Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Беларуская мова — Беларуская ФілатэліяАртыкулы

Уводзіны ў філатэлію

2012-03-13 0

Калекцыянерства

У натуры чалавека ад прыроды закладзена жаданне збірання, назапашвання і ўпарадкавання патрэбных і непатрэбных, але пажаданых, рэчаў – калекцыянерства. Не ўсе гэта ўсведамляюць і не адносяць сябе да калекцыянераў, а, між тым, з’яўляюцца імі.

У сучасным значэнні калекцыянерства – гэта назапашванне прадметаў аднаго роду (твораў мастацва, гістарычных памятак, помнікаў культуры, або звычайных – як бутэлькі з-пад піва, ці незвычайных – як кайданы) згодна з акрэсленымі крытэрыямі.

У апублікаванай у 1968 годзе ў Нюрнбергу “Энцыклапедыі Калекцыянера” лік розных накірункаў калекцыянерства дасягае некалькіх сотняў.

Калекцыянерства вядомае з самых старажытных часоў. Так вялікім калекцыянерам быў егіпецкі фараон Тутанхамон, які збіраў ляскі, слаўны прамоўца і філосаф Цыцэрон збіраў творы мастацтва і рукапісы. Тут можна нагадаць і пра беларускія магнацкія роды Радзівілаў і Сапегаў, чые палацы ў Нясвіжы і Ружанах поўніліся каштоўнымі калекцыямі. Разрабаваныя падчас акупацыі Беларусі Расеяй гэтыя калекцыі расцерушыліся па музеях і ў прыватныя калекцыі па ўсяму свету. На Радзіме практычна нічога не засталося.

Сярод некаторых людзей існуе думка, што калекцыянеры гэта якіясьці дзівакі, што, змест “сур’ёзнага” занятку, займаюцца глупствам. Але пераважвае іншая думка, бо калекцыянерствам займаліся амаль усе каралеўскія асобы ды магнаты, вялікія палітыкі і духоўныя асобы, мяшчане і іншыя, як заможныя так і не вельмі заможныя, людзі. Усё часцей калекцыянер вызывае ў грамадстве павагу не толькі з-за таго, што назапасіў каштоўнасці, але назапасіў, авалодаў многімі ведамі і ўменьнямі. У сучасным свеце калекцыянерствам займаюцца міліёны людзей, якія кантактуюць паміж сабой, ствараюць грамадскія арганізацыі, ажыцяўляюць сувязь паміж народамі і краінамі. Калекцыянерства гэта і напрамак дзейнасці бізнесу. Некаторыя краіны дзякуючы калекцыянерству забяспечваюць значную частку свайго бюджэту.

Нарэшце, вольны час, так як і нож, можа быць ужыты як для дабра так і для зла. Калекцыянер вольнага часу не мае.

Філатэлія як калекцыянерства

Філатэлія вельмі малады накірунак калекцыянерства. Хоць пячаткі паштовыя, наяўнасць якіх у калекцыі ёсць гонар любога філатэліста, ужываліся ў XVII стагоддзі, але толькі з’яўленне ў 1840 годзе паштовых марак у Англіі – а ў іншых краінах пазней – прывяло да ўзнікнення да гэтага цікавага і хутка распаўсюджанага віду калекцыянерства. Узніклае ў пяцідзесятых гадах дзевятнаццатага веку гэтае хоббі становіцца хутка найбольш папулярным і налічвае цяпер каля
300 000 000 філатэлістаў.


Назву філатэлія ўпершыню ўжыў ў 1864 годзе француз Жорж Герпэн (фр.: Georges Herpin). У артыкуле “Chrzest” ,надрукаваным у часопісе “Collectioneur de Timbres – Poste” растлумачыў , у які спосаб паўстала такая назва. Філатэлія (грэч.: φίλος, φιλέω — люблю, і грэч.: τέλος — падатак, мыта, збор) — збіранне і вывучэнне паштовых марак, штэмпеляў і іншых адзнакаў паштовай аплаты.


Філатэлія ў шырокім значэнню гэтага слова гэта:
па першае – калекцыянерскае замілаванне да збірання, захоўвання , пазнавання і сістэматызавання каштоўнасцей філатэлістычных;
па другое – веды аб каштоўнасцях філатэлістычных і правілах калекцыянерства, прымяненне гэтых ведаў у сваёй дзейнасці як калекцыянера;
па трэцяе – грамадска – асветніцкі рух , які мае вялікае пазнавальнае і выхаваўчае значэнне, аб’ядноўваючы мноства сяброў у спецыялізаваныя грамадскія арганізацыі, як у рамах адной краіны, так і міжнародныя.


З вышэй сказанага вынікае, што не з’яўляецца філатэлістам чалавек, які мае пэўную колькасць марак (напрыклад нашчадак філатэліста). Не з’яўляецца ім і калекцыянер, які не стараецца надаць свайму збору характэрных рыс калекцыі філатэлістычнай, гэта значыць: не дзейнічае мэтанакіравана і актыўна, выкарыстоўваючы веды і каштоўнасці збору.

   

Што ж такога ў гэтай філатэліі, што ёю захапіліся мільёны людзей? Найлепей на гэта пытанне адказаў Франклін Дэлана Рузвельт: “ У збіранню марак паштовых найлепшым ёсць тое, што энтузіязм праяўлены ў маладосці узрастае з уплывам гадоў. Калекцыянерства расцярушвае нуду, пашырае погляд на свет, павялічвае нашы веды і незлічонымі дарогамі узбагачае наша жыццё. Усім прапаную збіраць маркі паштовыя, бо веру, што занятак гэты дае лепшых грамадзян.”


Як ні дзіўна, але калекцыяніраванне філатэлістычнае знайшло прымяненне ў медыцыне як адна з форм рэабілітацыі хворых, у лячэнні паслаблення памяці, памагае ў ліквідацыі апатыі, дэпрэсіі ці вычарпання нэрвовага.


Адбылася нават незвычайная “паліцэйскія” акцыя маркі паштовай. У 1967 годзе пошта ГДР выпусціла серыю марак, якая адлюстроўвала рэпрадукцыі загінулых твораў мастацтва. Дзякуючы гэтаму адна з карцін была знойдзена ў Савецкім Саюзе і перададзена Міністэрству Культуры ГДР.


Нарэшце філатэлісты падтрымліваюць розныя ініцыятывы дабрачынныя, купляючы паштовыя маркі з даплатаю і выпускі на дабрачынныя мэты. Робячы філатэлістычныя выставы, філатэлісты спрыяюць развіццю сяброўскіх адносін паміж людзьмі рознага становішча і розных краін.

