Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Беларуская мова — Беларуская ФілатэліяАртыкулы

Студзеньскае Вызвольнае Паўстаньне ў філятэліі

2014-12-15 0

Dulce est pro patria mori
(салодка паміраць за сваю краіну)

21 век на жаль ня стаў векам міру. Калі вайсковыя дзеяньні носяць лякальны характар, то інфармацыйная вайна-глябальны. Дабро адстойвае праўду, зло ўсімі сіламі стараецца паказваць, што дабро гэта зло. Студзеньскае Вызвольнае Паўстаньне, постаці яго кіраўнікоў і ўдзельнікаў, падзеі і значэньне – зусім неадназначна адлюстроўваюцца на фронце бітваў ідэалёгій. Для мяне беспаваротную кропку па гэтых пытаньнях паставіла Эліза Ажэшка словамі сваёй апошняй кнігі GLORIA VICTIS:

« – Я скажу табе пра гэта, брат Аполек, што ім кіравала, калі ён гэта рабіў. Ён любіў краіну і свабоду. Ці ведаеш, што такое радзіма? Ці ведаеш, што такое свабода? Не! Ні першай, ні другой ты нават ня бачыў. І яшчэ: ён ненавідзеў няволю. Ці ты ведаеш, што такое няволя? Не, ты ніколі не адчуў, што гэта такое, бо сам быў яе служкай. І яшчэ, ён любіў былую славу яго народу. Ці ты ведаеш, якой была тая слава? Не: табе ніхто не паказаў ніводнага промня яе кароны; ні адзінага кавалачка яе барваў. Таму зразумець ня можаш, што ў няроўную гэтую барацьбу штурхнула Аполка, што ў яе штурхала нас усіх, якія буры бушуюць у грудзях чалавека таптанага ступнёю гвалту, і які непераможны запал зрывае яго з-пад гэтай ступні, каб выпраставацца, падняць галаву, плечы расправіць і стаць з раба чалавекам, чалавекам вольным... Гэта законы прыроды, якія ў нас загаварылі, гэта воля Бога, каторы кожнаму з людзей і народаў даў душу асобную і вольную, гэта крык нашай душы да сьвету, да зямлі, да неба, што мы жывем і што жывых ніхто не мае права ўпіхваць у магілу. Загінем - добра, але гэты крык наш, крывёю і сьлязьмі сплываючы, застанецца ў паветры і тым, што прыйдуць пасьля нас, памерці ня дасьць і сонных будзе зрываць з пуховых пасьцеляў, і стане чорным сном і залатым сном народу, і сьцябаючым яго да вечнага змаганьня бічом, а тады толькі загучыць, калі пераможа – ідэя».

Ваенныя сілы паўстанцаў у Паўночна-Заходнім краі царскія ўлады ацэньвалі як 68–77 тыс. чал. 321 бой з расейскай арміяй адбыўся ў Літве. Царская армія Вільненскай ваеннай акругі складалася з 145 тысяч вайскоўцаў і 6000 казакоў. Вялікая частка зь іх удзельнічала ў падаўленьні Паўстаньня. Доля сіл у бітвах звычайна была 1:10 або 1:20 на карысьць Расеі. У ходзе Паўстаньня расейскі акупацыйны ўрад прысудзіў 21712 чалавек да сьмяротнага пакараньня (128 паўстанцаў), у паднявольны стан, або на выгнаньне.

Студзеньскае Вызвольнае Паўстаньне стала прадметам дасьледаваньняў навукова-дасьледчых, твораў жывапісу, літаратуры, музыкі…Таксама адлюстравана ў філятэліі.

Гэта ня толькі паштовыя маркі, але і спэцыяльныя паштовыя гашэньні і цэльныя рэчы (канвэрты і паштовыя карткі). Эмісіі паштовыя, прысьвечаныя гэтай падзеі, можна падзяліць на выпускі прысьвечаныя гадавінам Паўстаньня і прысьвечаныя гістарычным асобам-удзельнікам Паўстаньня.

