Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Беларуская мова — Беларуская мова ў храмеНавіны

Памяці Іаана Гашкевіча

2012-10-08 0

Вершы Ангеліны Дабравольскай.

Успомнім нашага славутага дзеяча праваслаўнай веры — нашчадка славутага рода Гашкевічаў — пратаіярэя Іаана Іаанавіча Гашкевіча — святога праведнага Іаана, Кармянскага цудатворца, мошчы якога знаходзяцца ў Свята-Іаанаўскім Кармянскім манастыры ў в. Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці.

9 верасня — дзень яго святой памяці (у гонар аднойдзення яго мошчаў).

Падрабязна пра яго жыццё і цудоўную дапамогу можна прачытаць сайце "Святы праведны Іаан Кармянскі" , стораным Ангелінай Дабравольскай з благаславення Праасвяшчэннейшага Стэфана, цяпер япіскапа Гомельскага і Жлобінскага
(гэта ён у 1991 годзе знайшоў мошчы св. а. Іаана, стварыў Кармянскі жаночы манастыр).

Змяшчаем таксама вершы Ангеліны Дабравольскай "Вандроўка да святога Іаана Кармянскага" і нізку вершаў "Агародня—Карма".

"Вандроўка да святога Іаана Кармянскага"

1. ГОМЕЛЬ

 Па горадзе, родным стаўшым,
 Спяшаю хадой таропкай —
 Туды, дзе, ноч не даспаўшы,
 Ішла з вінаграднай гронкай
 На свята — Праабражэння! —
 Па сонным яшчэ праспекце,
 З маленнем — аб ачышчэнні,
 З прашэннем — каб не памерці,
 З літаннем — уратавання! —
 Праз слёзы, праз боль, у скрусе...

 I мне было — даравана...

 I — на ўрачыстым абрусе —
 На вінаград і яблык
 Упалі жывыя каплі,
 А ў сэрцы, болей не ззяблым,
 Ужо рассычаўся камень,
 I ў кожным яго асклепку,
 Такім ледзяным і бязбожным —
 Нібы люстравалася Неба,
 Пяшчотна і асцярожна.

2. ДАРОГА У КАРМУ

 Гэтым часам, калі
 Прамінаюць палі і вёскі
 (Ці на яве — ці ў сне?),
 Успаміны мірскія стынуць,
 Я спяшаю к Табе,
 Задыхаюсь, глынаю слёзы,
 Я малюся Табе,
 Дарагая наша Святыня.

 Сустракаеш усіх
 Светлым Храмам,
 Як вочы, сінім,
 Чыстым Крыжам
 I ў студні —
 Вадой жывою.
 Як нідзе,
 Тут да неба, да Бога
 Бліжай.
 Усё жыццёвае
 Застаецца па-за Кармою.

 Тут слабы карабель мой
 Спыніўся
 І кінуў якар.
 Ды не моцны ланцуг —
 Зноўку хваля —
 I ён парвецца...
 Дай жа, Госпадзе,
 Каб прайшлі без знаку
 Усе буры і штормы,
 У жыцці і ў сэрцы.

 Ёсць прыстанкі
 У хвалях быцця-акіяну.
 Ратавальным агнём
 На іх душы чыстыя свецяць.
 ...Святы праведны ойча наш Іаане,
 Малі Госпада
 Аб Яго непуцёвых дзецях.

3. У ХРАМЕ

 У Храм увайду і зацеплю свечачку,
 Прад святымі мошчамі стану.
 Дзякуй, ойча наш Іаане,
 За Тваё вялікае сэрца.

 За малітву тваю няспынную,
 За любоў да людзей убогіх.
 З іх нікога ў жыцці не пакінуў Ты
 Словам добрым і дапамогаю.

 Усе прароцтвы Твае здзяйсняліся,
 Слова кожнае адбылося:
 I Царыца Нябёс з’яўлялася,
 I дыханне Яе засталося.

 Дзякуй, бацюшка Іаане,
 Што квітнее зямля Кармянская.
 ...Светлым раннем
 у Пакроўскім храме
 Ціха ліецца малітва манаская.

4. МАЛIТВА

 Госпадзе,
 дай маліцца
 за родных у гэтым свеце.
 Зёлцы —
 долу хіліцца,
 Дрэву —
 заломваць вецце.

 Подыхам Твайго Духу,
 Словам або маўчаннем
 Кожным імгненнем, рухам —
 Абарані ад адчаю,
 Бедаў, нягодаў, спакусаў
 Верных Табе
 і грэшных —
 Усіх,
 хто на Беларусі ёсць —
 і апошніх,
 і першых.

 ...Чыстыя немаўляты
 Спяць у жаночых улоннях.
 Ірады — мама з татам.
 Божа! Хто абароніць?
 Тонкія ніці жыццяў
 ’Шчэ ў Тваёй далоні...

