым вучнем. Сказаў удома ён бацьку: "Хай вучыцца далей". Бацька напісаў заяву, на каня пасадзіў босага, даў грошы, каб мог што купіць, і завёз у гімназыю ў Ашмяны. У 30-ым годзе хіба. Потым восень прыйшла, матка памёрла, бацька раздумаўся і вырашыў мяне не пасылаць. У Ашмянах складалі экзаміны. Злажыў добра. Лепш за панскіх дзяцей, бо быў абчытаны. Але восеняй бацька раздумаўся і не пусьціў вучыцца: дорага кватэру наймаць, не хапала сродкаў на утрыманьне. Я гэта цяжка перажываў...

Маці хварэла, бедная, тры гады. Хацела яна, ня ведаю чаму, каб я быў ксяндзом. І агулам, хіба, што быў я спакайнешы за другіх, уважнейшы - называлі мяне ў вёсцы ксяндзочкам. Нейкае прадчуцьцё. Пасьля таго, як не атрымалася ў Ашмянах, правучыўся год у Крэве ў пятым клясе, а тады з пятага перайшоў у настаўніцкую сэмінарыю ў Баруны. Там павучыўся два гады. Цікава было вучыцца, такія кепуркі-"баторувкі" былі. Але жыў з куфэрка, еў, ыгго меў у куфэрку, і папсаваў жывот. 1 другія хлопцы, многа такіх было. Самі сталаваліся, гарачае варылі толькі зімою. Каторыя мелі грошы, жылі ў інтэрнаце, але для мене гэта дарагавата было. Мы жылі ў барунскіх мурах.

У 1933 г. настаўніцкую сэмінарыю закрылі, дык я ў лятнічую школу хацеў пісаць, у Быдгошч. Але потым пісьмо дзядзьку ў Францыю напісаў і прыйшоў адказ. Ксёндз Чарняўскі параіў - У ДРУЮ.

Ад вёскі адвык. Калі па двух гадох вучобы ў Барунах закрылі ў 1933 г. настаўніцкую сэмінарыю, а паступіць вучыцца беднаму не было за што, вось тады з вудачкай і кніжкай ішоў на рэчку. Бывае, укруціцца леска ў карэньні або сукі, трэба падкасвацца, лезьці ў ваду або сьцягваць з сука. Цяпер рэчка зьмялела, ручаёк. Рыбы як і няма. Лясоў каля нас блізка вялікіх не было. Най бліжэйшы - Яляга - за выганам і пад Крэва, каля. Чухнаў - БелягІ, А так свае бярэзьнікі. Тады блізу кожны гаспадар меў свой бярэзьнік. Гадаваў сваё дрэва і паліць, і на пабудову...

Помніцца добра лясок Яляга. Цяпер там вась мігадовая школа, пляц школьны і зарасьнікі. Тады ж расьлі ёлкі, пахнучыя ў сухую пагоду, ягаднік: чарніцы, брусьніцы і высокія жоўтыя астры, іншая зелень. Баравікі ў той час добра расьлі, па бярэзьніках падасіньнікі, чашчавікі, сыраежкі. Равы паваенныя, гушчары, а пах у сьпякоту - аж млосна рабілася. На старасьць і нос ня чуткі...

... Кідаўся і туды і сюды, але паступіць дзе без грошы было немагчыма. Гэта я цяжка перажываў, хоць у зямлю лезь жывы, Год так прапусьціў. Лавіў улетку рыбу, сабіраліся аднагодкі, гулялі ў пікера, качалі кацёлку, гулялі ў карты, у запалкі, снавалі. Міма таго я чуўся адзінокім, нешчасьлівым, часам і ня жыць рашаўся, смуткаваў. Чытаў ліхія і добрыя кніжкі, рыбаваў. Прасіў Бога памагчы. Памагло мне вельмі прачытаньне жыцьця сьвятой малой Тэрэзкі. Перажы ваў вельмі, як перавозілі праз вёску нябожчыка і чуўся плач і галашэньне з магільніка. Нейкі сум у душы, адчужэньне ад людзей. Біліся ў той час страшна па вёсках, забівалі, Відзеў хлапцоў у крыві, пакалечаных; нянавісьць, помста. Гэта ўсё тым больш абрыджала жыцьцё, што часам не хацелася жыць, такім усё жыцьцё ўяўлялася пустым, паганым.

- Ксёнжа, скажыце, як касьцёл уваходзіў у Вашае жыцьцё?

- Ведаеце, як быў маленькі, дык некалі хадзіў да касьцёла, калі не хадзіў. Па-рознаму.

- Ойча, як у тыя гады Вы ўспрымалі беларускі і польскі моманты?

