Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
заканадаўства — Замежнае заканадаўства

Уступ да Міжнароднай дэкларацыі моўных правоў

Працэс стварэння
 
Хаця Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека 1948 года разглядае моўную сферу як адну з тых, дзе павінны прымяняцца роўныя правы, моўныя правы яна спецыяльна не пералічвае і не канкрэтызуе. Нягледзячы на наяўнасць дэкларацый і іншых дакументаў, прысвечаных абароне асобных моў і іх правоў, у той час адсутнічаў ўсеагульны дакумент, які б датычыўся ўсіх моў свету ці ўсеагульных моўных правоў.
 
Ідэя ўсеагульнай дэкларацыі моўных правоў была ўпершыню прапанавана бразільцам Франсішку Гомэсам дэ Матасам у 1984 годзе. Гэта ідэя была прапанавана для разгляду FIPLV (Міжнародная федэрацыя асацыяцый настаўнікаў-філолагаў).
 
6 – 8 чэрвеня 1996 года прадстаўнікі 61 НДА, 41 ПЭН-цэнтра і 40 экспертаў па моўных правах сабраліся на Сусветную канферэнцыю па моўных правах у Барселоне. Канферэнцыя была склікана Камісіяй па перакладзе і моўных правах Міжнароднага ПЭН-цэнтра і CIEMEN (Centre Internacional Escarre per a les Minories Etniques i les Nacions) пры маральнай і арганізацыйнай падтрымцы ЮНЭСКА. Асамблея ўдзельнікаў канферэнцыі ўхваліла і падпісала дэкларацыю, пасля чаго яе тэкст быў перададзены афіцыйнаму прадстаўніку Генеральнага сакратара ЮНЭСКА. Гэты акт адзначыў пачатак працы над дэкларацыяй урадавых экспертаў. Стварэнне дэкларацыі было б немагчымым без агульнай мэты, якая ў межах ЮНЭСКА была вызначана праектам Лінгвапакс.
 
Кантэкст стварэння дэкларацыі
Прапанова аб складанні дэкларацыі была агучана на пазачарговай сесіі Камісіі Міжнароднага ПЭН-клуба па перакладзе і моўных правах у Пальма дэ Маёрцы у 1993 годзе. Было вырашана, што тэкст напішуць спецыялісты ў розных галінах ведаў. У стварэнні дванаццаці праектаў дэкларацыі ўдзельнічала 40 экспертаў з розных краін.
 
Адной з мэт стваральнікаў дэкларацыі было азначыць суб’ектыўныя моўныя правы, не падпарадкаваўшы іх палітычнаму ці адміністратыўнаму статусу тэрыторыі, на якой пражывае пэўная моўная супольнасць. Таксама гэтыя правы не павінны былі стаць у залежнасць ад узроўню кадыфікацыі мовы ці колькасці яе носьбітаў. З юрыдычнага пункту гледжання гэтыя крытэрыі ў дэкларацыі не разглядаюцца. Наадварот, дэкларацыя абвяшчае роўнасць моўных правоў, не бяручы да ўвагі неадэкватныя адрозненні паміж афіцыйнымі і неафіцыйнымі мовамі; рэгіянальнымі і мясцовымі мовамі; мажарытарнымі і мінарытарнымі мовамі; сучаснымі і архаічнымі мовамі.
 
Адным з найбольш важных унёскаў дэкларацыі ў моўнае заканадаўства з’яўляецца тое, што яна разглядае калектыўнае і індывідуальнае вымярэнне лінгвістычных правоў як непадзельныя і ўзаемазалежныя. Такі падыход абумоўлены тым, што мова ствараецца супольнасцю і ў супольнасці, у супольнасці ж яе выкарыстоўвае кожны чалавек. Такім чынам, індывідуальныя моўныя правы будуць паважацца толькі тады, калі кожны будзе паважаць калектыўныя правы ўсіх моўных супольнасцяў.
 
Вызначэнне моўных правоў супольнасцяў і асобаў, якія сумесна пражываюць на пэўнай тэрыторыі, з’яўляецца неад’емнай перадумовай іх суіснавання. Але вызначыць іх вельмі цяжка. Таму дэкларацыя разглядае правы моўных супольнасцяў, гістарычна замацаваўшыхся на пэўнай тэрыторыі, для стварэння шкалы вымярэння, якую можна будзе прымяніць у кожным асобным выпадку, датычным моўных супольнасцяў з рознымі ўзроўнямі гістарычнага досведу і самаідэнтыфікацыі. Гэтую ж шкалу можна прымяніць і для выпадкаў асобаў, якія жывуць па-за сваімі роднымі супольнасцямі.
 
