Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ДЗЕЙНАСЦЬ — Маніторынг

Беларуская мова ў судах

2015-07-24 0

 Заканадаўства.Паводле арт. 14 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” (далей – Закон) у дзейснай рэдакцыі судаводства вядзецца на беларускай або рускай мове. Злучнік “або” і такое палажэнне з’явіліся ў Законе пасля таго, як ён быў выкладзены ў новай рэдакцыі Законам Рэспублікі Беларусь ад 13 ліпеня 1998 г. № 187-З. Дагэтуль, паводле першапачатковай рэдакцыі Закона (ад 26 студзеня 1990 г.) судаводства мусіла весціся на беларускай мове або нацыянальнай мове большасці насельніцтва данай мясцовасці. Пасля зменаў у Закон, прынятых у 1998 г., норма аб вядзенні судаводства на беларускай або рускай мове знайшла адлюстраванне ва ўсіх працэсуальных кодэксах, паколькі ўсе яны прымаліся пазней.

Судовая сістэма Рэспублікі Беларусь. Уключае Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, які ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў, і сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі, што складаецца з Вярхоўнага Суда, абласных (Мінскага гарадскога) судоў, эканамічных судоў абласцей (горада Мінска) і раённых (гарадскіх) судоў.

Выкарыстанне беларускай мовы судамі. Запыты з мэтай высветліць, наколькі часта судаводства вядзецца па-беларуску, а разам з тым і стаўленне да беларускай мовы з боку судовай сістэмы нашай краіны, былі накіраваныя ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (далей – ТБМ) ва ўсе абласныя суды, Мінскі гарадскі суд, а таксама ўсе эканамічныя суды.

У большасці выпадкаў суды не давалі канкрэтных лічбаў, спасылаючыся на тое, што адпаведная статыстыка не вядзецца, таму дакладныя дадзеныя адсутнічаюць. Але з адказаў можна зрабіць выснову, што, на жаль, выпадкі вядзення судаводства па-беларуску з’яўляюцца адзінкавымі; выкарыстанне беларускай мовы ў судах зводзіцца да афармлення па-беларуску інфармацыйных стэндаў, узораў заяў і г.д. Пэўнага адзінства ў пазіцыях судоў адносна захадаў па пашырэнні выкарыстання беларускай мовы ў гэтай сферы таксама няма: так, некаторыя суды ахвотна прымалі прапанову па стварэнні беларускамоўнай версіі сваёй старонкі ў сетцы Інтэрнет альбо падачы інфармацыі пра дзейнасць суда па-беларуску, іншыя ж спасылаліся на адсутнасць матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння.

Так ці інакш, практычную адсутнасць судаводства па-беларуску суды тлумачаць адсутнасцю зваротаў на беларускай мове, г.зн. адсутнасцю адпаведнага волевыяўлення грамадзян. І трэба прызнаць, што гэта – адна з асноўных прычын. Сапраўды, у агульным аб’ёме зваротаў у суды звароты па-беларуску складаюць зусім нязначную лічбу.

Прычыны/праблемы. Суды, якія сутыкаліся з вядзеннем судаводства па-беларуску, звярнулі ўвагу на такую практычную праблему, як адсутнасць асноўных нарматыўных прававых актаў на беларускай мове. Гэта насамрэч ускладняе вядзенне судаводства па-беларуску ў тых малалікіх выпадках, калі такія спробы прымаюцца.

Справа ў тым, што як асобы, што звяртаюцца ў суды, так і самі суддзі падчас складання судовых пастаноў вымушаны самастойна перакладаць нормы права з рускай на беларускую мову. Аднак каб лічыцца афіцыйным, пераклад нарматыўнага прававога акта, паводле дзейснага заканадаўства, павінны быць зацверджаны адпаведным дзяржаўным органам альбо службовай асобай у парадку, што ўстаноўлены для прыняцця такога акта.

Дзяржаўныя органы нярэдка спасылаюцца на магчымасць перакладу прававых актаў з рускай на беларускую мову ў электронных копіях эталоннага банку дадзеных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, за фармаванне якога адказвае Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, які і распаўсюджвае яго электронныя копіі разам з інфармацыйна-пошукавай сістэмай “ЭТАЛОН”. Аднак згаданы пераклад не толькі не з’яўляецца афіцыйным, у сувязі з чым не можа быць выкарыстаны, напрыклад, у судах, але і з’яўляецца ў значнай ступені тэхнічным, паколькі на сённяшні дзень адсутнічае аднастайная юрыдычная тэрміналогія па-беларуску. Акрамя таго, у сённяшнім часе інфармацыйных тэхналогій немагчыма прызнаць электронную копію эталоннага банку дадзеных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь з інфармацыйна-пошукавай сістэмай “ЭТАЛОН” шырокараспаўсюджанай альбо лёгкадаступнай, паколькі бясплатна пакарыстацца ёй можна толькі ў бібліятэцы, і тое далёка не ў кожнай.