Уводзіны ў гісторыю пошты

Людзі, жывучы разам, не маглі не абменьвацца інфармацыяй. З развіццём чалавецтва  патрэба ў перадачы ці атрыманні звестак рознага зместу толькі ўзрастала.У старажытныя часы для перадачы звестак на пэўную адлегласць служылі ганцы або дэлегаты. Як расказвае Герадот, Скіфы пераслалі Дарыю ліст, у якім намалявалі птушку, мыш, жабу і пяць стрэлаў. Павінна гэта было прачытана так: персы не могуць лятаць як птушкі, хавацца ў зямле як мышы, а ні пераскакваць дрыгву як жабы, таму Скіфы знішчаць іх сваімі стрэламі. Ужо 3 000 гадоў таму ў Егіпце існавала служба начальнікаў пошты, якіх называлі “князямі транспартуючымі папірусы”. У той час у Кітаі існавала дзяржаўная служба перасыльна – камунікацыйная, аб чым пісаў славуты падарожнік Марка Пола, сцвярджаючы, што з цэнтральнага ўпраўлення ў Пекіне курсіравалі ва ўсіх накірунках рэгулярныя ганцы, дастаўляючы да далёкіх правінцый пасланні і загады. Каля 2 300 гадоў таму ў Кітаі было больш за 2000 станцый, на каторых ганьцы змянялі жывёл для верхавой язды.


Па – другому была арганізавана пошта ў старажытнай Персіі (Іран). У VI в.д.н.э. кіруючы ў той час у Персіі Кір стварыў станцыі перасыльныя “ангара”, што ў перакладзе азначае “служба дзяржаўная”. Пасланне перадавалася з адной “ангары” да другой, падобна як цяпер з пошты да пошты. Адлегласць у 2000 км такім спосабам пасланне пераадольвала за 6 дзён праз 111 “ангар”.


Рымляне ў часы Аўгуста (1 век нашай эры) ўвялі для перавозкі пошты спецыяльныя вазы, якімі перавозілі не толькі пісьма, але і пасажыраў з багажом. Рымская імперыя мела таксама і сувязь марскую. Караблі перавозілі людзей і пасылкі да розных партоў паўвыспы Апенінскай і да далёкіх краін, як Іспанія, Грэцыя, Паўночная Афрыка і Малая Азія.


У сярэднія вякі працягваецца развіццё паштовых сродкаў і зносін. Акрамя дзяржаўнай пошты ўзнікаюць лакальныя сувязі паштовыя паміж асобнымі грамадскімі інстытутамі, такімі, напрыклад, як манастыры, купецкія гільдыі ці ўніверсітэты. Гэтымі поштамі карысталіся пры аказіі і прыватныя асобы. Акрамя таго лісты перадавалі праз купцоў , рамеснікаў, вандроўных гандляроў…


З развіццём цывілізацыі да пошты ўзнікалі новыя патрабаванні па яе ўдасканаленню.


Гістарычную ролю ў гэтым адыграла сям’я Таксіс з Італіі. У 1650 годзе да прозвішча была дададзена прыстаўка Турн. У 1451 годзе галава гэтага роду Рожы Таксіс арганізаваў першую конную пошту паміж Ціролем і Неапалем. У 1490 годзе Франц Таксіс заснаваў першую рэгулярную пошту ад каралеўскага двара ў Вене да Бруселя.

 

У 1516 годдзе чарговы паштар з гэтага роду Францішак Таксіс атрымаў званне галоўнага паштмайстра Нідэрландаў.. Паштовыя лініі для злучэння двара Габсбургаў з валадарствамі ў Італіі былі працягнуты да Рыма , Неапалю, Вероны ды іншых гарадоў, лік коней на кожнай станцыі даведзена да дзвюх, а тэрміны перавозкі пошты значна скарочаны. Кур'еры заснаванай Таксісамі пошты пераадольвалі за дзень да 166 км і паконвалі адлегласць ад Бруселя да Парыжу ўлетку за 36, а ўзімку за 40 гадзін, у Ліён – за 3,5 – 4 дня. Наступным крокам было ўзнікненне гарадской пошты. Тады ж з’явіліся паштовыя скрынкі і паштальёны. Развіццё пошты пачаў стрымліваць недасканалы спосаб аплаты паштовых паслуг.


Гістарычная заслуга ў галіне рэформы пошты належыць англійскаму настаўніку Роўлянду Хілу. У 1837 годзе ён апублікаваў сваю знакамітую брашуру “ Рэформа пошты патрэбна і мажліва”, у якой паставіў дзве галоўныя задачы: плата за пісьмо павінна быць аднолькавай незалежна ад адлегласці і залежаць толькі адвагі і аплачваецца пісьмо перад адпраўленнем, што пазначана будзе спецыяльнай наклейкай – паштовай маркай.


У 1840 годзе запрапанаваная Хілам рэформа пачала дзейнічаць на тэрыторыі Вялікабрытаніі. Прынцыпы заложаныя ў рэформе Хіла былі прынятыя ва ўсім свеце. Сучасная пошта таксама мае іх у сваёй аснове.

Пошта на Беларусі

Беларуская пошта прайшла аналагічны шлях развіцця як ў іншых краінах свету. Пры раскопках археолагі знаходзяць многа віслых свінцовых пячатак,каторымі запячатвалі гандлёвыя і паштовыя пасланні. Знаходзяцца “берасцяныя граматы” – пісьма, запіскі, дакументы на берасце. У 10 ст. існаваў “павоз”- абавязак насельніцтва даваць коней з павозкамі для княжацкіх ганцоў “ад стану да стану”.

У службе князя знаходзіліся ганцы для перасылкі ўказаў і паведамленняў. Вядомы аўстрыйскі дыпламат Сігізмунд Герберштайн неаднаразова праязджаў па тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. У сваёй кнізе “Запіскі аб Масковіі” ён успамінае Ваўкавыск, які праязджаў у 1517 годзе:” Ад Брэста да Ваўкавыска шляху на тры дні. За час падарожжа з Вены ў нас не было гасцініцы, зручнейшай, чым у Ваўкавыску”. Летапісы ад 1539 года згадваюць “пісьманосцаў”.



Пошту адпаведную часу ў Вялікім Княстве Літоўскім увёў Вялікі Князь Літоўскі Кароль Польскі Жыгімонт Аўгуст. У 1562 годзе, калі начальнікам пошты польскай быў прызначаны Крыштаф Таксіс з славутага роду Турн -Таксісаў, уведзена ў дзеянне “траса літоўская” на лініі: Кракаў – Вільня. Траса гэта пераадольвалася за 7 дзён. Будаваліся паштовыя дарогі, станцыі праз кожныя 3-7 вёрст і корчмы. У корчмах былі адпаведныя памяшканні для адпачынку коней – стадолы і памяшканні для начлегу падарожных. Памер дарог агаворваўся ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1566 года: ”Уставуем иж дороги звечные маюць быци водле стародавнего обычаю так широки, абы два воз форманиских разминулися”. У перыяд Вялікага Княства Літоўскага існавала сістэма паштовых трактаў. Дзяржаўныя справы патрабавалі ад князёў пастаянных стасункаў з дзеячамі іншых краін, і ў ВКЛ, як і ў іншых сумежных дзяржавах, захоўваўся даўні звычай: усе вяльможныя асобы ў мірных падарожжах, а тым больш у ваенных паходах, суправаджаліся світай узброеных слуг. Гэтая світа называлася "поштай" ("росztа"). Да таго ж пры кожным каралеўскім замку і двары была прыслуга, у абавязкі якой уваходзілі паездкі з лістамі ў суседнія маёнткі, а таксама дастаўка ў каралеўскую казну сабраных падаткаў. Напрыклад, інвентарны спіс Лідскага стараства за 1680 год называе восем мяшчан, якія жывуць каля замка і павінны " ...письма всегда по колейке за несколько миль в Лидском повете относить…”

Цікавыя звесткі пра пошту ў Вялікім Княстве Літоўскім прыводзіць у сваёй кнізе “Гістарычныя звесткі аб цікавых мясцінах на Беларусі” расейскі генерал беларускага паходжання М. В. Без-Карніловіч: “У 1565 годзе на Сойме ў Кракаве пастаноўлена: для найму фурманак і для перавозкі паслоў, чыноўнікаў і ганцоў (кур’ераў), усе гарады і мястэчкі абавязаны ў носіць у казну падводныя грошы. Усі уладальнікам меўшым хоць адну валоку зямлі загадана трымаць у сябе для найму пару коней.”

