Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Беларуская мова — Беларуская ФілатэліяАртыкулы

Унікальная калекцыя марак Лявона Карповіча на біблейскую тэму

2015-08-21 0

 Выява з сайта youtube.com.

Кажуць, што шляхі Божыя неспазнаныя — ніколі не ведаеш, дзе і як напаткае цябе найвышэйшая сіла. Гэта пацвярджае і прыклад жыхара вёскі Лунна Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці Лявона Карповіча. Працуючы школьным настаўнікам, 15 гадоў таму ён вырашыў, што будзе калекцыянаваць маркі. Каб не сапернічаць з карыфеямі, прагледзеў тыя тэмы, якія ўжо збіраюць іншыя, бо не хацеў паўтарацца. Ён знайшоў вольную нішу і пачаў збіраць маркі на біблейскую тэму. Так распачаўся яго шлях да спазнання дабра і зла: ён вучыўся таму, што ёсць сапраўдная любоў і міласэрнасць.

Намеснік старшыні Беларускага саюза філатэлістаў Леў Коласаў адзначае, што калекцыя, якую сабраў жыхар вёскі Лунна, надзвычай грунтоўная і пазнавальная, да таго ж атрымала высокую ацэнку спецыялістаў. Ён дадае, што, нават калі ты ніколі не чытаў Біблію, прагледзеўшы тое, што сабрана гэтым калекцыянерам, можна скласці пэўнае ўяўленне пра падзеі, апісаныя ў гэтай кнізе.

Сам Лявон Карповіч адзначае:

— Біблія — кніга, якая найбольш выдавалася. Да таго ж яе чытаюць больш за ўсё, прычым на ўсіх мовах. Гэта Святая Кніга. Ёй прысвечана шмат твораў мастацтва. Тыя ж да Вінчы, Далі, Караваджа абавязкова малявалі на біблейскія тэмы. У пазнейшыя часы пошты іх краін змяшчалі карціны на марках. <...>

Ёсць на марках, сабраных калекцыянерам, і беларускія творы мастацтва. Напрыклад, «Нараджэнне маці Божай» — гэта ікона, на якой стаіць подпіс «Яўсевіч». Рэдкі выпадак, як адзначае збіральнік, бо раней іконы часцей не падпісваліся.

Сярод унікальных экспанатаў сваёй калекцыі аўтар называе марку 1996 года, выпушчаную ў Канадзе. Яе адметнасць у тым, што гэта першая марка, прысвечаная нараджэнню Хрыста, пра што сведчыць не толькі малюнак, але і словы, змешчаныя на ім.

Паштоўка з выявай гары Сінай — таксама каштоўны для гэтага збіральніка экспанат, бо на ёй адлюстравана тое месца, дзе Майсей атрымаў скрыжалі запавета. Гэтая паштоўка была выпушчана ў 1903 годзе.

Некаторыя экспанаты больш познія, але даволі рэдкія. <...> Ёсць маркі, на якіх адлюстраваны пакаранне агнём гарадоў Садома і Гаморы, падарожжа вешчуноў, каб пакланіцца нованароджанаму Іісусу, небаўзяцце Панны Марыі і многае іншае.

Калекцыю ілюструе апісанне, зробленае самім аўтарам, на беларускай мове. Яно дапамагае яшчэ лепш зразумець біблейскія падзеі. Часам выявы суадносяцца з пэўнымі вершамі са Святога Пісання.

Лявона Карповіча запрашаюць з яго калекцыяй выступаць перад самымі рознымі аўдыторыямі. I ён распавядае, даносіць да людзей тыя важныя ісціны, што ўвасоблены ў яго марках. Сам ён яшчэ працягвае вучыцца адрозніваць дабро ад зла, імкнецца першым перамагаць другое... Аднак можна сцвярджаць, што яго калекцыя — акурат крок да лепшага ў гэтым свеце.

 паводле артыкула ў газ. "Звязда" за 11 жніўня 2015 г.

Ніны Шчарбачэвіч


← вярнуцца