Захады ТБМ па паляпшэнні сітуацыі. У канцы 2014 г. ТБМ звярнулася ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследванняў Рэспублікі Беларусь (далей – НЦЗіПД) з прапановай уключыць у план падрыхтоўкі законапраектаў на 2015 г. распрацаваны ТБМ законапраект “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы”. У прыватнасці, заключныя палажэнні гэтага законапраекта прадугледжваюць пераклад асноўных нарматыўных прававых актаў на беларускую мову. У адмове НЦЗіПД уключыць законапраект у план падрыхтоўкі на 2015 г. выказана меркаванне, што адсутнасць заканадаўча замацаванага абавязку ўжывання ва ўсіх сферах грамадскіх адносін адначасова дзвюх дзяржаўных моў не з’яўляецца падставай для дыскрымінацыйнага падыходу ў выкарыстанні беларускай мовы. Разам з тым, у тым жа адказе НЦЗіПД канстатаваў, што колькасць дзейсных нарматыўных прававых актаў на рускай мове складае больш за 33 300 (апрача тэхнічных нарматыўных прававых актаў, міжнародна-прававых актаў Рэспублікі Беларусь), чым, на наш погляд, засведчыў супярэчлівасць уласных разважанняў.

Нягледзячы на нібыта адсутнасць відавочных вынікаў шматлікіх зваротаў ТБМ у дзяржаўныя органы па пытаннях зменаў моўнага заканадаўства, у пасланні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь “Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2014 годзе” выказана думка, што дзеля забеспячэння свабоднага доступа да правасуддзя заканадаўчыя акты, што тычацца правоў і свабод грамадзян, мэтазгодна выдаваць на дзвюх дзяржаўных мовах – беларускай і рускай у адпаведнасці з палажэннем артыкула 17 Канстытуцыі аб роўнасці дзвюх дзяржаўных моў.

 
 
Табліца. Абласныя суды і Мінскі гарадскі суд
 
 
Суд
Колькасць спраў у 2013-2014 гг., па якіх судаводства вялося па-беларуску
Справаводства па-беларуску
Рэакцыя на прапанову падаваць па-беларуску інфармацыю на сайце ў Інтэрнеце
1.
Брэсцкі абласны
па хадайніцтву бакоў
 
будзе разгледжана пры правядзенні мадэрнізацыі структуры сайта
статыстыка не вядзецца
2.
Віцебскі абласны
статыстыка не вядзецца
 
распрацоўка беларускамоўнай версіі не плануецца ў сувязі з адсутнасцю фінансавання
3.
Гомельскі абласны
як правіла, вядзецца па-беларуску пры паступленні адпаведнага хадайніцтва ад удзельнікаў; статыстыка не вядзецца; большасць – па-руску
 
не плануе, але прапанова прынята да ўвагі, мае намер размясціць інфармацыю на дзвюх мовах у рубрыках сайта
4.
Гродзенскі абласны (не было адказу)
 
 
 
5.
Магілёўскі абласны
статыстыка не вядзецца, у выпадку заявы ўдзельнікамі хадайніцтваў – разглядае і дазваляе
 
не ўяўляецца магчымым у сувязі з адсутнасцю адпаведнага матэрыяльнага і тэхнічнага забеспячэння
6.
Мінскі абласны (не было адказу)
 
 
 
7.
Мінскі гарадскі суд
па меры неабходнасці
 
прынята да ўвагі
статыстыка не вядзецца
 
 
Табліца. Эканамічныя суды
 
 
Эканамічны суд
Колькасць спраў у 2013-2014 гг., па якіх судаводства вялося па-беларуску
Справаводства па-беларуску
Рэакцыя на прапанову падаваць па-беларуску інфармацыю на сайце ў Інтэрнеце
1.
Брэсцкай вобласці
звароты выкладаюцца заяўнікамі на рускай мове, адпаведна, судаводства і справаводства вядуцца на рускай мове
прынята да ведама
2.
Віцебскай вобласці
звароты юрыдычных асоб і грамадзян паступалі на рускай мове, судаводства ажыццяўлялася на рускай мове
 
на афіцыйным партале сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі прадугледжана магчымасць знаёміцца з інфармацыяй на беларускай мове (?)
3.
Гомельскай вобласці
зваротаў аб разгледжанні іскавых заяў (заяў) на беларускай мове не паступала, мовай звароту была руская мова, таму судаводства і справаводства вялося на рускай мове
 
4.
Гродзенскай вобласці
звароты суб’ектаў гаспадарання на беларускай мове, а таксама патрабаванні ў перакладзе на беларускую мову судовых дакументаў не паступалі, у сувязі з чым судаводства вялося на рускай мове
прыкладна 10 %, у большай частцы – кадравае 
 
5.
Магілёўскай вобласці
2 справы;
залежыць ад мовы зварота;
адзначана, што асноўныя нарматыўныя прававыя акты, якія рэгламентуюць працэс судаводства, выдадзены і апублікаваны толькі на рускай мове
выкарыстоўваецца (бланкі, штампы, пячаткі)
у 2015 годзе будзе размяшчацца на дзвюх мовах
6.
Мінскай вобласці
 
выкарыстоўваюцца дзве мовы
прынята да ўвагі
вядзенне статыстыкі не прадугледжана
7.
горада Мінска
улік не вядзецца
прынята да ўвагі