“Форменнае адзенне беларускага паштальёна складалася: кафтан чырвонага сукна з зялёнымі абшлагамі; на галаве зялёны картуз; на грудзях Дзяржаўны медны герб, і цераз правае плячо на гарусным чорна жоўтым шнурку медны паштовы ражок”.

Люблінская унія 1569 году прывяла да стварэння федэратыўнай дзяржавы – Рэчы Паспалітай. Хоць абедзе дзяржавы захавалі свой суверэнітэт, узмацніліся працэсы эканамічнага і культурнага збліжэння. Развіццё паштовай службы ішло паралельна ў Вялікім Княстве і Кароне. У 1583 годзе Вялікі Князь Літоўскі Кароль Польскі Стэфан Баторый увёў плату за пісьма па іх вазе незалежна ад адлегласці, што было зроблена ў Англіі пры правядзенні рэформы пошты 250 гадоў пазней. Гэтую дату (18.10) у Польшчы адзначаюць як Дзень Сувязі. Канстытуцыя Варшаўскага сойму 22.11.1654 году змяшчае запіс: “Для дастаўкі звестак і навін, як у межах дзяржавы, так і ў замежныя дзяржавы, асабліва ў час вайны, мы лічым вельмі неабходнай пошту ў Вялікім Княстве Літоўскім”.

А вось што піша М. В. Без-Карніловіч пра “ямы”: “Па заваёве Полацку у 1654 годзе, Цар Аляксей Міхайлавіч загадаў:: у частцы Беларусі занятай яго войскам устанавіць паштовыя ямы: абавязак ямшчыкоў была вазіць праязджаючых ад горада да горада; такім чынам ямшчыкі з Полацку вазілі седакоў да бліжэйшых гарадоў у Друю, Себеж і Невель, а тыя, у сваю чаргу да бліжэйшых гарадоў. Пасля, калі па заключанаму міру Полацк з астатняю часткаю Беларусі вернуты Літоўцам, устаноўленыя расіянамі паштовыя ямы Польскім Урадам знішчаны, а праязджаючых сталі вазіць па папярэдняму парадку”.

14 снежня 1667 года зацверджаны Праект устройства Віленскай пошты, распрацаваны паштмайстрам Рэйнгольдам Бісінгам.

У 1674 годзе прынята рашэнне аб справаздачнасці галоўнага паштмайстра ВКЛ. А праз сто год было ўведзена прыняцце прысягі паштмайстрамі ВКЛ і працаўнікамі пошты пры ўступленні на пасаду: “Усю публічную і партыкулярную карэспандэнцыю адкуль і да каго адрасаваную, верна, не парушана і ў цэласці, каб у рукі, да каторых прызначана прыходзіла, пільнаваць буду, так, што з жаднай прычыны і ў любой акалічнасці чужых лістоў адкрываць не дапушчу…”

У XIX веку лёс пошты беларускай быў знітаваны з цяжкім лёсам народу і дзяржавы. У 1772 годзе частка тэрыторыі Беларусі была захоплена Расеяй, частка засталася ў Рэчы Паспалітай. Часовае аднаўленне беларускай дзяржаўнасці адбылося ў 1794 годзе ў перыяд антырасійскага паўстання пад кіраўніцтвам палкоўніка Якуба Ясінскага. Але створаная тады Найвышэйшая Літоўская Рада праіснавала толькі некалькі месяцаў.

У 1795 годзе Расея дарэшты захапіла Беларусь (Вялікае Княства Літоўскае). Спробы аднавіць Вялікае Княства Літоўскае былі ў 1811 і ў 1812 гадах у час вайны Расеі з Францыяй і ў 1831 і 1863 гадах у час вызвольных паўстанняў супраць Расейскай акупацыі. На два стагоддзі незалежная Беларуская Дзяржава перастала існаваць. Але паштовая сувязь на беларускіх землях існавала ўвесь час і гэты адцінак яе гісторыі яшчэ чакае сваіх даследчыкаў. Так на Гарадзеншчыне, якая ўвайшла ў склад Расійскай імперыі, у 1796 — 1800 гадах пачалі будаваць паштовыя дамы — станцыі. Губернскай поштай кіраваў паштовы дырэктар, паштовымі станцыямі — камісар і пісары. У той час у Гродзенскай губерні ўжо былі арганізаваны два паштовыя тракты (Брэст — Ліда праз Слонім і Гродна — Вільня) і было, па стане на 1 чэрвеня 1809 года, 40 паштовых станцый, дзе "служылі" 896 коней. А праз 9 гадоў — ужо 1019.

Аб значнасці, аўтарытэце паштовай справы сведчыць хоць бы той факт, што ўжо ў 1830 годзе паштавікам выдавалася службовае абмундзіраванне: ад казны яны атрымлівалі шынялі, капелюшы і ражкі са шнурком. Праўда, насіць гэта можна было толькі пры паездках дыліжансамі, што належалі казне.

У XX стагоддзі выпрабаванні беларускага народу працягваліся. Першая Сусветная вайна прывяла да змены расейскага акупанта на нямецкага. 25 сакавіка 1918 года была ўтворана незалежная Беларуская Народная Рэспубліка, што прывяло да ўзнікнення беларускай пошты.

Але БНР праіснавала толькі дзевяць месяцаў. Далей акупацыя бальшавіцкай Расеяй, падзел Беларусі паміж Расеяй і Польшчай, Другая Сусветная вайна, зноў Расейская акупацыя, пакуль не споўнілася адвечная мара беларускага народу: 25 жніўня 1991 году абвешчана незалежнасць Беларусі. З гэтага моманту ў гісторыі пошты Беларусі пачаўся новы этап.

Першая марка

Калі 6 студзеня 1837 года быў апублікаваны праект “Рэформы паштовага ведамства, яе значэння і ажыцяўлення” лонданская “Таймс” абвясьціла конкурс на лепшы эскіз будучай паштовай маркі. Прайшло яшчэ больш за два года, і 1 траўня 1840 года ў сваім дзённіку Роўлянд Хіл запісаў: ”Устаў у 8 раніцы. У першы раз маркі выпушчаны сёння ў Лондане для насельніцтва. Страшная суматоха на паштамце.” Не гледзячы на суматоху, прадбачыць, што вынаходніцтва Роўлянда Хіла заваюе ўвесь свет, ніхто не мог.