Першая марка, прысьвечаная Паўстаньню 1863 г. была апублікавана ў Польшчы ў 1938 г. з нагоды 75 гадавіны.


Іл.1
Рамуальд Траўгута (1826-1864) вядзе ў атаку касінераў. Бой адбываецца ў лесе пад Пінскам.

Наступная гадавінная марка выпушчана ў 1945 годзе. Партрэт Р. Траўгута на марцы 1944 года з чорным наддрукам новага кошту5 злотых і датай пачатку Паўстаньня 22.1.1963.


Іл.2
У 1946 г. выпушчана яшчэ адна марка, прысьвечаная гадавіне Паўстаньня коштам 6 злотых, на якой адлюстравана частка малюнка Артура Гротгер (Artur Grottger 1837-1867) »Бой « з сэрыі »Літва « са збораў Нацыянальнага музэя ў Кракаве. На малюнку постаць паўстанца 1863 г.

 


Іл.3
У 100 гадавіну Паўстаньня пошта Польшчы выпусьціла марку з партрэтам кіраўніка Паўстаньня Рамуальда Траўгута і надпісам : 1863-1963. Адначасова быў выдадзены канвэрт першага дня (КПД) з адпаведным штэмпэлем.

  
Іл.4 Іл.5

Да 100-годзьдзя Вызвольнага Паўстаньня выдала канвэрт Беларуская эміграцыя ў Канадзе:


Іл.6

Мар'ян Лянгевіч, адзін з кіраўнікоў Паўстаньня, нарадзіўся ў Кратошыне. У памяць аб суайчыньніку ў 120-ую гадавіну Паўстаньня (1983) пошта Кратошына прымяніла памятны штэмпэль, а Кратошынскае Культурнае Таварыства выпусьціла памятны канвэрт.

Іл.7

З нагоды 120 гадавіны Студзеньскага Паўстаньня поштай Польшчы выдаецца марка, на якой адлюстравана рэпрадукцыя карціны » Бітва « з цыклу » Polonia« Артура Гротгера. Разам з увядзеньнем яе ў абарот 22 /01/1983 г. быў выдадзены канвэрт КПД з адпаведным памятным штэмпэлем.

  
Іл.8 Іл.9

У 1983 годзе ў Беластоку праводзілася філятэлістычная выстава, да якой быў прымеркаваны выпуск паштовай карткі з выявай удзельніцы Паўстаньня і знакамітай пісьменьніцы Элізы Ажэшка, што супала з 120 гадавінай Студзеньскага Паўстаньня


Іл.10

У 1988 годзе на 125-годзьдзе Паўстаньня Міністэрства сувязі СССР выпусьціла канвэрт з партрэтам Кастуся Каліноўскага і надпісам «Рэвалюцыйны дэмакрат, кіраўнік паўстаньня 1863-1864 гг.у Беларусі і Літве К.С. Каліноўскі” на Беларускай і Расейскай мовах.


Іл.11

У 1993 годзе пошта Рэспублікі Беларусь выпусьціла марку з партрэтам Кастуся Каліноўскага на 130-годзьдзе Студзеньскага Вызвольнага Паўстаньня:


Іл.12

На 135-годзьдзе Вызвольнага Паўстаньня ў 1998 годзе пад кіраўніцтвам і па ініцыятыве вядомага Беларускага філятэліста з Скідзеля Фрэдэрыка Гушчы, філятэліста з Беластоку Александра Сцепанчэнкі і пры ўдзеле Лявона Карповіча была арганізавана трэцяя Беларуская неафіцыйная філятэлістычная выстава ў в. Гудзевічы ў памяшканьні Гудзеўскага літаратурна-краязнаўчага музэя. Спецгашэньнем на гэтай выставе быў штэмпэль з выявай Кастуся Каліноўскага:


Іл.13

Пошта Летувы на 140-годзьдзе Паўстаньня выпусьціла красамоўны канвэрт з відарысам Мураўёва-вешацеля:


Тл.14

Да 140-годзьдзя Студзеньскага Вызвольнага Паўстаньня філятэлістам з мястэчка Луна Лявонам Карповічам была выпушчана некалькі тыпаў канвэртаў. На малюнку адзін з такіх тыпаў канвэртаў, прайшоўшых пошту ў в. Мілавіды, дзе 22 траўня (3 чэрвеня) 1863 году аб’яднаныя сілы інсургентаў, блізу 800 ваяроў са Слонімскага, Ваўкавыскага, Пружанскага, Наваградзкага й Гарадзенскага паветаў, на чале з Францішкам Юндзінам, Ісідарам Лукашэвічам, Аляксандрам Лянгевічам, за агульным началам Кастуся Каліноўскага, далі вялікую бітву расейскім карнікам і войскам імпэрыі, якія прыйшлі карнікам на дапамогу. Паводле афіцыйных зьвестак, расейцы згубілі 50 чалавек забітымі і параненымі. У гэтае бітве ў аддзеле А. Лянгевіча (Ляндара) змагаліся рэшткі Лідзкага аддзелу Людвіка Нарбута, і сярод іх — Францішак Багушэвіч і Міхал Андрыёлі.


Іл.15

Канвэрты Лявона Карповіча маюць такую асаблівасьць, што зьмяшчаюць тлумачальны тэкст на адваротным баку канвэрта.

Іл.15б

2013 год у Рэспубліцы Польшча быў аб’яўлены годам Студзеньскага Вызвольнага Паўстаньня. З гэтай нагоды мясцовыя аддзелы пошты, можна казаць, спаборнічалі ў выданьні юбілейных матэрыялаў. Вось некалькі прыкладаў.


Іл.16

Паштовая картка суполкі ПЗФ (Польскага Зьвязу Філятэлістаў) ім. Станіслава Мікстэйна і Агульнапольскага філятэлістычнага Клюбу Кракавяна.


Іл.17
Польская пошта ў Кельцах, па просьбе Савета акругі Сьвентакшыцкай Польскага Зьвязу Філятэлістаў, выпусьціў паштовую картку ў памяць малавядомага эпізоду з пэрыяду Студзеньскага Паўстаньня - марской падтрымкі для паўстанцаў з боку Арганізацыі Галоўных Сіл Народных Марскіх (Парыж, 1863).

  
Іл.17(1) Іл.17(2)
Пошта Летувы 150-годзьдзе Паўстаньня адзначыла выпускам маркі, на якой намалявана сцэна з карціны “Паўстанцы з 1863” Артура Гротгера і партрэт аднаго з кіраўнікоў Паўстаньня Зыгмунта Серакоўскага, і канвэрта першага дня (КПД) з відарысам карціны Еадэўша Айдукевіча “Сцэна з Студзеньскага Паўстаньня” і адпаведным спецгашэньнем.

Другую групу складаюць паштовыя выданьні, прысьвечаныя героям Паўстаньня.

Партрэт Траўгута быў намаляваны на марцы ў першай - выданай пасьля вайны - сэрыі «правадыроў» у 1944 вартасьцю ў 25 гр. На іншых марках сэрыі намаляваныя вобразы Тадэвуша Касьцюшкі (наміналам 50 гр. ) і Генрыка Дамброўскага (наміналам 1 злот).


Іл.18
У 1981 годзе была апублікавана манаграфія “Пошта Польская ў 1944” годзе пад рэдакцыяй Андрэя Мысьліцкага. Спэцыяльна для гэтай кнігі ў Варшаве зроблены навадрукі з арыгінальных клішэ з партрэтам Траўгута


Іл.19

Партрэт Рамуальда Траўгута паказана на марцы з наміналам 60 гр. з сэрыі »Вялікія палякі «, якая была выдадзена ў 1962 годзе. У левым верхнім куце зьмешчаны надпіс » Gloria Victis «, справа: 1826-1864, гады жыцьця дыктатара.