Хаця прымяненне моўных правоў на практыцы можа залежаць ад даступнасці матэрыяльных рэсурсаў, адмаўляць гэтым правам у юрыдычнай дзейснасці на падставе адсутнасці сродкаў было б несправядліва. З гэтай нагоды дэкларацыя нагадвае, што рэалізацыя такіх сусветна-прызнаных правоў як права на жыццё, здароўе, працу і адукацыю патрабуе істотнага фінансавання. Дэкларацыя заклікае да таго, каб аб’яднаная міжнародная супольнасць узяла на сябе абавязак па забеспячэнні рэалізацыі таксама і моўных правоў.
 
Шматлікасць фактараў, што вызначаюць моўную сітуацыю, складанасці з суаднясеннем групавых і індывідуальных інтарэсаў, узаемадзеянне паміж моўнымі і іншымі неад’емнымі правамі робяць немагчымым прымяненне адных і тых жа мер ва ўсіх выпадках. Таму дэкларацыя, хаця і падкрэслівае непазбежныя ў дадзеным выпадку абавязкі дзяржаўнай улады, але сканцэнтравана перадусім на правах, а не на абавязках ці забаронах. У дакуменце акцэнт робіцца на пошук рашэнняў для кожнага канкрэтнага выпадку, прычым рашэнні пачынаюцца з дэмакратычнага кансенсусу.
 
Моўны мір
Як пазначана ў прадмове, дэкларацыя з’яўляецца дакументам з мэтай “выпраўлення моўнага дысбалансу дзеля забеспячэння павагі да ўсіх моў і іх усебаковага развіцця і ўсталявання прынцыпаў справядлівага і роўнага для ўсіх моўнага міру ва ўсім свеце як ключавога фактару падтрымання гарманічных сацыяльных адносін”.
 
Справядлівасць і роўнасць для ўсіх гэтага міру заснавана на тым, што асноўным прынцыпам дэкларацыі з’яўляецца роўнасць усіх народаў і моў. Ніякія эканамічныя, сацыяльныя, рэлігійныя, культурныя, дэмаграфічныя і ніякія лінгвістычныя фактары не апраўдваюць любой праявы дыскрымінацыі. Усе моўныя супольнасці маюць аднолькавыя правы.
 
Па ўсіх прагнозах у 21 стагоддзі могуць знікнуць 80% сучасных моў. Адпаведна, паўстае непазбежная выснова: шматмоўнасць і моўная разнастайнасць павінны паспрыяць усталяванню культуры міра, а яна сама ў сваю чаргу павінна зрабіць унёсак у захаванне моўнай разнастайнасці.
 
Такія ўзаемаадносіны стануць магчымымі, калі  справа міру выкарыстае каштоўны інтэграцыйны патэнцыял моваў. Таму дэкларацыя прапануе новы падыход да ідэі моўнай разнастайнасці. Яна разглядае абсалютна ўсе мовы не проста як маёмасць, а як каштоўную спадчыну чалавецтва, якая не павінна быць згублена. Страта кожнай мовы вядзе да змены сусветнага экалінгвістычнага балансу. Імклівасць пераходу на няродную мову можа прывесці да непрадказальных наступстваў, якія ўжо бачныя сярод разнастайных сацыяльных захворванняў.
 
Ідэя аб тым, што моўная разнастайнасць – гэта бар’ер на шляху камунікацыі і інтэграцыі – гэта міф. Наадварот, той факт, што мова – гэта асязальная рэальнасць робіць яе важнейшым элементам інтэграцыі. Менавіта тое, што мову можна перадаваць і назапашваць робіць яе надзвычай важным элементам у справе ўсталявання міру.
 
Сёння моўнай разнастайнасці пагражае шмат фактараў.
 
Даўнія ўніфікацыйныя намаганні большасці дзяржаў, якія памяншаюць моўную разнастайнасць.
Рух у бок сусветнай эканомікі і, адпаведна, сусветнага рынку інфармацыі, камунікацыі і культуры, які разбурае ўнутранае адзінства моўных супольнасцяў.
Палітыка транснацыянальных карпарацый, якая падмяняе паняцце прагрэсу адсутнасцю кантролю, а паняцце свабоды – спаборным індывідуалізмам. Гэта палітыка вядзе да росту эканамічнай, сацыяльнай, культурнай і моўнай няроўнасці.
 
