Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ДЗЕЙНАСЦЬ

Міжнародны дзень роднай мовы

Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца штогод 21 лютага з мэтай узняць пытанні моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўнасці. Гэта дата была ўпершыню абвешчана ЮНЭСКА 17 лістапада 1999 года. Адзначэнне гэтага дня было таксама прызнана Генеральнай асамблеяй ААН у яе рэзаюцыі 2008 года, якая абвяшчала гэты год Міжнародным годам моў.

Міжнародны дзень роднай мовы паўстаў як вынік міжнароднага прызнання Дня руху за мову, які адзначаецца ў Бангладэш з 1952 года. У тым годзе шмат студэнтаў былі забітыя пакістанскай паліцыяй у горадзе Дака падчас пратэстаў, арганізаваных Рухам за мову бенгалі.
 
Гісторыя
21 сакавіка 1948 года генерал-губернатар Пакістана абвясціў мову урду афіцыйнай мовай Пакістана. Гэта дзяржава складалася тады з дзвюх раздзеленых частак: Заходняга Пакістана (сённяшняя дзяржава Пакістан) і Усходняй Бенгаліі (зараз – дзяржава Бангладэш). Прычым. роднай мовай большасці бенгальцаў з’яўляецца бенгальская, а не урду.
Насельніцтва Усходняй Бенгаліі распачало пратэсты. 21 лютага 1952 года студэнты горада Дака заклікалі да забастоўкі. Урад увёў каменданцкую гадзіну. Нягледзячы на мірны характар пратэстаў, паліцыя адкрыла агонь па дэманстрантах, забіўшы шмат студэнтаў і іншых пратэстуючых.
 
Некаторыя тэмы для адзначэння Дня роднай мовы ў папярэднія гады
2002 – Моўная разнастайнасць: 3000 моў пад пагрозай знікнення (дэвіз: у галактыцы моў, кожная з іх – зорка).
2004 – Навучанне дзяцей.
2005 – Шрыфт Брайля і жэставыя мовы.
2006 – Мовы і кіберпрастора.
2007 – Шматмоўная адукацыя.
2008 – Міжнародны год моў.
2010 – Міжнародны год збліжэння культур.
 
Адзначэнне на міжнародным узроўні
На дзень роднай мовы штогод уручаецца прыз арганізацыі Лінгвапакс.
ЮНЭСКА штогод вызначае тэму для святкавання і праводзіць мерапрыемствы ў сваёй штабкватэры ў Парыжы.
 
Помнік пакутнікам 21 лютага 1952 года, ахвяраваўшым сабой за мову бенгалі, знаходзіцца ва ўніверсітэцкім кампусе ў Даке.