Іл.20
Тры маркі Пошта Польшчы прысьвяціла Яраславу Дамброўскаму (1836-1871), арганізатару і сябру Цэнтральнага Камітэту Народнага ў Студзеньскім Паўстаньні. Першая з іх была выпушчана ў 1951 годзе ў сувязі з 80-годзьдзем Парыскай Камуны (18.03-05.28.1871). Аднак на марцы памылкова замест партрэта Яраслаў Дамброўскага паказаны партрэт Генрыка Дамброўскага (1836 -1913), піяніста і кампазытара.


Іл.21

Другая коштам у 60 гр. з'явілася ў сэрыі « Вялікія палякі » (1962), на якой бачны ў правай частцы партрэт генэрала ў рамцы, у левым верхнім куце разьмяшчаецца фрыгійскі каўпак і словы: « Liberte, Egalite, Fraternite », а на правым баку : 1836-1871- гады жыцьця генэрала.


Іл.22

Трэцяя марка коштам 60 гр. выдадзена з нагоды 100-годзьдзя Парыскай камуны, на якой партрэты Яраслава Дамброўскага і Валерыя Урублеўскага (1836-1908), таксама кіраўніка Студзеньскага Паўстаньня, генэрала Парыскай Камуны. У сярэдзіне маркі акварэль Юліўша Коссака (1824-1899) Заваёва замка Паўлі (Pouilly) пад Дыжонам (Dijon) валянцёрамі Гарыбальдзі.


Іл.23

Пошта СССР у 1982 годзе выпусьціла не маркіраваны канвэрт з малюнкам помніка Элізе Ажэшка ў Гародні з надпісам на беларускай мове


Іл.24

Ян Дамінікавіч Чэрскі вучыўся ў Віленскім дваранскім інстытуце (1860-63). Удзельнічаў у Паўстаньні 1863—1864 гадоў за што быў выключаны з 4-га курса, пазбаўлены дваранства, грамадзянскіх правоў і высланы ў Сыбір салдатам. Быў асуджаны на бестэрміновую ссылку, пакараньне адбываў у Омску, дзе праславіў сваё імя як вучоны. Пошта Беларусі прысьвяціла яму сваю марку ў 1995 г. з нагоды 150-годзьдзя з дня нараджэньня

  
Іл. 25 0 Іл.25

Таксама быў выпушчаны КПД з відарысам хрыбта, якому прысвоена імя Яна Чэрскага.


Іл.26 0

У 2002 годзе пошта Польшчы з нагоды 110-ай гадавіны сьмерці выпусьціла марку з партрэтам Яна Чэрскага.

У 2000 годзе сярод канвэртаў Беларускай пошты адзін прысьвечаны Францішку Багушэвічу, як “беларускаму паэту, празаіку, публіцысту” з нагоды 100-ай гадавіны сьмерці


Іл.26
Але ён і ўдзельнік Паўстаньня 1863, быў паранены. Ратуючыся ад улад, перабраўся на Ўкраіну.

Хоць прамы ўдзел Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Паўстаньні не быў даказаны, яго арыштавалі. Абвінавачваўся ў распаўсюджваньні «шкодных для ўрада» ідэй. Паліцыя прыпісвала яму аўтарства антыўрадавых выданьняў (напр., «Гутаркі старога дзеда»). 3 кастрычнік 1864 да сьнежня 1865 зьняволены ў мінскую турму, потым быў пад наглядам паліцыі (зьняты ў 1872—74, зноў устаноўлены ў 1876). Да самай сьмерці ён заставаўся пад наглядам паліцыі. Дачка Каміла за сувязь з паўстанцамі была выслана ў Сыбір і з 1863 адбывала ссылку ў Салікамску.