- Бачыце, тады было так: мы ў хаце па-беларуску гаварылі, а ў школе па-польску, дык памылкі рабілі. Хадзіў у школу, лапці былі такія са скуры, потым хадзілі ў дзеравяшках, скурай паабіваных. Прыйдзеш да хаты, дык ногі павыкручвае. Для мяне было не вучыцца - ня жыць. Так мяне ў навуку цягнула. Прыходжу са школы і чакаю, каб скарэй у школу. Я больш так ніколі не вучыўся. Браты не хацелі вучыцца, а ў мяне - толькі школа. Часам яны ня хочуць у школу ісьці, а я іду. Яны хоць злуюцца, але таксама ідуць. Мы ўсё па-беларуску гаварылі, ці якія песьні ці там што - усё па-беларуску. З тых гадоў засталося ў памяці - ужо арганізоўвалі беларускія школы. Браты мае ў такую хадзілі крышку, там чырвоная папера была. З тых часоў помню такі верш:

Пад сярпом крывым маім
Жыта хутка жнецца.
Сноп за снопам у радок

Покладам кладзецца. Яшчэ як я быў у школу хадзіў, вучыў гэты верш, і ён у мяне ў памяці застаўся. Нейкі час там была беларуская школа. І помню там такі Міхайлавіч быў.

- Гэта ў Вішнёўцы было?

- Ня помню. Можа ў Біцянятах. Я хадзіў крыху ў беларускую школу, нейкія пачаткі былі, а потым ужо стала па-польску.

- Ці было ў вашай вёсцы што-небудзь ад Грамады, беларускага палітычнага руху?

- У нас у вёсцы былі такія, хто належаў да гэтага. Помню Міхала Шумінскага. Яшчэ, мусіць, жыве, ужо пад дзевяноста гадоў мае. Яго палякі перасьледавалі потым. Ён выпісваў беларускую газэту з Вільні, і я часам дападаў да гэтага. Ну, і Адама Станкевіча ўжо быў блеск.

- Дык Вы яшчэ тады ведалі Адама Станкевіча?!

- Мы часам кароў пасьвілі пад іхняй вёскай. Ён праходзіў, нават была гаворка пра беларусоў. І ксёндз Францішак Чарняўскі па-беларуску пісаў да нас.

Калі меў ужо адзінаццаць гадоў і пазьней, помніцца, бывала, калі правязуць праз вёску нябож чыка. Асаблівае ўражаньне пакінула памёршая маладая суседка, а пасьля маці. Так цяжка бывала на душы, што хоць сам лезь у зямлю. Што гэта, здавалася, за жыцьцё. Па матцы млеў і цяжка перажываў, застаўшыся ў дванаццаць гадоў сіратой. Праз пяць гадоў і бацька памёр, калі я вучыўся ў кляштары ў Друі, Браты і не наказалі, не паведамілі. А я дык у сэрцы адчуваў тую хвіліну. Калі бацька прывёз мяне апошні раз у Солы на цягнік, абодва мы плакалі, як ніколі раней. Сэрцы адчувалі, што гэта на вечнае разьвітаньне на зямлі. У 1934 годзе я паехаў у Друю і быў там чатыры гады, вучыўся. Як прыехаў, там ўсё было па-польску. Гімназыя была польская. Раней, да 1928 ці 1929-га году, казаньні ў ёй гаварылі па-беларуску, а пасьля забаранілі. Выкладалі ў гімназыі па-польску, але між сабою мы гаварылі па-беларуску. Баяліся правакацыяў. За намі назіралі шпіёны. Там быў айцец Віталі Хамёнак, пазьней памёр у Полшчы, яны ў кляштары сталі хлопцам чытаньні па-польску і па-беларуску гаварыць, і малітвы таксама. Быў востраў на Дзьвіне, мусіць, якіх трыццаць гэктараў, дык жартавалі - Беларуская Рэспубліка. Мы купаемся ў Дзьвіне, а хлопцы з тога, латышскага берага трасуць кулакамі: мы вам пакажам, палякі! З Латвіі прыяжджалі да нас ксяндзы. Там было некалькі ксяндзоў-беларусоў.

- Каго Вы памятаеце з тых беларускіх ксяндзоў з Лат.віі?

- Ксёндза Пашкоўскага, яго потым, як адступалі камуністы, замучылі. Ксёндз Гайлевіч, сядзеў у лягеры. Я быў у яго ў 1937 ці 1938 годзе. Там Забэйда-Суміцкі якраз быў. Мы начавалі. Дык гэты ксёндз так хроп, аж хата дрыжала. Я ляжу і думаю: як заўтра бедны Забэйда-Суміцкі будзе выступаць? Было гэта ў Бульбінове, па-латышску Індра. Ксёндз Ганлевіч служыў па-беларуску, толькі мова крышку падрусыфікаваная была. Яшчэ адзін ксёндз прыяжджаў, дык надта жыдоў дражніў. І быў нешта такое падсьмяяў, жыдоўка ўдала, і яго вывезьлі ў Расею. Адсядзеў, потым пайшоў у Польскае войска, выбраўся, быў у Полынчы. Потым вярнуўся туды, дзе раней працаваў, але мала пажыў. Ксяндзы прыяжджалі, пяць ці шэсьць чалавек. Сярод іх, здаецца, Альшэўскі, беларус, дэканам Рыгі быў.

- Апроч таго, што гаварылі па-беларуску, яны яшчэ на якія-небудзь беларускія тэмы размаўлялі з Вамі?