Нельга казаць, што марка з’явілася знянацку. Спробы удасканаліць працэс адпраўкі пошты праводзіліся значна раней і на розны спосаб. Так ужо ў 1653 годзе у Парыжы на поште купляліся спецыяльныя палоскі -“знакі” аплаты паштовай коштам 1 sou. На палосцы была гербавая пячатка і надпіс: “Аплата выканана дня … года тысяча шэсцьсот пяцьдзесят трэцяга”. Адпраўнік упісваў на палосцы дакладную дату адпраўлення ліста, абкручваў палоскай гэты ліст і ўкідваў да паштовай скрынкі. Лісты забіраліся з скрынкі і лістанош адносіў іх адрасатам, каторыя сваім подпісам падцверджвалі атрыманне ліста і дату атрымання. Лістанош гэтыя палоскі складаў на пошце як паквітаванне належнай і пунктуальнай дастаўкі ліста.

У 1680 годзе ў Лондане як доказ аплаты прымянялася пячатка. Трохкутны штэмпель меў у сярэдзіне літару “L” ад назвы вуліцы Lyme Street, на якой размяшчалася галоўная пошта Лондана, і выраз “paid”, які азначаў, што аплата за перасылку зроблена.

У 1819 годзе у каралеўстве Сардынія на пошце прадавалі паперу для лістоў з надрукаванымі паштовымі штэмпелямі, на якіх адлюстраваны ганец з трубою на кане. У гэты ж час (1823 г.) у Кітаі выдана серыя канвертаў афранкаваных у форме надпісаў: “За тры сапекі ліст гэты можа падарожнічаць па ўсіх правінцыях Кітая і толькі мора яго затрымае”.Для пісьма загранічнага трэбо было купіць канверт за 10 сапекаў з адпаведным надпісам.

6 мая 1840 году ўведзены да абароту у Вялікай Брытаніі першая ў свеце сапраўдная паштовая марка. У Лондане каля біржы стаіць помнік “айцу маркі паштовай” Роўлянду Хілу. Першая марка паштовая ў свеце ( Англія № 1), без назвы краю, уяўляе галаву маладой у той час каралевы Вікторыі ў профіль, павернуты ўлева, у версе маркі ў негатыве белы надпіс “Postage”- пошта, на доле “One penni” – адзін пенс, у верхніх кутах арнаменты, у ніжніх – кантрольныя літары.

        

Не адразу дацанілі значэнне вынаходніцтва Роўлянда Хіла. Былі і такія, што засцерагалі перад лізаннем марак, што насамрэч непажадана, бо служыць гэта магло б распаўсюджванню захворванняў. Аднак праз тры гады ў 1843 – свае маркі ўвялі кантоны швейцарскія (Жэнева і Цюрых), а ў Бразіліі надрукаваныя знакамітыя “вочы вала”. Пазней па калеі ўвялі ў абарот свае паштовыя маркі наступныя краіны: 1847- Маўрыцыюс, Трынідад, 1849 – Баварыя, Бельгія,Францыя, 1850 – Аўстрыя, Іспанія, Прусія, Шлезвіг-Гальштэйн, 1851 – Данія, Сардынія, Вінтэнбергія, 1852 – Панства Касцельнае, Люксембург, 1853 – Чылі, Партугалія, Мыс Добрай Надзеі, 1854 – Індыя, 1855 – Швецыя, 1856 – Фінляндыя, Мексіка, Уругвай, 1857-Перу, 1858 –Расія, Аргенціна, Румынія (Малдавія), Венесуэла, 1859 – Калумбія, 1860 – Польшча Ліберыя,
Мальта, 1861 – Грэцыя, 1862 –Нікарагуа, 1863 –Турцыя, 1865 – Эквадор, 1866 – Егіпет, Гандурас, Сербія, Балівія, 1870 – Парагвай, Аўганістан, 1878 – Кітай, 1885 – Манака, 1913 – Албанія, 1918 – Чэхаславакія, Югаславія, 1921 – СССР, 1922 –Ірландыя і г. д.

Як бачым, акупацыя нашай краіны “паспрыяла” і ў справе ўвядзення сваёй паштовай маркі.

Паштовая марка Беларусі – наша любоў

Паштовая марка роднага краю падсвядома мае асаблівае значэнне ў калекцыянера. Гэта зразумела. З “сваімі” маркамі найчасцей спатыкаецца з дзяцінства будучы калекцыянер, на ёй зразумелыя надпісы, а, часта, і змест. Айчынная марка найбольш зразумелая. Аб ёй можна прачытаць звесткі ў прэсе, больш інфармацыі у каталогах і працах калекцыянераў, яе лягчэй набыць.

Але гэта не ўсё. Паштовая марка даўно перастала быць толькі знакам паштовай аплаты. І хоць галоўнай прычынай выпуску марак ёсць функцыя аплаты, але нельга ігнараваць прапагандыска-выхаваўчае і пазнавальнае значэнні, якія выконвае гэты маленькі плакат. Таму рысункі і тэматыку паштовых марак можна трактаваць як люстэрка галоўных ідэй грамадска –культурных. А з бегам часу ўсё боль каштоўным дакументам падзей у кожнай краіне.

Таму кожны беларускі філатэліст стараецца мець як мага больш поўную калекцыю айчынных марак паштовых. Можна прыгадаць, што напэўна няма па – за межамі краю такога беларуса, які , без значэння ці да яго гэты ліст ці не, усхвалявана не ўзяў бы ў рукі канверт з беларускай маркай, не зацікавіўся бы зместам малюнка, не стаў бы яго аглядаць з усіх бакоў, не гледзячы на тое, з’яўляецца ён філатэлістам ці не.

Беларуская паштовая марка гэта дасканалы сувязны з Беларуссю, гэта кусочак Айчыны, гэта пакананыя бар’еры акіянаў, гор і тысяч кіламетраў, якія аддзяляюць Рэспубліку Беларусь ад яе сыноў і дачок па-за межамі Радзімы.

Беларусь №1?

Першая беларуская марка паштовая… Для незаангажаванага чалавека такая падзея, як увядзенне ў абарот першай паштовай маркі краіны, успрымаецца як падзея нязначная. Бо ён не ведае, што гэты маленькі кавалачак паперы – паштовая марка – уводзіць краіну да каталогаў цэлага свету, становячыся сімвалам вечнай трываласці народу. Становіцца довадам, што такі народ існуе. Таму з’яўленне ў 1920 годзе, хай па – за межамі краіны, першай беларускай маркі, якая ўнесена ў каталогі, у складанай і трагічнай гісторыі нашага народу ў XXI веку сапраўды значная падзея.


Так выглядае наша першая паштовая марка ў Каталогу SKOTTA: (Малюнак з КАТАЛОГУ).


На вялікі жаль беларусы не маюць свайго нацыянальнага каталогу марак. Пачынацца ён мог ба са звестак, які маюцца на сайце www.bsfil.narod.ru “Беларускага Саюза філатэлістаў” у раздзеле “Каталогі”: Беларусь. Паштовыя маркі 1918-1922 . Пакажам гэтыя звесткі ў перакладзена беларускую мову, бо на сайце ўжыта расейская мова:


I. Паштовыя маркі Беларусі перыяду грамадзянскай вайны

1. Выпуск марак "АСОБНЫ АТРАД" Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).