Беларуская пошта ў 2000 годзе выпусьціла марку “200 гадоў з дня нараджэньня Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча”, зь яго партрэтам і КПД з адпаведным спецгашэньнем

   
Іл.27 Іл.28

З нагоды 170-годзьдзя з дня нараджэньня Пошта Летувы стварыла прыгожы канвэрт, прысьвечаны Кастусю Каліноўскаму і Паўстаньню:


Іл.29

У 2009 годзе пошта Рэспублікі Беларусь выпусьціла маркіраваны канвэрт з нагоды 225-годзьдзя з дня нараджэньня Тэадора Нарбута:


Іл.30
З сям'і Тэадора Нарбута непасрэдна ў Паўстаньні ўдзельнічалі сыны Людвік і Баляслаў і дачка Тэадора.
Старога бацьку за »неверноподданическое« выхаваньне сыноў і дочкі ўзялі ў Вільню, дзе суд прысудзіў яго да ссылкі ў Сыбір, але прысуд не змаглі выканаць з-за дрэннага самаадчуваньня асуджанага. 26 лістапада 1864 гады ён памёр. Пахавалі яго не на радзіме ў Шаўрах, а ў недалёкай Начы, на могілках поруч касьцёла.

Жонку яго, Крысьціну Нарбут, засудзілі да высылкі ў Пензенскую губэрню, адкуль яна вярнулася на радзіму праз 20 гадоў, калі ёй споўнілася 84 гады. На радзіму, на магілу мужа, на магілу сына, у родны край, дзе свая гаворка, свае туманы, свае ўспаміны…

Яна памерла ў 1899 годзе і пахавана ў Шаўрах побач з сынам Баляславам.

«Белпошта» у 2013 годзе выпусьціла картку з маркай «175 гадоў з дня нараджэньня Кастуся Каліноўскага». На марцы - партрэт Каліноўскага на фоне газэт «Мужыцкая праўда», на паштоўцы - выступ Каліноўскага перад сялянамі:


Іл.31 (а)

У Студзеньскім Паўстаньні таксама прынялі ўдзел замежнікі. Адзін зь іх Італьянскі палкоўнік Франчэска Нула (Nullo, 1826-1863), які ў красавіку 1863 г. прыбыў з Італіі ў Кракаў. 3 траўня на чале атраду італьянскіх добраахвотнікаў, так званых “гарыбальдзейцаў”, перайшоў граніцу Каралеўства Польскага пад Крэсавіцамі. У першай сутычцы перамог атрад расейцаў пад Падленжам. Атрымаў ад Народнага Ўраду званьне генэрала. Ён быў забіты ў бітве пад Крыкаўкай 5 траўня 1863г. Пахаваны на могілках у Олькушы. Каб ушанаваць 130-годзьдзе з дня сьмерці палкоўніка Польскай Поштай выдадзена 5 мая 1993 паштовая марка з наміналам 2500 злотых. На марцы партрэт героя на фоне бою “гарыбальдзейцаў”.
Іл.31
Прэзэнтуючы філятэлістычныя матэрыялы, прысьвечаныя Студзеньскаму Паўстаньню нельга ігнараваць інфармацыю аб марках, выпушчаных Поштай Польскай, якая дзейнічала ў нямецкіх лягерах для ваеннапалонных падчас Другой Сусьветнай вайны. У 1943 годзе ў лягеры IIC Вольдзенберг (Woldenberg) быў выдадзены з нагоды 80-годзьдзя Паўстаньня блёк, які ўтрымлівае дзьве маркі з постацямі паўстанцаў ля вогнішча і герб, які выкарыстоўваўся на пачатку ўлады Народнага Ўрада ў 1863 годзе, паказаны на фоне стужкі і Крыжа Незалежнасьці.


Іл.32

У 1944 годзе ў лягеры IID Грос Борн (Gross Born) былі выпушчаныя дзьве маркі сэрыі »Студзеньскае Паўстаньне «. На адной коштам 10 fen партрэт генэрала Марыяна Лянгевіча (1827-1887); на другім коштам 20 fen. Партрэт Рамуальда Траўгута. Абедзьве маркі вядомыя ў некалькіх вэрсіях колераў і гатункаў паперы.