- Не, не. Спатканьняў з імі было мала. Да нас яны асабліва не заходзілі, а да ксяндзоў. Нашыя ксяндзы з Друі для нас віда ніякога не давалі, так баяліся. Толькі гаварылі па-беларуску. Па прыезьдзе ў Друю моцна хварэў на жывот. Думаў, што ня выжыву. Але маліўся да Маці Божай, і ў сьне, як быццам, абяцала помач - і паздаравеў. Таксама хварэў і на вочы - трахома. Намучыўся. Рэдка чуўся здаровым. Слабеў вечарамі, але з помаччу Божаю кончыў гімназыю няблага.

- Распавядзіце больш падрабязна пра Вашых на стаўнікаў.

- Нашым апекуном быў айцец Язэп Гэрмановіч. Пасьля місыі яго зрабілі прэфэктам у Вільні. Ён апекаваўся клерыкамі беларусамі, марыянамі. 1 ён бяду там меў: за ім сачылі палякі, жыць яму не давалі. Неяк былі ў Варшаве спаткаліся, было гэта ў 1938 годзе. Ён кажа: - Не магу пераносіць, падслухоўваюць пад дзьвярыма. Ліну, кажа, часам вадою ледзяною. Куды ні выйдзе, а за ім шпіён ходзіць. Расказваў, раз падабраў гакі вялікі додждж, апрануўся, узяў парасон, а шпіён за мной. Прайшлі адну, другую вуліцу. Тут пытаю: "Як пану подоба се подруж?" Адказвае: "Цо зробіш, така служба". Пасьля айцец Гэрмановіч паехаў у Манчжурыю. Друнская гімназыя мела семдзесят гэктараў зямлі. Мы улетку працавалі як валы. Большыя хлопцы карчавалі, восеняй малацілі. Мы касілі, вязалі, звозілі, так пазамучваемся, думаем - каб скарэй вучыцца. Налета як пойдзем сеневаць, гэтак цэлае лета працуем.

Мелі вялікі сад, пчолы, гаспадарку, коні, каровы, На кухні і ў гаспадарцы дапамагалі сёстры-законьніцы, служанкі эўхарыстыі, асталяваныя тут арцыбіскупам Матулевічам і а.Андрэем Цікотам.

- Вашы калегі па гімназыі ўзгадеаюць, што Вы былі вельмі сур'ёзным вучнем.

- Уваходзіў у дзесятку лепшых. Але калі былыя вучні-па лякі з нашай гімназыі выдалі ў Польшчы ўспаміны, пра тое, што вывезьлі ксяндзоў з Друі і якая гэта была трагедыя, - не апісалі. І пра мяне каб слова ўспомнілі, разам жа вучыліся! З-за таго, што беларус...

- Як у Вас у гімназыі складаліся міжнацыянальныя стасункі?

- Ніякіх праблемаў тады не было. Як казаў ксёндз Сіповіч, усе вельмі баяліся.

- А Вы з ім таксама разам. вучыліся?

- Так, ён толькі на два гады ўперад быў.

- Вы былі знаёмыя?

- Так, і ён быў нейкі час нашым апекуном.

- Хто яшчэ з беларускіх ксяндзоў працаваў у Друі?

- Ксёндз Андрэй Цікота навучаў у нас кароткі час. Але яго хутка выбралі генэралам марыянаў. Аўтарытэтны чалавек быў. Палякі-марыяны з літоўцамі пагадзіцца не маглі, дык яго выбралі. І біскуп Часлаў Сіповіч таксама быў генэралам. Нас, беларусоў, мала было, але ўсё роўна выбралі, бо паважалі. Калі Цікоту забралі на генэрала закону, па ім дырэктара паляка прыслалі. Цікота быў вельмі паважны. Усе школьнікі мелі павагу да яго. Як ідзе: хлопцы, рукі па швах! Палякі навогул былі настроены супраць кляштара, а Цікота здабыў для яго правы дзяржаўнай гімназыі. Ён выкладаў лаціну, і калі паступалі далей, то ніхто яе не правальваў - так добра выкладаў. Ён заснаваў дом марыянаў у Друі. Наш друйскі дом належаў не да польскай правінцыі, а непасрэдна да Рыма. Бо быў беларускі дом, меў свой статус. Сіповіч у кляштары ў Рыме болей дружыў з літоўцамі, нешта такое крышку пачувалася. Аканомам у кляштары быў ксёндз Смулька. Гаспадарка была ўзорная. Ён са Швэцыі зерне выпісваў, людзям раздаваў. І каровы былі. З гаспадаркі гімназыя і жыла.