 Усеагульная дэкларацыя моўных правоў супрацьстаіць згаданым фактарам, прапануючы канцэпцыю ўніверсалізму, заснаванага на моўнай і культурнай разнастайнасці. Такі падыход прывядзе да пераадолення як тэндэнцыі да гамагенізацыі, так і тэндэнцыі да ізаляцыі. Канцэпцыя мае тры асноўныя мэты.
 
У сферы палітыкі: распачаць працу па забеспячэнні моўнай разнастайнасці, каб заахвоціць усе моўныя супольнасці да ўдзелу ў новай мадэлі росту.
 
У сферы культуры: зрабіць сусветную камунікацыйную прастору даступнай для раўнапраўнага ўдзелу ў ёй ўсіх народаў, моўных супольнасцяў і асоб.
 
У сферы эканомікі: спрыяць устойліваму развіццю, заснаванаму на ўдзеле кожнага, падтрыманні экалагічнага балансу ў грамадствах і раўнапраўных адносінах паміж усімі мовамі і культурамі.
 
Усеагульная дэкларацыя моўных правоў
 
З беларускім тэкстам дэкларацыі можна азнаёміцца на нашым партале тут . Англамоўны дакумент можна запампаваць тут.
 
У працэсе распрацоўкі дэкларацыі вялікая ўвага бала нададзена азначэнням выкарыстаных тэрмінаў і паняццяў. Так, у якасці асноўных характарыстык моўнай супольнасці дэкларацыя разглядае супольны гістарычны вопыт, наяўнасць тэрыторыі, самавызначэнне ў якасці народу і наяўнасць агульнай мовы. Такім чынам, родная мова пэўнай тэрыторыі азначаецца як мова супольнасці, якая гістарычна пражывае на гэтай тэрыторыі.
 
Пры гэтым улічваюцца і моўныя правы супольнасцяў, якія больш не пражываюць у межах сваіх гістарычных тэрыторый (у выніку міграцыі, дэпартацыі і любой іншай прычыны). Такія супольнасці азначаюцца як групы, прадстаўнікі якіх маюць супольную мову і якія жывуць на тэрыторыі іншай моўнай супольнасці, не маючы з ёй агульнай гісторыі.
 
Тэрыторыя разглядаецца ў дэкларацыі не толькі як геаграфічная прастора, але і як сацыяльнае і функцыянальнае асяроддзе, неабходнае для ўсебаковага развіцця мовы. Такі падыход, напрыклад, дазваляе разглядаць у якасці моўных супольнасцяў качавыя народы ў межах тэрыторыі іх качэў’яў.
 
Вялікая ўвага ў тэксце дэкларацыі надаецца стасункам паміж правамі моўных супольнасцяў і правамі індывідаў, якія да іх належаць. Ні тыя, ні іншыя правы не павінны быць перашкодай для ўзаемадзеяння і інтэграцыі індывіда ў супольнасць, а таксама для ўсебаковага выкарыстання супольнасцю і яе членамі сваёй мовы ў межах сваёй тэрыторыі.
 
Таму ў дэкларацыі дакладна прапісаны шэраг неад’емных правоў асобы, якія датычацца мовы. Гэтыя правы прызнаныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 16 снежня 1996 года і  Міжнародным пактам аб сацыяльных, эканамічных і культурных правах ад 16 снежня 1996 года, напрыклад:
üправа на выкарыстанне ўласнай мовы як ў прыватных стасунках, так і публічна,
üправа выкарыстоўваць уласнае імя,
üправа падтрымліваць і развіваць уласную культуру.
У той жа час, дэкларацыя разглядае як права і абавязак кожнага чалавека, які пражывае на тэрыторыі іншай моўнай супольнасці, падтрыманне з ёй адносін, што спрыяюць інтэграцыі. Інтэграцыя разглядаецца як рэсацыялізацыя гэтых людзей ў новае грамадства. Пры гэтым асіміляцыя прызнаецца прымальнай толькі як вынік свабоднага выбару чалавека. Асіміляцыя разглядаецца як “акультурацыя індывідаў у грамадства, якое іх прымае, такім чынам, што іх першапачатковыя культурныя рысы замяняюцца адносінамі, каштоўнасцямі і паводзінамі, уласцівымі новаму грамадству”. Да правоў асобы ў дэкларацыі дадаецца шэраг правоў, якія разглядаюцца як правы моўных супольнасцяў, напрыклад:
üправа на доступ да культурных паслуг,
üправа на прапарцыйную прадстаўленасць мовы і культуры ў сродках інфармацыі,
üправа на абслугоўванне на ўласнай мове ў дзяржаўных установах і ў сацыяэканамічнай сферы.
Акрамя вызначэння агульных прынцыпаў, асобныя раздзелы дэкларацыі вызначаюць моўныя правы ў сферах дзяржаўнай адміністрацыі і іншых дзяржаўных устаноў, у адукацыі, анамастыцы, у сферы СМІ і новых тэхналогій, у сферы культуры і ў сацыяэканамічнай сферы. Пераходныя палажэнні абавязваюць дзяржаўныя ўстановы зрабіць усё магчымае па забеспячэнні згаданых правоў і па інфармаванні грамадскасці пра правы і адпаведныя абавязкі, якія вынікаюць з дэкларацыі.
 