Іл.33

У тым жа лягеры ў 1944 годзе выданая была паштовая картка з партрэтам М. Лянгевіча.


Іл.34

Варта сказаць пра маркі Польшчы Змагарнай, многія зь якіх прысьвечаны Студзеньскаму Паўстаньню.
Неўзабаве пасьля абвяшчэньня ў Польшчы ў 1981 ваеннага становішча інтэрнаваныя актывісты Салідарнасьці сталі выдаваць паштовыя маркі. Маркі пошты падпольнай не служылі аплатай за паштовыя адпраўленьні; спаўнялі яны функцыі прапаганды. Паводле ацэнак, у гады 1981-1989 былі выпушчаныя ў другім абароце больш 35 000 узораў марак, гэта значыць больш, чым уся Пошта Польшчы на працягу ўсяго пэрыяду ПНР.

Першыя маркі пошты падземнай былі створаны ў лягерах для інтэрнаваных, у вельмі невялікім тыражы. Пазьней друк праводзіўся ў падземных тыпаграфіях. Выручка ад продажу марак была прызначана для падтрыманьня падземных структур »Салідарнасьці«.


Іл.35
1985 год. Пошта Homo Homini »Салідарнасьць« Малапольскае ваяводзтва. Шостая эмісія Камітэту Дапамогі Вязьням за Перакананьні. На марцы Польскі Арол у Кароне, а над ім галовы : Зыгмунта Серакоўскага (1827-1863), Рамуальда Траўгута (1826-1864), Казіміра Жулаўскага, Рафала Краеўскага (1834-1864), Зыгмунта Хмеленьскага (1835-1863). Унізе надпіс: » Студзеньскае Паўстаньне 1863-1985 «, наверсе: » Расстраляныя, павешаныя за веру і Радзіму. «

Іл.36

1987 г. Пошта »Салідарнасьці Змагарнай«. Рамуальд Траўгут (1826-1864)


Іл.37

1988 г. Пошта »Слова Незалежнае« Студзеньскае Паўстаньне ў 1863 годзе. Артур Гротгер “Бітва”.

Іл.38

Пошта » Салідарнасьць«. Верныя Богу і Айчыне. Рамуальд Траўгут 1826-1864

Іл.39

1988 г. »Палонія Restituta «. Рамуальд Траўгут.


Іл.40
1986г. [s.n.] 1863г. Студзеньскае Паўстаньне. Польшча – Кракаў. Блёк з двух марак: 1. Улан на кані. 2. Герб Народнага Ўрада.

л.41
1989г. Пошта Руху Мужнасьць і Праўда NH. 126 - угодзьдзе Студзеньскага Паўстаньня. Марка “Каваньне кос” Артура Гротгера.

Іл.42

1989 г. Пошта » Салідарнасьць«. Студзеньскія паўстанцы. Артур Гротгер “Бой”.

Іл.43

1988г. Пошта » Салідарнасьць«. 125- угодзьдзе Студзеньскага Паўстаньня 1863 года ў карцінах Артура Гротгера. Блёк з шасьці марак: 1. » Блаславеньне«, 2. » Тры дзяржавы « з сэрыі : Варшава, 3. » Ананімны герой Студзеньскага Паўстаньня «, 4. » Закрыцьцё касьцёлаў «, графіка з сэрыі : Варшава І 1863, 5. » Клятва « з сэрыі : Літва, 6. » Бой« з сэрыі : Літва.

Іл.44

1987г. Пошта Палявая. Нязломныя – Студзень 1963.