У Друі ў навіцыяце апекаваўся намі айцец Віталі Хамёнак. Ён быў нашым магістрам. У навіцыяце ў яго пабылі мо месяц-два, а пасьля ксяндза вывезьлі. Я паступіў у навіцыят пасьля заканчэньня гімназыі ў 1938 годзе. А ў кляштары мы пры дзьвярах сядзелі.. Дык ён, бывае, калі дзьверы стукнуць, аж падскоквае. Айцец Хамёнак быў пасьля ў Полшчы. Казаў мне, што яго не любілі за тое, што быў беларусом. У 1938 годзе пан Бацянскі, ваявода віленскі, са згоды арцыпастыра Яблжыкоўскага прыслаў паліцыю і вывезьлі з Друі шасьцёх ксяндзоў. Надта рабіў нападкі на Друю ксёндз Бародзіч. Іншыя польскія ксяндзы таксама друйскім айцам спакою не давалі, хацелі адабраць у іх кляштар. Адвезьлі іх за тры кілямэтры ад мяжы - і дзе хочаш дзявайся, вам ужо не вярнуцца ў Друю. А я нейкі час яшчэ пажыў у Друі, там у навіцыяце літовец яшчэ быў. А пасьля паехалі мы аж у Польшчу.

- Войча, дык Вы марыянін?

- Марыянін. У навіцыяце ў Польшчы я жыў на Белянах. Калі ў 1938 годзе ксяндзоў і клерыкаў-беларусаў выгналі з Вільні, туды направілі і нас.

У Друі яшчэ айцец. Кашыра быў, размаўляў па-беларуску. Ён перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва і вучыўся ў Вільні. Як прыяжджаў у Друю на канікулы - спатыкаліся. Пасьля выгнаньня з Друі ён апынуўся недзе на Літве. Раз прыяжджае да мяне ў Вільню (нас з Польшчы перавялі туды) і кажа: ня маю месца. Бо былі далі яму парафію мяшаную, па-польску сьвятарыў - літоўцы сталі на яго шэмраць, паехаў тады ў Друю. А ў Друю ўжо прыслалі ксяндзоў-палякоў з Польшчы. Помню, як на вакзале нехта з чыгуначнікаў сказаў на Кашыру: "От які агітатор бялорускі пшыехаў". У Друі ў кляштар Кашыру не прынялі, а направілі ў парафію Бігусова, ва ўсходнюю Беларусь. Там, у Бігусове, другія ксяндзы працавалі. І Ляшчэвіч. Аж з Манчжурыі вярнуўся. Мы былі разам у Полшчы ў навіцыяце.

- А Ляшчэвіч беларус быў?

- Беларус, гаварыў па-беларуску. Яго таксама направілі ў Бігусова пры латышскай граніцы. Там касьцёл быў і яны працавалі. А потым, у вайну, як сталі куляцца нямецкія цягнікі, іх акружылі СД латышскае і нямецкае. Казалі ксяндзам: уцякайце. Не ўцякалі. Людзей вывозілі і забівалі, і ксяндзоў таксама забілі. Там і нейкі ксёндз-паляк быў (яго вывезьлі ў Латвію), таксама загінуў. Усіх, хто ня ўцёк у лес, памардавалі, папалілі, панішчылі. Людзі кажуць, ксяндза Кашыру, спаленага ў Росіцы, пазналі па руцэ, у якой быў заціснуты ружанец. Ляжала незгарэлая рука з заціснутым ружанцам.

- А беларуская мова як прадмет выкладалася ў Друі?

- Не было, усё па-польску. І ў гімназыі, і ў касьцеле усё па-польску. Прыяжджаў у Друю таксама Ідэльфонс Бобіч, беларускі ксёндз. Ён перакладаў Біблію, пісаў казаньні, многа друкаваўся. У вайну яго арыштавалі немцы, сядзеў у Лідзе, а беларусы дабіліся ягонага вызваленьня. Ён напісаў нейкую кніжку - апалягетыку - па-беларуску. Рукапіс яе быў у кс.Адама Станкевіча.

- Што Вы маглі б распавесьці пра Адама Станкевіча?

- Я спатыкаўся з ім у Вільні. А яшчэ ў бацькоўскай хаце выпісваў "Хрысьціянскую Думку".

- А ў Друі Вы выпісвалі беларускую каталіцкую пэрыёдыку?

- Не траплялася. Не давалі гэтага ці баяліся - ня ведаю, як там было. Памятаю такі выпадак. У Вільні Станкевіча арыштавалі. Тады беларусы-каталікі прасілі ў арцыбіскупа Яблжыкоўскага прызначыць на ягонае месца мяне. Арцыбіскуп пагадзіўся, толькі не пазволіў казаньня гаварыць. Беларусы маліліся ў касьцеле сьв.Міхала. Там я і працаваў нейкі час. Гэта было адразу пасьля вайны. Я з айцом Станкевічам спатыкаўся. Ён тады прыходзіў да марыянаў на Полацкую вуліцу, там мы размаўлялі. Яго ўважалі, што вось ён - вараціла Беларусі. І раней да яго ўлады чапіліся, а потым забралі і пасадзілі. Расказвалі, як яго забіралі, органы дазволілі яму ўвайсьці ў хату. Паставіў пліту Забэйды-Суміцкага, засьпяваў той, Станкевіч заплакаў і пайшоў. Там яго і замучылі. Адзін літовец, які працуе цяпер на Літве, расказваў, што сядзеў у турме на Лукішках разам са Станкевічам. Кажа: мяне ято прыклад зрабіў іншым чалавекам. Я быў літоўскім шавіністам, а Станкевіч на куцьцю дзяліўся кавалкам хлеба, гаварыў па-літоўску, умеў па-польску, па-руску, па-беларуску, ён мяне навярнуў. У Польшчы ў навіцыяце было болей палякаў. Там ужо ўсё па-польску было. Там ужо была поўная польская абстаноўка. Між Іншым, у гаспадарцы знайшлі аслоў і козаў. Козаў як жыдоўскае стварэньне супэрыёр загадаў ліквідаваць, а на аслох езьдзілі мы, навіцыі, і мелі многа ўцехі, бо аслы аказаліся ўпорыстымі. Калі хто на яго сядаў, дык асёл качаўся па зямлі, пакуль не скідаў ездака. У 1938-39 навучальным годзе мяне разам з польскім клерыкам направілі ў Вільню ў дамы друйскіх беларусоў.'