Як паказалі апошнія даследаванні архіўных матэрыялаў 19 студзеня 1920 гады, па просьбе камандавання Адмысловага атрада БНР ваенна-дыпламатычная місія БНР у Латвіі і Эстоніі звярнулася да ўрада Латвіі з просьбай аддрукаваць маркі наміналамі 5 коп., 10 коп., 15 коп., 50 коп. і 1 рубель у колькасці 1.000.000 экз. кожнага наміналу, усяго 5.000.000 экз. У мэтах патаннення выпуску Адмысловы атрад жадаў бы атрымаць па 500.000 экз. кожнага наміналу не зобцованых марак, а з іх па 250.000 экз. і без клею. Маркі былі выраблены і пачалі паступаць для ўжывання з 14.02.1920 гады. Знаходзіліся ў звароце з 16.03.1920 гады па 22.04.1920 гады.



Нумар па каталогу - Дата - Найменне - Кошт у еўра за чыстую серыю

01-05. 14.02.1920. Асобны атрад БНР. Зуб. 11.5х11.5 20.00
То ж. Без зубцоў з клеем. 25.00.
То ж. Без зубцоў і без клею. 25.00.
Марка наміналам 15 коп. друкавалася з двух клішэ (тып 1 і тып 2), адрозных формай і таўшчынёй літар у словах "АСОБНЫ АТРАД".



2. Мясцовы выпуск Рагачоўскай паштова-тэлеграфнай канторы (Цяпер - раённы цэнтр у Гомельскай вобласці).

Надпячатка ручным штэмпелем чорнай фарбай лічбы кошту на марках Расіі.


Нумар па каталогу  - Дата - Найменне - Кошт у еўра

06-13. 1920. Надпячаткі 1, 2, 3, 5, 10, 15, 20 на марках Расіі.
1 на 1 к. жоўтая, з зубцамі  360.00
2 на 2 к. зялёная, без зубцоў   400.00
3 на 3к. чырвоная, з зубцамі   300.00
5 на 5к. ліловая, з зубцамі   200.00
5 на 5к. ліловая, без зубцоў  400.00
10 на 10к. сіняя, з зубцамі    320.00
15 на 15к. чырвона-карычневая і блакітная, з зубцамі 360.00
20 на 20к. сіняя і чырвоная, з зубцамі
400.00

3. Мясцовы выпуск Суражскай паштова-тэлеграфнай канторы (Цяпер - раённы цэнтр у Віцебскай вобласці Беларусі).

Надпячатка ручным штэмпелем чорнай фарбай лічбы кошту на марках Расіі.


Нумар па каталогу -Дата - Найменне - Кошт у еўра

14. 1920. Надпячатка "15 р" на марцы Расіі.
15 р на 15к. чырвона-карычневая і сіняя, з зубцамі

4. Мясцовы выпуск Себежской паштова-тэлеграфнай канторы (Цяпер - раённы цэнтр у Пскоўскай вобласці РФ).

360.00.

Надпячатка ручным штэмпелем чорнай фарбай лічбы кошту на марках Расіі.

Нумар па каталогу -Дата - Найменне - Кошт у еўра

1921

5. Мясцовы выпуск. Менск і менская паштовая акруга.

З мэтай пераацэньвання марак Расіі вырабляліся ручныя кантрольныя надпячаткі чорнай ці сіне-фіялетавай фарбай круглым каўчукавым друкам розных выглядаў. Напрыклад, ліст з Восіпавіч.

Вядома выкарыстанне друку камісара пошт, тэлеграфаў і тэлефонаў двух выглядаў дыяметрам 41 і 35 мм (1 і 2). Ставілася адна на 2, 4, 6 марак, што пераацэньвала кожную марку ў 250 р.

Нумар па каталогу -Дата - Найменне - Кошт у еўра

15-16. 1921. Надпячатка "250" на марках Расіі.

250 на 1к. жоўтая, без зубцоў   200
250 на 2к. зялёная, з зубцамі  200

2к. зялёная, з зубцамі, надпячатка сіне-фіялетавая(1) 1000.00
2к. зялёная, з зубцамі, надпячатка чорная(1)
500.00
3к. чырвоная, з зубцамі, надпячатка чорная(1)
1000.00
3к. чырвоная, без зубцоў, надпячатка чорная(1)
1500.00
5к. ліловая, з зубцамі, надпячатка чорная(1)
1500.00
5к. ліловая, з зубцамі, надпячатка чорная(2)
1500.00

6. Маркі "Часавай Рады Случчыны"

Старшынём Беларускага звяза філатэлістаў Л.Л. Колосовым прадстаўлена інфармацыя пра тое, што ім у 1999 г. у  складанцы "Беларускі калекцыянер" №19 апублікавана артыкул "Таямніца слуцкіх марак".

У артыкуле, з якой усе ахвотнікі могуць азнаёміцца, прыведзена практычна ўся наяўная сёння інфармацыя пра выпуск (ці выпусках!) гэтых марак.

Аднак, пакуль не ясна галоўнае, - ці быў гэты выпуск (выпускі) афіцыйным, хоць бы на ўзроўні самай Часавай Рады Случчыны? Ці гэта "фантастычны" выпуск дзялкоў "ад філатэліі"?

Таямніца "Слуцкіх" марак пакуль застаецца таямніцай і чакае сваіх даследнікаў.

1920-1921 гг.

Ручная надпячатка тып 1 і тып 2 на польскіх паштовых марках 1919 гады.
1. Надпячатка тып 1

1. 25/5 h - светла-зялёная, надпячатка цёмна-фіялетавая
2. 50/10 h - памяранцавая, надпячатка чорная
3. 50/10 h - чырвоная, надпячатка цёмна-фіялетавая
4. 50/15 f - ружовая, надпячатка фіялетавая
5. 50/15 f - чырвоная, надпячатка чорная.

3. Вядомыя шматлікія варыянты і разнавіднасці марак і тыпу 1 і тыпу 2.

Рада Случчыны праіснавала з 15.11.1920 г. па 20.01.1921 г.
(№ 17 слуцкія 3, (№ 17 слуцкія 4), (№ 17(1) слуцкія т2), (№ 17(2) слуцкія т2), (№ 17(30 слуцкія т2), (№ 17(40
слуцкія т2), (№ 17 слуцкія 5)

7. Надпячаткі украінскіх "трызубцаў" на марках Расійскай імперыі, якія мелі паштовы зварот на тэрыторыі Беларусі.

Ручная фіялетавая надпячатка адзінкавым штэмпелем на марках Расіі, з зубцамі.

Ручная фіялетавая надпячатка адзінкавым штэмпелем тып 1 (вялікі) на марках Расіі, з зубцамі.

2к. - зялёная 160.00
3к. - чырвоная 600.00
5к. - ліловая 600.00
10к. - сіняя 300.00
10/7к. - блакітная 300.00
15к. - карычнева-ліловая і светла-сіняя 300.00
25к. - зялёная і карычнева-фіялетавая 600.00
50к. - карычнева-ліловая і зялёная 200.00
1р. - цёмна-карычневая і памяранцава-чырвоная 200.00.