У заключных палажэннях дэкларацыі прапануецца стварэнне Моўнай рады ААН, а таксама Сусветнай камісіі па моўных правах.
 
Наступныя дзеянні
Асамблея ўдзельнікаў Сусветнай канферэнцыі па моўных правах стварыла Камітэт па падтрымцы дэкларацыі. Мэты камітэту – забяспечыць прасоўванне дакумента ў ЮНЭСКА і атрымаць максімальную падтрымку дэкларацыі з боку арганізацый з усяго свету, якая ўздыме вагу гэтага дакумента і дапаможа прапагандзе яго зместу. Камітэт таксама заснаваў Навуковую раду экспертаў ў галіне моўнага заканадаўства з розных краін. Мэта рады – збор новых ідэй для ўдасканалення зместу дэкларацыі і аказанне дапамогі ЮНЭСКА.
 
У англамоўнай версіі кнігі з тэкстам дэкларацыі прыведзены лісты вядомых асоб, якія падтрымалі дэкларацыю. Сярод іх Нэльсан Мандэла, Ноам Хомскі, Далай Лама, Дэсманд Туту, Хасэ Карэрас, Сімус Хіні, Шымон Пэрэс, Ясір Арафат і Пітэр Гэбрыэл. Адна з мэт кнігі – спрыяць стварэнню працоўнай групы па моўных правах ЮНЭСКА.
 
Надзея
Калі кажуць пра захаванне моўнай разнастайнасці і права ўсіх супольнасцяў карыстацца роднай мовай, то часта згадваюцца грошы, якія для гэтага патрабуюцца. Аднак варта таксама ацаніць і кошт  замены сваёй мовы на іншую.
Колькі каштуе маргіналізацыя?
Які кошт страты такога сродку прыстасавання да асяроддзя як мова?
Якую цану мы плацім за адукацыю на мове, непрыстасаванай да асяроддзя?
Колькі каштуе псеўда-адукацыя на сусветна дамінантных мовах, якая не забяспечвае правільнага валодання імі?
Колькі?
Калі мы падлічым гэтыя кошты, то атрымаем пераканаўчы аргумент для тых, хто ўсё яшчэ не ўпэўнены ў неабходнасці захавання моўнай разнастайнасці, для тых, хто лічыць, што на кошт гамагенізацыі можна не зважаць. Нягледзячы на тое, што прагноз для моўнай разнастайнасці не вельмі пазітыўны, сітуацыя ўсё яшчэ не незваротная. Спыніць працэс цяжка, але магчыма. Вялікая роля ў гэтым належыць ЮНЭСКА.
 
 
Заўвагі
У параграфах дэкларацыі, прысвечаных адукацыі (25, 26 і 30), заўважаецца, што адукацыйная сістэма павінна ўсебакова падтрымліваць вывучэнне на самым высокім узроўні моў усіх супольнасцяў, а таксама іншых моў, якімі пажадаюць авалодаць прадстаўнікі гэтых супольнасцяў. Таксама дэкларуецца правядзенне даследаванняў моў і культур супольнасцяў на ўніверсітэцкім узроўні. Каментатары адзначаюць, што правы, прапісаныя ў гэтых параграфах, застануцца прывілеям адно магутных моўных супольнасцяў.
 
Паколькі дэкларацыя патрабуе ад уладаў увядзення санкцый у выпадку парушэнняў згаданых правоў, то ўзнікае сумнеў, што нейкі ўрад ратыфікуе гэты дакумент. Для многіх урадаў цяжка суаднесці фундаментальныя прынцыпы, закладзеныя ў дэкларацыю, з іхнымі цяперашнімі прынцыпамі моўнай палітыкі.
 
Аднак асноўнай праблемай застаецца тое, што дэкларацыя не з’яўляецца абавязковай для выканання, і адказныя за выкананне яе палажэнняў нідзе не пазначаны.
 
