Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Беларуская мова — Беларуская ФілатэліяАртыкулы

"Нарадзіўся вам сёньня Збаўца". Маркі, прысвечаныя Божаму Нараджэнню

2012-03-18 0

“Слова сталася целам і пасялілася між намі.”

За сотні гадоў да нараджэньня Хрыста ў Бібліі былі запісаныя словы прарокаў Ізраіля, якія прадказвалі Яго прышэсьце. У Старым Запавеце, які пісаўся многімі людзьмі на працягу 1500 гадоў, зьмешчана больш за 300 прароцтваў гэтай падзеі. Першае зь іх выказана з вуст Бога ў прысудзе зьмею. Гэта быў плян выратаваньня грэшнага чалавека і вяртаньня яму бяссьмяроцьця: ”І варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе: яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту.” (Быццё 3:15).

Калі Марыя была ўжо цяжарнай, выйшаў загад рымскага кесара Аўгуста. Дзе хто ня жыў, дзеля перапісу павінен прыйсьці ў тое месца, дзе жылі яго продкі. Іосіф і Марыя паходзілі з роду цара Давіда, таму павінны былі ісьці ў Віфлеем. Ад Назарэта да Віфлеема было болей двухсот кіламетраў. Такое падарожжа ў тыя часы патрабавала некалькі дзён праз гарыстую Самарыю. Пакуль цяжарная Марыя змагла дабрацца да месца, ўсе дамы былі запоўнены прыйшоўшымі людзьмі. Свабоднай была толькі пячора, куды заганялі авечак у час непагоды.

Тут у пячоры , уся мэбля якой сладалася зь ясьляў з саломай, наражаецца Збаўца. Слова становіцца целам і пасялілася між намі, Бог становіцца чалавекам. Многа разоў у розныя спосабы Бог прамаўляў да чалавека. Цяпер прамовіў да нас праз Свайго Сына!

Так Бог умілаваў сьвет, што Сына свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто ў Яго верыць не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.

День Божага нараджэньня ад IV веку, часу ўстанаўленьня гэтага сьвята, стаў днём асабліва ўрачыстым у сьвеце хрысьціянскім. Сама падзея нараджэньня Ісуса Хрыста апісана вельмі суха ў Евангельлях Мацьвея ( 1:18-25) і Лукаша (2:1-7). Людская набажнасьць патрабавала больш шырокага апісаньня Божага Нараджэньня. Гэта прывяло да шматлікіх проб адлюстраваньня гэтай тэмы ў розных формах мастацтва, пачынаючы з сярэдніх вякоў да цяперашняга часу. Многія з твораў паслужылі ілюстрацыямі да шматлікіх паштовых марак, якія выпускаюцца амаль ва ўсіх краінах сьвету. На марках зьяўляюцца відарысы твораў Рафаэля і Джота, Дзюрэра і Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла і Тыцыяна, Батычэлі і Рубенса, Берніні і Пусэна, Рэмбранта і Караваджа…

У першай палове XV стагодьдзя асаблівых рысаў набрала сцэна нараджэньня Хрыста, якая атрымала назву “Ушанаваньне Дзіцяткі”. Стала яна адной з найважнейшых ілюстрацый тэмы прышэсьця Ісуса на сьвет.

Першая марка, прысвечаная Божаму Нараджэньню, зьявілася 7 снежня 1898 года. Почта Канады выпусьціла марку (Мі. 74), на каторай адлюстравана карта сьвету з надпісам CHRISTMAS.

Гэтая марка дала пачатак новай тэме ў філатэліі. З таго часу колькасць марак, прысвечаных Божаму Нараджэнню, вырысла да тысяч і выдаецца поштамі, хіба, усіх краін свету. З-за немажлівасці адлюстраваць і апісаць такую колькасьць марак, прапануем толькі выбраныя некалькі прыкладаў.

У 1986 годзе пошта Германіі выпусьціла марку і картмаксімум (паштоўка з наклеенай на вонкавай старане маркай з такім самым матывам, пагашанай паштовым штэмпелем такога ж матыву) з відарысам Ортэнбергерскага Алтара (Ortenberger Altar) з 1430 года. Цудоўны вобраз укленчанай Марыі у ціхім ушанаваньні і малітве перад ляжачым маленькім Дзіцяткам. Марыя нарадзіла Яго ў спосаб надпрыродны і першая аддала ўшанаваньне і паклон Дзіцятку, абнятаму прамяністай глорыяй., згодна са словамі Сьвятога Пісьма: “Якога парадзіла і ўшанавала…”. Дзіцятка, лежачы ў ясьлях з правай рукой у жэсьце благаслаўленьня, сімвалізуе Боскасьць і паўнату розуму ад хвілі Свайго нараджэньня. Паказаная далей стайнячка, вельмі убогая , сімвалізуе руіны дому Давіда, які калісьці быў каралём, і надыход новай эпохі. Бо нарадзіўся Той, Чыё каралеўства будзе “зацверджана навекі”, Які збудуе “новы дом”.

Амаль люстраное адбіцьцё малюнка з маркі Германіі мы бачым на выпушчанай у 1998 годзе марцы пошты Польшчы. Ілюстрацыя ўзята з Алтара Грудзяцкага (каля 1390 г.), .які захоўваецца ў Музеі Народным у Варшаве.

Карціна, намалёваная мастаком Антоніо Карэджа (1489-1534) больш за сто гадоў пазьней, поўнасьцю захоўвае папярэднюю сімволіку. Карціна адлюстравана на адным з самых вялікіх блокаў (173 х235 мм) , які выпушчаны поштай Карэі ў 1983 годзе.

Першая беларуская марка , прысьвечаная нараджэньню Ісуса Хрыста, надрукавана 23 сьнежня 1997 года. На марцы адлюстраваны звычай калядаваньня на сьвята Божага Нараджэньня, калі каляднікі ў калядоўных строях і з Віфлеемскай зоркай абходзяць дамы веруючых і сьпяваюць Калядныя песьні.

Сьвяты час Божага Нараджэньня злучае нашыя думкі і сэрцы, аб’ядноўвае нас сілаю міласьці Бога да чалавека і чалавека да Бога, напаўняе радаснай удзячнасьцю,якую прыносім Айцу за Яго неабсяжную міласьць да людзей, каторую аб’явіў у сваім Сыне.

“Нарадзіўся голы, гаворыць Бог, каб ты мог вырачыся самога сябе.

Нарадзіўся ўбогі, каб ты мог лічыць Мяне адзіным багацьцем.

Нарадзіўся ў стаенцы, каб ты навучыўся асьвячаць кожнае месца.

Нарадзіўся слабы, каб ты ніколі Мяне не баяўся.

Нарадзіўся з любові, каб ты ніколі не ўсамніўся ў Маёй любові.

Нарадзіўся ноччу, каб ты паверыў, што магу асьвяціць усялякую рэчаіснасьць, акутаную цемрай.

Нарадзіўся ў абліччы чалавека, гаворыць Бог, каб ты ніколі не саромеўся быць сабою.

Нарадзіўся як чалавек, каб і ты мог стаць сынам Божым.

Нарадзіўся, церпячы перасьлед з самага пачатку, каб ты навучыўся прымаць усялякія цяжкасьці.

Нарадзіўся ў беднасьці, каб ты быў просты ў адносінах да людзей.

Нарадзіўся ў тваім чалавечым жыцьці, гаворыць Бог, каб усіх людзей прывесьці да дома Айца.”

Лявон Карповіч. Луна 2011.


← вярнуцца