Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Беларуская мова — Беларуская ФілатэліяАртыкулы

Інтэрв'ю з А. Трусавым з нагоды 20-годдзя першай беларускай маркі

2012-04-10 0

20 гадоў таму выйшла ў свет першая паштовая марка незалежнай Беларусі. Пра гэта паведаміў вядомы беларускі грамадска-палітычны дзеяч, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў.

Паводле яго слоў, БССР, як заснавальніца ААН, фармальна мела права выпускаць свае паштовыя маркі яшчэ пад час знаходжання ў складзе СССР. Але савецкае кіраўніцтва рабіла ўсё мажлівае, каб БССР, як і УССР, не выпускалі сваіх знакаў паштовай аплаты, сказаў Трусаў. Паводле яго слоў, замест гэтага ўсе саюзныя рэспублікі мелі права прадстаўляць свае нацыянальныя сюжэты на савецкіх паштовых марках, пры гэтым у афармленні гэтых філатэлістычных мініяцюр разам з рускай выкарыстоўвалася і адпаведная нацыянальная мова. Ен адзначыў, што такім чынам выйшла каля 30 савецкіх знакаў паштовай аплаты з беларускімі тэмамі і беларускай мовай.

- І вось у 1990 годзе, калі я стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XII склікання, у айчыннай прасе паднялася хваля патрабаванняў выпускаць беларускія паштовыя маркі згодна з правам, якое мела БССР ў складзе СССР, як краіна - заснавальніца ААН. І я па гэтым пытанні не раз выступаў з парламенцкай трыбуны. Але прэм'ер-міністр краіны Вячаслаў Кебіч быў катэгарычна супраць гэтага, матывуючы сваю пазіцыю, між іншым, і тым, што ў краіне няма адпаведнага спецыяльнага абсталявання. Аднак трэба заўважыць, што як толькі літоўцы аб'явілі аб выхадзе з Савецкага Саюза, яны адразу яшчэ ў сакавіку 1990 года пачалі выпускаць свае паштовыя маркі на кепскай друкарскай паперы і прадаваць іх у сваім парламенце. І хаця ніхто ў свеце гэтыя знакі паштовай аплаты не прызнаваў, літоўцы клеілі іх на канверты побач з савецкімі маркамі і такім чынам распаўсюджавалі па ўсім свеце, як візітоўку сваёй будучай незалежнай краіны, - сказаў Трусаў.

Як толькі Беларусь стала незалежнай, ён зноўку пайшоў да Кебіча.

-- І ён нарэшце даў загад міністру сувязі выйсці на Маскву і пачаць друкаваць беларускія паштовыя маркі. Тым больш, што яшчэ на прыканцы 1991 года Расія пачала выпускаць свае знакі паштовай аплаты з нацыянальнай сімволікай і выявамі першых герояў Расіі, - адзначыў Трусаў.

На пачатку 1992 года ў парламенцкую камісію па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, намеснікам старшыні якой быў Трусаў, былі прадстаўлены ўзоры першай паштовай маркі незалежнай Беларусі. Гэта была мініяцюра наміналам 20 капеек, прысвечаная народнаму артысту СССР Рыгору Шырме.

- Я звярнуў увагу на тое, што ўсе нармальныя краіны на сваіх марках назву валюты стараюцца не пазначаць, а указваюць толькі намінал. Разам з тым, ва ўмовах інфляцыі гэтыя маркі наміналам у 20 капеек адразу прыдзецца выкідаць ў сметніцу. Акрамя таго, нельга пачаць выпуск айчынных паштовых марак з выпадковага сюжэта, няглядзечы на ўсю маю павагу да постаці Шырмы. А паколькі другой паштовай маркай незалежнай Беларусі павінна была стаць мініяцюра з крыжом Еўфрасінні Полацкай, я звярнуўся да ўладыкі Філарэта і Кебіча з прапановай, каб менавіта гэтая паштовая марка стала першым айчынным знакам паштовай аплаты. І 20 сакавіка 1992 года ў серыі "Старажытнае мастацтва Беларусі" выйшла марка наміналам ў адзін рубель з выявай сімвала Беларусі - крыжа Еўфрасінні Полацкай і нацыянальнай чырвона-белай каларыстыкай. Сюжэт гэтай маркі, створанай па эскізу расійскага мастака Германа Комлева і надрукаванай накладам два мільёны экзэмпляраў, потым неаднаразова паўтараўся на іншых айчынных знаках паштовай аплаты, у тым ліку, на марцы і на першым беларускім паштовым блоку, прысвечаных 1000-годдзю Беларускай праваслаўнай царквы. Апошні раз гэты сюжэт быў увасоблены на блоку, які выйшаў летась і быў прысвечаны 850-годдзю стварэння крыжа Еўфрасінні Полацкай, - паведаміў Трусаў.

Паводле яго слоў, 21 сакавіка ў 17:30 ў сталічнай сядзібе РГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" адбудзецца вечарына па тэме "Маркі незалежнай Беларусі. 20 год з выхаду першай беларускай паштовай маркі".

Марат Гаравы.


← вярнуцца