- А адтуль іх ужо выгналі?

- Іх выгналі раней. Адразу, як выгналі ксяндзоў з Друі ў 1938 годзе, тады выгналі і клерыкаў з Вільні. Там было іх 12 асобаў.

- А з тых клерыкаў хто-небудзь вядомы Вам?

- Сіповіч. На гэтыя дамы грошы дала Радзівіліха, купляў іх ксёндз Андрэй Цікота. Помню, рэктар Ушылла кажа мне: "Жэбы пан Боцяньскі ведзеў, жэ ксёндз мяновіце з Друі, то бы ксендза выпэньдзіў".

- А яны ведалі, што вы прызнаваліся беларусам?

- Ведалі, але са мной быў клерык, які мяне, можа, запісаў палякам.

- У Вільні Вы вучыліся ў сэмінарыі?

- У 1938-39 гадох. Той 1938 год быў асаблівы. Раньняя вясна і цяпло. На "Казюка" на Лукішках было мнагалюдна. Помню між іншым, як студэнты, пераапранутыя пад "Казюка" і "Казючыху" крытыкавалі польскі ўрад і за кожнай страфой дабаўлялі: "Церп, душа моя, а бэндзеш збавёна, а як не выцерпіш, бэндзеш потэмпёна" на лад мясцовага дыялекту.

- У марыянаў была асобная сэмінарыя?

- Не. Вучыліся ў агульнай. Марыяне толькі жылі асобна. Калі навучальны год скончыўся, паехалі пад Белавежскую пушчу. Там у Расьне былі дамы, дзе марыяны адпачывалі. Было нас можа каля 20 ці болей клерыкаў. Там застала нас вайна. Немцы наступалі. Кругом мабілізацыя, жаўнеры. Раз, калі немцы недалёка ад нас збамбілі элеватар, падняўся страшны дым і пыл. Нехта між нас падняў паніку, што немцы пусьцілі газ. Клерыкі бегалі напалоханыя, хто хаваўся ў дом, а некаторыя нават у блізкі лес. Потым высьветлілася, што гэта толькі густы пыл падняўся. Мы дасталі нейкую машыну і вярталіся ў Вільню. Калі наляталі самалёты, мы хаваліся ў кусты. У Вільні ўжо нічога не было. Паехалі ў Друю, а там ужо саветы прыходзяць. Я потым пераехаў на Літву да марыянаў, у Укмэрге. I, помню, раніцай бамбяць савецкія самалёты, а мы ўжо спакойныя. У ксяндзоў у Марыямпалі быў год. Карацей, круцілі, палякі: не хацелі прымаць, што беларус, літоўцы таксама нешта прыдумалі, і год я не вучыўся. Прабыў каля ксяндза. Падхвацілі немцы літоўца са зброяю. ЁН быў солтысам і меў права насіць зброю. Немцы палічылі за партызана і прывялі на наш падворак. Паведамілі людзі. Выбеглі мы з ксяндзом Палонскім. Трэба ратаваць, выясьніць. Палонскі ўмеў добра па-нямецку, а я таксама. Прыбягаю да немца і кажу па-нямецку: "ЁН солтыс і таму мае права насіць зброю". Тады афіцэр апусьціў пісталет і ўволіў чалавека. А тады вучыўся па-літоўску. Перш вучылі ў марыянаў два гады, а потым у духоўнай сэмінарыі. Там павучыўся, а калі адкрылася сэмінарыя ў Вільні, мяне пераслалі туды. У Вільні тры гады вучыўся, а ўсяго - шэсьць. Лічыўся тэалягічны факультэт. Мяне на год раней высьвяцілі, і я працаваў і вучыўся.

- Ойча, на якой мове выкладалі ў сэмінарыі ў Вільні?

- Па-польску, а потым, ужо пры літоўцах, мяшанка была, і па-літоўску. У часе нямецкай акупацыі пры літоўцах у сэмінарыі выкладаў беларускую мову Адам Станкевіч.

- А ці былі беларусы-клерыкі?

- Там ні такія ні сякія былі. Я ўжо быў. Якіх можа пяць з нас. Ксёндз Кулак неяк прыходзіў крышку выкладаць.

- А што ён выкладаў?

- Выкладаў усходнюю тэалёгію, па-беларуску.

