Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
АРГАНІЗАЦЫЯ

Пра нас

“Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”

Нашы мэты:

  • Абарона лінгвістычных правоў.
  • Падтрымка і развіццё беларускай мовы і культуры.

Наша таварыства было заснавана ў 1989 годзе. Зараз у ім налічваецца каля 6 тысяч сяброў у Беларусі і за яе межамі: у Літве, Польшчы, Расіі, Украіне, Латвіі, ЗША, Канадзе, Германіі і іншых краінах. У складзе арганізацыі каля 450 мясцовых арганізацый і суполак. 6 абласных арганізацый, 41 раённая і гарадская арганізацыя і 6 асобных суполак маюць дзяржаўную рэгістрацыю з правамі юрыдычнай асобы.

Арганізацыя носіць імя беларускага першадрукара Францішка Скарыны. Герб арганізацыі спалучае асабісты знак Скарыны і беларускія нацыянальныя гістарычныя сімвалы.

У сваёй працы мы кіруемся Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Статутам арганізацыі, Стратэгіяй ТБМ “Развіццё беларускай мовы ў 21 стагоддзі”, а таксама Міжнароднай дэкларацыяй лінгвістычных правоў, прынятай пры падтрымцы у 1996 годзе і заснаванай на Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, прынятай ААН у 1948 годзе. Гэты дакумент быў створаны “з мэтай выправіць выпадкі моўнага дысбалансу для таго, каб забяспечыць усім мовам павагу і ўсебаковае развіццё, а таксама для таго, каб усталяваць прынцыпы справядлівага і раўнапраўнага лінгвістычнага міру ва ўсім свеце як ключавога фактару гарманічных сацыяльных адносін”. Мы паважаем правы ўсіх моўных супольнасцяў Беларусі.

Наша дзейнасць

  • Наша арганізацыя праводзіць грамадскія кампаніі з мэтай абароны розных лінгвістычных правоў, якія маюць дачыненне да беларускай мовы. Мы забяспечваем юрыдычную дапамогу ахвярам дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце і распрацоўваем законапраекты, якія гарантуюць роўныя правы ўсім моўным супольнасцям Беларусі.
  • Наша таварыства выдае дзве штотыднёвыя газеты і літаратурна-мастацкі часопіс на тэмы беларускай мовы, культуры і моўных правоў.
  • Мы арганізуем семінары, навуковыя канферэнцыі, спаборніцтвы і святкаванні, мэта якіх – папулярызацыя і развіццё беларускай мовы і абарона лінгвістычных правоў.
  • Наша аб’яднанне выступае дарадцай дзяржаўных і камерцыйных арганізацый у пытаннях беларускай тэрміналогіі.
  • Мы актыўна працуем у межах Форуму грамадзянскай супольнасці краін-удзельніц Усходняга партнёрства.

Некаторыя з нашых апошніх дасягненняў

  • У адказ на нашы шматгадовыя патрабаванні былі ўнесены змены ў “Закон аб зваротах фізічных і юрыдычных асоб”. Зараз ён гарантуе кожнаму заяўляльніку права атрымаць афіцыйны адказ на яго ці яе роднай мове. Новы “Закон аб геаграфічных назвах” патрабуе, каб новыя населеныя пункты атрымлівалі беларускія назвы.
  • Пад уплывам нашых зваротаў адчынілася шмат беларускіх школ і класаў. Беларуская мова вярнулася ў тэленавіны, у абвесткі на чыгунцы і ў метро і г.д.
  • Мы сабралі больш за 50.000 подпісаў за стварэнне беларускамоўнага ўніверсітэта.
  • На беларускую мову перакладзена шмат камп’ютэрных праграм, вайсковыя статуты, правілы дарожнага руху.
  • Наша таварыства праініцыявала стварэнне першага беларускага недзяржаўнага спадарожнікавага тэлеканалу “БелСат”.
  • Мы распрацавалі законапраект новага Закона аб мовах Рэспублікі Беларусь, які забяспечвае рэальную роўнасць паміж дзвюма дзяржаўнымі мовамі. Наш законапраект “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы” вызначае функцыі і абавязкі дзяржаўных структур па падтрымцы мовы.
  • У гэтым годзе мы правялі ўжо шостую Агульнанацыянальную дыктоўку з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы.

Некаторыя дасягненні з нашай гісторыі

  • У 1990 годзе распрацаваны і прыняты “Закон аб мовах у Рэапубліцы Беларусь”. Сябры таварыства прынялі ўдзел у распрацоўцы Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай і іншых нацыянальных моў у Рэспубліцы Беларусь у 1991 годзе.
  • Таварыства выдала больш 20мастацкіх і навуковых кніг, у тым ліку “Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва” М. Шчакаціхіна, “Пачаткі роднае мовы” В. Раманцэвіч, “Геаграфія Беларусі” А. Смоліча, “Аняменне: хронікі знішчэння беларускай мовы”, а таксама слоўнікі па фізіцы. матэматыцы, батаніцы, зоапаразіталогіі і іншыя.
  • Сябры нашай арганізацыі прынялі ўдзел у назіранні за перапісам 1999 года. Вяўлена 120 парушэнняў.
  • Сабрана больш за 10000 бкларускіх кніг, якія бясплатна перададзены нашым рэгіянальным структурам, вясковым школам і бібліятэкам. а таксама малазабяспечаным сем’ям з мэтай падтрымкі беларускамоўнай адукацыі.
  • ТБМ сабрала бібліятэку антыкварных і рэдкіх беларускіх выданняў.
  • Распрацавана стратэгія развіцця беларускай мовы ў 21 стагоддзі.
  • Мы арганізавалі шмат навуковых канферэнцый, напрыклад “Закон аб мовах: вынікі і перспектывы”, “Беларуская тапаніміка: гісторыя і сучаснасць”.
  • Праведзена шмат конкурсаў, напрыклад, конкурс на лепшую беларускую вясковую школу.
  • Створаны першы беларускі спэлчэкер.

У раду ТБМ заўжды ўваходзіла значная колькасць выбітных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: знакамітыя дзеячы культуры, навукоўцы і грамадскія актывісты. У розныя часы сябрамі рады былі Вячаслаў Адамчык, Янка Брыль, Генадзь Бураўкін, Анатоль Бутэвіч, Васіль Быкаў, Яўген Вайтовіч, Артур Вольскі, Міхаіл Дзямчук, Анатоль Клышка, Алег Лойка, Леанід Лыч, Зянон Пазняк, Тамара Саўчук, Максім Танк, Юрый Хадыка, Фёдар Янкоўскі.

Сёння ў раду ўваходзяць Уладзімір Арлоў, Зінаіда Бандарэнка, Радзім Гарэцкі, Ніл Гілевіч, Васіль Зуёнак, Адам Мальдзіс, Уладзімір Содаль, Генадзь Цыхун ды іншыя.

Кантакт

220034, вул. Румянцава 13, Мінск, Беларусь.
Тэл. Факс: (375-17) 284-85-11. 
E-mail: siadziba@gmail.com.
Інтэрнэт: http://tbm-mova.by