10. 2к. - зялёная 100.00
11. 3к. - чырвоная -
12. 1р. - цёмна-карычневая і памяранцава-чырвоная

Ручная фіялетавая надпячатка адзінкавым штэмпелем тып 2 (малы) на марках Расіі, з зубцамі.

200.00.

Маркі з надпячатками украінскіх "трызубцаў" прама і непасрэдна выкарыстоўваліся на тэрыторыі Беларусі. Напрыклад, штэмпель тыпу "Кіеў-2". Вядомыя маркі з гэтым штэмпелем і выразнымі паштовымі гашэннямі населеных пунктаў Холмечь і Мазыр.

8. Маркі "Беларусь. Пошта".
Выпуск, пра які пакуль няма ніякай інфармацыі.

“Нашыя беларускія паштовыя маркі (бяру ўсё паводле швайцарскага каталёгу Цуштайна за 1947 г.) былі ўпершыню выдадзеныя ў 1919 г., калі на расейскіх марках быў зроблены наш надрук разам зь летувіскім (“літоўскім”) друкам. Кошт на іх сёньня, паводле вышэўспомненага каталёгу, - сэрыя з 9 штук – 90 швайцарскіх франкаў, а на філятэлістычным рынку Нямеччыны – каля 9 000 нямецкіх марак. Другая серыя была выданая, паводле каталёгу [неразборліва] , у 1920 г. камандзерам Беларускага армейскага корпусу Беларускай Народнай Рэспублікі генэралам Булак-Балаховічам у колькасьці 5 штук, і сёньня, паводле вышэўспомненага каталёгу, яны каштуюць два швайцарскія франкі, а на рынку ў Нямеччыне даходзяць нештэмпляваныя да 200 – 250 марак. Трэцяе выданне ў колькасьці трох паштовых марак зьявілася ў 1922 – 1923 гг. у Коўні, выданае Эміграцыйным Урадам Беларускае Народнае Рэспублікі. У чужынцаў гэтае выданне не карысталася ўвагаю, але для нас, беларусаў, яно дарагое, і наш Замежны саюз беларускіх філятэлістых у Нямеччыне плаціць за кожную сэрыю арыгіналу 40 мк. Шмат яшчэ было выдана паштовых марак нашымі камітэтамі на чужыне, аднак жа з прычыны малое рэклямы яны не карысталіся вялікай папулярнасьцю, і сёньня іх цяжка знайсьці, бо яны не былі зарэгістраваныя”. Гэта цытата з артыкула Міколы Сільвановіча “Зьбірайма і мы!” (Бацькаўшчына. №4 (7). 15 лютага 1948. С.3), прыведзеная на мове арыгінала, аспорвае першынства марак “Асобны атрад”. Ці не пра серыю: “Серыя з 3-х марак з зубцамі і без зубцоў.

1. 2р. - карычневая. Партрэт Ф. Скарыны. 2. 3р. - сіняя і чырвоная. Вершнік на каню. чорная і жоўтая. Араты”- піша Мікола Сільвановіч, як выдадзеную ш Коўні ў 1922 -1923 гг.?

Але Леў Коласаў у энцыклапедычным даведніку “Франциск Скорина и его время” піша: “В 1918 (по др. сведениям в 1921) вышла серия из трёх марок, одна из которых посвящена Скорине. В центре марки изображение Скорины с гравюрного портрета из «Библии». Отличается исключительной тонкостью и точностью проработки лица, фигуры, одежды и др. деталей. Вверху надпись кириллицей «Беларусь. Почта». Внизу латинкой мелкими буквами надпись «Франциск Скорина из Полоцка. 1517-1917». Выдана литограф. Способом на толстой бумаге, ценою 2 руб., коричневого цвета, в двух  вариантах ( с зубцами и без зубцов; 37х25 мм, почтового хождения не имела)”. Значыць марка з выяваю Скарыны яшчэ адзін кандыдат на першую беларускую марку?

Вось яшчэ пацверджанне гэтай думкі ў лісте Вітаўта Тумаша да ўладыкі Васіля (Тамашчыка) ад 10.05.1969 г.: “Як вядома, першая паштовая марка з партрэтам Скарыны была выдадзена Ўрадам Беларускай Народнай Рэспублікі яшчэ ў 1918 годзе, ці першым годзе паўстаньня БНР, у сэрыі марак рэспублікі з надпісам “Беларусь Почта”. Паколькі мне ведама, дзеля наступу Чырвонае арміі, маркі гэтыя ня было часу пусьціць у практычны паштовы ўжытак. Ды іх усё ж рэгіструюць некаторые паважныя філятэлістычныя каталёгі, як, для прыкладу, Michel Briefmarken Katalog 1953. Munchen, 1953.b. 61. Другую марку з партрэтам Скарыны, не паштовага ўжо характару, выдаў у 1942 (?) годзе ў Бэрліне Бэрлінскі Камітэт Самапомачы ў Нямеччыне”. (Лявон Юрэвіч. Made in BNR: Да гісторыі марак і кружэлак на эміграцыі).

Паштовыя маркі на эміграцыі

З ліста Вітаўта Тумаша да Гая Пікарды ад 11. 05. 1971 г.: “Маю дублікаты скарынінскае маркі Беларускага камітэту самапомачы ў Нямеччыне, на жаль, толькі колераў рудога і зялёнага, і тут іх Вам перасылаю. Былі яны надрукаваныя яшчэ ў колерах чырвоным, фіялетавым, сінім і сьветла-сінім. Як можна бачыць з дасланых тут фотастатаў, апрача марак з Скарынам былі выдадзены я й маркіз Пагоняй (сіняя), зь Віленскім замкам (рудыя), князем Альгердам (зялёныя), князем Вітаўтам (сінія) ды вобразам дзяўчыны з хлопцам (зялёныя й фіялетавыя). Ці гэтыя маркі, як і скарынінская, былі выдадзеныя і ў іншых колерах – гэтага ня помню. Дык было выдадзена сем, рознага колеру, марак. Яны выдаваліся як паквітаваньне за ўплачаную складку ці за дадзеную ахвяру. Фактычны ініцыятар выданьня – тагачасны старшыня Цэнтралі БКС інж. Мікола Абрамчык. Рысункі для марак былі выкананыя ў Лодзі тамашнім сябрам БКС Зэнанам Зянкевічам. Маркі былі надрукаваныя ў 1942 г. у Бэрліне. Нейкі іх запас павінен быць у архівах прэз. Абрамчыка. У каго маглі захавацца яны яшчэ – ня ведаю. [...]”.

У першым месяцы 1950 году пачалі рассылацца маркі Рады БНР. Ідэя паўстала ў Парыжы, дзе жылі ў той час Мікола Абрамчык, Лявон Рыдлеўскі, Уладзімер Шыманец, а ў Амерыцы маркамі займаўся Віталь Кажан.

Маркі выдалі ў двух серыях. На першай –Старшыні Рады Бнр: Пётра Крэчэўскі (марка фіялетавага колеру вартасцю ў тры талеры) і Васіль Захарка (чырвонага колеру , адзін талер), Дом Рады БНР (зялёнага колеру, 50 грошай). На другой серыі: Пагоня (чырвонага колеру вартасць 25 грошай) і мапа Беларусі (сіняга колеру, 10 грошай). Другая серыя надрукавана па эскізах Уладзімера Шыманца. Аўтар першай застаўся невядомы.