- Якім запомніўся Вам Адам Станкевіч?

- Я да яго заходзіў, на кватэры быў. Я жыў пры літоўскім касьцеле сьв.Ігната і працаваў пры літоўцах па-літоўску. Часам і ён прыходзіў да нас. Я быў высьвячаны ў 1944 годзе. Мелі мяне сьвянціць разам з ксяндзом-езуітам Станіславам Міхальскім у езуіцкай капліцы. Але хтосьці данёс на мяне, што я быццам не люблю польскай мовы і штосьці падобнае. Арцыбіскуп Яблжыкоўскі асьцерагаўся мяне сьвяціць. Марыяне настойвалі. Тады перадаў сьвяціць мяне біскупу Мечыславу Райнісу, каторы ўдзяліў мне субдыяканату, дыяканату і сьвя тарства 1944.Х.4 у віленскай катэдры. Прыміцыі надумаўся адправіць на Беларусі. Я належаў раней да барунскае парафіі. Выпадала адправіць прыміцыі ў Барунах. Але мяне сваякі ўпярэдзілі, што барунскі пробашч (кс.Карпінскі) бела русаў ня любіць. Дык я зьвярнуўся да ксяндза ў Крэве, у каторага летам пару гадоў і дзяцей прыгатаўляў да споведзі, і зімой прыязджаў. Так я ў канцы кастрычніка 1944 года адправіў сваю першую сьвятую Імшу ў Крэве. Меў выдрукаваны на Літве на абразіках тэкст па-беларуску. Прыміцыі прайшлі бяз шуму і гуку. Адтуль зноў вярнуўся да марыянаў пры касьцеле сьв.Ігната. Адпраўляў імшу, спавядаў, адпраўляў набажэнствы нараніцы, а ўвечары хадзіў вучыцца ў сэмінарыю, Як даведаўся рэктар кс.Ушылла, што я высьвяціўся, круцілі-муцілі, але так яно і прайшло. Каб не марыяне-літоўцы, мяне да сьвятарства палякі не дапусьцілі б...

... У той час у касьцеле часта кралі. Закрыстыянін, вучань гімназыі, цяперашні сьвятар, маліўся да сьв.Ан тонія і пільнаваў. Гэта было ў час нямецкай акупацыі. Раз злавіў паляка-інжынэра ўжо на вуліцы, каторы ўкраў сьвечку з аўтара. Другі раз убачыў у касьцеле здаравяку, які краў пакрыцьці з аўтара. Аказаўся таксама паляк. Прасіўся ўпусьціць памаліцца. Побач стаяў ваенны камісарыят. Раз сяржанты прабілі мураваную сьцяну, дзе мы жылі, і ўкралі з неабжытага пакоіку сала і рэчы памёршага ксяндза. Аднойчы летам праз дах пракраўся ў пакойчык гэтага ж закрыстыяніна хіба што нехта з ваенных і ўкраў яму порткі, гадзіньнік ды іншыя рэчы.

- Ці размаўляў з Вамі Адам Станкевіч наконт лёсу беларускай мовы ў касьцеле?

- Не, ня помню. Я раз сказаў: касьцёл гулкі. Слова яму спадабалася, запісаў. Часам ён хадзіў адпраўляць імшу ў Вострую Браму, а потым у сьв.Міхала. Аб тым, што трэба гаварыць па-беларуску, і нагадваць ня трэба было. Я ужо з Друі быў сьведамым. Як калом увагналі. Калі ксяндзоў беларусаў вывозілі, усё гэта я перажываў. Потым ня трэба было мне ні гаварыць, ні вучыць пра беларускасьць. Пазьней быў у Варшаве і там бачыў адносіны да беларусаў, пасьля выгналі клерыкаў з Вільні. На нас, беларусоў, глядзелі, як на злачынцаў. Пры канцы сэмінарыйнага году (1945) органы сказалі нашым сэмінарыйным уладам: "Літоўцы хай едуць у Каўнас, а палякі ў Польшчу". І закрылі сэмінарыю. Як кс.Адама Станкевіча арыштавалі, вернікі зьвярнуліся да арцыбіскупа Яблжыкоўскага прызначыць мяне. Той пагадзіўся: "Тылько жэбы казані не мувіць по-бялоруску". Але мой начальнік з марыянаў крышку закапрызіў, што я ўвагу на сябе зьвярнуў, і праз два-тры месяцы мяне пераправілі на Літву.

- Многа людзей прыходзіла на беларускую імшу ў Вільні?

- Сабіраліся. Можа не заўсёды поўны касьцёл, але сабіралася даволі. У ВільнІ я любіў працаваць ад душы. Калі пры мне паміралі ў палаце - ня спаў начамі, пакуль не прывык. Гэтак моцна перажываў.

- Ці памятаеце Вы ксяндза Уладзіслава Талочку?

- Быў на яго паховінах. Ён таксама маліўся ў касьцеле сьв.Міхала па-беларуску. Быў для ўсіх сваім: і для палякаў, і для літоўцаў, а сам прызнаваўся беларусам.

- Што Вы памятаеце пра ксяндза Кулака?