Акрамя таго, прызнанне асноўных правоў меншасцяў (напрыклад, права на фізічнае выжыванне) расцэньваецца як значна больш важнае пытанне, чым моўныя правы. Пакуль не забяспечаны гэтыя правы, пытанне правоў моўных будзе ігнаравацца.
 
Таксама заўважаецца, што дэкларацыя дае больш правоў менавіта моўным супольнасцям. Што датычыцца адукацыі, то супольнасці, аб’яднаўшыяся не па моўнай прыкмеце, павінны будуць асімілявацца, паколькі права на адукацыю на мове пэўнай тэрыторыі не эквівалентна праву на атрыманне адукацыі на сваёй роднай мове.
 
Намаганні па ратыфікацыі
У адрозненне ад Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, гэта дэкларацыя не ратыфікавана Генеральнай асамблеяй ААН. Нягледзячы на выданне тэкста дэкларацыі ў 1998 годзе і яе падтрымку, выказаную сусветнымі лідэрамі ў спецыяльных лістах, ЮНЭСКА дакумент не ратыфікавала. На сусветным кангрэсе па моўнай палітыцы ў 2002 годзе FIPLV паведаміла, што ўнясе ў дэкларацыю змены і папраўкі з тым каб яна была прынята.
 
З 2008 года CIEMEN лабіруе ўнясенне дэкларацыі ў павестку дня Рады ААН па правах чалавека, спадзяючыся, што дэкларацыя будзе дададзена да Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Нягледзячы на пазітыўныя ацэнкі дакумента, краіны-удзельніцы Рады не прадэманстравалі адзінства па гэтым пытанні і не пажадалі быць першымі, хто прыме такую прапанову.
 
Джыронскі маніфест
Тэкст маніфесту распрацаваны камісіяй Міжнароднага ПЭН-цэнтра па перакладзе і моўных правах у траўні 2011 года да 15 гадавіны абвяшчэння Усеагульнай дэкларацыі моўных правоў. У верасні 2011 года маніфест быў ратыфікаваны Міжнародным сходам ПЭН на 77 кангрэсе гэтай арганізацыі.
 
Змест маніфеста заснаваны на 10 асноўных прынцыпах дэкларацыі моўных правоў. У адрозненне ад усебаковай і разгалінаванай дэкларацыі, тэкст маніфеста сціслы і практыка-арыентаваны. Ён створаны спецыяльна з мэтай “перакладу і распаўсюду, каб служыць сродкам абароны моўнай разнастайнасці ва ўсім свеце”. Мэта стварэння гэтага дакумента – вярнуць пытанне вымірання моў у міжнародную павестку дня.
 
Джыронскі маніфест быў прадстаўлены на спецыяльным мерапрыемстве, арганізаваным Каталонскім ПЭН-цэнтрам 5 сакавіка 2012 года. На сённяшні дзень ён перакладзены на 33 мовы.
 
Тэкст Джыронскага маніфеста аб моўных правах
1. Моўная разнастайнасць – гэта сусветная каштоўнасць, якую неабходна шанаваць і бараніць.
2. Павага да ўсіх моў і культур – аснова працэсу наладжвання сусветнага дыялогу і ўсталявання міру ва ўсім свеце.
3. Усе людзі вучацца размаўляць у супольнасці, якая з самых сваіх глыбінь надзяляе іх жыццём, мовай, культурай і ідэнтычнасцю.
4. Розныя мовы і спосабы размаўляць – гэта не толькі сродкі камунікацыі; гэта таксама асяроддзе, у якім развіваюцца людзі і паўстаюць культуры.
5. Кожная моўная супольнасць мае права, каб яе мова выкарыстоўвалася ў якасці афіцыйнай на яе тэрыторыі.
6. Школьная адукацыя павінна спрыяць прэстыжу мовы, на якой размаўляе моўная супольнасць пэўнай тэрыторыі.
7. Пажадана, каб чалавек у пэўнай ступені валодаў некалькімі мовамі, паколькі гэта спрыяе эмпатыі і інтэлектуальнай адкрытасці, а таксама глыбейшаму веданню ўласнай мовы.
8. Пераклад, асабліва пераклад шэдэўраў розных культур, з’яўляецца вельмі важным для глыбейшага разумення і павагі паміж людзьмі.
9. Сродкі масавай інфармацыі – найлепшы рупар ідэі моўнай разнастайнасці, які  будзе няўхільна ўздымаць яе прэстыж. 
10. Права выкарыстоўваць і бараніць уласную мову павінна быць прызнана ААН як адно з фундаментальных правоў чалавека.
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

 [r1]Спасылка на нашу старонку Замежныя партнёры
 [U2]Спасылка

 [U3]Спасылка