У 1960 годзе Згуртаванне беларускай моладзі выдала марку ў гонар 40-ых угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну па эскізах мастака Генрыха Архацкага ў чырвоным, сінім, зялёным і шэрым колерах. На марцы постаць дзяцюка з Бел-Чырвона-Белым сцягам, на якім напісана: ”Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”. Тронка Сцягу ў форме паходні з надпісам на полымі: “The Slucak Uprising 1920-1960”. Справа ўнізе надпіс: “Freedom for Byelorussia!” У левым ніжнім куце літары “БНР”. Маркі надрукаваныя ў аркушах па 20 асобнікаў з надпісам на двух мовах: “Яны памерлі, каб жыла Бацькаўшчына – жывеце вы, каб Бацькаўшчына не памерла! Памажыце замацаваць гісторыю Слуцкага Паўстаньня – злажыце ахвяру на выданьне Слуцкага Альманаху. Наклейвайце гэтыя маркі на лістох і пачках – пашырайце праўду аб Беларусі”.

(№ 16)
У 1971 годзе ў Вялікабрытаніі застрайкавалі паштары, і Гай Пікарда ад імя ЗБВБ звярнуўся па дазвол на адкрыццё паштовай службы. Атрымаўшы дазвол Пікарда сам зрабіў эскізы і надрукаваў аж пяць серый марак, якія 19 лютага 1971 года выйшлі ў абарот. Былі ў выкарыстанні да 10 сакавіка 1971 году, калі скончыўся страйк.

Першая серыя. На марцы тэкст у тры радкі: “З.Б.В.Б. (10 п. ці 20 п.) Пошта”. 10 п. – чырвоная на светла - зялёнай паперы; 20 п. – сіняя на светла – зялёнай паперы. Наклад 300 паасобнікаў.

Другая серыя. Маркі “Асобны атрад” з 1920 году з ручной надпячаткай ліловага колеру ў ніжнім правым кутку –“10 п.”, у левым – “ZBVB Post”, без зубцоў: 10 п. на 5 кап. – зялёная, 10 п. на 10 кап. – чырвоная, 10 п. на 15 кап. – ліловая, 10 п. на 1 руб – карычневая. Наклад невядомы.

Трэцяя серыя. Віньеткі з1950 году выпушчаныя ў Заходняй Нямеччыне з надпячаткамі, як у другой серыі: 10 п. на 10 грошай – аранжавага з выявай Пагоні; 10 п. на 50 грошай – зялёная з выявай Дому Рады БНР у Менску; 10 п. на талер – чырвоная з партрэтам Васіля Захаркі і надпісам “В. Захарка 1928 – 1934”; 10 п. на 3 талеры – ліловая: “П. Крэчэўскі 1919 – 1928”. Наклад невядомы.

Чацвёртая серыя дублявала першую.

Пятая серыя. Маркі з выявамі гістарычных будынкаў: 1 п. – чорная на светла – жоўтай паперы “Полацк”- царква Хрыста Збаўцы і святой Еўфрасінні Полацкай 12 ст., 5 п. – намінал чорны, сіняя на блакітнай паперы “Супрасль” – царква Дабравесця !6 ст., 10 п. –намінал чорны, чырвоны на светла – зялёнай паперы “Ішкальдзь”- касцёл 15 ст.; 15 п. – намінал чорны, зялёная на ружовай паперы “Магілёў” – гарадская ратуша ў Віцебску 18 ст. (памылкова пазначаная як Магілёў); 20 п. – намінал чорны, чырвоная на аранжавай паперы “Нясвіж” – дом 18 ст. на рынкавым пляцы. Наклад 1000 паасобнікаў па 5 марак на адным аркушы. На ўсіх марках унізе надпіс “Пошта ЗБВБ” і злева знізу ўверх „Byelorussia”. Гасіліся штэмпелем ліловага, чорнага ці сіняга колеру “ZBVB Post 4 Mar 1971 London № 7”.
(№№ 20-21,22,23)

Наступны ліст Вітаўта Тумаша да айца Лява Гарошкі ад 22.12.1972 г. аб скарынінскіх марках, выдадзеных у 1972 годзе: “Дарагі Войча! Сёньня якраз пошта прынесла Ваш “калядны падарак” –кніжку Гарэцкага. Вельмі за яе дзякую, а разам з падзякай шлю адразу сяньня ж надрукаваныя Скарынавы ўгодкавы маркі. Паколькі за гэта не ўзяліся нашыя філятэлісты, давялося справу заініцыяваць і давесьці да друку самому. Пасьля розных нечаканых перашкодаў марка, якая мела быць гатоваю на час Сустрэчы ў Канадзе, надрукаваная была толькі сяньня. Марка выдадзена лістамі, па 20 марак на лісьце, ды з інфармацыйнай даведкай уверсе ліста ў мовах ангельскай і беларускай. Усе маркі аднаго колеру; побач дзіркаваных будуць, для жадаючых, і недзіркаваныя. Цана за ліст – 2.0 дал., за адну марку – 10 цэнтаў. Яшчэ друкарня не пасьпела зрабіць дзіркаваньне. Як будуць гатовыя – вышлю колькі аркушаў для патрэбы вашага музэю.

З надпісаў на марцы лёгка зацеміць, што ўскладзена на яе колькі заданьняў. Першае і найважнейшае – адзначыць важныя культурна – гістарычныя ўгодкі. Рэч другая – адзначыць угодкі, дата якіх выяўленая працаю беларускіх навукоўцаў за межамі свайго краю. Трэцяе – прыгадаць, што дайшло да гэтага ў тагачаснай сталіцы Беларусі, у Вільні, ды што Вільня – беларускае места. Чацьвёртае – паказаць для “рэспублікі”, БССР, што маркі ў патрэбе можа выдаць і эміграцыя, хоць сама рэспубліка з сваёй “сувэрэннасьцю” гэтага зрабіць ня мае й права, калі б і хацела б. Гэга мо змусіць дзеячоў БССР дамагацца ад Масквы, каб пры першай нагодзе Скарынаву марку ўсё ж выдалі б і ў СССР; Івану ж Фёдаравічу выдалі ўжо колькі. Пятае – на марцы даць рэпрадукцыю арыгіналу з партрэту Бібліі, ане яго прарысоўкі, як гэта зроблена на
скарынінскай марцы БНР 1918 году. Дык на марку ўскладзены вялікі ідэйна – прапагандовы нацыянальны “багаж”. Тое – сёе з гэтага яна напэўна зробіць. Пра марку плянуецца перадача ў СССР праз радыё Свабода. Пра яе маюць друкавацца артыкулы ў чужамоўным, філятэлістычным і нефілялістычным друку. У глыбокай пашане, Ваш”.

Ліст захоўваецца ў БІНіМу.