- Ён быў ні так ні сяк. Праўда, пісаўся беларусом. Ён закончыў студыю разам з кс.Францішкам Чарняўскім. На парафіі ён маліўя па-польску, толькі калі прыязджаў у духоўную сэмінарыю, дык па-беларуску з намі гаварыў. Мы трымалі з ім сувязь доўгія гады.

- Ён дапамагаў Вам перакладаць Біблію на беларускую мову?

- Ён толькі пацьвярджаў мае пераклады. Малітоўнік глядзеў. І пакуль я не пераслаў пераклады ў Рым, кс.Кулак меў апрабату ад літоўскіх касьцельных уладаў, таму я ўсе пераклады завозіў яму. На ўсіх маіх перакладах - ягоны подпіс.

- Як далей склалася Вашае жыццьце?

- Пасьля вайны я працаваў у Укмэрге, на Літве. Мураваную плябанію марыянаў занялі органы. Мы жылі побач у старой. Мелі з імі клопату. Яны напіваліся, пракрадаліся ў сад п'яныя. Там пры мне арыштавалі ксяндза. Мелі мы бібліятэку, прыходзілі дзеці, моладзь, сьпявалі ў касьцеле... У 1948 годзе мяне направілі ў Гегужыне. Там вельмі. чапіліся да мяне, таму праз год пераехаў у Ёрнішкі, каля Падбродзьдзя. Пасьля ў Варэне працаваў год, затым у Эйшышках. А з Эйшышак папрасіўся на Беларусь. Парафіі ,ўсе былі літоўскія, і казаньні, чытаньні - усё я рабіў па-літоўску.

- Як Вы патрапілі на Беларусь?

- Прыяжджалі людзі, цэлыя дэлегацыя, прасілі, бо скрозь не было ксяндзоў. І біскуп мяне адпусьціў на Войстан, за Смаргоньню. А затым пераехаў сюды, у Вішнева, і працую тут з 1954 году. Мяне тут доўга не прыпісвалі, болей году мучылі. Касьцельны камітэт езьдзіў у Менск, у Маскву.

- Калі Вы прыйшлі на парафію, якая ў Вас складалася моўная сытуацыя?

- Я адразу стаў гаварыць па-беларуску. Мяне калі запрашалі, я казаў: калі хочаце ксяндза - буду гаварыць па-беларуску. Калі з акцэнту, з сытуацыі бачыў, што некаторыя вернікі дома карысталіся польскай мовай, з такімі стараўся гаварыць па-польску, асабліва са старэйшымі. Калі адчувалася, што ня ўмеюць, але па звычцы гавораць з ксяндзом па-польску, перакручваюць словы, з такімі гаварыў па-беларуску. Некаторыя крывіліся спачатку, казалі, што камуніст, усякая была гаворка. А час прайшоў - і ўсе прывыклі. Калі дзеці у касьцеле пачалі сьпяваць па-беларуску, дык некаторыя адмаўляліся ісьці ў касьцёл. Колькі разоў думаў: кіну, вярнуся ў Літву, але рабілася шкада. Другі раз думаў: ня буду навукаў казаць, таксама адпускаўся. Так цягнулася гады. Памалу самыя ўпорыстыя сталі прывыкаць. У 1967 годзе я быў у Рыме на прыёме ў папы Паўла VI.

За год да паездкі я атрымаў пісьмо з Рымскай Курыі, ад сакратара Стану, у якім паведамлялася, што Папа Рымскі прызначае мяне на адміністратара для каталікоў на Беларусі, калі на гэта згодзяцца савецкія ўлады. А праз нейкі час - другое пісьмо, на французскай мове, з паведамленьнем, што мяне прызначаюць дараднікам ад Кангрэгацыі Абрадаў і з запрашэньнем у Рым. Я гэтыя дакумэнты прадставіў рэспубліканскаму ўпаўнаважанаму. Хіба па двох меся цах заклікаў мяне рэспубліканскі ўпаўнаважаны ў Менск і растлумачыў: адміністратарства ня вырашана, а паехаць у Рым па выкліку як дарадцу дазваляецца, На той час генэралам марыянаў быў Часлаў Сіповіч, а біскупам для беларусаў за мяжою - Сьлёнскас. Мы былі на прыёме ў Папы разам з Сіповічам. Размаўлялі на лаціне. Рымскі Папа сказаў, што хоча мяне бачыць біскупам на Беларусі. Ен пазьней званіў у савецкую амбасаду, але саветы не далі на гэта згоды. Папа сказаў: "Скажы рускім, што ты зьяўляешся ляяльным, спакойным чалавекам, каб не баяліся". Але... У той жа прыезд мне даручылі ад кангрэгацыі па Божым кульце перакладаць Біблію.

- Як ішла Ваша перакладчыцкая праца?

- Я вярнуўся і стаў перакладаць. Памалу-памалу і пераклаў за год сем тамоў літургічных тэкстаў з польскай мовы. Яны пацьверджаныя ў Рыме. Два гады таму было мне запрашэньне ў Рым, але я не паехаў. Як з намі паступалі праз 70 гадоў? Даюць катэхізмоўку, якой не было ад пачатку хрысьціянства: кірылічныя літары, польскія словы. Палякам трэба польскія, а беларусам - беларускія катэхізмоўкі. Я напісаў ліст Папе, што для нас "польская" вера - гэта скула, гэта духовы Чарнобыль. Можа што хацеў Папа, можа не - ня знаю, не паехаў.