 ...Спеюць зернейкі ў жыце
 На каласох зялёных.
 Лісце —
 спякотнаму сонцу,
 Корань —
 атрутнае глебе.
 Сокі —
 вадзе смяротнай...
 «Дай нам штодзённага хлеба!..
 Хопіць, маўляў, палохаць
 Душы, парослыя цернем!..»

 ...Цень ад Крыжа Гасподняга
 Зліўся з Чарнобыльскім ценем...

5. ДЗЕЦЯМ ХРЫСТОВЫМ

 ...Палымнее душа
 Чысцінёю, святлом і любоўю.
 Ззяе так,
 Што балюча, няможна глядзець.
 А праз ззянне —
 Сцякае жывою крывёю сваёю.
 Толькі гэтым жыве,
 Мае моцы любіць і цярпець.

 Праз стагоддзі пакуты Хрыстовай
 Яна ўкрыжавана,
 След цвіка і кап’я
 Ёй ніколі не спыніць балець.
 Не стыгматы, не цела —
 А сэрца праўдзівага рану —
 Не загоіць
 Ні час, ні каханне, ні смерць.

 Божа,
 Дай жа душы гэтай
 У яве і ў сне быць з Табою,
 Як ахвяру Сваю
 На ахвярнік нябачны прыймі,
 Улячы яе раны —
 Чыстым Целам і Кроўю Тваёю.
 На мытарствах
 Зямных і нябёсных
 Яе барані.

6. АГАРОДНЯ

 Тут, паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, спраўдзіўшы прадказанне св.
прав. Іаана Кармянскага, у Свята-Нікольскі храм на Божую Літургію
з’явілася Сама Найсвяцейшая Дзева Марыя з анёламі. Было гэта ў 30-я
гады XX стагоддзя, амаль праз 20 год пасля смерці айца Іаана. У 1950-я
гады храм быў разбураны. Цяпер на месцы яго алтара стаіць 3-мятровы
дубовы крыж.
 (3 «Жыція св. прав. Іаана Кармянскага»)

 ...Схілюся грэшнай галавою
 I тварам упаду ў траву.
 Дай, Госпадзе, мне быць з Табою —
 Я ўсё тады перажыву.

 Калі надыдзе час спакусы —
 Дазволь мне сэрца ўтрымаць
 I ад Цябе не адкаснуцца.
 ...Тут
 ля Крыжа
 стаяла Маці…

 Бяздольным, з хвораю душою
 Усяе пакуты не знясці.
 Але іскрынкаю жывою —
 Сам ацалі і асвяці.

7.

 ***
 Абрыс галіны,
 лінія святла —
 Як словы,
 невыказныя ў малітве —
 Звязаныя паміж сабой не рытмам,
 А чысцінёю,
 што не знае зла.

 ***
 Ах, вясёлка —
 дзіўная дарога
 кволай чалавечае душы:
 Лёгка ўзносіш думкаю да Бога,
 на прыступку райскага парогу.
 Вось каб узысці — і не грашыць!..

8. МАЦI БОЖАЯ, БЛАГАСЛАВI!
 (Вяртанне)

 Кожны дзень, нібы верш, —
 нанова
 Адкрываю Святое Слова.
 Сцвердзіць нам Яго ў жыцці —
 Маці Божая, благаславі.

 Хай усе клопаты і ўчынкі
 Не затуляць, як аблачынкі,
 Прамянёў Найсвяцейшай Любві —
 Маці Божая, благаславі.

 Цела — Хлеб, і вада — жывая
 Душы грэшныя ажыўляюць.
 Прычашчэння Святой Крыві —
 Маці Божая, благаславі.

 Ацалі нашы душы, Царыца,
 Бо самім ад грахоў не пазбыцца.
 Уладарка Нябёс і зямлі,
 Маці Божая — благаславі!

 1999–2001 гг., Гомель–Мінск–Гродна




 “АГАРОДНЯ – КАРМА”


 (нізка вершаў)

*

 Месцу былога Свята-Нікольскага храма


 Маўчаць званы.
 Ніжэй травы –
 зямля.
 У зямлі, бы зерне,
 спіць душа мая.


 *
 Ю.


 Не з дошкі крыж –
 Ён і з крыві, і з цела.
 Няўжо ж, душа,
 Ты гэткага хацела?..


*
 Дарога Агародня-Карма


 Плывуць аблокі
 вечным шляхам.
 Дзе на зямлі
 прытулак птаху?


 *
 Калоссе ліецца,
 Птах над нівай.
 Хай песня выспее шчаслівай.


 *
 Добрае слова – жывою вадой
 з вуснаў ліецца.
 І – сунімае смутак і боль.
 Чым ты, душа, адзавешся?


*
 Любоўю – за любоў?
 Гасподзень Крыж
 ці зможаш несці?
 Што ж, душа, маўчыш?


 06.12.2001 г., Мінск

Ангеліна ДАБРАВОЛЬСКАЯ

← вярнуцца