Сапраўды, напрыканцы 1972 г. да 450 –х угодкаў з пачатку друку на тэрыторыі Беларусі БІНіМ стараннямі Вітаўта Тумаша выдаў марку з партрэтам Скарыны. Марка вішнёвага колеру з рамкай, у якой напісаны словы “450 – яўгодкі друку ў Беларусі. Др. ФР. Скарына, 1485? – 1540. Малая Падарожная Кніжка. Вільня, 1522-1972”. Спраектаваў Барыс Данілюк. На аркушах змяшчаўся тэкст: “1522-1972. 450-я ўгодкі друку на беларускай зямлі. У 1522 годзе, у тагачаснай сталіцы Беларусі Вільні, з друку паявілася Малая Падарожная Кніжка. Гэта першая кніга, надрукаваная на тэрыторыі Беларусі і ўсяе Ўсходняе Эўропы. Выдаў яе Францішак Скарына з Полацку (1485? -1540), доктар навукаў вызваленых і мэдыцыны, выдатны вучоны гуманісты, перакладнік і выдавец беларускае Бібліі. Партрэт доктара Скарыны на марцы рэпрадукаваны з дрэварыту ягонае Бібліі”.

“У 1985 г. у калябарацыі Аляксандра Асіповіч – Асіпчыка (ідэя м аркі) й вядомага філятэліста, бадай, найбуйнейшага калекцыянера беларускіх марак у Амерыцы Багдана О. Павука была выдрукаваная марка да, як павядамляў надпіс на аркушах, тысячагодзьдзя навяртаньня беларусаў у хрсьціянства. Побач з надпісам стаялі даты: 988 -1988. Марка ўяўляе сабой цёмна – чырвоную выяву Еўфрасіньнеўскага крыжа з датаю 988, ахопленую полымем, а наўкола крыжа надпіс:
Bielarusia’s Millennium Christianity. Марку надрукавалі з перфарацыяй і безь яе – на тысячу асобнікаў”.

“…у 1983 г.украінскае філятэлістычнае таварыства ў Амерыцы (Бафала, штат Нью – Ёрк ) з ініцыятывы Багдана Павука надрукавала марку з выяваю абраза Жыровіцкае Божае Маці.

У параўнаньні з афіцыйнымі маркамі (хоць і пералічаныя вышэй нельга цалкам аднесьці да гэтае катэгорыі) значна больш было выдадзена віньетак (ад франц. vignettes, ці, як звычайна іх называюць на Захадзе, cinderellas). Яны наклейваліся на капэрты побач з афіцыйнымі маркамі і ўяўлялі сабой або копіі старых беларускіх марак ( прыкладам, “Асобны атрад”), або былі адмыслова зробленыя да ўгодак ці адлюстроўвалі пэўныя сімбалі (Пагоня(1975, 1980), Вітаўт і дата 1430, “Гадавіна 1-га сьцягу ў Ватэнштэце, 1945-1947”, Анёл ісловы “Раство”, “Веларусь” (Чыкага, 1979), скаўцкі знак з словамі „Bielaruskija Skauty” (1984). Большасьць зь іх зрабілі згаданы вышэй Багдан Павук і Біл Леш з Каліфорніі, таксама зьбіральнік беларускай філятэліі. У справе выданьня яны кантактавалі з Аляксандрам Асіпчыкам, Сяргеем Хмарам, Аляксандрам Лашуком”. ( Лявон Юрэвіч. MADE IN BNR: ДА ГІСТОРЫІ МАРАК І КРУЖЭЛАК НА ЭМІГРАЦЫІ).

( №№ 24)

Пачаткі марак Рэспублікі Беларусь заклала Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусьад 11  верасня 1991 №351 «Аб выпуску паштовых марак Беларускай ССР».

Першая марка незалежнай Беларусі з выяваю Крыжа святой Еўфрасінні Полацкай з’явілася 20 сакавіка 1992 году. Яе аформіў мастак Комлеў. Надрукаваная ў Маскве, як і бальшыня першых беларускіх марак. Наклад — 2 мільёны паасобнікаў. Вартасць — адзін (напачатку збіраліся выдрукаваць рубель, але пасля было тое слова было знятае — дасюль беларускія маркі выдаюцца без назвы наміналу).

(№ 25)

Вельмі знакава, што першая марка Рэспублікі Беларусь выйшла з выявай Крыжа Нябеснай заступніцы нашай краіны. Варта пра Крыж Еўфрасінні Полацкай паведаміць больш.

Стварыў нашу нацыянальную святыню полацкі ювелір Лазар Богша ў 1161 годзе на заказ Еўфрасінні. Верагодна Еўфрасіння была аўтаркаю эскіза святыні і пакінутага на ёй вялікага надпісу. Першая частка надпісу змяшчае кошт золата і срэбра, а таксама камянёў, што пайшлі на аздабленне крыжа. Другая частка – заклён: “ І хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць. Калі ж не паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён святой жыватворнаю Тройцай ды святымі айцамі 300 і 50(?) сямі сабораў святых айцоў і хай напаткае яго доля Юды, які прадаў Хрыста…”

Крыж шасціканцовы, што сімвалізуе стварэнне сусвету Богам за 6 дзён. Аснова крыжа – кіпарысавае дрэва, з якога выраблялі асабліва значныя культавыя рэчы. Рэліквія мае памеры: вышыня – 52 см, даўжыня верхняе папярэчкі – 14, ніжняе – 21, таўшчыня – 2,5 см. Зверху і знізу дрэва закрывала 21 залатая пласцінка з каштоўнымі камянямі, арнаментамі і дваццацю эмалевымі абразкамі, якія нічым не саступаюць сусветна вядомым візантыйскім эмалям. На верхніх канцах крыжа майстар змясціў паясныя выявы Хрыста, Багародзіцы і Яна Папярэдніка. У цэнтры ніжняга перакрыжавання – чацвёра евангелістаў: Ян, Лука, Марк і Мацвей, на канцах – архангелы Гаўрыіл і Міхаіл. Унізе – нябесныя апекуны заказчыцы і яе бацькоў: святыя Еўфрасіння Александрыйская, Георгій і Сафія. На адвароце – выявы айцоў царквы Іаана Залатавуснага і інш., апосталаў Пятра і Паўла, а таксама трох святых. Над кожным абразком часткова грэцкімі, часткова славянскімі літарамі, вышэйзгаданы надпіс. У сярэдзіне крыжа ў 5-ці квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі: кавалачкі крыжа Гасподняга з кроплямі крыві Ісуса, драбок каменю ад дамавіны Багародзіцы, часткі мошчаў святых.

Найкаштоўнейшымі з пакладзеных у гнёзды хрысціянскіх рэліквій з’яўляліся часцінкі святога дрэва – крыжа, на якім, ратуючы чалавецтва, сустрэў смерць Ісус Хрыстос. Не гледзячы на заклён, Крыж меў пакутлівую адысею пакуль не знік у 1941 годзе і да  сёння не знойдзены.

У 1997 годзе брэсцкі мастак М. Кузьміч узнавіў Крыж, які быў асвячоны і перададзены ў Спаса – Еўфрасіннеўскі манастыр
Крыж Еўфрасінні Полацкай ўвасабляе перамогу над злом, сімвалізуе адзінства сіл дабра. Ён спалучае хрысціянскія каштоўнасці з патрыятычнымі ідэаламі. З’яўляецца сімвалам святасці і дзяржаўнасці Беларусі.

Лявон Карповіч


← вярнуцца