- Зараз сярод марыянаў ёсьць беларускія ксяндзы?

- Апяцёнак працуе каля Браслава. Мы разам вучыліся. Ксёндз Лось у Друі. Відзіце, тады цкавалі ксяндзы-суседзі, каб не дапусьціць беларусоў. Ксёндз Неманцэвіч па-суседзтву, у Лоску, жыў, дык казаў: ксёндза Чэрнявскего не замэльдуюён і в Молодэчне. (Там раней вобласьць была).

- Як да Вас ставіліся савецкія ўлады? Ці быў на Вас нейкі націск як на нацыяналіста?

- Нават у Маскве пра гэта гаворка была. Казалі - лепей па-руску. Мяне тры разы на тры месяцы здымалі з працы. Пра тое ж казалі і ў Менску, і ў вобласьці, і ў раёне.

- Некалькі гадоў таму друкаваўся Ваш адкрыты ліст да канфэрэнцыі, якая праходзіла ў Польшчы...

- Запрашэньне прывезла адная дзяўчына, якая цяпер, мусіць, вучыцца ў Полшчы. Заставаўся тыдзень, дакумэнты аформіць я не пасьпеў бы. Таму папрасіў дзяўчыну пачакаць і напісаў: Ксёнжы тацы бардзо побожні, сьвенці, жэ по-бялоруску і гаварыць ня хочуць. .

- Як у Вас склаліся адносіны з ксяндзамі?

- Прыяжджалі да мяне і я часта езьдзіў. Але як стаў па-беларуску гаварыць, жупранскі ксёндз намаўляў дэкана Кафарскага "жэбы суспэндоваць" мяне. Ды ксёндз Кафарскі на гэта не пайшоў.

- Наколькі важная роля ксяндза для вызначэньня мовы ў касьцеле?

- Кожны народ павінен маліцца ў сваёй мове. Гэтак пастанавіў Ватыканскі сабор. Гаворыш па-польску - ніхто не разумее. Што важней, польская мова ці разуменьне веры? А яны ўсё круцяць. Мнё другі раз кажуць: вось ты, ксёндз, працуеш, а калі ты памрэш... Быў такі выпадак. Працаваў за Ашмянамі ксёндз (ён зараз у Маскве). Прыйшла да яго кабета, гаворыць пацеры па-бела руску, а ксёндз кажа, што такіх не прызнае: пакуль не навучышся па-польску, шлюбу ня дам. Я бачу тут толькі віну ксяндзоў. Яны хочуць апалячыць беларусаў. Гэта іх мэта.

- Як Вы ставіцеся да місыянэраў, якія прыяжджаюць з Польшчы на Беларусь?

- Такія ж самыя. Каторыя прыжджаюць, павінны зжыцца з народам, навучыцца мовы, каб дзеці іх разумелі. Людзі не разумеюць казаньні, пацеры па-польску. Я ўжо колькі разоу пытаўся зьмест - не разумеюць. Адносна пытаньня мовы напісаў у пісьме ў Рым: "Я гляджу на ксяндзоў як на фарызэяў".

- Але як аргумэнт ксяндзы прыеодзяць такі довад, што гэтага хочуць людзі.

- А чаго хоча п'яніца? Калі да мяне прыехалі на імшу каля 30 чалавек з-пад Іўя і я пачаў пытацца пра Бога, нічога ня ведаюць. Ці шлюб браць прыяжджаюць - нічога ня ўмеюць.

- Як Вы ставіцеся да рускай мовы ў касьцеле на Беларусі? Некаторыя ксяндзы кажуць, што горад гаворыць па-руску, і нам таксама трэба.

- Блага думаюць рабіць. Трэба, каб беларускі народ вучыўся па-беларуску. Мы ж ня рускія. Каторыя і ня ўмеюць з беларусоў па-беларуску, а беларускую мову лічаць роднай і разумеюць добра. А каб я ў Расею ці ў Полшчу паехаў і па-беларуску пацеры гаварыў, што б яны сказалі? Ксяндзы наўмысна раней гаварылі па-расейску, каб беларусам сьведа масьць не даваць.

- Ці трымалі Вы кантакт з Вашым дзядзькам, ксяндзом Францішкам. Чарняўскім?

- І перапіску з ім меў. Я запрашаў яго вярнуцца на Беларусь. Ен кажа: "Я не сьвяты, не хачу, каб мае косьці раскідалі па Сібіры". У 1937 годзе ён прыяжджаў у Друю і прапаноўваў ехаць у францыю. Я не захацеў. Ён жыў у Францыі, потым у Бэльгіі і Амэрыцы. Там і памёр. У Амэрыцы разам з кс.Янкам Тарасэвічам выдаваў беларускі каталіцкі часопіс "Сяўбіт".


← вярнуцца