Іл.45

1987 г».Салідарнасьць« Свентакшыскага Рэгіёну. Генэрал Мар'ян Лянгевіч, 11.03. - 03.19.1863, дыктатар

Іл.46

1989 г. Студзеньскае Паўстаньне 1863 г. Пошта »Салідарнасьць«. Сэрыя з трох марак: 1. фота з подпісам : Мар'ян Лянгевіч Дыктатар Паўстаньня. 2.Пячатка: Народны Ўрад. Роўнасьць. Свабода. Незалежнасьць. Студзеньскае Паўстаньне 1863 г. 3. Юзаф Брадоўскі » Конны вартавы пост паўстанцаў”.

Іл.47

1989 г. Пошта Руху Мужнасьць і Праўда. Нова Хута. 126 - угодзьдзе Студзеньскага Паўстаньня.
Група баронячыхся паўстанцаў.


Іл.48

1988г. «Салідарнасьць». 125 гадоў з дня Студзеньскага Паўстаньня. Блёк з чатырох марак: 1.Герб Паўстаньня. 2. Рамуальд Траўгут. 3. Дыянісій Чахоўскі. 4.Крыж вэтэранаў Варшаўскага Паўстаньня.


Іл.49

1987г. Пошта « Салідарнасьць»

Блёк з двух марак :1. А. Гротгер «Бой ». 2. Надпіс : Перамагчы і спачываць на лаўрах – гэта параза, быць пераможанымі і не паддацца-гэта перамога! Ю. Пілсудскі. 3. Фота бітвы з надпісам: Рамуальд Траўгут 1863-1864.


Іл.50

1985г. КОС 241 (Аб’яднаньне Грамадзкага Адпору). Блёк з чатырох марак “ Стваральнікі незалежнай Польшчы”: 1. Народны Ўрад. 2. М. Лянгевіч. 3. З. Серакоўскі. 4. Р. Траўгут.


Іл.51

1987г. Пошта « Салідарнасьць Змагарная» Блёк з двух марак :1. Рамуальд Траўгут. 2. Артур Гротгер «Бой ».


Іл.52

1989 г. Пошта Руху Мужнасьць і Праўда. Нова Хута. « Клятва » Артура Гротгер.


Іл.53

1986 г. Пошта незалежная. Паўстанец.


Іл.54

1986г. Пошта незалежная. На марцы стаяць два паўстанца, адзін з вінтоўка, другі апіраецца на шаблю


Іл.55

1986г. Пошта незалежная. Паўстанец на кані.


Іл.56

1988 г. Пошта « Салідарнасьць Змагарная». Вроцлаў. На марцы два паўстанца: адзін з ружжом, другі з паднятым сьцягам з польскім арлом стаяць над загінулым у баі.

Іл.57

1985 г. Пошта KPN (Канфэдэрацыя Польшчы Незалежнай). Блёк з выявамі карцін Артура Гротгер: 1. « Замкавая плошча», 2. « Бітва », 3. « Першая ахвяра».


Іл.58

1985г. Пошта Homo Homini. «Салідарнасьць» Малапольскае ваяводзтва.

На марцы справа Герб Паўстаньня, зьлева Рамуальд Траўгут, зьнізу дата: «1863, Свабода, Роўнасьць, Незалежнасьць».


Іл.59

1986 г. Пошта « Салідарнасьць » Малапольскае ваяводзтва. Блёк з чатырох марак: 1. Рамуальд Траўгут [1826-1864], 2. Мар'ян Лянгевіч [1827-1887], 3. Зыгмунт Падлеўскі [1836-1863], 4. Юзаф Хаўке Босак [1834-1871]. У сярэдзіне блёка надпіс: «Народны Ўрад, Роўнасьць, Свабода, Незалежнасьць».

Мы ведаем, што Студзеньскае Вызвольнае Паўстаньне скончылася паразай, аднак гераічныя дзеі гэтыя не былі марнымі. Любоў да свабоды, укаранёная ў сэрцах і помыслах беларусаў, перадаваная з пакаленьня ў пакаленьне, прынесла незалежнасьць беларусам у ХХ стагодзьдзі.

Лявон Карповіч


← вярнуцца